Канікулы з карысцю

З 15 чэрвеня Парк высокіх тэхналогій зноў запусціў самы папулярны ў гэтым годзе бясплатны навучальны анлайн-курс для педагогаў “Scratch для пачынаючых”.

Па словах арганізатараў праекта, гэты дыстанцыйны курс цікавы для настаўнікаў пачатковых класаў, якія ніколі не праграмавалі і жадаюць пазнаёміцца з асновамі мовы Scratch, а таксама для педагогаў, якія плануюць весці факультатыўныя заняткі па Scratch у новым навучальным годзе.

Галоўнай перавагай мовы Scratch з’яўляецца яе прастата, даступнасць і нагляднасць. Нават малодшыя школьнікі на першых занятках ужо могуць ствараць аніміраваную гісторыю, а навучэнцы 5—6 класаў — простую камп’ютарную гульню. Акрамя таго, Scratch можна выкарыстоўваць для візуалізацыі з’яў, законаў, розных мадэлей пры вывучэнні матэматыкі, біялогіі, геаграфіі, фізікі і іншых прадметаў.

Курс “Scratch для пачынаючых” складаецца з 12 заданняў, падзеленых на 5 вучэбных модуляў. Структура і матэрыялы распрацаваны такім чынам, што слухачы могуць самастойна, без дапамогі цьютара, асвоіць базавыя паняцці і атрымаць першасныя навыкі праграмавання.

Тэарэтычная частка курса прадстаўлена ў форме кароткіх навучальных відэаролікаў, што асабліва зручна для дэманстрацыі зборкі праектаў. Практычная частка складаецца з практыкаванняў двух тыпаў: на ўзнаўленне матэрыялу, у якім патрабуецца сабраць скрыпт па ўзоры, і на замацаванне матэрыялу і апрацоўку практычных навыкаў, у якім неабходна самастойна сабраць скрыпт, прымяняючы атрыманыя тэарэтычныя веды.

Кожны модуль завяршаецца тэстам для самакантролю. Толькі паспяховае яго праходжанне забяспечвае пераход да вывучэння наступнага модуля.

Педагогі, якія ўжо прайшлі дыстанцыйны курс, адзначаюць яго поўную адпаведнасць тэматыцы, цікавыя практычныя заданні, яркія навучальныя відэаролікі, дастатковы аб’ём матэрыялу: як у тэставым выглядзе, так у ілюстрацыях і відэа.

— Для пачынаючых заданні добра спланаваны, са зваротнай сувяззю, што дазваляе некалькі разоў звярнуцца да тэарэтычнай часткі курса. Можна парэкамендаваць калегам, бо гэта рэальна: адразу мець маленькі выхад у практычнай частцы, — адзначае адна са слухачак курса.

Усе педагогі, якія пройдуць дыстанцыйны курс і паспяхова здадуць тэсты, атрымаюць сертыфікаты і доступ да вучэбна-метадычных матэрыялаў беларускай супольнасці Scratch (каляндарна-тэматычнае планаванне, планы-канспекты факультатыўных заняткаў, прэзентацыі да ўрокаў, вучэбныя праекты, раздатачны матэрыял і інш.).

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *