Кампетэнтнасны падыход праз укараненне медыяадукацыйных сродкаў

- 14:40Портфолио

Нашы навучэнцы — гэта людзі новага інфармацыйнага грамадства. Галоўная задача сучаснай адукацыі — здольнасць маладых людзей, якія заканчваюць навучальную ўстанову, рэалізаваць сябе ў грамадстве, працаваць у камандзе, дзейнічаць у нестандартнай сітуацыі, быць гатовымі пастаянна вучыцца, самаўдасканальвацца. Таму сучасны адукацыйны працэс пабудаваны на аснове і ў спалучэнні асобасна арыентаванага, дзейнаснага, кампетэнтнаснага падыходаў.

Фота да матэрыяла: Кампетэнтнасны падыход праз укараненне медыяадукацыйных сродкаў.Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ажыццяўляецца праз фарміраванне ў навучэнцаў сістэмы кампетэнцый. У аснову любой кампетэнцыі можна пакласці наступную схему: веды+уменні+разуменне+вопыт дзейнасці+прымяненне ў нестандартнай сітуацыі.

У сучаснай педагагічнай навуцы існуе мноства класіфікацый кампетэнцый. Расійскі вучоны Андрэй Хутарской у якасці вядучых вылучае ключавыя кампетэнцыі. Вельмі ёмістае іх азначэнне дадзена ў рэкамендацыях Еўрапарламента Еўропы. Ключавыя кампетэнцыі — гэта сістэма ведаў, уменняў і каштоўнаснага станаўлення асобы, якая неабходна для самарэалізацыі, асобаснага развіцця, працаўладкавання ў сучасным грамадстве. Гэта развіццё крытычнага мыслення, крэатыўнасці, уменне вырашаць праблемы, супрацоўнічаць, ацэньваць рызыку, прымаць рашэнні, кіраваць сваімі эмоцыямі.

Ключавыя кампетэнцыі не адмяняюць ведаў, уменняў і навыкаў, а пашыраюць і ўзбагачаюць іх, таму што звязаны з паводзінамі і каштоўнаснымі ўстаноўкамі навучэнцаў.

Прывяду прыклад. Два навучэнцы прыкладна з аднолькавым узроўнем ведаў, уменняў і навыкаў, апынуўшыся з бацькамі ў лесе, паводзяць сябе цалкам па-рознаму. Адзін збірае сухастой для агню, другі спрабуе зламаць дрэва. Адзін навучэнец можа прымяніць атрыманыя веды ў нестандартнай сітуацыі, другі — на жаль, не. Вось вам і развіццё ключавых кампетэнцый. Ёсць над чым працаваць педагогам.

Як відаць з азначэння, ключавыя кампетэнцыі — гэта і сістэма развіцця крытычнага мыслення навучэнцаў. Найбольш паспяховым сродкам яго развіцця з’яўляецца аналіз медыятэкстаў, да якіх можна аднесці камп’ютарныя прэзентацыі, фотаздымкі, карціны, фільмы, відэаролікі, аўдыязапіс, артыкул з інтэрнэту, матэрыял падручніка і інш.

Фота да матэрыяла: Кампетэнтнасны падыход праз укараненне медыяадукацыйных сродкаў.Немагчыма сабе ўявіць, як можна правесці сучасныя вучэбныя заняткі без нагляднасці?! Асабліва гэта датычыцца такіх прадметаў, як “Чалавек і свет”, гісторыя, геаграфія, літаратура і нават інфарматыка. Таму практычна на кожным уроку ў якасці нагляднасці педагогі выкарыстоўваюць і фотаздымкі, і відэаролікі, і фрагменты фільмаў, г.зн. медыятэксты. Але ёсць адна асаблівасць іх прымянення: як не сутыкнуцца з фэйкавай прадукцыяй.

Фэйк — гэта падробка, у самым шырокім сэнсе. Каго і што сёння называюць фэйкамі:

а) фотаздымкі, падробленыя ў фоташопе, а часам і відэаролікі, зманціраваныя ў відэарэдактары або знятыя ў зусім іншы час;

б) фальшывыя навіны, якія не ўсе здольны адрозніць ад праўды (тое, што сёння часам называецца “ўкідамі”);

в) старонкі ў сацыяльных сетках, створаныя ад імя іншых людзей;

г) фэйкамі могуць называцца таксама фальшывыя акаўнты ў Твітары.

Можна вылучыць наступныя віды фэйкавых фотаздымкаў:

  1. Фотамантаж — гэтае спалучэнне двух і больш фотаздымкаў у адной карціне.
  2. Рэтуш — выпраўленне (часта на камп’ютары) гатовай фатаграфіі.
  3. Нетыповая кадроўка — фота, зробленае з дапамогай такой перспектывы, што знятыя аб’екты выглядаюць зусім інакш.

Такім чынам, пры адборы матэрыялу трэба быць уважлівым і асцярожным.

Пасля таго як настаўнік вызначыцца з медыятэкстам, трэба, каб медыятэкст пачаў працаваць на навучэнцаў і развіваў у іх крытычнае мысленне.

У гэтым педагогам дапамагае памятка. Працуючы па гэтай памятцы, сістэматычна пад кіраўніцтвам настаўніка дзеці навучацца разбірацца ў дакладнасці інфармацыі, змогуць адрозніваць праўду ад хлусні, пры гэтым прыводзячы яшчэ і доказную базу, а таксама браць максімум карыснай для сябе інфармацыі і прымяняць яе ў нестандартнай жыццёвай сітуацыі.

ПАМЯТКА

Этапы работы над аналізам медыятэксту Магчымыя пытанні
Від медыятэксту (фотаздымак, прэзентацыя, відэаролік, артыкул падручніка, артыкул з інтэрнэту і інш.) Які від гэтага медыятэксту?
Від медыятэксту па мэце (інфармацыйны, забаўляльны, інфармацыйна-забаўляльны, інфармацыйна-пазнавальны, рэкламны і інш.) Які від медыятэксту па мэце?
Спосаб стварэння медыятэксту (графічны рэдактар, відэаабсталяванне, фотаабсталяванне і інш.) Пры дапамозе чаго ствараўся медыятэкст?
Аўдыторыя (чалавек ці група, на якіх разлічаны медыятэкст) Як вы думаеце, каму цікава будзе глядзець гэты медыятэкст і чаму?
Інфарматыўнасць медыятэксту Прадумаць паслядоўны ланцужок пытанняў, якія дапамогуць узяць максімум карыснай інфармацыі з медыятэксту
Сродкі падачы інфармацыі (асвятленне, размяшчэнне галоўнага аб’екта). Мэта гэтых сродкаў Назавіце сродкі, якія выкарыстаў аўтар медыя­тэксту. З якой мэтай ён гэта зрабіў?
Выказванне даверу-недаверу да медыятэксту Вы давяраеце гэтаму медыятэксту? Чаму?

Развіццю ключавых кампетэнцый будзе спрыяць работа з QR-кодамі. QR-код (quickresponse) — новы від штрыхкода, у якім кадзіруецца розная інфармацыя (дадатковая рэальнасць). У перакладзе з англійскай азначае “хуткі адказ”. Распрацавала QR-код у 1994 годзе японская кампанія DensoWave. Для таго каб праца­ваць з QR-кодамі, неабходна мець мабільны тэлефон з фотакамерай, дадатак для счытвання QR-кодаў у тэлефоне ці браўзеры.

QR-коды выкарыстоўваюць для кампактнага ка­дзіравання кантактных даных, інтэрнэт-адрасоў, адрасоў электроннай пошты, SMS і іншай інфармацыі.

Фота да матэрыяла: Кампетэнтнасны падыход праз укараненне медыяадукацыйных сродкаў.Гаджэты дазваляюць:

— аўтаматычна счытваць розныя даныя;

— змяшчаць вялікую колькасць інфармацыі ў невялікую карцінку.

QR-коды маюць шырокі спектр дзейнасці пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. Іх можна прымяняць як у вучэбнай, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Разгле­дзім некаторыя варыянты выкарыстання QR-кодаў на вучэбных занятках. Напрыклад, пры рабоце з вучэбнымі дапаможнікамі.

Асаблівасцю новых вучэбных дапаможнікаў з’яўляюцца спасылкі на электроныя адукацыйныя рэсурсы, размешчаныя на Нацыянальным адукацыйным партале. Скарыстацца імі можна праз QR-код. Спасылкі на іншыя кампаненты ВМК — гэта сродак дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу, які дазваляе ўлічыць пазнавальныя магчымасці і інтарэсы навучэнцаў з розным узроўнем адукацыйнай падрыхтоўкі і матывацыі да вывучэння прадмета. Пры арганізацыі заняткаў QR-коды можна таксама прымяняць:

— падчас праверкі дамашняга задання;

— пры паведамленні тэмы ўрока (шыфроўка тэмы);

— выкарыстоўваць непасрэдна на ўроку, раздаўшы кантрольна-тэставы матэрыял;

— пры паведамленні дадатковай інфармацыі (гэта ў сваю чаргу спрыяе развіццю ўмення ў навучэнцаў працаваць з іншымі крыніцамі інфармацыі, правя­раць інфармацыю на даклад­насць, параўноўваючы яе з іншай такой жа інфармацыяй з іншай крыніцы);

— пры аказанні дапамогі навучэнцу (падказка ў выгля­дзе формулы, прыкладу, часткова рэшанай задачы).

Самы вялікі плюс QR-кодаў у тым, што тэлефон перастае быць цацкай у руках сучаснага школьніка, а становіцца сродкам атрымання ведаў. Мабільныя тэлефоны маюць амаль усе навучэнцы, педагогі, бацькі, што і дазваляе шырока прымяняць магчымасці гэтых тэхналогій у практычнай дзейнасці. Стварыць QR-код нескладана. З улікам таго, што гэтыя коды не былі ліцэнзаваны, кожны жадаючы можа не толькі выкарыстоўваць іх, але і ства­раць цалкам бясплатна. Для стварэння і прасоўвання QR-кодаў ёсць мноства сэрвісаў і праграм. Коды можна захоўваць у выглядзе графічнай выявы, раздрукоўваць, непасрэдна ўкараняць у дакумент, які публікуецца, слаць па электроннай пошце, публікаваць у сетцы інтэрнэт.

Прымяняючы такія медыяадукацыйныя сродкі, як глыбокі аналіз медыятэкстаў, работа з QR-кодамі, педагогі вучаць дзяцей здабываць веды самастойна пад кіраўніцтвам настаўніка, а не атрымліваць іх у гатовым выглядзе. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе развіццю ў навучэнцаў крытычнага мыслення, умення працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі. Сучасныя школьнікі перастануць баяцца вялікага патоку інфармацыі з розных медыя. Яны проста навучацца адсейваць непатрэбную, бескарысную інфармацыю.

Як вынік у будучыні: навучэнцы змогуць прымя­няць набытыя веды ў практычных і нестандартных сітуа­цыях. Калі гэта ажыццявіцца, то можна лічыць, што мэта кампетэнтнаснага падыходу дасягнута.

 Алег ЗАСІМ,
дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Я.Перца Пінска.