Канікулы на пазітыве

- 10:48Выхаванне

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” у Гродне наведваюць амаль 2,5 тысячы дзяцей. Цікава тут было і падчас канікул.

Гродзенскія школьнікі з задавальненнем займаюцца ў 189 аб’яднаннях па інтарэсах, 4 клубах для падлеткаў па месцы жыхарства. Задаволены і бацькі, бо дзеці мала таго што занятыя ў вольны час, дык яшчэ маюць магчымасць выб­раць справу па душы. Прыемна і тое, што ўсе заняткі бясплатныя.

У час вясновых канікул у “Спектры” для дзяцей падрыхтавалі забаўляльна-пазнавальную праграму “Не хочаце быць у бя­дзе — прытрымлівайцеся АБЖ” і запрасілі на выставу работ па дэкаратыўна-прык­ладной творчасці “Вясне насустрач”.

Трапіўшы на адзін з такіх майстар-класаў, пераканалася, што на ім адначасова маглі займацца і малодшыя школьнікі, і больш старэйшыя. У той дзень яны працавалі ў сучасных тэхніках трэш-арт і джанкарт — гэта так званае смеццевае мастацтва. З гафрыраванага кардону і рэшткаў тканіны яны рабілі птушак. Падчас перапынкаў аніматары паўтаралі з дзецьмі правілы бяспекі ў розных жыццёвых сітуацыях. Гэта адбывалася ў гульнявой форме. Затым усе ўключыліся ў флэш-моб. Такая змена дзейнасці прыйшлася дзецям даспадобы, ніхто не сумаваў. А ў канцы ўсе дружна адправіліся глядзець выставу.

— Мы працуем у цесным узаема­дзеянні са школамі, прапануем ім нашы варыянты правядзення дзецьмі вольнага часу, педагогі прыводзяць да нас сваіх вучняў, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ЦТДіМ “Спектр” Алена Дулеўская. — Нягледзячы на абмежаванні, звязаныя з эпідэміялагічнай абстаноўкай (мы цяпер прымаем дзетак невялікімі групамі), жадаючых наведаць наш цэнтр менш не стала. Была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа. Створаны відэакантэнт “Спектр з вамі дома online”. Педагогі запісалі самыя розныя майстар-класы, відэазаняткі, флэш-мобы, анлайн-экскурсію па выставачнай зале. Да кожных канікул відэакантэнт папаўняецца. Практыкавалі сямейныя гульні па АБЖ. Так мы імкнёмся навучыць школьнікаў, як можна канструктыўна выкарыстоў­ваць інтэрнэт.

Пазнавальна-забаўляльныя гульні, квесты, конкурсы, майстар-класы, экскурсіі па заяўках школ у час вясновых канікул збіралі ў ЦТДіМ “Спектр” арганізаваныя групы і дзетак, што прыйшлі самастойна. На сайце ўстановы можна было пазнаёміцца з праграмай мерапрыемстваў.

У той жа час працягвалася работа падлеткавых клубаў, ладзіліся спартыўныя мерапрыемствы. Вельмі папулярныя сярод дзяцей настольны тэніс і шашкі. Яны з цікавасцю наведваюць аб’яднанні па інтарэсах, якія вядуць педагог з вялікім стажам Валерый Гундзіновіч і майстар спорту па шашках Аляксандр Маркін. Шмат школьнікаў выбіраюць дэкаратыўна-прыкладную творчасць, мастацкі профіль. Педагогі таксама праводзяць майстар-класы на базе падлеткавых клубаў.

— Безумоўна, мы павінны зацікавіць дзяцей. Калі ім не спадабаюцца заняткі, нічога ў педагога не атрымаецца, — дадала Алена Дулеўская. — Так, у вясновыя дні ў падлеткавых клубах прапанавалі зрабіць сувенір да велікоднага стала і вясновыя гіяцынты з паперы. Мы хочам, каб дзеці і адпачылі, і нечаму навучыліся.

А актывісты старшакласнікі з аб’яднання па інтарэсах “Вахта Памяці” на канікулах працягвалі несці Вахту Памяці ля Вечнага агню ў парку Жылібера.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.