«Кананіры» з Бароўкі Лепельскага раёна: «Папулярнасць нашага ваенна-патрыятычнага клуба імкліва расце»

- 16:09Новости

Ваенна-­патрыятычны клуб “Кананір” адкрыўся ў Бароўскай сярэдняй школе імя Г.К.Жукава Лепельскага раёна менш чым год назад, але хутка набывае папулярнасць сярод вучняў і стаў добра вядомым на раённым і абласным узроўнях. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Мы пачэсна носім імя вялікага савецкага маршала Жукава, заўсёды рабілі ўпор на выхаванне ў дзяцей патрыятычнай свядомасці, — заўважае дырэктар Бароўскай школы Дзіяна Мысіна. — Таму вельмі рады, што ў верасні мінулага года на базе вайсковай часці № 22313 сумесна з нашай школай і Лепельскім раённым цэнтрам дзяцей і моладзі адкрыўся клуб “Кананір”. Ён яшчэ зусім малады, коль­касць яго ўдзельнікаў — 20 чалавек, але нас ужо добра ведаюць і ў раёне, і ў вобласці. Тут праходзіць шмат мерапрыемстваў, якія накіраваны на выхаванне любові да Радзімы. Напрыклад, у ліпені ў рамках інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Крок да поспеху” прайшла сустрэча дзяцей са старшынёй савета беларускай асацыяцыі ветэранаў пад­раздзяленняў спецыяльнага прызначэння войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэс­публікі Беларусь Дзмітрыем Паўлічэнкам. Разам з ім да нас прыязджаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Азаронак. Ён падкрэсліў, што такія размовы падлеткаў з прадстаўнікамі сілавога блоку Беларусі вельмі важныя.

Некалькі выпускнікоў школы, якія наведвалі клуб “Кананір”, паступілі ў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Большая частка маладых “кананіраў” марыць аб ваеннай кар’еры. Яны выбіраюць розныя спецыяльнасці, сярод якіх ваенны хірург, лётчык-знішчальнік. Заняткі клуба праходзяць як на базе вайсковай часці, так і ў школе: тут ёсць цір, стадыён, клас з мультымедыйнай устаноўкай.

— Зараз лета, урокаў няма, аднак справа для нас заўсёды знойдзецца, — дзеліцца член клуба Данііл Мысін. — Лічу асабліва важнымі тыя мерапрыемствы, што прысвечаны захаванню народнай памяці. Не так даўно разам з нашым кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Анатолем Дываком мы прыводзілі ў парадак магілу ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны палкоўніка Цімафея Глінскага, а таксама працавалі на мемарыяльным комплексе “Кісцялёва”.

Адзінаццацікласніца Ульяна Шунто плануе паступаць у Ваенную акадэмію. Яна не згодна з тымі, хто мяркуе, што гэта недзявочая сфера дзейнасці:

— Галоўнае — не баяцца цяжкасцей і мець вялікую цікавасць да ваеннай прафесіі. У мяне яна сямейная.

Яе аднакласніца Валерыя Сідарава адзначае: не захапіцца цікавым жыццём клуба немагчыма — гэта гульні “Зарніца” і “Арляня”, безліч іншых мерапрыемстваў. Пасля школы Лера таксама збіраецца паступаць у Ваенную акадэмію.

Кіраўнік клуба падпалкоўнік запасу Анатоль Дывак падкрэслівае: галоўным паказчыкам эфектыўнасці работы любога настаўніка з’яўляюцца высокія вынікі на раённых і абласных спаборніцтвах.

— Сярод нашых дасягненняў — 2-е месца на абласных спаборніцтвах у 2023 і 2024 гадах па кулявой стральбе на прызы старшыні Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ, — пералічвае Анатоль Багданавіч. — Таксама 2-е месца мы занялі на абласных спаборніцтвах, прысвечаных Дню Перамогі, па кулявой стральбе — на прызы старшыні Віцебскага аблвыканкама. Па выніках ваенна-патрыятычных гульняў “Арляня” і “Зарніца” каманды нашай школы неаднаразова займалі прызавыя месцы.

— Да патрыятычных мерапрыемстваў падключаецца амаль увесь актыў установы адукацыі, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Жанна Мікулёнак. — На Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь мы заўсёды арганізоўваем вялікі канцэрт. Не так даўно да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшоў міжнародны круглы стол “Перамогу шануем, герояў памятаем!”. На ім адбылася прэзентацыя кнігі “Дарогі вайны”, у напісанні якой прынялі ўдзел 10 вучняў нашай школы. А 3 ліпеня атрад “Кананір” быў задзейнічаны ў парадзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, у Лепелі. Рэгулярна прахо­дзяць сустрэчы школьнікаў з ветэранамі Афганістана, а ў маі дзевяцікласніца Ірына Сарамбаева заняла 1-е месца на раённым фестывалі-канцэрце “Песні Вялікай Перамогі”.

Педагогі лічаць: калі такія мерапрыемствы пастаянна будуць прысутнічаць у школьным жыцці, патрыятычнае выхаванне дзяцей і падлеткаў будзе адбывацца гарманічна.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара