Камунікатыўныя ўрокі замежнай мовы

Выкладаць нямецкую мову для Таццяны Мікалаеўны Гарошка з Мар’інагорскай гімназіі Пухавіцкага раёна — любімы занятак, хобі на ўсё жыццё, пачатак якому быў пакладзены ў дзяцінстве. На працягу 24 гадоў яна кіруе дзейнасцю раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў нямецкай мовы, уваходзіць у склад творчай групы настаўнікаў замежных моў Мінскай вобласці, а таксама ў склад рэспубліканскай творчай групы па замежных мовах. З 2003 года з’яўляецца настаўнікам-мультыплікатарам, праводзіць практычныя семінары, майстар-класы для настаўнікаў нямецкай мовы Беларусі. З 2008 года Таццяна Мікалаеўна каардынуе міжшкольны праект “Беларусь — Германія”.

“Мой тата быў ваенным, служыў у Патсдаме (Германія), дзе я і нара­дзілася, — расказала Таццяна Мікалаеўна. — Гэта быў адкрыты гарадок, і мае бацькі маглі свабодна кантактаваць з яго жыхарамі. Я таксама актыўна далучалася да нямецкай мовы і культуры. Германіяй я была проста зачаравана — гэта вельмі цікавая, асабліва ў плане гісторыі і культурнай спадчыны, краіна, з мноствам найпрыгажэйшых сярэднявечных замкаў і крэпасцей. Скончыўшы з адзнакай МДЛУ па спецыяльнасці “Нямецкая і англійская мовы”, я размеркавалася ў Мар’іну Горку, куды адправілі служыць майго бацьку. Тут пачалася мая педагагічная дзейнасць. Некаторы час, праўда, я працавала перакладчыкам на будаўніцтве ваенных гарадкоў для савецкіх войскаў, якія выводзіліся з Германіі. Дзякуючы гэтаму, мне ўдалося сур’ёзна падцягнуць нямецкую мову”.

Таццяна Мікалаеўна прыгадала словы Марка Твэна, які казаў, што ўсяго жыцця не хопіць для таго, каб вывучыць нямецкую мову. У плане граматыкі яна, сапраўды, складаная. Трэба помніць кожны назоўнік у адзіночным і множным ліку, ведаць, якога яны роду, бо ў залежнасці ад гэтага ўжываюцца тыя ці іншыя артыклі, вывучыць чатыры склоны, асаблівасці змянення прыметнікаў і г.д. Нямецкая мова, на думку Таццяны Мікалаеў­ны, нават больш складаная, чым англійская, у якой цяжкасці выклікае чытанне: па-англійску пішам адно, а вымаўляем іншае. Па-нямецку чытаць нескладана, правіл няшмат, а вось гаварыць няпроста. У нямецкай мове існуе i так званая рамачная канструкцыя пры пабудове сказаў: калі ў сказе два дзеясловы, то адзін знаходзіцца ў пачатку, а другі абавязкова ў канцы — замыкае ў “рамку” сказ. Таму сэнс сказанага часта незразумелы да таго, пакуль цалкам не выкажаш думку.

“Для паспяховага вывучэння любога прадмета самае галоўнае — гэта падтрымліваць цікавасць да яго, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Я пастаянна рэкламую нямецкую мову сярод вучняў гімназіі, нагадваю аб тым, што Германія знаходзіцца недалёка ад Беларусі, што нямецкая мова з’яўляецца роднай для самай вялікай колькасці людзей у Еўропе: толькі ў Германіі жыве 82,5 млн чалавек. Нямецкая мова — дзяржаўная мова Аўстрыі, Швейцарыі, Люксембурга і Ліхтэнштэйна. З’яўляецца роднай мовай для значнай часткі насельніцтва паўночнай Італіі, усходняй Бельгіі, Нідэрландаў, Даніі, усходняй Францыі, часткі Польшчы, Чэхіі і Румыніі. Гэта мова вядомых свету музыкантаў і кампазітараў (Баха, Бетховена, Вагнера, Моцарта, Гайдна, Штрауса), навукоўцаў і вынаходнікаў (Коха, Эйнштэйна, Рэнтгена, Дызеля, Планка, Гутэнберга). Германія лічыцца краінай паэтаў і пісьменнікаў: Гётэ, Шылера, Гейнэ, Мана, Кафкі, Гесэ, Рэмарка і многіх іншых. Філасофію і навуку таксама нельга ўявіць без укладу нямецкіх мысліцеляў: Канта, Гегеля, Феербаха, Маркса, Энгельса, Ніцшэ і многіх іншых, якія мелі велізарны ўплыў на сучаснае грамадства. Калі пытаюся ў вучняў, якія вывучаюць нямецкую мову, якімі былі матывы іх выбару, яны адзначаюць наступнае: “Хачу ўдзельнічаць у міжнародных праектах”, “…падарожнічаць па Еўропе”, “…быць настаўнікам нямецкай мовы”, “…вывучаць эканоміку, банкаўскую справу і медыцыну ў Германіі”, “…працаваць над праектамі, лінгвістычнымі даследаваннямі, ствараць прэзентацыі” і інш.

“Выкарыстанне такіх сацыяльных тэхналогій, як праектная, навучанне ў супрацоўніцтве, гульня, тэатральная дзейнасць, тэхналогія дэбатаў і камунікатыўная тэхналогія, міжнароднае супрацоўніцтва дазваляюць падтрымліваць матывацыю вучняў да вывучэння замежнай мовы, — адзначае Таццяна Мікалаеўна. — Свае ўрокі я будую так, каб дзеці як мага больш гаварылі па-нямецку, абмяркоўвалі розныя тэмы, праблемы, шукалі выйсце з прапанаваных сітуацый, развучвалі аўтэнтычныя дыялогі, а затым на іх аснове складалі свае. Працуючы над тэкстамі, мы абавязкова выходзім на вуснае маўленне, вучні расказваюць, аб чым быў той ці іншы тэкст. Прашу іх пераказаць тэкст або дыялог так, як быццам яны знаходзяцца на сцэне. Спачатку дзеці вучаць на памяць і спрабуюць агучыць слова ў слова, але паступова пачынаюць гаварыць свабодна. Для мяне самае галоўнае, каб вывучаныя словы і сказы яны змаглі перанесці ў іншыя тэмы і камунікатыўныя сітуацыі”. У якасці дамашняга задання настаўніца можа прапанаваць групе вучняў скласці план прачытанага тэксту. Навучэнцы размяркоўваюць заданне паміж усімі членамі групы: дзеляць тэкст на абзацы. Кожны вучань яшчэ раз перачытвае свой абзац, вызначае галоўную думку, заключаную ў ім, і ўносіць яе ў агульны план у выглядзе пункта. План запісваецца ў агульны сшытак, чытаецца ўголас і абмяркоўваецца. Затым па складзеным плане навучэнцы інтэрпрэтуюць змест тэксту ў адпаведнасці з праблемай/камунікатыўнай задачай, якая вырашаецца.

Падчас работы ў праекце.

Для павышэння матывацыі да вывучэння прадмета Таццяна Мікалаеўна выкарыстоўвае прыёмы “Рэклама”, “Рыхтуемся да падарожжа”, “Павуцінка”, “Паветраны шар”, “Дыскусія”, “Дылема”. Напрыклад, прыём “Дылема” прадугледжвае пошук выйсця з праблемнай сітуацыі, аргументацыю свайго выбару. Гэты прыём педагог выкарыстоўвае пры навучанні розным відам маўленчай дзейнасці. За аснову для абмеркавання можна ўзя ць тэкст для чытання, аўдыятэкст, відэафрагмент, жыццёвую сітуацыю і г.д. Дзеці вучацца разважаць, ставіць сябе на месца іншага чалавека, разумець учынкі іншых. Пры разглядзе тэмы Das Leben in der Stadt und auf dem Lande (“Жыццё ў горадзе і ў вёсцы”) у 7 класе дзве групы вучняў атрымліваюць аднолькавае заданне: “Уявіце, што ў ваш горад прыехала дэлегацыя з Германіі. Што б вы паказалі гасцям і аб чым бы ім расказалі?”. Удзельнікі груп абмяркоўваюць прапанаваную сітуацыю, вырашаюць, чым можна зацікавіць гасцей горада, і складаюць маршрут экскурсіі для іх. Настаўнік аб’яўляе конкурс на лепшага гіда, прапануе прадстаўнікам груп правесці ўяўную экскурсію. Усе астатнія навучэнцы выкон­ваюць ролю турыстаў, задаюць гідам пытанні. Па тэме Reise (“Падарожжа”) групы атрымліваюць заданне: “Якое падарожжа вы арганізавалі б для сваіх сяброў? Паспрабуйце перака­наць іх у тым, што яно цікавае”. У групах прымаецца рашэнне, куды запрасіць сяброў. Затым выслухоўваюцца расказы аб месцах падарожжаў. Вучні выказваюць меркаванні, ці пераканаў іх апавядальнік у тым, што падарожжа цікавае. Аснова любой мовы — граматыка, яе трэба ведаць, каб правільна гаварыць. Але і без лексікі немагчыма пабудаваць дыялог, таму яе неабходна пастаянна назапашваць, запамінаючы сотні і тысячы слоў. Для гэтага трэба актывізаваць усе віды памяці (“бачу”, “чую”, “гавару”). Каб зрабіць працэс завучвання больш цікавым, Таццяна Мікалаеўна выкарыстоўвае на ўроках гульнявыя моманты. Прапануе запоўніць пропускі ў тэксце або скласці карткі з прапушчанымі літарамі ў словах, або словамі ў сказах так, каб атрымалася правільна (прынцып даміно), або разгадаць крыжаванку, падабраць антонімы да слоў.

Пры рабоце над тэмай Wohnmöglichkeiten (“Жыллёвыя магчымасці”) навучэнцам даецца ўстаноўка: “Уявіце, што адзін з вашых сяброў пабудаваў новую кватэру або дом. Вам цікава даведацца аб кватэры (доме) больш”. На картках даюцца асобныя фразы, з якіх трэба скласці звязны дыялог. У ходзе групавой работы складаецца дыялог ці палілог, які навучэнцы прайграюць уголас. Астатнія групы атрымліваюць такое ж заданне і падчас праверкі сочаць за правільнасцю яго выканання, фіксуюць магчымыя памылкі і каменціруюць іх.

Дзецям вельмі падабаецца ўдзельнічаць у актыўных камунікатыўных гульнях. Напрыклад, гульню “Снежны камяк” можна выкарыстоўваць для замацавання ў маўленні форм дзеясловаў цяперашняга ці прошлага часу. Навучэнцы становяцца ў круг, па чарзе называюць сябе і дзеянне, якое яны выконваюць. Кожны наступны вучань, прадстаўляючы сябе, павінен наз­ваць і апісаць дзеянні ўсіх папярэдніх вучняў. Напрыклад, першы гаворыць: “Мяне завуць Ваня. Я плаваю”, наступны працягвае: “Мяне завуць Каця. Ваня ўмее плаваць, а я добра іграю на піяніна” і г.д. Падчас гульні “Пакуем чамадан” да папярэдняга выказвання вучня дадаюцца словы наступнага, падобна да таго, як складаюць рэчы ў чамадан. Пры гэтым навучэнцы папаўняюць лексічны запас, удасканальваюць граматычныя навыкі (выкарыстанне склонаў). Цікавая і асацыятыўная гульня “Сонца, месяц і зоркі”. У сярэдзіне круга знаходзіцца навучэнец, які называе любое слова з пэўным артыклем (у адзі­ночным або множным ліку) і пытаецца, што яму адпавядае. Да яго падыходзяць два вучні, якія называюць словы, звязаныя асацыятыўна з першым словам. Гульню “Чатыры куты” можна выкарыстоў­ваць для развіцця маўлення. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Прафесіі” навучэнцы размяркоўваюцца па кутах класа ў адпаведнасці са сваімі прафесійнымі перавагамі (“інжынеры”, “настаўнікі”, “урачы”, “эканамісты”) і абгрунтоўваюць свой выбар. Па тэме “Падарожжа” настаўнік вызначае чатыры куты з мэтай абмеркавання кірункаў падарожжаў (“горы”, “мора”, “горад”, “вёска”). Вальтэр Лоферт у кнізе “Камунікатыўныя гульні” апісвае гульню “Закончы гісторыю”. Настаўнік раздае дзвюм або тром групам навучэнцаў ад зін і той жа тэкст, у якім ёсць пачатак якой-небудзь гісторыі. Навучэнцы чытаюць тэкст, абдумваюць, як гэтая гісторыя, на іх думку, можа развівацца далей, абмяркоўваюць. Потым варыянты гісторый прадстаўляюцца ўсім удзельнікам гульні і вызначаецца найбольш цікавы. Напрыклад, адзін пачынае гісторыю, другі фармулюе праблему, трэці яе вырашае (“я пайшоў у краму” — “успомніў, што забыўся кашалёк” — “вярнуўся дадому”).

“На працягу 12 гадоў я з’яўляюся каардынатарам міжнароднага праекта “Беларусь — Германія” паміж Мар’інагорскай гімназіяй і нямецкай дзяржаўнай гімназіяй Марцінеум (Хальберштат, зямля Саксонія-Анхальт). Каардынатар праекта з нямецкага боку — настаўніца Фраўке Цімэ, — адзначае Таццяна Мікалаеўна. — Нашы партнёрскія адносіны заснаваны на сумеснай рабоце над рознымі даследчымі праектамі. Мы арганізавалі 11 паездак школьнікаў (6 — у Беларусь і 5 — у Германію) з пражываннем у сем’ях. У кожным праекце прымаюць удзел каля 20 школьнікаў і 3 настаўнікі. Вучні падчас наведвання ўстановы-партнёра ходзяць адно да аднаго на ўрокі, удзельнічаюць у пазакласным жыцці. Нямецкія гімназісты ўдасканальваюць у Мар’інай Горцы ўзровень валодання рускай мовай, якую яны вывучаюць у сваёй гімназіі ў якасці другой замежнай нароўні з англійскай. Пашырэнне ведаў аб замежнай краіне і аб сваёй уласнай, далучэнне да культуры і традыцый (падчас візітаў дзеці наведваюць экскурсіі), зносіны з аднагодкамі, моўная практыка, правядзенне тэлемастоў — усё гэта магутны стымул для вывучэння замежнай мовы. Работа над сумеснымі праектамі дазваляе навучэнцам набы­ваць шырокія веды, узбагачае іх вопытам работы ў камандзе, уменнем рабіць высновы. Вучні разам рыхтуюць мультымедыйныя прэзентацыі, набываюць вопыт публічных выступленняў. За час нашага супрацоўніцтва рэалізавана пяць праектаў: “Выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі”, “Нацыянальныя паркі — “Гарц” у Германіі і “Белавежская пушча” ў Беларусі”, “Легенды Хальберштата і Мар’інай Горкі”, “Вольны час і сябры”, “Ахова навакольнага асяроддзя. Раздзяленне смецця. Энергазберажэнне”. Справаздачы па праектах праходзілі перад вучнямі, настаўнікамі, бацькамі і прэсай. Міністэрствам культуры Германіі экалагічны праект “Нацыянальныя паркі — “Гарц” і “Белавежская пушча” быў адзначаны як лепшы школьны міжнародны праект года. Займаючыся ім, дзеці з цікавасцю даследавалі насякомых у рэках Гарца і Белавежскай пушчы. Яны выявілі лічынкі ручэйніка, падзёнкі, вярцячкі і вяснянкі. Гэтыя насякомыя жывуць толькі ў чыстай вадзе. Гімназісты бралі пробы вады з ракі і верхняга балота, якія потым даследавалі ў лабараторыі з настаўніцамі хіміі: са спадарыняй Фівег (гімназія Марцінеум) і Святланай Пятроўнай Зінчанка (Мар’інагорская гімназія). У ходзе даследавання было выяўлена, што вада не змяшчае шкодных прымесей. Гімназісты пісалі артыкулы пра расліны і жывёл паркаў, жука-караеда, балоты і насякомых, структуру паркаў. Быў зроблены фільм, камп’ютарная прэзентацыя, настольныя гульні і гульня Memory (“Запомні”) з назвамі жывёл на дзвюх мовах. Відавочна, што мы змаглі ўсё гэта ажыццявіць толькі дзякуючы сумесным намаганням педагогаў і навучэнцаў абедзвюх гімназій, бацькоў, прадстаўнікоў адміністрацый гарадоў. Вялікую падтрымку праекту аказалі дырэктары гімназій Штэфан Пасдзерскі і Сяргей Іванавіч Зінкевіч. Зараз мы разглядаем новы праект — “Здаровы лад жыцця”. Падчас тэлемоста плануем пазначыць для сябе асноўныя напрамкі работы над ім: заняткі навучэнцаў спортам у абедзвюх краінах (у школе і ў вольны час), здаровае харчаванне ў школе і дома, віды псіхалагічнай разгрузкі і г.д.”.

Вучні з Мар’інагорскай гімназіі паспяхова выступаюць на алімпіядах па нямецкай мове і навукова-практычных канферэнцыях. Некаторыя выпускнікі гімназіі, якія ўдзель­нічалі ў рэалізацыі сумесных з нямецкім бокам праектаў, сталі студэнтамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Лепшыя вынікі па тэсціраванні за апошнія два гады ў гімназіі па нямецкай мове былі ў Марыі Кадэмік (2018) — 96 балаў, якая была пераможцай абласной навукова-практычнай канферэнцыі па нямецкай мове. Марыя паступіла ў БНТУ на бюджэтнае аддзяленне. Надзея Андык у 2019 годзе атрымала 94 балы, яна пераможца абласной алімпіяды па нямецкай мове і паступіла ў БДЭУ на бюджэт. Сёння настаўнікамі нямецкай і англійскай моў у Мар’інагорскай гімназіі працуюць вучаніцы Таццяны Мікалаеўны Гарошка — Юлія Жолабава (Паршына) і Ганна Кузуб. Аліна Панова працуе настаўніцай нямецкай і англійскай моў у філіяле БНТУ — Мінскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы. Паліна Рысевец выкладае з 2018 года нямецкую мову ў МДЛУ.

Надзея ЦЕРАХАВА.