Канікулы ў Лагойску

Тандэм паміж выкладчыкамі і студэнтамі можа быць не толькі па пытаннях вучобы. У гэтым можна было пераканацца 25 студзеня, наведаўшы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Лагойск”, дзе студэнты і супрацоўнікі БДУ адзначалі Дзень студэнта.

Мерапрыемства арганізавала пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДУ, якая тры гады назад першай ва ўніверсітэце заклала традыцыю святкавання Дня студэнта. І з кожным годам “Канікулы ў Лагойску” ўсё больш падаграюць цікавасць студэнтаў да актыўнага адпачынку. Так, па словах арганізатараў, сёлета колькасць удзельнікаў перавысіла 500 чалавек.

“Канікулы ў Лагойску” — добрая нагода, каб адзначыць радасную ў жыцці кожнага студэнта падзею — завяршэнне сесіі — невялікімі фізічнымі нагрузкамі і прыемнымі эмоцыямі, — адзначыў рэктар БДУ Андрэй Кароль. — Хацелася б, каб падобныя мерапрыемствы, дзе задзейнічаны і студэнты, і выкладчыкі, праводзіліся часцей”.

Як сцвярджае намеснік старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ Дар’я Спяцанава, штогод аргкамітэт стараецца ўнесці ў фармат мерапрыемства новыя элементы: дадае нейкія адметныя моманты ў адкрыццё, запрашае цікавых гасцей.

“Дзякуючы таму, што арганізатары — гэта прадстаўнікі розных факультэтаў, культываваць ідэі лёгка, бо ўсе мы актыўныя і крэатыўныя, — заўважыла дзяўчына. — “Канікулы ў Лагойску” — магчымасць з карысцю для здароўя аднавіць сілы перад новым семестрам і добра адпачыць з сябрамі. Да таго ж, студэнтам з розных факультэтаў лягчэй пазнаёміцца”.

Самай чаканай з падзей, прапанаванай арганізатарамі, стала лыжная эстафета. У ёй прынялі ўдзел каманды “Рэктарат”, “Дэканат”, “Студэнты” і “Супрацоўнікі”. Першай на фініш прыйшла зборная студэнтаў, у склад якой увайшлі першакурснік філфака Яўген Дарожка, другакурснік Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій Цімафей Швайба і чацвёртакурснікі фізічнага і геаграфічнага факультэтаў Яраслаў Падрэз і Уладзімір Фядотаў. З невялікім адрывам ад хлопцаў эстафету скончылі прадстаўнікі каманды “Рэктарат”: рэктар Андрэй Кароль, прарэктар па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Вольга Чупрыс, прарэктар па эканоміцы і матэрыяльна-тэхнічным развіцці Міхаіл Чарапеннікаў, кіраўнік аддзела па рабоце з моладдзю Мінскай епархіі БПЦ Максім Логвінаў. А трэцяе месца ў спаборніцтвах дасталася супрацоўнікам універсітэта. Каманду прадставілі саветнік рэктара Дзмітрый Дзянісаў, старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту Сяргей Снегіроў, намеснік начальніка Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Анатоль Жарэла і начальнік аддзела сацыяльнай работы ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Алена Шчатко.

— Мне вельмі спадабалася арганізацыя эстафеты, мы зведалі шмат добрых эмоцый, бо спаборнічалі не са сваімі аднагодкамі, а з камандамі выкладчыкаў і рэктарата. Пры праходжанні трасы ўвесь час заставалася інтрыга, што моцна падбадзёрвала. І ў выніку мы атрымалі не толькі медалі, але і неверагодныя эмоцыі ад нашай перамогі, — падзяліўся Яўген Дарожка.

Прыемным сюрпрызам для прысутных стала сустрэча з беларускай біятланісткай Вольгай Назаравай, якая падзялілася ўражаннямі ад мерапрыемства, расказала цікавыя гісторыі з асабістага жыцця, адкрыла сакрэты спартыўных поспехаў. Акрамя таго, госці свята змаглі выпрабаваць сябе ў шматлікіх зонах актыўнасці — пабыць у ролі сумаістаў, згуляць у “вялікі” футбол на снезе, і, вядома ж, пакатацца на горных лыжах і сноўбордах. Спрактыкаваныя лыжнікі пакаралі трасы Лагойска самастойна, а менш дасведчаным дапамагалі інструктары.

Чацвёртакурсніцы эканамічнага факультэта Дар’я Арцёменка і Марыя Арлова расказалі, што паездкі ў Лагойск яны чакалі даўно. Студэнткі самі арганізоўвалі мерапрыемства ў папярэднія гады, а ў гэты раз сталі ўжо непасрэднымі ўдзельніцамі.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *