Камсамол, які вяршыў лёсы

- 11:56Навіны рэгіёнаў

“Сам удзел у камсамольскім руху выхоўваў у нас такія якасці, як мэтанакіраванасць, правільная пастаноўка задач, любоў да сваёй справы, павага да старэйшых. Усё гэта дапамагала нам расці як асоба, як чалавек, як прафесіянал”, — так адказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын на адно з пытанняў навучэнцаў Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя на мерапрыемстве, прысвечаным святкаванню 100- годдзя камсамола.

Асвяткаванне гэтай даты атрымалася незвычайным і вельмі цікавым. Што самае цэннае ў добрых справах? Перш за ўсё — пераемнасць. Калі ланцужок абрываецца, страчваецца шмат каштоўнага. Гэта можна прасачыць якраз на прыкладзе спынення дзейнасці камсамольскай арганізацыі. Так, сёння моладзь аб’ядноўвае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Але той адрэзак часу, які прайшоў ад развалу адной арганізацыі да стварэння другой, забраў у небыццё шмат. На Гомельшчыне вырашылі, што называецца, з першых вуснаў расказаць сучасным старшакласнікам, чым быў камсамол і што такое быць камсамольцам. Дзеля гэтага ў абласным ліцэі арганізавалі сустрэчу пакаленняў, на якую сабраліся работнікі сістэмы адукацыі з ліку былых актывістаў УЛКСМ, а таксама юнакі і дзяўчаты, якім заўтра ствараць будучыню — не толькі сваю, але і краіны. Значнасць сустрэчы падкрэслівалася і тым, што на ёй прысутнічалі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі С.І.Парошын і яго намеснік Ж.А.Ждановіч.

Ідэя такога фармату належыць менавіта Сяргею Парошыну. Ён прызнаецца, што самыя яскравыя моманты студэнцтва, а потым пачатку працоўнага жыцця звязаныя ў яго менавіта з камсамольскай і партыйнай дзейнасцю.

Выхаванне

— Камсамол браў на сябе моцную выхаваўчую функцыю: ён фарміраваў у моладзі тыя якасці, якія рабілі цябе сапраўдным чалавекам і, па сутнасці, абяцалі поспех, — расказаў Сяргей Іванавіч. — Адправіўся на камсамольскае будаўніцтва — адказвай за кожны свой крок, працуеш важатым у піянерскім лагеры — будзь для дзяцей лепшым прыкладам ва ўсім. Наогул, ты камсамолец — і ты павінен быць прыкладам.

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі адзначыў і тое, што дарослыя таварышы вучылі любіць радзіму, з павагай адносіцца да старэйшых, берагчы спадчыну. І што характэрна, усё падавалася неназойліва. А асноўнай ідэяй было знайсці сваё месца ў жыцці і прыносіць карысць грамадству.

— Тое, што я сёння вось такі, атрымалася дзякуючы грамадскім арганізацыям, — адзначыў Сяргей Парошын. — Яны выхоўвалі і разам з тым вучылі жыць і працаваць. Многае залежала ад таго, як ты ставіўся да сваёй справы. Я заўсёды кажу: “Працуй так, каб цябе заўважылі. Пры гэтым ніколі не забывайся пра чалавечае”.

Сваімі ўспамінамі і роляй камсамольскага руху ў сваім жыцці дзяліліся многія прысутныя. Генадзь Яраслававіч Каліноўскі сёння на заслужаным адпачынку, але яго біяграфія такая яскравая, што за парадамі да яго звяртаюцца і сёння. Сам ветэран працы сцвярджае, што сілу духу, уменне прымаць рашэнні і несці адказнасць наўрад ці былі б яму ўласцівыя, калі б не камсамольскія справы.

У Анатоля Уладзіміравіча Дзмітрыева камсамол выхаваў перш за ўсё адказнасць і самаарганізацыю. Яму давялося ўзначальваць піянерскі атрад у “Артэку”. Ён кажа, што там можна было застацца толькі тады, калі ў тваёй галаве панавалі нейкія чэрцікі, гэта значыць ты быў гатовы бясконца генерыраваць ідэі, не спаць начамі і сачыць за ўсім.

Давер

Вялікую ролю камсамол адыграў і ў жыцці намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанны Ждановіч.

— Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, я зазірнула на антрэсолі, дастала ўсе свае архівы: хацелася нешта знайсці з тых часоў, — расказала Жанна Анатольеўна. — Я была вельмі здзіўлена некаторымі рэчамі, пра якія ўжо забылася. Сакратар камітэта камсамола школы № 2 Нароўлі, як школьніца — член абкама камсамола, дэлегат ХХVІ з’езда саюза моладзі Беларусі, потым сакратар камітэта камсамола філалагічнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага. Гэтыя біяграфічныя факты дапамаглі мне адказаць на пытанне, што такое камсамол у маім жыцці.

Канечне, сучаснаму пакаленню цікава зразумець, чым прывабны быў камсамольскі рух, чаму многія марылі атрымаць камсамольскі білет. А яго, дарэчы, атрымаць было няпроста: спачатку належала здаць своеасаблівы экзамен. Зразумела, інтарэсы маладых людзей хаця і мяняюцца з цягам часу, цікавасць да паходаў, маштабных маладзёжных форумаў і вандровак з будаўнічымі атрадамі застаецца нязменнай. Былыя камсамольцы гэтым жылі. Праўда, у гэтым словазлучэнні яны не любяць слова “былыя” — кажуць, што былых камсамольцаў не бывае.

Актыўнае жыццё папаўнялі адказныя справы і рашэнне арганізацыйных пытанняў.

— Быць камсамольцам — адказная работа, а быць камсамольскім лідарам — адказная ўдвая, — успамінае Жанна Ждановіч. — Яна многаму вучыла. Цябе выбралі кіраваць — і ты ўсё бярэш у свае рукі: сам генерыруеш ідэі, сам плануеш, сам вырашаеш усе пытанні. Кіраўніцтва толькі слухала твае прапановы і тое, што табе ўдалося ўжо зрабіць адносна пэўнага пытання.

І ўсё атрымлівалася ў гэтых юнакоў і дзяўчат, якія з гонарам насілі камсамольскі значок. Чаму? Мабыць таму, што яны адчувалі давер. Так, яны зусім юныя, нявопытныя, многіх рэчаў яшчэ не разумелі. Але што можа навучыць лепш, чым практыка? І вось яны вучыліся. А за давер старэйшага пакалення моладзь хацела аддзякаваць поспехам у любой справе, за якую бралася.

Каханне

Маладосць — гэта яшчэ і пара паспявання моцных пачуццяў, пошуку лёсу, прага кахання. І камсамол — гэта каханне. Нават цяжка сабе ўявіць, колькі маладых людзей знайшлі адно аднаго на камсамольскіх будоўлях, з’ездах ці проста займаючыся адной справай.

На сустрэчы пакаленняў знайшліся тры такія “камсамольскія” сямейныя пары. Жанна Анатольеўна Ждановіч сустрэла свайго мужа ў інстытуце, калі змяняла яго, старэйшага па ўзросце, на пасадзе сакратара камітэта камсамола філалагічнага факультэта педінстытута. Былы дырэктар светлагорскай сярэдняй школы № 6 і намеснік дарэктара светлагорскай сярэдняй школы № 11 Людміла Мікалаеўна Глушакова з мужам пазнаёмілася на знакамітых спаборніцтвах на прызы клуба “Скураны мяч”. Сяргей Рыгоравіч, актыўны камсамолец, стаяў ля вытокаў развіцця гэтай спартыўнай гульні на Гомельшчыне. Камсамольскія справы дапамаглі знайсці свой лёс і настаўніку Рэчыцкай раённай гімназіі Алене Віктараўне Ярмоленка. Гісторыя атрымалася дзіўная. Алена Віктараўна была тады сакратаром Рэчыцкага райкама камсамола. Акрамя спраў карысных і цікавых, прызналася яна, трэба было вырашаць і не вельмі прыемныя. “Не сакрэт, што былі сапраўдныя камсамольцы, а былі і тыя, хто трапіў у рады саюза моладзі выпадкова, — расказвае яна. — Галоўны клопат — ад іх: яны не хацелі плаціць членскіх узносаў. Закрываць гэтыя пытанні таксама была мая задача”. Да аднаго такога неплацельшчыка ўзносаў і адправілася дзяўчына. У вёску, за некалькі кіламетраў ад райцэнтра, дзе пешшу, дзе падвезлі, а да нарачонага свайго дабралася. Кажа, што ён аказаўся добрым камсамольцам, зрабіў шмат карысных спраў. Застаецца толькі паверыць, бо разам яны ўжо больш за 30 гадоў.

Для сучаснай моладзі такая сустрэча пакаленняў стала незвычайным урокам гісторыі, для ветэранаў камсамола — святам. Колькі было выказана слоў радасці ад сустрэчы, колькі цёплых успамінаў! А завяршылася мерапрыемства праглядам імправізаванай выставы, дзе былі сабраны розныя рэчы з гісторыі камсамола, чаем з пірагамі, гутаркамі і камсамольскімі песнямі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.