Канікулы афлайн і анлайн

Мінуў чарговы навучальны год. Зноў зайграла яркімі фарбамі лета, адчыніўшы для дзяцей дзверы ў доўгачаканую пару канікул. Цёплыя летнія дні — лепшы час для аднаўлення здароўя. На Магілёўшчыне ўжо стартавала летняя аздараўленчая кампанія. Пачалі сваю працу шматлікія дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, арганізавана карысная занятасць навучэнцаў. Больш падрабязна аб тым, як праходзіць летняе аздараўленне дзяцей у Прыдняпроўскім краі, расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ірына Міхайлаўна Кускова.

— Ірына Міхайлаўна, як сёлета праходзіць летняе аздараўленне дзяцей у Магілёўскай вобласці?

— Аздараўленне праходзіць мэтанакіравана, згодна з ўсімі адпаведнымі і зага­дзя распрацаванымі праграмамі. А ўсё таму, што работа па падрыхтоўцы да летняй азда­раўленчай кампаніі вялася зацікаўленымі з пачатку года. Сумеснымі намаганнямі былі распрацаваны рэгіянальныя праграмы аздараўлення і занятасці навучэнцаў. Гэта дазволіла да надыходу лета завяршыць усе запланаваныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы, накіраваныя на камфортнае, бяспечнае і цікавае знаходжанне дзяцей у летніках, арганізацыю іх карыснай занятасці.

— З чаго сёлета могуць выбіраць бацькі і дзеці правядзенне летняга адпачынку?

— У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі на тэрыторыі вобласці будуць працаваць каля 500 лагераў розных тыпаў. У плане правядзення адпачынку ў дзяцей будзе вялікі выбар: стацыянарныя, арандаваныя, размешчаныя ў санаторыях-прафілакторыях, а таксама профільныя летнікі па напрамку дзейнасці, дзе кожны навучэнец зможа рэалізаваць свае здольнасці. Для падлеткаў ва ўзросце 14—18 гадоў прадугледжана дзейнасць лагераў працы і адпачынку, дзе старшакласнікі змогуць і адпачыць, і атрымаць першы працоўны вопыт.

— Якая колькасць магілёўскіх хлопцаў і дзяўчат зможа адпачыць летам на базе гэтых аздараўленчых лагераў?

— Усяго ў летні перыяд гэтага года плануецца аздаравіць 44,6 тысячы дзяцей. З іх амаль 18 тысяч — у лагерах з кругласутачным знаходжаннем і звыш 26 тысяч — з дзённым. Акрамя гэтага, больш за 2 тысячы падлеткаў прадугледжана аздаравіць у лагерах працы і адпачынку.

8 чэрвеня пачалі работу летнікі з дзённым знаходжаннем, якія прынялі на аздараўленне 7335 дзяцей. З панядзелка адкрыліся лагеры з кругласутачным знахо­джаннем. Плануецца, што за першую змену там адпачнуць каля трох тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак.

— Напэўна, галоўнае, што клапоціць бацькоў пры адпраўцы дзяцей у лагер, — гэта іх бяспечнае знаходжанне там. З улікам наяўнай няпростай эпідэмічнай сітуацыі, гэтая тэма асабліва актуальная. Што зроблена ў гэтым напрамку?

— Безумоўна, захаванне максімальнай бяспекі адпачынку дзяцей і прадухіленне якіх-небудзь надзвычайных здарэнняў у лагерах — наша прыярытэтная задача. Кожная аздараўленчая ўстанова павінна быць камфортным і бяспечным месцам для непаўналетніх, якія там знаходзяцца. Таму рабоце па захаванні бяспекі дзяцей удзяляецца асаблівая ўвага. Да пачатку летняй аздараўленчай кампаніі ва ўсіх лагерах былі праве­дзены агляды будынкаў, спартыўных стадыёнаў і пляцовак, выпрабаванні абсталявання і інвентару для вызначэння надзейнасці мацавання і яго бяспечнасці пры эксплуатацыі. Ва ўстановах ажыццяўляецца строгі кантроль па захаванні жыцця і здароўя дзяцей падчас правядзення культурна-спартыўных мера­прыемстваў. Акрамя таго, усіх дзяцей, якія прыбываюць у летнікі, вучаць асноўным па­трабаванням бяспекі жыццядзейнасці.

Функцыянаванне летнікаў сёлета ажыццяўляецца з улікам наяўнай эпідэмічнай сітуацыі: выконваецца сацыяльнае дыстанцыяванне, не праводзяцца масавыя мера­прыемствы, вольны час дзяцей арганізаваны малымі групамі на свежым паветры.

— Для многіх бацькоў важна, каб знаходжанне дзяцей у летніку было накіравана не толькі на аднаўленне здароўя, але і на развіццё іх творчага патэнцыялу, спартыўных, інтэлектуальных навыкаў і здольнасцей. Якія мерапрыемствы напоўняць дзіцячы вольны час?

— Для паўнавартаснага адпачынку дзяцей прадуманы рацыянальны распарадак дня, на працягу якога чаргуюцца розныя віды дзейнасці з улікам узросту, полу, стану здароўя і функцыянальных магчымасцей дзяцей. Прадугледжана правя­дзенне аздараўленчых, спартыўных і культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Гэта разнастайныя пазнавальныя, інтэлектуальныя, творчыя, спартыўныя праграмы, святы, акцыі, гульні, спаборніцтвы, заняткі па інтарэсах. Вядома, з улікам сучасных рэалій уся гэтая работа арганізуецца ў малых групах.

— А якія формы занятасці прапануюцца для тых, хто не захацеў адпачы­ваць у аздараўленчым лагеры?

— Для ўсіх навучэнцаў забяспечана правядзенне спартыўных і культурных мерапрыемстваў на свежым паветры на базе ўстаноў адукацыі вобласці. Запланавана работа школьных стадыёнаў і дзіцячых гульнявых пляцовак навучальных устаноў з замацаваннем адказных педагогаў у дзённы і вячэрні час згодна з графікам. Акрамя таго, прадугледжана дзейнасць экспедыцыйных пошукавых груп, арганізацыя турыстычных паходаў.

Гэтае лета праходзіць ва ўмовах пандэміі, таму з мэтай мінімізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання вірусных інфекцый мы шмат у чым зрабілі ўпор на арганізацыю вольнага часу дзяцей і падлеткаў з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў. На сайтах галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і абласнога інстытута развіцця адукацыі створана рубрыка “Канікулы анлайн”. У раздзелах рубрыкі навучэнцам, педагагічным работнікам і бацькам прапануюцца адрасы розных дыстанцыйных сэрвісаў для актыўнага і карыснага правядзення вольнага часу. Сярод матэрыялаў можна знайсці майстар-класы па асваенні розных тэхнік дэкаратыўна-прыкладной творчасці: дэкупажу, марблінгу, канзашы, пэчворку, фелтынгу і інш. Выкарыстоўваючы розныя інтэрнэт-рэсурсы, можна прыняць удзел у конкурсах, фестывалях, правесці трэніроўкі з вядомымі спартсменамі, адправіцца ў захапляльныя віртуальныя экскурсіі і падарожжы. Адпаведныя раздзелы прысвечаны захаванню бяспечных паводзін навучэнцаў. У мэтах стварэння, захавання і падтрымання станоўчага эмацыянальнага настрою падрастаючага пакалення па ініцыятыве Цэнтра творчасці “Юнацтва” ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” ў групе “Кропка апоры” створана “Гарадская школа пазітыўнага настрою”.

Цікава падышлі да арганізацыі вольнага часу дзяцей у Бабруйску. Упраўленне па адукацыі гарвыканкама сумесна з установамі дадатковай адукацыі горада ініцыіравалі арганізацыю штогадовага праекта “Планета “ЛЕТА” ў анлайн-рэжыме. У рамках праекта працуюць чатыры віртуальныя пляцоўкі, якія размешчаны на сайтах устаноў дадатковай адукацыі, дзе кожнае дзіця можа знайсці для сябе нешта па сваіх інтарэсах.

Хацелася б падкрэсліць, што асаблівая ўвага ўдзелена арганізацыі занятасці дзяцей падулікавых катэгорый. Усюды яны максімальна далучаны да карыснага і цікавага правядзення вольнага часу.

— Многія падлеткі зараз хочуць праводзіць лета працуючы. Дзе яны могуць атрымаць свой першы працоўны вопыт?

— Для максімальнага ахопу навучэнцаў працоўнай дзейнасцю запланавана функцыянаванне 81 студэнцкага атрада, у склад якіх увойдуць і школьнікі, 362 працоўных атрада старшакласнікаў, 900 вучнёўскіх вытворчых і сельскагаспадарчых брыгад, школьных лясніцтваў, арганізацыя працы індывідуальна і па дагаворах з упраўленнямі па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне гар-, райвыканкамаў. Больш за 800 навучэнцаў плануюць у летні перыяд займацца педагагічнай дзейнасцю ў якасці памочнікаў выхавальнікаў у лагерах з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі. Акрамя гэтага, 9,5 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак прадастаўлена магчымасць для заняткаў валанцёрскай працай.

— Ці ёсць у рэгіёне нейкія адметнасці ў правядзенні сёлетняй аздараўленчай кампаніі?

— Так. Сёлета, каб аб’яднаць агульнай карыснай занятасцю дзяцей, бацькоў і педагогаў, мы вырашылі арганізаваць абласны марафон “Праводжу лета з карысцю!”. Яго галоўная мэта ў тым, каб кожнае дзіця ў перыяд летніх канікул набыло якi-небудзь карысны працоўны навык, новы для сябе. Калі ў хлопчыка ці дзяўчынкі ёсць творчыя таленты або вялікае жаданне займацца спортам, то важна дапамагчы ім развіць гэтыя здольнасці. Нам, дарослым, трэба вучыць дзяцей атрымліваць задавальненне ад працэсу самастойнай працы, прывіваць ім імкненне да ўдасканалення сваіх здольнасцей, такім чынам выхоўваючы мэтанакіраваных маладых людзей. І правядзенне марафону будзе гэтаму спрыяць. Мы наўмысна не вызначалі строгіх рамак у відах дзейнасці, якім можна навучыцца, каб кожны ўдзельнік мог выбраць тое, што яму бліжэй за ўсё.

Да марафону далучылася шмат неабыякавых людзей, якія любяць сваю справу і шчыра імкнуцца перадаць свой вопыт падрастаючаму пакаленню. Сярод іх — педагогі ўстаноў адукацыі, спецыялісты ўстаноў культуры, спорту і турызму, бацькі або члены сям’яў непаўналетніх, прадстаўнікі працоўных калектываў шэфскіх і іншых прадпрыемстваў, рамеснікі, лідары дзіцячых і мала­дзёжных грамадскіх арганізацый.

Марафон “Праводжу лета з карысцю!” ужо ідзе. Разам дзеці, бацькі, педагогі вызначаюць, што найбольш цікава падлетку, а пасля выбіраюць чалавека, які выступіць настаўнікам і дапаможа авалодаць выбраным навыкам. Падчас марафону ў кожнага ёсць магчымасць падзяліцца сваім пазітыўным вопытам, запоўніўшы адпаведную анкету дасягненняў і размясціўшы яе ў сацыяльнай сетцы Instagram у запісе leto_s_polzoy пад хэштэгам #ПровожулетоспользойМогилев. Пераканана, што ў інтэрнэце перш за ўсё варта дзяліцца сваімі дасягненнямі ў працы, творчасці, адукацыі. Таму запрашаем да ўдзелу ў нашым марафоне ўсіх жадаючых.

— Цікавы праект. А ці будуць неяк заахвочаны ўдзельнікі марафону?

— Канечне. На раённым і абласным узроўнях будуць адзначаны заслугі і ўклад кожнага настаўніка ў справу па фарміраванні і развіцці працоўных і творчых навыкаў у падрастаючага пакалення. Асобна разгле­дзім станоўчы вопыт сем’яў, у якіх працоўнае, эстэтычнае выхаванне дзяцей дае адчувальныя станоўчыя вынікі.

Бясспрэчна, педагогам і бацькам зараз неабходна аб’яднаць свае намаганні ў тым, каб лета кожны магілёўскі навучэнец правёў цікава і з карысцю. Дзеля гэтага быў арганізаваны марафон “Праводжу лета з карысцю!”. З гэтай жа мэтай штогод на базе Абласнога цэнтра творчасці працуе кансультацыйны пункт у дапамогу арганізатарам летняй аздараўленчай кампаніі, дзе ім заўсёды падкажуць, як найлепшым чынам выканаць нашу агульную задачу — забяспечыць паўнавартасны, цікавы і бяспечны адпачынак дзяцей.

Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.