Канкурэнцыя роўная супрацоўніцтву

- 10:42Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца, Суразмоўца

У сёлетнім навучальным годзе сістэма адукацыі Баранавіч стала зноў лепшай на Брэстчыне. Як удалося дасягнуць такога выніку — у гутарцы з начальнікам упраўлення па адукацыі Таццянай ШАСТАК.

— Выношваць з году ў год жаданне быць лепшымі і станавіцца лепшымі няпроста. Але для гэтага ў нас свая тэхналогія, якая будуецца па выпрацаванай гадамі схеме: якасць — вынік — поспех. Намі выбраны фармат развіцця — “канкурэнцыя роўная супрацоўніцтву”.

Таму вынік разглядаецца толькі ў плоскасці строга выбраных мэт нашай дзейнасці. А ён выяўляецца ў наступным. Па-першае, установы агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляюцца лепшымі ў вобласці. Пра гэта сведчыць выніковая атэстацыя: працэнт адзнак высокага і дастатковага ўзроўню складае ў 9-х класах — 62,6%, у 11-х — 83,2%. Па-другое, выпускнікі школ і гімназій пацвярджаюць свой узровень ведаў з году ў год падчас цэнтралізаванага тэсціравання. Сярэдні бал сертыфікатаў па прадметах складае 55 балаў (па вобласці — 50,9), 13 навучэнцаў атрымалі 100-бальны сертыфікат па прадметах. З 1121 выпускніка ў сёлетнім навучальным годзе 177 навучэнцаў прэтэндуюць на ўзнагароджанне залатымі і 2 сярэбранымі медалямі. Па-трэцяе, аналіз вынікаў абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па прадметах пацвярджае развіццё творчага патэнцыялу адораных дзяцей: 78 пераможцаў на абласным этапе, 13 — на заключным. Навучэнец гімназіі № 5 Баранавіч Уладзіслаў Ачкоўскі — кандыдат у зборную краіны на Міжнародную алімпіяду па біялогіі. Дарэчы, на сёння 317 навучэнцаў горада ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Акрамя таго, горад на працягу шэрага гадоў утрымлівае лідзіруючую пазіцыю ў краіне па інавацыйнай дзейнасці: сёлета ў нас працуюць 22 эксперыментальныя і інавацыйныя пляцоўкі. 

Мы можам па-сапраўднаму ганарыцца нашым маладым пакаленнем.

У абласным конкурсе “Малады настаўнік Брэстчыны” настаўнік біялогіі ліцэя № 1 Яўген Казмерчык удастоены дыплома ІІ ступені. Піянер года навучэнка гімназіі № 5 Стэфанія Стральчэня стала фіналісткай рэспубліканскага конкурсу.

За ўсім гэтым стаіць карпатлівая праца больш як 5,5 тысячы работнікаў сістэмы адукацыі горада, аб’яднаных адной мэтай і верай у тое, што мы лепшыя. Быць лепшымі — складана. Гэта абавязвае рухацца толькі ўверх, да новых дасягненняў. 

— Таццяна Іванаўна, якая ўвага ў горадзе ўдзяляецца профільнаму навучанню і дапрофільнай падрыхтоўцы? 

— Адным з найбольш эфектыўных рэсурсаў у развіцці дзіцячай адоранасці з’яўляецца, бясспрэчна, пашырэнне сеткі профільных класаў. Яны адкрыты ў 18 установах агульнай сярэдняй адукацыі — у 84 профільных класах вучыцца 76% навучэнцаў ад агульнай колькасці вучняў 10—11 класаў. Дапрофільная падрыхтоўка (8—9 класы) арганізавана ў 64 класах.

Нараўне з адкрыццём профільных класаў арганізавана дзейнасць класаў прафесійнай накіраванасці: класы па кірунку “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, класы спартыўна-педагагічнай накіраванасці (сярэдняя школа № 9), групы педагагічнай накіраванасці (сярэднія школы №№ 13, 15), прававыя класы (сярэдняя школа № 10), класы па кірунку “Транспарт і сувязь” (сярэдняя школа № 16).

Значны крок зроблены ў развіцці дапрафесійнай падрыхтоўкі і прафесійнага навучання. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі для навучэнцаў 10—11 класаў, якія вывучаюць усе вучэбныя прадметы на базавым узроўні, у межах працоўнага навучання рэалізуецца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых).

— А як будуць адпачываць баранавіцкія школьнікі на летніх канікулах?

— Лета павінна быць не толькі карысным, але і актыўным, цікавым, вясёлым. Таму падрыхтоўка да летняй аздараўленчай кампаніі ў горадзе пачалася яшчэ з лютага. 

У рэгіёне на канікулах будуць працаваць 7 аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем выхаванцаў, у якіх плануецца аздаравіць 3270 дзяцей. Дарэчы, гэтыя лагеры будуць працаваць у чатыры змены. На базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будуць дзейнічаць аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем выхаванцаў. Аздараўленне ў іх будзе арганізавана ў тры змены: у першую змену будуць працаваць 23 аздараўленчыя лагеры, у другую і трэцюю — па адным. Таксама будзе арганізавана аздараўленне для выхаванцаў у лагерах з дзённым знаходжаннем на базе 40 устаноў дашкольнай адукацыі ў тры змены. Усяго на базе ўстаноў адукацыі зможа аздаравіцца ў лагерах з дзённым знаходжаннем 3300 выхаванцаў.

Горад на працягу шэрага гадоў утрымлівае лідзіруючую пазіцыю ў краіне па інавацыйнай дзейнасці: сёлета ў нас працуюць 22 эксперыментальныя і інавацыйныя пляцоўкі.

На базе школ летам у першую змену будзе працаваць ваенна-патрыятычны лагер МНС, а таксама ў тры змены ваенна-патрыятычны лагер “Бурштын”, у якіх плануецца аздаравіць 66 дзяцей. У межах распрацаваных тэматычных тыдняў будуць арганізаваны гарадскія масавыя мерапрыемствы. Навучэнцам прадаставіцца магчымасць прыняць удзел у розных відах дзейнасці. Яны змогуць наведаць экскурсіі, паўдзельнічаць у акцыях, працоўных дэсантах, майстар-класах і конкурсах.

— Таццяна Іванаўна, якія пытанні сёння асабліва хвалююць?

— Для нас няма нічога важнейшага за фарміраванне ў дзяцей патрэбы ў захаванні свайго здароўя і здароўя навакольных, імкненні весці здаровы лад жыцця. Даступнасць і якасць адукацыі, міжведамаснае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва з бацькоўскай грамадскасцю — асноўныя прыярытэты ў рабоце начальніка ўпраўлення па адукацыі. 

Дастаткова востра на сёння стаіць пытанне адносін да адукацыі як да сферы паслуг. Лічу, што неабходна выключыць тэрмін “адукацыйная паслуга”, калі гаворка ідзе аб адукацыі. Ужо сама размова пра гэта знімае з бацькоў маральную адказнасць за лёс свайго дзіцяці. Пры гэтым бацькі не хочуць улічваць узровень псіхалагічнай гатоўнасці дзіцяці да навучання, за які яны адказваюць, не хочуць падзяліць з настаўнікам адказнасць за атрыманне дзіцем ведаў, а менавіта, не лічаць патрэбным кантраляваць выкананне дзіцем дамашніх заданняў, не размаўляюць з дзіцем аб нормах і правілах яго паводзін у школе і г.д. Тэрмін “адукацыйная паслуга” негатыўна адбіваецца на ўзаемадзеянні настаўніка і бацькоў, разбурае яго.

Мы востра адчуваем “кадравы голад”: не хапае спецыялістаў па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі. У сувязі з гэтым на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі адкрываюцца педагагічныя класы. 

Найважнейшымі ўмовамі паспяховага развіцця сістэмы адукацыі горада лічу празрыстасць дзейнасці і даступнасць любой інфармацыі. Таму створана інтэрактыўная карта “Адукацыйная прастора Баранавіч”, дзе кожны зацікаўлены можа атрымаць пашыраную інфармацыю аб любой установе адукацыі.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.