Канікулы без наступстваў

Арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі ў краіне штогод адводзіцца шмат увагі. Адным з ключавых момантаў, на якія трэба звяртаць увагу, з’яўляецца ахова працы работнікаў. Не менш значным паказчыкам паспяхова праведзенай летняй аздараўленчай кампаніі з’яўляецца захаванне бяспечных умоў для загараднага адпачынку дзяцей.

На што яшчэ варта звярнуць увагу педагогам, каб лета пакінула толькі станоўчыя эмоцыі не толькі ў навучэнцаў, але і ў педагогаў, нам расказала галоўны тэхнічны інспектар працы Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Леанідаўна Лясун.

Падбор педагогаў — па новым парадку

У нашай краіне функцыянаванне аздараўленчых летнікаў рэгулюецца Палажэннем аб выхаваўча-аздараўленчай дзейнасці ва ўстановах адукацыі. Гэты дакумент быў зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі ад 19.07.2011 г. № 89.

Безумоўна, у канікулярны перыяд трэба больш пільна сачыць за дзецьмі, а таксама ўзмацняць кантроль за выкананнем імі правіл бяспекі. Так, штогод Нацыянальны дзіцячы цэнтр “Зубраня” распрацоўвае метадычныя рэкамендацыі, якія тычацца арганізацыі летніх аздараўленчых кампаній. А прадстаўнікі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі кожнае лета нароўні з іншымі службамі праводзяць маніторынг дзейнасці а­здараўленчых лагераў. Прычым пытанні аховы працы, захавання бяспекі дзяцей для спецыялістаў ведамства — адны з галоўных.

“Лета — самая жаданая пара для ўсіх дзяцей. І дзе яшчэ, як не ў аздараўленчым лагеры, можна знайсці сяброў, якасна адпачыць? Толькі ва ўмовах загараднага адпачынку вопытныя педагогі, урачы і кухары паклапоцяцца аб тым, каб час, які дзіця правядзе ў лагеры, быў напоўнены цікавымі момантамі, насычаным, яркім і смачным адпачынкам! А яшчэ, што асабліва важна для бацькоў, каб летні адпачынак пайшоў дзіцяці на карысць, быў здаровым і бяспечным”, — кажа Марына Леанідаўна Лясун.

Пераканацца ў тым, што ўмовы знаходжання дзяцей і праца персаналу адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, — першачарговая мэта маніторынгаў, якія былі арганізаваны і праведзены прадстаўнікамі  тэхнічнай інспекцыі працы Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў чэрвені і ліпені. Дарэчы, як паведаміла галоўны інспектар, праверкі закранулі 37 лагераў з кругласутачным і 29 летнікаў з дзённым знаходжаннем дзяцей, якія адносяцца да сістэмы адукацыі.

М.Л.Лясун расказала, што сёлета ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем дзяцей падчас праверак вялікая ўвага ўдзялялася парадку накіравання, падбору і лікаваму складу педагагічных работнікаў, якія працуюць у выхаваўча-аздараўленчых установах сістэмы адукацыі.

“Сёлета педагогі накіроўваліся на работу ў лагеры ў адпаведнасці з доўгачаканым дакументам, які ўступіў у сілу згодна з пастановай Міністэрства адукацыі № 190 ад 27 снежня 2019 года “Аб парадку накіравання педагагічных работнікаў і ўмовах аплаты іх працы падчас аздараўлення дзяцей”, — расказвае М.Л.Лясун.

Сёлетняя аздараўленчая кампанія адрозніваецца ад мінулагодніх. Безумоўна, карэктывы ў арганізацыйны працэс унесла эпідэмічная сітуацыя. Улічваючы гэта, у першую чаргу тэхнічныя інспектары працы звярталі ўвагу на правілы арганізацыі мерапрыемстваў у адпаведнасці з “Часовымі метадычнымі рэкамендацыямі па прафілактыцы заносу і распаўсюджвання інфекцыі СOVID-19 падчас арганізацыі працы аздараўленчых і санаторна-курортных арганізацый у перыяд летняй аздараўленчай кампаніі для дзяцей 2020 г.”. Дакумент быў распрацаваны і зацверджаны  некалькімі ведамствамі: Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам адукацыі, а таксама Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

“Нашы тэхнічныя інспектары звярталі ўвагу на папярэднюю арганізацыю рэжыму самаізаляцыі персаналу (важатыя, педагогі, медыцынскія работнікі, работнікі аб’ектаў харчавання) не менш за 5 дзён да пачатку змены, — засяроджвае ўвагу М.Л.Лясун. — Прыём дзяцей у лагер адбываўся па прадастаўленні медыцынскіх даведак з інфармацыяй пра адсутнасць кантакту першага і другога ўзроўню па інфекцыі COVID-19. Такая даведка выдаецца педыятрам па месцы жыхарства дзіцяці. Таксама мы сачылі за тым, каб за станам здароўя дзяцей ажыццяўляўся штодзённы кантроль. Безумоўна, тэрмаметрыя павінна праводзіцца медыцынскімі работнікамі, педагогамі ці выхавальнікамі штодзень. Акрамя гэтага, правяралі, ці выкарыстоўваюцца сродкі індывідуальнай абароны органаў дыхання, ці прымяняюцца пальчаткі, сродкі дэзынфекцыі. Пытанні рэгулярнага праветрывання, забеспячэнне максімальнага часу знаходжання дзяцей і правядзення культурна-масавых і спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў на адкрытым паветры, забеспячэнне закрытага рэжыму знаходжання дзяцей, працы персаналу, выключэнне правядзення бацькоўскіх дзён — усё гэта мы таксама правяралі. Гэтым летам на ўсіх ускладзена вельмі вялікая адказнасць. Галоўнае, да чаго і мы, і педагогі, якія працуюць у лагеры, павінны імкнуцца, — гэта захаванне здароўя дзяцей. Гэта першачарговая задача. Побач з ёй, зразумела, знаходзіцца бяспечнае знаходжанне, выкананне норм бяспекі і г.д. Але здароўе — самае важнае”.

Дарэчы, каб правільна, бяспечна і без заканадаўчых парушэнняў правесці аздараўленчую кампанію, павінны быць распрацаваны (згодна са штатным раскладам лагера) службовыя інструкцыі для кіраўнікоў і спецыялістаў з унясенем у іх службовых абавязкаў па ахове працы. З гэтымі дакументамі ўсе супрацоўнікі лагера павінны азнаёміцца пад подпіс. Кіраўнікі і спецыялісты лагера (дырэктар, выхавальнікі, педагог-псіхолаг і іншыя) пры іх назначэнні на пасаду (а з-за спецыфікі работы ім неабходна валодаць дадатковымі ведамі па ахове працы) праходзяць навучанне і пазачарговую праверку ведаў па пытаннях аховы працы ў камісіі заснавальніка гэтай выхаваўча-аздараўленчай установы (інструкцыя № 175). Пры гэтым пералік пытанняў для ўказанай праверкі павінен быць складзены з улікам спецыфікі тых мерапрыемстваў, якія праводзяцца з дзецьмі: экскурсій, паходаў, спартыўных мерапрыемстваў і інш. Дарэчы, накіраванне ў лагеры як з дзённым, так і з кругласутачным знаходжаннем дзяцей у якасці выхавальнікаў педагогаў устаноў адукацыі таксама з’яўляецца важнай і актуальнай праблемай. Хочацца заўважыць, што, акрамя сваіх асноўных абавязкаў, выхавальнік павінен умець правільна арганізаваць турыстычны паход, экскурсію, купанне ў вадаёме. Гэтым летам такія віды адпачынку адменены па зразумелых прычынах.

Стан аховы працы — здавальняючы

Напярэдадні летняй аздараўленчай кампаніі штогод праводзіцца прыёмка летнікаў. Старшыні раённых і гарадскіх прафсаюзных арганізацый, тэхнічныя і грамадскія інспектары па ахове працы звяртаюць увагу не толькі на стан унутры памяшканняў, але і на стан гульнявых пляцовак. Абсталяванне павінна адпавядаць прапісаным нормам, а яго выкарыстанне павінна быць бяспечным і не наносіць урону здароўю.

“Прадстаўнікі ўсіх адказных структур актыўна ў­дзельнічалі ў падрыхтоўцы лагераў да іх функцыя­навання ў канікулярны перыяд, у рабоце камісій па прыёмцы гульнявых і спальных памяшканняў, спартыўных і гульнявых пляцовак, спартыўных збудаванняў і інвентару”, — пацвярджае прадстаўнік прафсаюза адукацыі і навукі.

М.Л.Лясун гаворыць, што ў ходзе правядзення маніторынгаў было ўстаноўлена, што да падрыхтоўкі лагераў падышлі вельмі адказна, была праведзена вялікая работа. Напрыклад, на выдзеленыя дзяржаўныя сродкі правялі капітальны рамонт спальных карпусоў у лагеры “Арляня”, які знахо­дзіцца ў Нясвіжскім раёне. Разам з тым у многіх лагерах праведзена частковая замена мэблі, закуплены бяспечныя электрааба­гравальнікі. Імі падчас дажджлівага надвор’я, калі ў будынку становіцца сыра, абаграваюць спальні і сушыльныя памяшканні.

“Так, у лагеры “Буравеснік” Уздзенскага раёна Мінскай вобласці праведзены капітальны рамонт туалетаў. У лагеры ёсць душавыя кабінкі і ўсталявана новая сантэхніка. Для забеспячэння душавых і рукамыйніц гарачай вадой для некаторых лагераў закупілі дастатковую колькасць электраводанагравальнікаў, — паведамляе Марына Леанідаўна. — У цэлым стан аховы працы ў гарантаванні бяспекі выхаваўча-аздараўленчага працэсу на наведаных аб’ектах тэхнічных інспектараў працы задаволіў, нягледзячы на шэраг заўваг, якія былі выказаны”.

Што тычыцца найбольш папулярных заў­ваг, якія штогод выказваюць інспектары ў летніках, то ў большасці выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі слабым месцам з’яўляецца своечасовае і правільнае афармленне дакументацыі, якая тычыцца аховы працы. Гэта загады аб прызначэнні адказных асоб па ахове працы, правільнае запаўненне журналаў рэгістрацыі інструктажу па ахове працы, афармленне працэдуры стажыроўкі работнікаў пры прыёме на працу, допуску да працы, несвоечасовае правядзенне інструктажу з работнікамі, якія працуюць у лагеры на пастаяннай аснове, і г.д.

Падчас маніторынгу тэхнічныя інспектары працы кансультавалі кіраўнікоў і адказных спецыялістаў на прадмет выпраўлення выяўленых парушэнняў заканадаўства аб ахове працы і патрабаванняў лакальных нарматыўных прававых дакументаў, якія рэгламенту­юць арганізацыю дзіцячага аздараўлення.

“Па выніках наведвання кожнага лагера былі аформ­лены 52 рэкамендацыі па ліквідацыі гэтых недахопаў з указаннем тэрмінаў выканання. Названыя ў рэкамендацыях недахопы былі, як правіла, тыповыя для большасці выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі. Не ўсюды абследавана фізкультурна-спартыўнае абсталяванне і аформлены адпаведныя акты”, — падкрэслівае спецыяліст.

Стварэнне бяспечных рабочых месцаў на асаблівым кантролі

Калі казаць пра траўматызм дзяцей падчас аздараўлення, то, як правіла, ён мае некалькі ключавых прычын: стан гульнявога і спартыўнага абсталявання, арганізацыя купання, турыстычных паходаў і ажыццяўленне належнага нагляду за дзецьмі. Улічваючы, што сёлетняя аздараўленчая кампанія асаблівая, і па прычыне эпідэміі каранавіруса экскурсіі і паходы выключаны з праграмы, дзеці ўвесь час знаходзяцца на закрытай тэрыторыі летніка пад наглядам педагогаў. Гэта значыць, што работнікам лагера трэба вельмі ўважліва сачыць за дзецьмі, а таксама за тым, як яны карыстаюцца гульнявым і фізкультурным абсталяваннем.

Дарэчы, менавіта фізкультурна-спартыўнае абсталяванне, якое мае пэўныя недахопы ці не адрамантавана, часта прыводзіць да дзіцячага траўматызму. Тэхнічныя інспектары не перастаюць нагадваць, што футбольныя вароты на стадыёне павінны быць добра замацаваны, каб у іх не было магчымасці перакуліцца. Тое самае тычыцца і іншага гульнявога абсталявання, якое знаходзіцца на тэрыторыі лагера. Ніякіх расколін, непаладак і нават дробязных няспраўнасцей быць не павінна. Тым не менш выяўляюцца і іншыя недахопы, якія не тычацца гульнявога абсталявання, але таксама могуць нанесці шкоду і ўрон здароўю дзяцей.

Так, са слоў Марыны Леанідаўны Лясун, у некаторых летніках адсутнічаюць насценныя поручні, якія, згодна з санітарнымі правіламі і нормамі, выключаюць магчымае падзенне дзяцей падчас выкарыстання імі душавых паддонаў, не ўсюды распрацаваны патрабаванні бяспекі, якія забяспечваюць страхоўку дзяцей пры выкананні імі фізічных практыкаванняў.

“У гэтым годзе ў многіх лагерах з дзённым знахо­джаннем дзяцей арганізавана работа лагераў працы і адпачынку, дзе навучэнцы разам з адпачынкам і аздараўленнем маюць магчымасць зарабіць грошы на навучанне, адпачынак, кішэнныя расходы, — акцэнтуе ўвагу прадстаўнік прафсаюза. — Таму тэхнічная інспекцыя працы звяртала асаблівую ўвагу на правільнасц­ь афармлення дакументаў падчас прыёму дзяцей на працу з улікам асаблівасцей рэгулявання працоўных адносін з непаўналетнімі, правядзенне з імі абавязковых інструктажоў па ахове працы, забеспячэнне сродкамі індывідуальнай засцярогі, неабходнымі прыладамі і прыстасаваннямі. Таксама асаблівы кантроль быў накіраваны на стварэнне бяспечных рабочых месцаў, абавязковае страхаванне дзяцей ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і выплату наймальнікам адпаведных страхавых узносаў”.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.