Камп’ютар — памочнік і дарадца настаўніка

- 11:13Апошнія запісы, Рознае, Спецыяльная адукацыя

Па выніках ІХ Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у намінацыі “Электронны сродак навучання ў спецыяльнай адукацыі” дыпломам ІІ ступені адзначана настаўніца пачатковых класаў Гарадзейскай дапаможнай школы-інтэрната Мінскай вобласці Таццяна Мікалаеўна Чашэйка за распрацоўку ЭСН “Чалавек і свет. 3 клас”. Дапаможнік стаў вынікам дзейнасці педагога па выкарыстанні камп’ютарных тэхналогій з навучэнцамі, якія займаюцца па праграме першага аддзялення дапаможнай школы.

ІКТ павышаюць матывацыю да вучобы

“Галоўнае прызначэнне інфармацыйных камп’ютарных тэхналогій — павышэнне матывацыі дзяцей да вучобы. Навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця гэта тычыцца ў першую чаргу, таму што тэхналогіі дапамагаюць зрабіць навучанне больш індывідуальным, набліжаным да асобы кожнага дзіцяці, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю яны ўвогуле неацэнныя, таму што сфарміраваць жаданне вучыцца вельмі складана, само па сабе яно не можа ўзнікнуць, неабходна пастаянна працаваць у гэтым кірунку. Сёння шмат самых разнастайных электронных сродкаў навучання, але для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю існуе толькі ад зін ЭСН — “Прадметна-практычная дзейнасць. 1—4 класы. Свет вакол мяне”. Іншыя электронныя дапаможнікі мала прымальныя для заняткаў з дзецьмі, якія вучацца ў нашай школе. Педагогам трэба прыкладаць шмат сіл і часу, каб адаптаваць гэтыя навучальныя сродкі да патрэб такіх вучняў.
У дапаможнай школе вялікая ўвага ўдзяляецца шматразоваму тлумачэнню і паўтарэнню вучэбнага матэрыялу, а таксама практычным заняткам, падчас якіх выпрацоўваюцца працоўныя навыкі і ўменне правільна паводзіць сябе ў калектыве. У звычайнай школе тэмп выкладання матэрыялу даволі хуткі, шмат інфармацыі настаўнік падае вусным тлумачэннем, не заўсёды падмацоўвае матэрыял нагляднымі сродкамі. Дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю не могуць працаваць у такім рытме. Напрыклад, “Буквар” у пачатковай школе яны вывучаюць два гады.
Педагогі нашай дапаможнай школы назіраюць за працэсам карэкцыі парушэнняў кожнага навучэнца і ў залежнасці ад гэтага вырашаюць, як выкладаць вучэбны матэрыял, як яго дазіраваць і калі, на якім этапе навучання лепш прымяніць ЭСН. У некаторых дзяцей назіраюцца парушэнні не толькі мыслення, але і каардынацыі, або іншыя змешаныя парушэнні. Калі настаўнік усаджвае дзіця за камп’ютар, ён павінен ведаць, якую карысць атрымае гэты навучэнец ад электроннага навучання. Я ўпэўнілася: калі адукацыйны працэс арганізаваны правільна і веды дзецям падаюцца цярпліва і паслядоўна — у іх усё атрымліваецца, яны вучацца і развіваюцца”.

Даступны і эфектыўны ў карыстанні

У Гарадзейскай дапаможнай школе-інтэрнаце створаны ўсе ўмовы для інфарматызацыі адукацыйнага працэсу: ёсць 2 камп’ютарныя класы, адзін з іх абсталяваны 12 сучаснымі новымі камп’ютарамі. Усе камп’ютары аб’яднаны лакальнай сеткай з выхадам у інтэрнэт, а памяшканне аснашчана мультымедыйным праектарам, інтэрактыўнай дошкай, лазерным каляровым прынтарам і сканерам. Другі мультымедыйны клас таксама абсталяваны праектарам, інтэрактыўнай дошкай, ноўтбукам з выхадам у інтэрнэт і ВК-тэлевізарам. У школе ёсць 18 асобных персанальных камп’ютараў для аўтаматызацыі кіраўніцкай дзейнасці, для больш эфектыўнай работы сацыяльна-псіхалагічнай службы, для лепшай арганізацыі адукацыйнага працэсу ў класах. Наяўнасць розных праграмных асяроддзяў дапамагае педагогам ствараць разам з дзецьмі свае камп’ютарныя праекты, тэсты, відэаролікі, электронныя падручнікі, рыхтаваць інтэрактыўныя заданні.
Усе настаўнікі школы імкнуцца выкарыстоўваюць на сваіх уроках камп’ютары: ствараюць вучэбныя гульні, робяць прэзентацыі. І ўсе навучэнцы школы ў старшых класах умеюць працаваць за камп’ютарам, карыстацца інтэрнэтам. Прадмет “Элементы камп’ютарнай граматнасці” выкладае для старшакласнікаў Таццяна Мікалаеўна Чашэйка. Камп’ютары, дарэчы, задзейнічаны не толькі падчас урокаў, але і пасля ўрокаў. Падчас пазаўрочнай дзейнасці дзеці маюць магчымасць навучыцца карыстацца камп’ютарнай мышкай, уключаць і выключаць камп’ютар, выбіраць і запускаць абраную гульню. Навучэнцам прапаноўваюцца розныя развіццёвыя камп’ютарныя гульні з улікам іх узросту і індывідуальных асаблівасцей кожнага. Ад гульняў педагогі паступова вядуць навучэнцаў да больш сур’ёзных заняткаў па прадметах з выкарыстаннем ЭСН.
Электронны дапаможнік “Чалавек і свет”, які распрацавала Таццяна Мікалаеўна, уяўляе сабой ілюстрацыйны дадатак да школьнага падручніка В.І.Аляшкевіч для 3 класа першага аддзялення дапаможнай школы з рускай мовай навучання. Дадатак складаецца з трох раздзелаў: “Раслінны свет”, “Жывёльны свет” і “Сезонныя змены ў прыродзе”. Кожны раздзел падзяляецца на падраздзелы, якія ўключаюць у сябе тэмы. Інфармацыя ў дадатку прадстаўлена як тэкстам, так і падборкай малюнкаў, якія чаргуюцца з інтэрактыўнымі старонкамі, што ўтрымліваюць канкрэтную інфармацыю па тэмах. Акрамя таго, у кожным раздзеле ёсць інтэрактыўная гульня і тэст. У склад ЭСН уваходзяць таксама модулі “Даведка” і “Метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні ЭСН у навучальным працэсе”. Дадатак мае просты, зразумелы дзецям інтэрфейс.
Пры стварэнні ЭСН настаўніца ўлічыла важныя, на яе погляд, аспекты. Яна зрабіла дадатак маляўнічым, таму што прадмет “Чалавек і свет” немагчыма выкладаць без яркіх наглядных сродкаў. Большасць прыродных аб’ектаў і з’яў, якія вывучаюцца ў гэтым курсе, навучэнцы не могуць убачыць у сваёй мясцовасці. Тэкставая інфармацыя, якая мінімальна прысутнічае ва ўсіх раздзелах i падраздзелах, спрыяе непрыкметнаму пераходу ад дапаможніка 2 класа (у якім толькі малюнкі з подпісамі і назвамі) да падручніка для 3 класа, які ўтрымлівае даволі аб’ёмныя тэксты. Такім чынам дадатак дапамагае педагогу вучыць дзяцей рабоце з тэкстам.
Таццяна Мікалаеўна прадставіла ў дадатку розныя інтэрактыўныя дыдактычныя гульні і заданні. Кожнае заданне можна аднесці да пэўнай групы: напрыклад, заданні на выбар аднаго варыянта адказу або некалькіх варыянтаў з прапанаваных; заданні на ўстаўку прапушчаных знакаў; заданні па класіфікацыі гэтых аб’ектаў. Настаўніца ўключыла ў сваю творчую распрацоўку відэаматэрыялы і вынікі тэстаў па раздзелах, якія ўтрымліваюць графічную інфармацыю, каб у дзяцей была магчымасць ацэньвання сваёй дзейнасці і яны маглі прасачыць за ходам выканання заданняў. Работа з тэстамі спрыяе трэніроўцы ўвагі і памяці, развіццю лагічнага мыслення і здольнасці супастаўляць прапанаваныя сцвярджэнні са сваімі ведамі, уменняў распазнаваць правільную інфармацыю і аспрэчваць недакладную.
Пры вывучэнні раздзелаў “Раслінны свет” і “Жывёльны свет” значнае месца адводзіцца параўнанню канкрэтных відаў жывёл і раслін з мэтай вылучэння іх галоўных прыкмет. У выніку дзеці вучацца адрозніваць адзін від ад другога і падчас прагулак правільна называюць дрэвы, кустоўе і кветкавыя расліны.
Хуткае чаргаванне інтэрактыўных старонак дадатку дапамагае вучням параўноўваць паміж сабой аб’екты, якія вывучаюцца. Дзецям па сілах самім адказаць на пытаннi кшталту “Ці ёсць у гэтых прадметаў падобныя часткі?”, “Чым яны падобныя і ў чым адрозніваюцца?”, “Якія часткі адрозніваюцца больш?”. Пасля работы з электронным дапаможнікам навучэнцы сталі звязваць уяўленні аб порах года з падзеямі, пэўнай дзейнасцю (летам дзеці адпачываюць, купаюцца, восенню — ідуць у школу і г.д.).
Найбольш цяжкім для вучняў з’яўляецца вызначэнне паслядоўнасці пор года. Ім можа быць незразумела, чаму настаўніца кажа, што наступіла зіма, а на вуліцы няма снегу. З гэтай нагоды ў раздзел “Сезонныя змены ў прыродзе” педагог ўключыла тэму “Поры года”, якой няма ў вучэбным дапаможніку для 3 класа. Гэты модуль насычаны нагляднай інфармацыяй аб паслядоўнасці змяненняў у прыродзе.
А найбольшую цікавасць у дзяцей выклікае работа са “Стужкай часу”. У ёй адлюстраваны розныя перыяды кожнага сезона. Дзеці самастойна вызначаюць той, які зараз за вокнамі, і з дапамогай малюнкаў і адказаў на навадныя пытанні абгрунтоўваюць свой выбар.
Вывучэнне вынікаў тэстаў паказала, што ўзровень засваення матэрыялу па прадмеце “Чалавек і свет” у 3 класе Гарадзейскай дапаможнай школы-інтэрната даволі высокі: ён складае 73,6%. Педагогі прапанавалі выканаць такія ж тэсты навучэнцам 4 класа, дзе праграмны матэрыял вывучаўся без выкарыстання электроннага дадатку. Аналіз вынікаў тэсціравання паказаў, што ўзровень авалодання матэрыялам па ўсіх раздзелах склаў 71,2%. Гэта, безумоўна, высокі вынік, але ўсё ж ніжэйшы, чым у трэцякласнікаў. А калі ўлічыць тое, што навучэнцы 4 класа вывучалі прадмет на год больш, то можна зрабіць выснову, што выкарыстанне ЭСН пры навучанні дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю з’яўляецца эфектыўным.

Падзяліцца вопытам

ЭСН “Чалавек і свет. 3 клас” можа прыносіць плён на ўроках пры тлумачэнні новага матэрыялу і замацаванні ўжо вывучанага. Для гэтага на занятках спатрэбіцца камп’ютар, інтэрактыўная дошка (можа быць выкарыстаны і экран) і мультымедыйная ўстаноўка. Дадатак карысны і пры правядзенні ўрокаў-трэнінгаў (пры дыдактычных гульнях, выкананні заданняў тэставага характару). Настаўнік можа выкарыстоўваць ЭСН пры падрыхтоўцы да ўрокаў, а таксама для індывідуальнай і дыферэнцыраванай работы з навучэнцамі, калі кожны з іх мае магчымасць самастойна папрацаваць за камп’ютарам. ЭСН можна выкарыстоўваць пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне экалагічнай свядомасці, і пры падрыхтоўцы дзецьмі дамашняга задання, а таксама для кантролю ведаў (камп’ютарнага тэсціравання).
Сёння настаўніца ахвотна дзеліцца з калегамі сваім дапаможнікам, вучыць карыстацца ім, а таксама дэманструе яго на абласных і рэспубліканскіх выставах, на семінарах, праводзіць майстар-класы. Зараз на базе НІА праходзіць апрабацыю даведачна-інфармацыйны модуль “Moodle”, які папаўняецца адпаведнымі электроннымі матэрыяламі. Т.М.Чашэйка ўжо накіравала ў інстытут свой ЭСН “Чалавек і свет. 3 клас” і канспекты ўрокаў. Модуль будзе знаходзіцца ў сістэме інтэрнэт, і доступ да яго будуць мець усе жадаючыя. Магчыма, дапаможнікам Таццяны Мікалаеўны зацікавяцца не толькі яе калегі з дапаможных школ, але і настаўнікі інтэграваных класаў. Дадатак можа спатрэбіцца бацькам і нават настаўнікам пачатковых класаў звычайных школ, якія выкладаюць, напрыклад, у першакласнікаў, або выхавальнікам дзіцячых садоў. Малышы з дапамогай дарослых будуць ахвотна выконваць практыкаванні, што ёсць у ЭСН.
У бліжэйшы час Таццяна Мікалаеўна плануе стварыць яшчэ адзін электронны дапаможнік па прадмеце “Элементы камп’ютарнай граматнасці”, у які ўнясе назапашаны ёю тэарэтычны і практычны матэрыял.
Разважаючы аб эфектыўнасці навучання і перавагах электронных сродкаў навучання перад традыцыйнымі, педагог адзначае, што пры ўсёй неабходнасці выкарыстання ІКТ важна памятаць, што актыўны творчы пачатак на ўроку належыць настаўніку, камп’ютар можа толькі “падтрымаць і параіць” некаторыя аптымальныя прыёмы і метады навучання, прыўнесці ў адукацыйны працэс пэўную долю арыгінальнасці і разнастайнасці.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.