Канікулы з ягадным смакам

- 12:04Выхаванне

Многія школы з апошнім майскім званком прыціхаюць, рупліва рыхтуючыся да вераснёвых сустрэч са сваімі вучнямі. Залескі яслі-сад — сярэдняя школа Чачэрскага раёна, што на Гомельшчыне, поўніцца дзіцячымі галасамі і смехам круглы год. Летам жа тут асабліва людна: на прышкольным участку паспяваюць плады іх працы. 10 гадоў запар тут разрастаецца ягадны сад, які і збірае кожнае лета юных садаводаў каля сваіх сакавітых каляровых гронак.

Краіна вітаміну

Галоўная гордасць залескіх навучэнцаў і педагогаў — гадавальнік ягадных культур, які налічвае больш за 8 тысяч саджанцаў чырвоных і чорных парэчак, агрэсту, вінаграду, малін, ажын, клубніц — кожнай культуры па некалькі гатункаў. Грэюць бакі на школьнай бахчы кавуны і дыні, наліваецца і яблыневы сад. На тэрыторыі амаль гектара ёсць месца і для ціхага палявання з кошыкам — вялікая дзялянка з вешанкамі.

“Пачалося ўсё з таго, што пасля будаўніцтва школы ў 2009 годзе будаўнікі пакінулі тэрыторыю, якую нам “выпаў гонар” добраўпарадкоўваць, — расказвае гісторыю ўзнікнення ягаднай гаспадаркі ды­рэктар установы Яўген Анатольевіч Цалко. — Пакасіўшы пару разоў там траву, мы вырашылі, што пакідаць пуставаць гэтую зямлю немэтазгодна і лепш яе асвоіць. Замест традыцыйных для прышкольных участкаў град пад агародніну, якая аднімае шмат часу і сіл, мы вырашылі зрабіць ухіл на ягадныя культуры. І, дачакаўшыся вясны, паса­дзілі “чарнаплодку” — каля 50 кустоў чарнаплоднай рабіны нам дало для пасадкі мясцовае лясніцтва. З кожным годам наш участак усё разрастаўся і разрастаўся. Агрэст, маліны, ажыны, чырвоныя і чорныя парэчкі, вінаград — новыя культуры набываліся і за кошт продажу ўласна вырашчаных саджанцаў. Для гэтага мы заклалі гадавальнік, у тым ліку і ў цяпліцах — штогод для вырошчвання ягаднікаў на працягу апошніх 5 гадоў мы ставім па адной новай цяпліцы даўжынёй 14 метраў”.

Канечне, акрамя карысці ад саміх ягад (зразумела, што юныя садаводы з задавальненнем ласуюцца пладамі сваёй працы), гэта і паспяховая бізнес-ідэя. Летам школа прадае мясцоваму насельніцтву ягады, а вясной і восенню — іх саджанцы. Штогод мінімальны даход — 4 тысячы рублёў, якія ідуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. У кожным класе ёсць камп’ютар, тэлевізар, прынтар. На “ягадныя” грошы былі куплены цяпліцы, газонакасілка, новыя крэслы ў кабінеты, пыласос і інш.

Новую хвалю ў развіцці ягаднай справы дало супрацоўніцтва школы з грамадскай арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж” у межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “EU4Youth: “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва”(фінансуецца Еўрапейскім саюзам і сафінансуецца арганізацыяй “Міжнародны зялёны крыж”). Так, дзякуючы праекту, у мінулым годзе ў школьным садзе было папаўненне — 50 кустоў высакарослых буякоў. Сёлета іх яшчэ прыбавілася. Восенню тут будуць высаджваць падрослыя саджанцы бружмелю. Каб не траціць сродкі на пакупку саджанцаў, гэтай зімой Яўген Анатольевіч сам начаранкаваў бружмель на плантацыях у “Беларускім зялёным крыжы” пад Смалявічамі. А ў гэтым годзе залескія эксперыментатары зрабілі спробу прыручыць экзотаў: чаранкі годжы і ёшты дырэктар таксама прывёз ад сваіх сяброў з “Зялёнага крыжа” .

“Хоць я наразаў чаранкі годжы зімой, некаторыя з іх ужо вымахалі па тры метры. Гэта, як высветлілася, зусім не капрызная расліна, лёгка чаранкуецца — амаль 100 працэнтаў чаранкоў прыжыліся. Ды і ў вырошчванні непатрабавальная: лёгка пераносіць любыя зімы і дае добры ўраджай, — гаворыць Яўген Анатольевіч. — А што да попыту, я, перш чым іх чаранкаваць, прыцэньваўся да гэтай ягады: у сярэднім кошт на сушаныя ягады каля 100 рублёў за кілаграм. Таму, калі мы некалі нават у паўцаны іх будзем рэалізоўваць, гэта будзе вельмі выгадна”.

Лясныя дары з асцярогай бяры

Эканамічная выгада для школы — справа добрая, але не толькі на прыбытак тут гля­дзяць. Я.А.Цалко гаворыць: “З улікам таго, што наша тэрыторыя адносіцца да забруджаных радыенуклідамі, практычна ўся прадукцыя з лесу непрыгодная для ўжывання, бо ў ёй перавышаны дазволеныя нормы радыяцыі. Але вырашыць гэтую праблему можна, выро­шчваючы ягады ў сябе на ўчастку.

У межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Павышэнне ўзроўню бяспекі чалавека на тэрыторыях, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС” у нашай школе быў створаны Цэнтр па радыяцыйнай бяспецы. Сярод абсталявання, устаноўленага ў ім, былі і дазіметры для вымярэння радыяцыйнага фону ў прадуктах харчавання. І мы першыя гады вельмі шмат рабілі даследаванняў ягад  — кожную восень каля 150—170 проб прадуктаў харчавання, агародніны, вырашчанай на агародах нашых навучэнцаў, лясных ягад і грыбоў. І цікава, што ўся прадукцыя з агародаў мела дапушчальныя нормы радыяцыі, а дары лесу, якія нам прыносілі, ні разу не мелі дапушчальных норм. Недзе было перавышэнне ў 2 разы, а недзе — нават і ў 200! Калі мы ў 2012 годзе вырасцілі свой першы ўраджай вешанак, то высветлілася, што ён утрымліваў усяго 20 бекерэляў — у 20 разоў менш дапушчальных норм. На жаль, большасць нашых землякоў ужо даўно перастала звяртаць увагу на радыезабруджа­насць грыбоў і ягад, і менавіта мы настойліва 3 гады запар дэманстравалі жыхарам розніцу ў дамашніх і лясных ягадах, расказвалі і напаміналі ім пра такую “карысць” лясных дароў і мэтазгоднасць вырошчвання дамашніх, куды больш чыстых, у сябе на ўчастку.

Лішкі ягад застаюцца ў маразільных камерах школы, каб дзяўчаты змаглі спажываць іх на занятках па кулінарыі — спецыяльна для гэтага абсталявана кухня. Навучыць не толькі вырасціць ягады, але і  перапрацаваць іх — яшчэ адна задача школы. Залескія школьніцы ўмеюць не толькі шарлотку спячы, але і згатаваць блінчыкі з ягадным сіропам і торты.

Канечне, звычка хадзіць у лес па ягады не знікла (гэта заўсёды было і застанецца добрым заробкам), але цяпер мясцовыя жыхары, сем’і нашых навучэнцаў і, канечне, нашы супрацоўнікі, педагогі стараюцца як мага менш ужываць лясных ягад і грыбоў і ўсё больш сталі вырошчваць іх на сваіх участках. Так, вясной пасля невялікай рэкламы да нас па міцэлій прыходзіла каля 15 сем’яў. Гэта, мы лічым, наша маленькая перамога”.

Экатэхналогіі на службе здароўя

Стаў прышкольны ўчастак для мясцовага насельніцтва дэманстрацыйнай пляцоўкай яшчэ і па арганічным земляробстве. У школьным садзе асвоілі і прымяняюць выключна экалагічныя спосабы вырошчвання ўраджаю.

“За 2 гады цеснага супрацоўніцтва з “Зялёным крыжам” мы даведаліся пра самыя розныя прыёмы арганічнага земляробства. Цяпер мы актыўна мульчыруем, кампастуем, прымяняем севазварот, падкормліваем расліны вермічаем. Супрацоўнікі “Зялёнага крыжа” дасылаюць нам шмат літаратуры, ладзяць інфармацыйныя выпускі, вельмі актыўную інфармацыйную работу яны право­дзяць на сваім сайце, у сацсетках, дзе мы і асвойваем кірунак. І галоўнае — гэта семінары па арганічным земляробстве (3—4 разы мы штогод на іх бываем), на якіх мы, педагогі, не столькі атрымліваем інфармацыю, колькі знаходзім шмат карыснага падчас зносін адно з адным, натхняемся адно ад аднаго. На гэтыя семінары ж прыязджа­юць зацікаўленыя ў прышкольным арганічным земляробстве педагогі з усё краіны. Самыя лепшыя матыватары — педагогі Віцебшчыны. Ледзь не ў кожнай другой школе там вырошчваюць агародніну. Гаспадарка ў іх так арганізавана, што дзецям і педагогам няцяжка яе ўтрымліваць, а ўраджай часта вымяраецца тонамі”.

Я.А.Цалко, дырэктар установы: “Працоўнае навучанне нельга пераацаніць. Далучаючы дзяцей да працы ў нашым садзе, мы закладваем асновы працавітасці. Калі дзіця бачыць вынік сваёй працы, яно будзе яшчэ больш старацца нешта зрабіць. А калі максімальна аблегчыць яму працу за кошт розных прыёмаў, дзіця яшчэ і ўбачыць, што праца на зямлі не такая ўжо і цяжкая”.

Летнік з малінавым водарам

У Залессі таксама імкнуцца максімальна аблегчыць ручную працу. Маючы такія плантацыі саджанцаў, да іх догляду актыўна далучаюцца навучэнцы: падчас навучальнага года — у межах працоўнага навучання, а летам — падчас лагера працы і адпачынку.

З 20 ліпеня па 8 жніўня тут праходзіць лагер працы і адпачынку “Зорка”. Сёлета 9 яго ўдзельнікаў — навучэнцы 8-х і 9-х класаў. Як расказала Сняжана Уладзіміраўна Кебікава, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы і дырэктар лагера, усе пасадкі мульчыруюцца, клубніцы растуць на спанбондзе, буякі — у высокіх траншэях, тым самым не пускаючы туды траву і пустазелле. Амаль усюды падведзены кропельны паліў, таму даводзіцца прыкладаць мінімальныя намаганні. Галоўны летні клопат у падлеткаў — збор ягад, праполка і паліў маленькіх, таму пакуль яшчэ не замульчыраваных саджанцаў. Акрамя таго, дзеці далучаюцца да акцыі “Ачысцім берагі роднай ракі”, днямі пачысцілі крынічку, выходзілі да возера, прыбіралі і школьны двор. Вырошчваюць тут і агародніну.

“У адной з цяпліц вясной пасадзілі агуркі, таматы, баклажаны, перцы, зеляніну з мэтай, каб нашы навучэнцы бачылі і ведалі ўсю тэхналогію іх вырошчвання. Нягледзячы на тое што ў нас сельская мясцо­васць, далёка не ўсе сем’і разбіваюць агароды. Магчыма, сітуацыя з павышаным радыеактыўным фонам у раёне ўплывае на гэтае іх жаданне. Нашы дзеці часта нават у старшай школе не ведалі, як вырошчваць самыя звычайныя агародныя культуры. Мы вучым гэтаму на базе школы ў межах пазаўрочнай занятасці, актыўна супрацоўнічаем з цэнтрам занятасці, дзе дзеці зарабляюць свае ўласныя грошы, працуючы на базе нашага гадавальніка”, — гаворыць Я.А.Цалко.

Сярод удзельнікаў лагера працы і адпачынку — 8-класніца Сняжана Маслава. “Сёлета асабліва сумна сядзець адной дома, а ў лагеры весялей, можна і пагуляць, і папрацаваць, і зарабіць уласныя грошы, — гаворыць дзяўчына і дадае, што для яе работа ў садзе не выклікае асаблівых цяжкасцей. — Пасля таго як мы пры школе знялі свой першы ўраджай, мне захацелася яго збіраць і дома. У мяне раней не было ні парэчак, ні малін, а цяпер мы з бацькамі стварылі свой ягадны сад”. У будучыні Сняжана марыць дзяліцца сваім уласным вопытам садавода з юнымі жыхарамі Залесся — дзяўчына цвёрда вырашыла, што некалі прыйдзе ў сваю школу настаўніцай малодшых класаў.

“Яшчэ некалькі гадоў назад у нас усё лета быў лагер працы і адпачынку, жадаючыя падлеткі па чарзе працавалі на прышкольным участку. Прычым гэта былі не толькі нашы навучэнцы (у нас вучацца дзеці з 8-мі населеных пунктаў), а і навучэнцы чачэрскіх школ і вучылішчаў (да горада ад нас 8 кіламетраў), — расказвае Яўген Анатольевіч. — Упэўнены, некалі, калі гэтыя дзеці пасталеюць, яны абавязкова пасадзяць ягадныя і пладовыя сады на сваіх участках. Калі дзіця бачыць, што ягады маюць попыт, то яно пасадзіць у сябе не градку, а 2—3 соткі, каб не толькі ў свой склеп ставіць нарыхтоўкі, але і прадаваць ягады іншым. Тое ж і з саджанцамі: гэтая праца не складаная, а попыт і кошт на іх вялікі. Самая важная задача — паказаць дзецям, што і жывучы ў вёсцы можна мець добры заробак з зямлі. З карысцю для здароўя”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва ўстановы адукацыі.