Дзявяты раз Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі сабраў навучэнцаў аграрных класаў і выкладчыкаў на традыцыйнай аграгіядзе.
Аграрна-педагагічнае мерапрыемства праводзілася ў дыстанцыйным фармаце і аб’яднала больш за 250 навучэнцаў і 50 педагогаў краіны. У ім прынялі ўдзел вядучыя спецыялісты Міністэрства сельскай гаспадаркі, навукоўцы, выкладчыкі факультатыву “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. На адкрыцці аграгіяды выступіў дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Віктар Паплеўка. УВА цесна супрацоўнічае з ГрАІРА.
— Інстытут развіцця адукацыі арганізаваў метадычнае суправаджэнне дзейнасці педагогаў, дапамагае ім правільна будаваць работу, павышаць свой прафесійны ўзровень, бо ні адзін настаўнік не можа аднолькава добра валодаць фізікай, біялогіяй і хіміяй, а рознабаковыя веды па гэтых прадметах патрэбны для выкладання факультатыву, — расказала начальнік упраўлення па рабоце з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі і кантролі якасці адукацыі Цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Марыя Бразінская. — На працягу года праводзіліся сесіі адукацыйнай платформы “Агракласы” для настаўнікаў краіны. На базе ГрАІРА для іх былі арганізаваны лекцыі, практычныя заняткі, а таксама знаёмства з прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу Гродзеншчыны. На аграгіяду — апошнюю сесію адукацыйнай платформы — былі запрошаны не толькі педагогі, але і навучэнцы аграрных класаў. Адметнай рысай мерапрыемства было тое, што праводзілася прафарыентацыйная работа з мэтай матываваць школьнікаў на атрыманне прафесіі аграрнага кірунку.
Аграгіяда праходзіла на працягу трох дзён. У першы дзень падчас канферэнцыі на платформе Zoom настаўнікі, якія выкладаюць факультатыўны курс, абмеркавалі мэты і задачы функцыянавання аграрных класаў, ступень іх рэалізацыі. Як адзначылі арганізатары, сёлета канферэнцыя атрымалася не столькі адукацыйнай, колькі матывацыйнай. Працуючы ў гэтым кірунку на працягу трох гадоў, педагогі ўжо напрацавалі свой метадычны вопыт, які і быў абмеркаваны. У наступным годзе плануецца правесці конкурснае мерапрыемства або фестываль для педагогаў, дзе яны змогуць прадэманстраваць свой вопыт работы.
Дзесяцікласнікі, слухачы курса “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, дыстанцыйна прынялі ўдзел у алімпіядзе. Падчас яе тэарэтычнага тура вучні паказалі свае веды, а ў практычным творчым туры ў выглядзе інфаграфікі прадставілі аграрны комплекс свайго рэгіёна. Дарэчы, практычны тур алімпіяды меў на мэце выявіць творчы патэнцыял школьнікаў, каб яны маглі вывучыць асаблівасці аграрнага комплексу свайго рэгіёна, зразумець, чым тут можна ганарыцца, расказаць пра гэта іншым і, магчыма, у далейшым знайсці прымяненне сваім ведам менавіта на малой радзіме.
У дыстанцыйнай алімпіядзе прынялі ўдзел 30 вучняў і 20 школьных каманд. Першае каманднае месца заваявалі “Першапраходцы” з сярэдняй школы гарадскога пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна (настаўніца М.І.Чарнецкая), а ў асабістым заліку перамагла вучаніца сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы Кацярына Галавач (настаўніца Г.Ч.Рудоміна).
У фармаце адкрытага дыялогу прайшлі прафарыентацыйныя мерапрыемствы для вучняў не толькі 9—10- х, але і 8-х класаў, якія толькі задумваюцца аб профілі навучання. Дванаццаць каледжаў і ліцэяў сельскагаспадарчага профілю прэзентавалі свае ўстановы адукацыі, расказвалі пра спецыяльнасці “Аграномія”, “Заатэхнія”, “Ветэрынарная медыцына”, “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці”.
У бягучым навучальным годзе аграрныя класы або групы адкрыты ў 51 установе адукацыі Гродзеншчыны. Новыя класы будуць арганізаваны і ў наступным навучальным годзе, гэты напрамак плануецца актыўна развіваць.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.