Канікулы ў полі

- 11:02Навіны рэгіёнаў

Канікулы ў поўным разгары — адпачывай, весяліся. Але гімназісты не сядзяць на месцы, многія з іх імкнуцца паказаць, што здольны атрымаць працоўныя навыкі і, вядома, зарабіць свае першыя грошы. На базе гімназіі № 1 Іўя гэтым летам дзейнічае лагер працы і адпачынку “Мадэрн”. Падлеткі праводзяць відавую праполку сельскагаспадарчых культур на палях філіяла “Азот-Агра” ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Новы Двор-Агра”.

Для многіх з іх гэта першы працоўны вопыт, але па выглядзе і настроі гімназістаў не скажаш, што ім цяжка — наадварот, яны вельмі бадзёрыя, вясёлыя і энергічныя. Уся працоўная дзейнасць строга рэгламентуецца. З кожным падлеткам заключаны дагавор падраду, згодна з якім будуць выплачаны грашовыя сродкі — у залежнасці ад аб’ёму выкананых работ. Такім чынам, у гімназістаў ёсць стымул для таго, каб працаваць, і яны пачынаюць рэальна ўсведамляць цану кожнага заробленага асабістай працай рубля.

Побач з дзяўчатамі і юнакамі — вопытныя педагогі, якія не толькі з’яўляюцца прыкладам у працоўнай дзейнасці, але і ўдзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні вясёлых і цікавых спартыўных і творчых марапрыемстваў у перапынках паміж працай і пасля вяртання з поля.

Кожны дзень у лагеры мае сваю тэму, у рамках якой арганізоўваюцца адпаведныя выхаваўчыя хвіліны па розных кірунках: пазнавальная, творчая, фізкультурна-аздараўленчая, камунікатыўная, гульнявая дзейнасць; выхаванне каштоўнасных адносін да здароўя, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця; праца з органамі дзіцячага самакіравання; псіхолага-педагагічнае суправаджэнне.

У плане работы лагера знайшла адлюстраванне тэматыка Года малой радзімы: штодня праводзяцца інфармацыйныя хвілінкі па вывучэнні гісторыі і культуры роднага краю; створаны куток “Мая малая радзіма — мой гонар”; арганізоўваюцца пешыя прагулкі па Іўі з наведваннем храмаў, помнікаў культуры і гісторыі. Хлопцы і дзяўчаты прынялі ўдзел у абласным флэшмобе “Малой радзіме прысвячаецца”.

Завяршылася лагерная змена экскурсіяй у Навагрудак, дзе гімназісты падымаліся на Замкавую гару, пабывалі ля помніка Адаму Міцкевічу, адпачылі на беразе возера Свіцязь.

Іна РАМАНЮК,
дырэктар лагера;
Марына СТАСЯЛОВІЧ,
педагог-псіхолаг лагера працы і адпачынку “Мадэрн”.