Канікулы без траўм

Лічыцца, што самы напружаны для траўматолагаў час — зіма з яе галалёдамі, катаннем на лыжах і г.д. Гэта не зусім так для траўматолагаў дзіцячых, бо канікулы, асабліва такія доўгія, як летнія, таксама павышаюць паказчыкі траўматызму сярод дзяцей. У першую чаргу пакутуюць, канечне, дзеці, якія застаюцца без нагляду дарослых, якім няма чым сябе заняць. Пра гэта гавораць і ўрачы, і супрацоўнікі ДАІ, і спецыялісты іншых службаў. Таму тэмы прафілактыкі траўматызму і летняй занятасці знаходзяцца ў цеснай звязцы.

Гаворка, на жаль, ідзе не толькі пра траўматызм, здараюцца і смяротныя выпадкі. Так, сёлета 2 непаўналетнія ўжо загінулі на чыгунцы, летась было 10 траўміраваных і загінуўшых дзяцей. У большасці выпадкаў траўміраванне чыгуначным транспартам прыводзіць да цяжкіх наступстваў, інваліднасці або смерці, таму надзвычай важна зноў нагадаць бацькам і дзецям пра бяспечныя паво­дзіны на чыгунцы. Суправаджэнне цягнікоў, якія павязуць дзяцей да месцаў адпачынку, забяспечыць транспартная міліцыя.

У ДТЗ на аўтамабільных дарогах сёлета (на 28 мая) загінула 5 дзяцей, 133 траўміраваны, летась загінулі 19 дзяцей, 418 атрымалі траўмы. Для прафілактыкі такіх здарэнняў ДАІ да 5 чэрвеня праводзіць традыцыйную акцыю “Увага, дзеці!”, рэйды. Больш чым у палове ДТЗ з непаўналетнімі дзеці выступаюць у якасці пешаходаў, у 40% з лішнім дзеці былі пасажырамі, дарослыя перавозілі іх з парушэннем правіл. Лепшае, што могуць зрабіць дарослыя, — выконваць правілы, паказваць дзецям бяспечныя маршруты руху ў той мясцовасці, дзе малыя будуць адпачываць, не пакідаць без нагляду.

Спецыялісты ДАІ з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі праводзяць анлайн-заняткі са школьнікамі, арганізоўваюць дыстанцыйныя конкурсы, напрыклад, па правілах язды на веласіпедзе.

 У Беларусі дзейнічае міжведамасны план па прафілактыцы дзіцячага траўматызму, які ўжо прыносіць бачныя вынікі.

— Калі параўнаць паказчыкі траўматызму ў Мінску на 1 тысячу дзіцячага насельніцтва, то за 2018 год ён быў 150,6 выпадку, а ў 2019 годзе — 150,3, — гаворыць галоўны пазаштатны дзіцячы траўматолаг-артапед камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Станіслаў Іосіфавіч Траццяк. — Маленькія дзеці атрымліва­юць самыя цяжкія траўмы, калі падаюць з вышыні, з вокнаў, і гэта, канечне, ставіць пытанні да бацькоў. Старэйшыя дзеці падаюць з вышыні, калі робяць сэлфі. Яшчэ адзін фактар рызыкі летам — веласіпеды, ролікавыя канькі і іншыя прылады, пры катанні на якіх большасць не выкарыстоўвае накаленнікі і іншыя індывідуальныя сродкі засцярогі.

Дзеці пакутуюць і гінуць і ў вадзе, і калі гуляюць у пакінутых будынках, і ў іншых выпадках, калі застаюцца без увагі, калі іх не навучылі правілам бяспекі. Калі ж дзеці знаходзяцца пад наглядам, займаюцца чымсьці цікавым і карысным, узровень іх бяспекі, безумоўна, павышаецца. Так, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі прапаноўвае сёлета шмат магчымасцей для правядзення вольнага часу дзяцей — і ў фармаце анлайн, і інш. Так, ужо стартаваў праект “Нясумныя канікулы для дзіцячых аздараўленчых лагераў”, які дзейнічае як анлайн, так і афлайн: на адукацыйнай платформе працуюць 9 арт-майстэрань, напрыклад, для вакалістаў-пачаткоўцаў. Ужо другі месяц працуе эксперыментальны анлайн-праект цэнтра “Лабараторыя творчасці”, падрыхтаваны і іншыя праекты, у тым ліку 2-гі рэспубліканскі квест “Свет без вайны”, запланаваны выставы, анлайн-трэнінгі. Таксама цэнтр правядзе лагер для юных інтэ­лектуалаў.

Свой уклад у арганізацыю дзіцячага адпачынку ўносяць БРСМ і піянерская арганізацыя: працуюць валанцёры, якія дапамагаюць СПЦ, мнагадзетным сем’ям і ўсім, каму патрэбна дапамога. Гродзенскі камітэт саюза моладзі, напрыклад, 1 чэрвеня даў старт праекту “Разам з бацькамі”, які прапаноўвае сем’ям з дзецьмі разам з работнікамі ЖКГ і валанцёрамі добраўпарадкаваць дваровыя пляцоўкі. Працуюць “Летнія патрулі”, якія дапамагаюць АСВОДу і МНС, займаюцца прафілактычнай работай.

Будучыя педагогі — студэнты педагагічных УВА — таксама задзейнічаны ў рабоце з дзецьмі. Так, студэнты БДПУ імя Максіма Танка працуюць у педагагічных атрадах, а таксама паедуць на летнюю педагагічную практыку ў загарадныя летнікі і пры­школьныя лагеры, частка студэнтаў працуе валанцёрамі ў рамках праекта “Дзеці сталіцы”. Таксама ва ўніверсітэце рэалізоўваецца рэспубліканскі валанцёрскі праект “Будучыя педагогі — дзецям”, калі выпускнікі-студэнты праводзяць урокі для школьнікаў. Анлайн-заняткі працягнуцца і падчас канікул.

А Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр пад­рыхтаваў 9-дзённы лагер на базе Рэспублінскага цэнтра экалогіі і краязнаўства “Юны валанцёр” для школьнікаў 12—15 гадоў. З улікам сітуацыі ў ліпені і жніўні пройдуць яшчэ анлайн-змены гэтага лагера. Студэнты-валанцёры працягнуць дапамагаць Чырвонаму Крыжу, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Акрамя таго, у рэжыме анлайн у цэнтры вучыліся 220 каардынатараў валанцёрскай работы па паводзінах у час пандэміі, праект арганізаваны сумесна з ЮНІСЕФ.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.