Кампетэнтнасна арыентаваныя заданні на беларускай літаратуры

- 15:14Адукацыйная прастора

Адной з найважнейшых рыс ажыццяўлення адукацыйнага працэсу ў сучасных умовах з’яўляецца ўвага да выхавання вучняў, асабліва сродкамі такога прадмета, як беларуская літаратура. I гэта зразумела: вывучэнне айчыннага слоўнага мастацтва мае на мэце фарміраванне свядомасці і самасвядомасці беларуса-грамадзяніна. Акрамя таго, перад урокамі беларускай літаратуры стаіць і задача эстэтычнага выхавання каштоўнасных арыенціраў навучэнцаў.

Эстэтычнае пачуццё — адно з самых важных пачуццяў чалавека. Яно паказвае духоўную патрэбу ў прыгожым і ўвогуле характарызуе чалавека як асобу. Неразві­тасць эстэтычных пачуццяў запавольвае фарміраванне інтэлекту, маральных якасцей. Уменне бачыць прыгожае, разумець і цаніць яго неабходна кожнаму чалавеку, таму, развіваючы эстэтычныя пачуцці вучняў, настаўнік рыхтуе іх да жыцця.

Каштоўнасныя арыенціры, як вядома, праяўляюцца ў выглядзе захаплення, зачаравання, асалоды ад убачанага прыгожага ў прыродзе, чалавеку, мастацтве. У той жа час адмоўнае ў чалавеку, мастацтве выклікае адмоўныя пачуцці.

З прыгожым у жыцці і мастацтве вучні сустракаюцца на ўроках пры аналізе мастацкіх твораў, якія сваім ідэйна-мастацкім зместам нясуць эстэтычную каштоўнасць. Напрыклад, знаёмства з малой прозай Міхася Стральцова адбываецца ў 11 класе, калі гутарка вядзецца пра беларускую літаратуру перыяду 60-х — пачатку 90-х гадоў. Для падрабязнага вывучэння і аналізу прапанавана апавяданне “Сена на асфальце”.

На ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі літаратурная адукацыя арыентуе не толькі на паглыбленае вывучэнне мастацкіх твораў, але і на веданне асноўных звестак пра жыццё і творчасць пісьменніка. Зварот да біяграфіі дае магчымасць вучням лепш зразумець твор, суаднесці яго змест з часам, у які і пра які напісаны тэкст, усвядоміць, што літаратура — гэта мастацкае адлюстраванне рэчаіснасці, што пазіцыя аўтара нярэдка тлумачыцца тымі ўмовамі і сітуацыямі, у якіх даводзілася пісаць, што праз вобразы герояў аўтар і падае сваю сістэму каштоўнасцей, і акрэслівае каштоўнасны свет грамадства пэўнай эпохі.

Звярнуўшыся да біяграфіі Міхася Стральцова, сучасны вучань асэнсуе, чаму пісьменнік у апавяданні імкнецца растлумачыць няпростыя жыццёвыя сітуацыі і чалавечыя характары.

Міхась Стральцоў з пакалення пісьменнікаў, якое называюць “дзецьмі вайны”. Характэрныя для дзіцячага ўзросту ўражлівасць і эмацыянальнасць пазней патрабавалі пошуку адказаў на шматлікія пытанні. Відавочна таму ў цэнтры малой прозы пісьменніка — чалавек, яго гісторыя жыцця, за якой бачыцца тагачаснае грамадства, яго погляды, памкненні і само жыццё.

З мэтай фарміравання каштоўнасных арыенціраў на ўроках беларускай літаратуры ў 11 класе для арганізацыі тэматычнага кантролю вучэбных дасягненняў вучняў прапаную ўласныя метадычныя ўзоры кампетэнтнасна арыентаваных заданняў па манаграфічнай тэме “Міхась Стральцоў”.

Блок № 1

Ключавая кампетэнтнасцьЛітаратурная, камунікатыўная, каштоўнасна-светапоглядная  
Стымул Феномен Міхася Стральцова ў беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя быў запраграмаваны яго талентам, творчай інтуіцыяй, бездакорным мастацкім густам, чуйнасцю да патрабаванняў часу і развіцця нацыянальнай літаратуры, абазнанасцю ў літаратурным працэсе, высокай патрабавальнасцю да сябе, імкненнем быць шчырым і аб’ектыўным у мастацкім дыялогу з чытачом  
Задачная
фармулёўка
Дакажыце, што Міхась Стральцоў з’яўляецца яркім прадстаўніком філалагічнага пакалення. Прывядзіце прыклады пяці прадстаўнікоў гэтай хвалі.  Назавіце характэрныя рысы творчасці прадстаўнікоў філалагічнага пакалення (не менш за пяць). Паразважайце над выказваннем Рыгора Барадуліна, які слушна адзначыў, што Міхась Стральцоў даў “інтэлектуальны пачатак прозе, пачуццёвую глыбіню эсэістыцы, шырыню і гарызантальнасць крытыцы, акварэльнасць і адухоўленасць паэзіі”. Вынікі сваёй працы прадстаўце ў выгля­дзе рамонку “Міхась Стральцоў: шматгранне творчага дыяпазону”, відэароліка “Феномен Міхася Стральцова” (да 4 хвілін)
Крыніца
інфармацыі
Артыкул “Феномен Міхася Стральцова” Ванды Бароўкі (“Роднае слова”, 2017, № 2), апавяданне “Сена на асфальце” М.Стральцова, Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя (т. 4, кн. 2)  

Блок № 2

Ключавая
кампетэнтнасць
Літаратурная, камунікатыўная, каштоўнасна-светапоглядная  
Стымул“Народная мараль асуджае, як самы цяжкі грэх, здраду ўсяму роднаму і дарагому з маленства. Гэтая здрада лагічна вядзе да страты чалавечай годнасці, да здрады таму, што спакон вякоў лічыцца святым, пачынаецца заўсёды з малога, а канчаецца трагізмам для таго, хто цураецца роднага…” (Рыгор Шкарба)  
Задачная фармулёўкаАгучце ключавыя пазіцыі апавядання “Сена на асфальце” М.Стральцова. Вылучыце пошукі галоўных і другарадных герояў твора. Дакажыце, што апавяданне “Сена на асфальце” спалучае ў сваім змесце як традыцыю, так і наватарства. Паразважайце над зместам радкоў “хацелася прымірыць вёску і горад у сваёй душы”.

Вызначце, чаму апавяданне “Сена на асфальце”, напісанае М.Стральцовым у 1963 годзе, не страціла сваёй актуальнасці ў першай чвэрці XXI стагоддзя. Вынікі сваёй працы прадстаўце ў выглядзе гексаў “Віктар: сапраўдны герой ці пратапыт аўтара” (на шэсць узроўняў)
Крыніца інфармацыіАртыкул “Феномен Міхася Стральцова” Ванды Бароўкі (“Роднаеслова”, 2017, № 2), апавяданне “Сена на асфальце” М.Стральцова

Блок № 3

Ключавая кампетэнтнасцьЛітаратурная, камунікатыўная, каштоўнасна-светапоглядная  
СтымулФіласофска-эстэтычны асяродак мастацкай творчасці Міхася Стральцова — імкненне раскрыць чалавека і яго духоўны свет праз вобраз аўтара-апавядальніка, які спазнае самога сябе  
Задачная фармулёўкаРастлумачце паняцце “душэўная бліз­касць”. У якіх творах беларускай (сусветнай) літаратуры мы звярталіся да гэтай рэчаіснасці.

Прывядзіце 4 прыклады. Назавіце, якую форму раскрыцця ідэйна-мастацкага зместу апавядання выбіраў Міхась Стральцоў. Вызначце, якую ролю ў сталенні Віктара, яго ўнутранага свету адыгрывае згаданы паказчык. Дакажыце, што Лена — гэта асэнсавальнік асноўных жыццёвых ісцін для Віктара. Свой доказ пацвердзіце трыма ёмістымі цытатамі з апавядання. Агучце, у чым Віктар бачыць сапраўдныя каштоўнасці ў жыцці. Растлумачце яго выбар. Вынікі сваёй працы прадстаўце ў выглядзе логіка-сэнсавай мадэлі “Жыццёвыя ісціны Віктара” (на чатыры прамяні)
Крыніца
інфармацыі
Апавяданне “Сена на асфальце” М.Стральцова, Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя (т. 4, кн. 2)  

Блок № 4

Ключавая
кампетэнтнасць
Літаратурная, камунікатыўная, каштоўнасна-светапоглядная, маўленчая  
СтымулГерой хоча ведаць: хто ён у сваім сацыяльным асяроддзі, які ў яго духоўны набытак, ці адпавядаюць маральна-этычным нормам яго дзеянні і ўчынкі?  
Задачная
фармулёўка
Назавіце, хто з’яўляецца галоўным героем апавядання? Вызначце, адкуль яго карані? Паразважайце, хто з герояў беларускай літаратуры ўмоўна з’яўляецца прататыпам Віктара? Абгрунтуйце сваё меркаванне. Вылучыце сем ключавых пунктаў, якія яскрава характарызуюць галоўнага героя. Акрэсліце лінію ўзыходжання Віктара па жыццёва-побытавых прыступках да духоўнага самапазнання. На аснове філасофскага пытання: “А ці правільна я зрабіў?” асэнсуйце роздумы-ўспаміны Віктара, ацаніце глыбіню яго ўнутраных перажыванняў, мар і надзей. Вынікі сваёй працы прадстаўце ў выглядзе адкрытага пісьма да Віктара, якое надрукавалі ў газеце
Крыніца
інфармацыі
Апавяданне “Сена на асфальце” М.Стральцова, Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя (т. 4, кн. 2)  

Блок № 5

Ключавая
кампетэнтнасць
Літаратурная, камунікатыўная, каштоўнасна-светапоглядная  
СтымулРэалізацыя прынцыпу адзін­ства рацыянальнага і пачуццёвага абвастраецца і паглыбляецца ў эстэтычныя адносіны аўтара да рэчаіснасці  
Задачная
фармулёўка
У чым, на вашу думку, заключаецца паняцце “духоўны свет чалавека”? Прыгадайце імя героя з айчыннай літаратуры, які блізкі ўнутрана да галоўнага героя — Віктара. Чаму? Прывядзіце не менш за 4 доказы вашага меркавання. Што такое шчасце? Назавіце яго складнікі. Вызначце, з чаго складаецца шчасце для Віктара. Свой адказ падмацуйце 2 грунтоўнымі цытатамі. Вынікі сваёй працы прадстаўце ў выглядзе глог-плаката “Унутраны свет Віктара”.
Крыніца
інфармацыі
Апавяданне “Сена на асфальце” М.Стральцова, Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя (т. 4, кн. 2)  

Такім чынам, пры вывучэнні апавядання М.Стральцова вучні свой адказ грунтуюць на ўласных назіраннях-разважаннях, падмацаваных цытатамі з мастацкага твора. Такая работа створыць умовы для разумення вучнямі тых змен, іх прычын, якія прынёс горад, яго правілы, у душэўны свет чалавека, дапаможа на канкрэтных прыкладах усвядоміць каштоўнасныя арыенціры людзей розных пакаленняў і суаднесці гэтую сістэму з сучасным светапо­глядам. Вышэйадзначанае скіруе ўвагу падрастаючага пакалення на фарміраванне такіх каштоўнасных арыенціраў, як каханне, сям’я, дом, станоўчае — адмоўнае, жыццё, раўнадушша, сяброўства, якасці характару, адда­насць роднаму краю, захаванне прыроды.

Яўген ЕСІС,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра, член клуба “Крыштальны журавель”, магістр філалагічных навук, даследчык педагагічных навук.