Канікулы ў сучасным стылі

- 11:32Выхаванне

Асаблівасці арганізацыі псіхолага-педагагічнага суправаджэння дзяцей у аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем

Адным з актуальных кірункаў сучаснай адукацыі з’яўляецца аздараўленне і арганізацыя паўнавартаснага адпачынку дзяцей і падлеткаў у канікулярны перыяд. У цяперашні час гэты кірунак рэалізоўваецца ў рамках дзейнасці аздараўленчых лагераў, якія ставяць перад сабой задачу не толькі арганізацыі дзейнасці ў вольны час, але і пазітыўнай сацыялізацыі дзіцяці ў часовым калектыве. Аздараўленчы лагер на сучасным этапе разглядаецца не толькі як часовае месцазнаходжанне дзяцей, дзе яны адпачываюць і забаўляюцца, але і як асаблівая суполка, форма быцця, якая забяспечвае ўмовы для паўнавартаснага раскрыцця фізічнага, разумовага і духоўнага патэнцыялу дзяцей.

Да характарыстык лагера, якія ўплываюць на арганізацыю выхаваўчай работы з дзецьмі, справядліва адносяць і лагерную суполку як сацыяльны інстытут кіравання — своеасаблівы маленькі дзіцячы аналаг вялікай дзяржавы дарослых, якая функцыянуе згодна з устаноўленымі законамі. У ім сацыялізацыя і выхаванне ажыццяўляюцца не толькі праз непасрэдны кантакт педагога і дзіцяці, але і праз змяненне і канструяванне асаблівага асяроддзя, якое задавольвае патрэбы дзіцяці ў свабодных зносінах, вольным часе і разнастайных відах калектыўнай, групавой і індывідуальнай дзейнасці.

У цэлым сацыялізуючы патэнцыял асяроддзя сучаснага аздараўленчага лагера заключаецца ў магчымасцях ства­рыць адносна добрыя ўмовы для засваення дзецьмі пазітыўнага сацыяльнага вопыту, які да­зваляе ім пазнаць сябе, знайсці сваё месца сярод равеснікаў і дарослых, усвядоміць і рэалізаваць свае таленты і здольнасці, знайсці прызнанне навакольных, упэўніцца ў іх адэкватнай ацэнцы дасягнутага.

У гэтай сувязі неабходна арганізацыя псіхолага-педагагічнага суправаджэння летняга адпачынку дзяцей, якая спрыяе паспяховай іх адаптацыі да новых умоў знаходжання ў дзіцячым калектыве, забяспечвае паўнавартаснае псіхічнае і асобаснае развіццё выхаванцаў лагера, спрыяе сацыяльна-псіхалагічнай дасведчанасці педагогаў.

Мэта псіхолага-педагагічнай дзейнасці ў гэты перыяд — стварэнне педагагічных і псіхалагічных умоў, якія дазваляюць дзіцяці паспяхова функцыяна­ваць і развівацца ў асяроддзі аздараўленчага лагера.

Асноўнымі задачамі псіхолага-педагагічнага суправаджэння самаразвіцця і самаарганізацыі дзяцей у выхаваўча-аздараўленчых установах з’яўляюцца:

  1. Стварэнне сістэмы псіхолага-педагагічнай падтрымкі дзяцей для іх усебаковага развіцця і ўдасканалення ў розных сферах зносін і дзейнасці.
  2. Своечасовая прафілактыка і эфектыўнае вырашэнне праблем, якія ўзнікаюць у дзяцей пры зносінах адно з адным.
  3. Стварэнне спецыяльных педагагічных і сацыяльна-псіхалагічных умоў, што дазваляюць ажыццяўляць развіццёвую, карэкцыйна-фарміруючую работу з дзецьмі, якія адчуваюць розныя псіхолага-педагагічныя цяжкасці.
  4. Інфармаванне дзяцей пра спосабы самарэгуляцыі псіхаэмацыянальнага стану; пражыванне, набыццё вопыту прымянення спосабаў рэгуляцыі свайго стану.
  5. Садзейнічанне ў стварэнні сацыяльнай сітуацыі развіцця, якая адпавядае індывідуальным асаблівасцям і забяспечвае ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу псіхалагічныя ўмовы для аховы здароўя і развіцця асобы.

Псіхолага-педагагічная дзейнасць у аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Першапраходзец” Краснасельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі заснавана на рэалізацыі праграмы аб’яднання па інтарэсах “ПсіхаЛогас. Арт-тэрапія”, накіраванай на павышэнне самаацэнкі дзяцей, згуртаванне дзіцячага калектыву, зніжэнне канфліктнасці; развіццё ў дзяцей эмпатыі, творчых здольнасцей, уяўлення, назіральнасці; на карэкціроўку ўзроўню самаацэнкі і ўзаемаацэнкі, выхаванне асноў маральнасці, прафілактыку і псіхакарэкцыю агрэсіўнасці, канфліктнасці, замкнутасці і трывожнасці.

Якая ж функцыя педагога-псіхолага? У цэлым педагог-псіхолаг успрымаецца як нейкая экзатычная страва, штосьці накшталт французскага круасана, і без яго, у прынцыпе, можна абысціся, але… Педагог-псіхолаг дапамагае дзецям пазнаёміцца адно з адным, адаптавацца ў новых умовах, пры неабходнасці ён праводзіць трэнінгі па згуртаванні, вывучае меркаванне дзяцей аб праведзеным адпачынку. Пры гэтым педагог-псіхолаг выкарыстоўвае разнастайныя формы работы, такія як арт-тэрапія, фотатэрапія, музыкатэрапія, візуалізацыя, анкетаванне, майстар-клас і інш.

Згодна з каляндарна-тэматычным планаваннем аб’яднання па інтарэсах “ПсіхаЛогас. Арт-тэрапія”, заняткі запланаваны і праводзяцца два разы ў ты­дзень, складаюцца з некалькіх частак. Такія заняткі цалкам адпавядаюць узроставым, псіхалагічным і фізічным магчымасцям навучэнцаў. Змест работы ўключае ў сябе план мерапрыемстваў псіхалагічных блокаў, якія рэалізоўваюцца на працягу ўсёй лагернай змены і складаюцца з:

1) правядзення псіхалагічных гульняў: развіццёвых, ролевых, пазнавальна-забаўляльных і інш.;

2) прафілактыкі адыктыўных паводзін дзяцей ( карэкцыя паводзін, якая прадугледжвае правядзенне трэнінгаў асобаснага росту, дыягностыкі, развіццёва-карэкцыйных мерапрыемстваў, а таксама работу з паняццямі “гульняманія”, “азартныя гульні”, “наркаманія і залежнасць”;

3) відэатрэнінгаў з тэматычнымі гутаркамі “Жыццёвыя каштоўнасці чалавека”, “Прафілактыка тытунекурэння” і інш.;

4) гульняў на карэкцыю трывожнасці; гульнявых сітуацый з мэтай зняцця трывожнасці (“Танец з маляваннем”, “Выключаны гук”, “Чароўнае крэсла”, “Малюнак у парах па чарзе”, “Музыка — мова пачуццяў”, “Паветраны шарык”, “Карабель і вецер”, “Падарунак пад ёлкай”, “Дудачка”, “Штанга”, “Паспрабуем яшчэ раз”, “Лядзяш”, “Шалтай-балтай” і інш.);

5) гульняў на карэкцыю агрэсіўных паводзін у навучэнцаў (“Перадай па крузе”, “Сонца”, “Кулачок”, “Чароўны сон”);

6) практыкаванняў на карэкцыю агрэсіўных паводзін у навучэнцаў (“Паветраны шарык”, “Кацяня спіць”, практыкаванне на расслабленне “Жырафа”);

7) гульняў на расслабленне (“Вадаспад”, “Рукі, якія танцуюць”, “Сляпы танец”, “Як пазбавіцца стрэсу”);

8) музыкатэрапіі, казкатэрапіі, ароматэрапіі;

9) псіхалагічных заняткаў на самапазнанне (“Я такая?”, “Двое”, “Сустрэча з Ценем”);

10) работы з адоранымі навучэнцамі (тэст “Матрыца вызначэння відаў адоранасці” паводле А.І.Дароўскага, трэнінгавая праграма “Развіццё крэатыўнасці асобы”);

11) індывідуальнага і групавога кансультавання дзяцей як віду псіхалагічнай дапамогі праз узаемадзеянне педагога-псіхолага і навучэнцаў (гутаркі пра асобасныя цяжкасці і праблемы падлеткаў “Канфлікты і метады іх пераадолення”).

Адным з важных момантаў групавой работы, якая спрыяе згуртаванню ўдзельнікаў, стварэнню атмасферы даверу і прыняцця, а таксама плённай, паспяховай рабоце з дзецьмі, з’яўляецца правядзенне рытуалаў пачатку і заканчэння заняткаў. Рытуал пачатку заняткаў дапамагае дзецям настроіцца на сумесную дзейнасць, на зносіны. Заканчэнне заняткаў — гэта завяршэнне пэўнага віду дейнасці, але не зносін, таму, з аднаго боку, рытуал паказвае, што заняткі скончаны, а з другога — што дзеці гатовы да канструктыўных зносін у групе і дома.

Такім чынам, дзейнасць аб’яднання па інтарэсах “ПсіхаЛогас. Арт-тэрапія” забяспечвае псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзяцей у аздараўленчым лагеры з дзённым знахо­джаннем і спрыяе стварэнню арганізаванай сацыякультурнай прасторы і выхаваўчага асяроддзя, якія з’яўляюцца каталізатарам сацыяльнага станаўлення дзіцяці і даюць максімум магчымасцей для самаразвіцця і самаарганізацыі дзяцей і дарослых.

Маргарыта ГУБАЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Краснасельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ваўкавыскага раёна.
Фота прадастаўлена Краснасельскім раённым ЦТДіМ.