Канкурэнтаздольнасць спецыяліста — бяспека дзяржавы

- 15:48Рознае, Суразмоўца

Нядаўна Савет Міністраў прыняў пастанову № 34 “Аб некаторых пытаннях развіцця нацыянальнай сістэмы кваліфікацый”, якая рэгламентуе працэс мадэрнізацыі нашай эканомікі. Факт прыняцця ўрадам гэтай пастановы пацвярджае, што наша краіна імкнецца рухацца ў плыні сусветных тэндэнцый па стварэнні збалансаванага ўзаемадзеяння паміж эканомікай, рынкам працы і сістэмай прафесійнай адукацыі. Больш падрабязна аб нацыянальнай сістэме кваліфікацый, яе кампанентах і ролі ў прафесійнай падрыхтоўцы кадраў нашай газеце расказвае рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар Аркадзь Ханонавіч ШКЛЯР.

— Пытанне ўкаранення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый у нашай краіне, якое мы сёння разглядаем, наспела ўжо даўно. Мы доўга ішлі да гэтага і нарэшце пачалі адбывацца зрухі. Такая сістэма вельмі неабходна як эканоміцы нашай краіны, так і непарэдна сістэме прафесійнай адукацыі.
— Сапраўды, гэта рэаліі жыцця. Справа ў тым, што каля 140 краін свету ўжо ўкараняюць нацыянальную сістэму кваліфікацый і маюць рацыю. Менавіта гэтая сістэма дае магчымасць стварыць баланс паміж попытам і прапанаваннем на рабочую сілу на рынку працы, паміж сістэмай прафесійнай адукацыі і сферай эканомікі ў падрыхтоўцы кадраў і тым самым павысіць выніковасць суб’ектаў гаспадарання. Істотна, што нацыянальная сістэма кваліфікацый не толькі рэгулюе патрэбнасці ў кадрах на рынку працы, якасць і колькасць падрыхтоўкі спецыялістаў, але і відазмяняе непасрэдна аплату працы работнікаў.
Укаранне нацыянальнай сістэмы кваліфікацый абумоўлена ў першую чаргу эканамічнымі тэндэнцыямі, якія адбываюцца ў нашай краіне. Але гэта звязана не толькі з працэсам мадэрнізацыі, якая сёння актыўна вядзецца ў айчыннай вытворчасці, тут ёсць больш глыбінныя прычыны, якія закранаюць узаемаадносіны эканомікі і сістэмы адукацыі з улікам змяненняў і інавацый, якія адбываюцца ў гэтых галінах, у першую чаргу інтэнсіфікацыя вытворчасці, канкурэнтаздольнасць эканомікі, што патрабуе ўкаранення новых кваліфікацый і абнаўлення існуючай сістэмы кваліфікацый. І зразумела, чаму. Сённяшняя сістэма састарэла, бо была пабудавана яшчэ ў даваенны час, потым існавала ў нашай краіне, калі яна была ў складзе Савецкага Саюза, і працягвае функцыянаваць ужо ў суверэннай Беларусі. Відавочна, гэтая сістэма заслугоўвае павагі, і, мяркуючы па яе эфектыўнасці, яе доўгі век цалкам апраўданы. На адзінай прасторы велізарнага Савецкага Саюза кожны яго грамадзянін мог атрымаць прафесію менавіта з той кваліфікацыяй, якая адпавядала б патрабаванням у любым іншым рэгіёне гэтай дзяржавы. Што тычыцца нарматыўнай асновы сістэмы кваліфікацый, то ў сферы эканомікі яе прадстаўляе Агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь прафесій рабочых і служачых, Агульны класіфікатар па занятках, Агульнадзяржаўны класіфікатар спецыяльнасцей і класіфікацый, Адзіны тарыфны кваліфікацыйны даведнік. Сістэма нацыянальнай адукацыі прадстаўлена адукацыйнымі стандартамі.
Па сутнасці, толькі ў СССР існавала сістэма кваліфікацый. Іншыя краіны ў залежнасці ад развіцця эканомікі самі вызначылі ў кваліфікацыі спецыялістаў тыя ці іншыя тэндэнцыі. Зараз цяжка прыгадаць, якая краіна стаяла ў пачатку стварэння нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, але, як сведчыць гісторыя, першы нацыянальны кваліфікацыйны камітэт быў створаны 1987 годзе ў Вялікабрытаніі. Калі ўлічваць, што гэты працэс закранае асноваўтваральныя тэндэнцыі развіцця прадукцыйных сіл, то ажыццявіць яго было няпроста: патрэбен быў доўгі час. Але калі эканамічныя ператварэнні пачаліся з большай інтэнсіўнасцю і вытворчасць стала адыходзіць ад аўтаматызацыі і скіроўвацца да інфармацыйных і нанатэхналогій, то сталі адбывацца змяненні функцый працы. У сваю чаргу гэта прывяло да падрыхтоўкі спецыялістаў па адзіных кваліфікацыях для вызначаных прафесій. А гэта значыць, што ўзнікла неабходнасць стварыць адзіную сістэму кваліфікацый. Калі еўрапейскія краіны аб’ядналіся ў Еўрапейскі саюз, то ўзнікла неабходнасць прывесці да адзіных патрабаванняў і эканомікі гэтых краін. Таму тыя кваліфікацыі, якія раней існавалі паасобку ў кожнай еўрапейскай краіне, былі аб’яднаны ў адзіную сістэму кваліфікацый.

— Аркадзь Ханонавіч, раскажыце, калі ласка, з чаго складаецца нацыянальная сістэма кваліфікацый.
— Нацыянальная сістэма кваліфікацый складаецца з некалькіх кампанентаў: з нацыянальнай рамкі кваліфікацый, галіновай рамкі кваліфікацый, прафесійных стандартаў, адукацыйных стандартаў і сістэмы сертыфікацыі.
Калі больш падрабязна раскрыць гэтыя тэрміны, то нацыянальная рамка кваліфікацый з’яўляецца асновай сістэмы кваліфікацый і дазваляе вымяраць, супастаўляць і суадносіць усе дасягненні ў галіне навучання. Прафесійны стандарт вызначае патрабаванні да зместу працоўнай дзейнасці і кваліфікацыі. На базе прафесійных ствараюцца адукацыйныя стандарты і распрацоўваецца сістэма сертыфікацыі кваліфікацый, якая ўключае працэдуры незалежнай ацэнкі кваліфікацый у сертыфікацыйных цэнтрах.
Укараняючы нацыянальную сістэму кваліфікацый у нашай краіне, мы павінны стварыць цэлы комплекс кампанентаў, і толькі ў гэтым выпадку яна будзе працаваць як трэба. Павінна ісці паступовае, паэтапнае, граматнае метадычнае ўкараненне ўсіх гэтых кампанентаў нацыянальнай сістэмы кваліфікацый пры шырокім абмеркаванні адпаведных структур і, безумоўна, пры непасрэдным удзеле галін эканомікі, заказчыкаў кадраў.
Такім чынам, вызначыць больш канкрэтныя функцыі спецыялістаў, якія б адпавядалі патрабаванням эканомікі, — гэтая роля адведзена нацыянальнай сістэме кваліфікацый. Яна дазваляе фарміраваць агульную стратэгію развіцця рынку працы і сістэмы адукацыі, у тым ліку планаваць розныя траекторыі адукацыі, якія вядуць да атрымання канкрэтных кваліфікацый, павышэння кваліфікацыйнага ўзроўню і забеспячэння кар’ернага росту.
Практычна ўсе гэтыя тэндэнцыі і запатрабаванні прадстаўлены ў пастанове Савета Міністраў, згодна з якой на працягу 2014 года будзе весціся практычная апрабацыя элементаў нацыянальнай сістэмы кваліфікацый Рэспублікі Беларусь.
Для гэтага вызначаны пілотныя (эксперыментальныя) сектары эканомікі, такія як сектар інфармацыйных тэхналогій на базе Парка высокіх тэхналогій і сектар у сферы кіраўніцкай дзейнасці на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У прынятым дакуменце закладзена норма стварэння сектаральных саветаў кваліфікацый. У прыватнасці, там гаворыцца, што такі савет ствараецца як каардынуючы і дарадчы орган у мэтах забеспячэння ўзаемадзеяння паміж наймальнікамі, установамі адукацыі, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, якія ажыццяўляюць дзейнасць у рамках пэўнага сектара эканомікі або сферы прафесійнай дзейнасці, іншых зацікаўленых структур па пытаннях распрацоўкі і зацвярджэння новых элементаў нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, прафесійных стандартаў, сектаральных рамак кваліфікацый, тыпавых карт прафесійнага развіцця і кар’ернага росту.
Асноўнымі задачамі савета стануць каардынацыя дзейнасці прадстаўнікоў адпаведнага сектара эканомікі або сферы прафесійнай дзейнасці па пытаннях распрацоўкі новых элементаў нацыянальнай сістэмы кваліфікацый; распрацоўка плана падрыхтоўкі новых элементаў нацыянальнай сістэмы кваліфікацый; арганізацыя дзейнасці рабочых груп па распрацоўцы новых элементаў нацыянальнай сістэмы кваліфікацый на аснове аналізу стану і перспектыў развіцця адпаведнага сектара эканомікі або сферы прафесійнай дзейнасці; разгляд і аналіз праектаў новых элементаў нацыянальнай сістэмы кваліфікацый.

— Згодна з пастановай, нацыянальная рамка кваліфікацый прадстаўлена 8 узроўнямі. Якія дэскрыптары характэрны кожнаму з іх?
— Калі разглядаць такія рамкі іншых краін, то ў кожнай з іх колькасць узроўняў розная (напрыклад, у некаторых іх 6, а ў іншых — больш). У прыватнасці, у Расійскай Федэрацыі нацыянальная рамка кваліфікацый прадстаўлена 9 узроўнямі. Па кожным такім узроўні створаны спецыяльныя дэскрыптары, якія характарызуюць асаблівасці прафесійнай дзейнасці на гэтым узроўні. Калі звярнуцца да прынятага дакумента і разгледзець гэтыя ўзроўні, то, напрыклад, у першым з іх закладзены базавыя агульныя веды, уменні і навыкі, якія дазваляюць выконваць толькі простыя заданні і дзеянні пад кіраўніцтвам іншых асоб. З узрастаннем узроўняў кваліфікацыі адпаведна пашыраюцца патрабаванні да прафесійнай дзейнасці. Калі ўзяць, напрыклад, сёмы ўзровень кваліфікацыі, то ён прадстаўляе істотна павялічаны аб’ём ведаў у канкрэтнай сферы прафесійнай дзейнасці, сфарміраванасць інавацыйнага мыслення, генерацыі новых ідэй, творчых пачынанняў. Акрамя таго, спецыялісту гэтага ўзроўню характэрны інавацыйны падыход у вырашэнні пастаўленых задач, кіраванне складанымі праектамі, малой ці сярэдняй арганізацыяй альбо напрамкам дзейнасці ў буйной арганізацыі, планаванне прафесійнага развіцця і кар’ернага росту падначаленых работнікаў.
Кампетэнцыя восьмага ўзроўню нацыянальнай рамкі кваліфікацый мае на ўвазе кіраванне буйной арганізацыяй, інавацыйнай дзейнасцю ў адной або некалькіх сістэмах. Аналізуючы гэтыя ўзроўні па ўзрастаючай, мы бачым, як расце кампетэнцыя спецыяліста. Калі на першым узроўні ён мог выконваць работу толькі пад кіраўніцтвам іншых, то на апошнім узроўні ён ужо сам можа кіраваць цэлым калектывам. Такім чынам, мы бачым, што ў нацыянальнай рамцы кваліфікацый праз дэскрыптары падрабязна апісаны прафесійныя кампетэнцыі, якімі неабходна валодаць, каб адпавядаць таму ці іншаму ўзроўню кваліфікацыі. Безумоўна, усе дэскрыптары трэба больш дакладна абмеркаваць з усімі адпаведнымі галінамі, якія адказваюць за падрыхтоўку кадраў, і ў першую чаргу з адукацыйнай галіной. Ад узгодненасці паміж іх дзеяннямі будзе залежыць, наколькі адпаведнага сённяшнім патрабаванням спецыяліста мы падрыхтуем.

— Яшчэ адным складнікам нацыянальнай сістэмы кваліфікацый з’яўляецца прафесійны стандарт. Наколькі ён павінен быць арыентаваны на апераджальныя тэхналогіі?
— Улічваючы тое, што нашы калегі з краін Еўрапейскага саюза, СНД, Мытнага саюза ўжо напрацавалі добрую метадалогію прафесійных стандартаў, то нам толькі застаецца адаптаваць яе да нашых умоў і прымяняць у далейшым пры падрыхтоўцы кадраў для нашай эканомікі. На сённяшні дзень у Расійскай Федэрацыі, напрыклад, ужо ёсць больш за 100 прафесійных стандартаў, а да 2015 года іх плануюць павялічыць да 800. Напрыклад, прафесійны стандарт па падрыхтоўцы зваршчыкаў, які распрацаваны расійскімі калегамі, можна назваць стандартам самай высокай пробы, таму бессэнсоўна ствараць свой і траціць на гэта дадатковыя фінансавыя рэсурсы. Напэўна, больш мэтазгодным было б адаптаваць яго да нашай сістэмы адукацыі і прымяняць у падрыхтоўцы кадраў, улічваючы спецыфіку нашай краіны і яе нацыянальныя інтарэсы. У сваю чаргу мы сфармулявалі кваліфікацыі мехатроніка, аўтамеханіка для станцый дыягностыкі, спецыяліста для жыллёва-камунальнай гаспадаркі і прапаноўваем іх сваім калегам.
Наша сістэма прафесійнай адукацыі добра рыхтуе кадры масавых прафесій. А вось сфармуляваць патрабаванні ў падрыхтоўцы кадраў для мадэрнізацыі вытворчасці сёння даволі цяжка. Калі кіраўнік дзяржавы, наведваючы прадпрыемствы той ці іншай галіны, увесь час абураецца слабай падрыхтоўкай кадраў, то гэта адбываецца толькі таму, што мадэрнізацыя прадпрыемства ажыццяўляецца хутчэй, чым мы рыхтуем для гэтага кадры. Загадзя не сфармуляваны кампетэнцыі тых спецыялістаў, якія неабходны для мадэрнізаванай вытворчасці. У адрозненні ад непаваротлівай сістэмы кваліфікацый, якая ў нас існавала да гэтага, класіфікатараў, якія зжылі сябе, прафесійны стандарт павінен быць сарыентаваны на апераджальныя тэхналогіі, на хуткую адаптацыю новых кампетэнцый праз адпаведныя ўзроўні кваліфікацыі. Такім чынам нам удасца сфармуляваць перспектывы развіцця эканомікі ў тых галінах, якія мы сёння называем прарыўнымі: у машынабудаванні, энергетыцы, нанатэхналогіях. Але пакуль даволі складана сфарміраваць кампетэнцыю такіх спецыялістаў, таму што па многіх кірунках прафесійнай дзейнасці мы яшчэ ў пачатку шляху. З некаторымі галінамі ў нас наладжана супрацоўніцтва ў прагназаванні таго, якім павінен быць спецыяліст, і сёння мы вядзём апераджальную падрыхтоўку па некаторых спецыяльнасцях. А па іншых нам трэба ўзяць за аснову і адаптаваць да нашых умоў кваліфікацыйныя патрабаванні, распрацаваныя вядучымі краінамі свету.

— Ці відазменіцца пры нацыянальнай сістэме кваліфікацый адукацыйны стандарт?
— Так, у адукацыйным стандарце, непасрэдна ў вучэбных планах і праграмах, у методыцы выкладання адбудуцца змены. У чым іх сутнасць? Сёння трэба вучыць спецыяліста не адзінкавым, а аб’яднаным функцыям. Гэта значыць, што нам трэба перайсці ад прадметнай сістэмы навучання да галін ведаў. Пры гэтым агульнаадукацыйны цыкл, дзе фарміруюцца асноватворныя веды, застанецца па-ранейшаму прадметным, а на галіны ведаў пяройдуць прафесійны і спецыяльны цыклы. Гэта звязана з тым, што менавіта гэтымі цыкламі мы забяспечваем кампетэнцыю, якая будзе прапісана ў прафесійных стандартах.
З улікам патрабаванняў педагагічнаму складу ўстаноў прафесійнай адукацыі неабходна прайсці адпаведную перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі, інакш увесь гэты працэс па ўкараненні нацыянальнай сістэмы кваліфікацый будзе затарможаны.
Нацыянальная сістэма кваліфікацый мае на ўвазе і зусім іншую сістэму сертыфікацыі выпускнікоў, у аснову якой закладзены патрабаванні да іх кампетэнцыі. Сёння работадаўцаў не цікавіць, які дыплом мае выпускнік, важна паказаць, якімі кампетэнцыямі ён валодае, якую мае кваліфікацыю.
Менавіта забеспячэнне канкурэнтаздольнасці спецыяліста і ёсць бяспека дзяржавы. А інакш на навукаёмістую, інавацыйную вытворчасць прыйдзецца запрашаць спецыялістаў з іншых краін, а нашы выпускнікі будуць займацца некваліфікаванай працай. Сёння, па сутнасці, гэта ўжо адбываецца. Возьмем, напрыклад, такую галіну, як будаўніцтва, дзе нашых рабочых бяруць толькі на ўзвядзенне фундамента і сцен будаўнічых аб’ектаў, а вось самая складаная работа — аддзелка — даручаецца замежным спецыялістам. Таму пытанне кампетэнцыі нашых спецыялістаў выходзіць далёка за рамкі адной толькі сістэмы адукацыі і з’яўляецца дзяржаўнай задачай для ўсіх зацікаўленых структур. Сфера адукацыі павінна і далей заставацца асновай для рэалізацыі гэтай задачы. Для гэтага плануецца стварыць 18—20 рэперных устаноў прафесійнай адукацыі, забяспечыць іх адпаведнымі тэхналогіямі навучання і перападрыхтоўкі, укараніць прафесійныя і адукацыйныя стандарты і вывесці навучанне на кампетэнтнасны падыход. Такія ўстановы могуць развіваць адпаведныя віды эканамічнай дзейнасці, напрацоўваць новую дыдактыку, ажыццяўляць пераход на модульнае навучанне і такім чынам паступова пераходзіць на развіццё нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Па сутнасці, гэтая сістэма дасць кожнаму навучэнцу такі ўзровень кампетэнцыі, які дазволіць яму быць канкурэнтаздольным на рынку працы і забяспечыць інавацыйнае развіццё эканомікі.

 

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.