Канспекты для творчасці

- 12:45Рознае, Суразмоўца

З Жаннай Фёдараўнай Жадзейка, вядомым настаўнікам-метадыстам, настаўніцай рускай мовы і літаратуры гімназіі № 14 Гомеля, мы гаварылі на пачатку каляндарнага года. Тады акцэнт у нашай размове рабіўся на яе педагагічныя дасягненні. Цяпер, ужо на пачатку новага навучальнага года, зноў з’явілася нагода пагутарыць з актыўнай настаўніцай. Жанна Фёдараўна стала аўтарам дапможніка “Канспекты ўрокаў па рускай мове ў 11 класе”. Дапаможнік грыфаваны і адрасаваны настаўнікам рускай мовы, якія працуюць у класах не толькі з базавым, але і з павышаным узроўнем навучання. Складаецца ён з 4 частак і раскрывае сакрэты метадычнага майстэрства Жанны Фёдараўны, на рахунку якой шматлікія перамогі вучняў на алімпіядах і конкурсах.

— Жанна Фёдараўна, не буду пытацца, калі вы ўсё паспяваеце, бо ведаю, што адкажаце проста: “Я працую”. Як з’явілася ідэя стварэння дапаможніка ў такім фармаце?
— Я часта выступаю перад калегамі, чытаю лекцыі ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, і мне шмат разоў даводзілася адказваць на пытанні па матэрыялах падручніка для выпускнікоў, па практыкаваннях гэтага падручніка, па арганізацыі ўрока з дапамогай падручніка. Затым у прадметным часопісе былі надрукаваны некалькі канспектаў маіх урокаў, якія былі добра ўспрыняты калегамі. Вось так паступова і прыйшла ідэя зрабіць дапаможнік канспектаў. Але я зусім не хачу сказаць, што падручнік дрэнны ці прымітыўны. Ён дастаткова цікавы. А калі добрасумленна прапрацаваць увесь прапанаваны ў ім матэрыял, то якасная падрыхтоўка як алімпіядніка, так і абітурыента, здольнага здаць ЦТ на добрым узроўні, гарантавана.
Канспекты дэманструюць методыку маёй педагагічнай дзейнасці. У мяне часта пытаюцца, як мне ўдаецца рыхтаваць такую колькасць пераможцаў алімпіяд і конкурсаў. І падазраю, што не вераць, калі гавару, што ўсё пачынаецца з урокаў, а тым часам усе мае алімпіяднікі аснову сваіх ведаў атрымалі выключна на ўроках. Праўда, пачынаць трэба з 5 класа, а 11 клас — гэта ўжо вынік работы як вучня, так і настаўніка.
Мяркуецца, што ў старшых класах вучні маюць даволі высокую матывацыю, бо нацэлены на паступленне. Яны здольны самастойна працаваць з даведачнай літаратурай, актуалізаваць і абагульняць матэрыял, які вывучаўся раней, прычым не па адным, а па розных прадметах, напрыклад, гуманітарнага цыкла. І ў канспектах майго дапаможніка для настаўнікаў паказана, як арганізаваць работу, каб задзейнічаць, актуалізаваць веды навучэнцаў не толькі па рускай мове, але і па літаратуры, гісторыі, грамадазнаўстве, беларускай і замежных мовах. Як правіла, я бяру дзяцей пасля пачатковай школы ў 5 класе і вяду іх да самага выпуску. Лічу, што толькі ў такім выпадку настаўнік можа ўбачыць вынікі сваёй працы.

— Вашы канспекты даволі падрабязныя. У прыватнасці, вы прапісваеце пытанні настаўніка па тэме і ўяўныя адказы вучняў. А прастору для творчасці педагога пакідаеце?
— Такая схема з’явілася пасля таго, як некалькі маіх урокаў былі надрукаваны ў прадметным часопісе. Я раілася з настаўнікамі, ці неабходны ім адказы вучняў. Такія падрабязнасці патрэбны для таго, каб паказаць комплексную методыку выкладання рускай мовы. Напрыклад, у мяне на ўроках у якасці рэакцыі на адказ вучня не гучаць такія словы, як “правільна”, “няправільна”. Вельмі часта я задаю пытанні “Згодны?”, “А хто думае інакш?”. Гэта пабуджае дзяцей да ўважлівага слухання, да аналітычнага ўспрымання вучэбнага матэрыялу і да дыскусіі на ўроку (калі гэта неабходна). З 5 класа прывучаю да таго, каб вучань уважліва чытаў матэрыял падручніка, з чымсьці пагаджаўся, з чымсьці — не. Уяўныя адказы падштурхоўваюць настаўніка да запланаваных вынікаў, да таго, на што хацелася б вывесці вучня ў межах канкрэтнай тэмы і ўрока.
Месца для творчасці настаўніка, безумоўна, застаецца. Мае настаўніцкія пытанні і адказы вучняў — не ісціна ў апошняй інстанцыі. Я ўжо гаварыла, што калі дасканала прапрацаваць падручнік, то поспех гарантаваны як на алімпіядзе, так і на ЦТ. Разам з тым у рускай мове ёць шмат неадназначнасцей, якія патрабуюць ад педагога павышанай увагі, эрудыцыі. І тут немагчымы адназначныя адказы. Такое, напрыклад, сустракаецца ў словаўтварэнні, калі разглядаюцца словы з двайной ці множнай матывацыяй, калі слова можна патлумачыць па-рознаму.
Напрыклад, возьмем слова “мальчишечка”. Утварэнне гэтага слова можна матываваць па-рознаму: “мальчишечка” — ласкавы зварот да “мальчишки”. Гэтае слова ўтворана з дапамогай суфікса -к- (хоць будзе выдзяляцца два суфіксы, але -к- ―— утваральны). Можна даць і іншую матывацыю: “мальчишечка” — гэта ласкава пра “мальчика”. Пры такім тлумачэнні словаўтваральным будзе суфікс -ечк-. Падыход, як бачым, можа быць розны, таму дзіця павінна пры словаўтваральным аналізе даваць матывацыю слова, адказваць на пытанне “Чаму так?” і аргументаваць свой пункт погляду.
У сваіх канспектах для настаўнікаў накіроўваю да даведачнай літаратуры. У спрэчных момантах сама нічога не прыдумвала, а вывярала па даведніках, слоўніках, на якія і спасылаюся ў метадычным дапаможніку.

— Жанна Фёдараўна, яшчэ адна адметнасць вашага дапаможніка заключаецца ў тым, што ён можа выкарыстоўвацца як у базавых, так і ў класах з павышаным узроўнем вывучэння рускай мовы. Звычайна падыходы выкладання ў такіх класах адрозніваюцца…
— Так, перада мной стаяла вельмі складаная задача — падрыхтаваць дапаможнік для настаўнікаў, якія працуюць у класах розных узроўняў, таму ў метадычным дапаможніку канспекты ўрокаў маюць двайную нумарацыю, напрыклад, 1 (1-3): першая лічба азначае нумар урока ў класах з вывучэннем прадмета на базавым узроні, а лічбы ў дужках — урокі ў класах з вывучэннем рускай мовы на павышаным узроўні. Адпаведна, і матэрыял пададзены так, каб настаўнік змог сарыентавацца і ўзяць для свайго ўрока тое, што яму неабходна для работы ў пэўным класе з улікам узроўню падрыхтаванасці канкрэтных навучэнцаў. Зразумела, што класы розныя. Ёсць мацнейшыя, а ёсць слабейшыя. Спадзяюся, што настаўнікі змогуць карыстацца прапанаваным матэрыялам на свой густ. І, канечне, буду вельмі рада, калі для калег гэты дапаможнік стане карысным.
Тут жа хачу адзначыць, што дапаможнік будзе складацца з 4 частак. Пакуль выдадзена толькі першая частка. Мяркуецца, што ў кастрычніку з’явіцца другая. Так зроблена для таго, каб, па-першае, дапаможнік не біў па настаўніцкай кішэні, а па-другое, каб ён быў зручным. Канспекты выдаюцца ў мяккай вокладцы, а матэрыялу шмат. Умоўна яны разбіты на чвэрці, але толькі ўмоўна, бо матэрыял, які вывучаецца ў базавым класе і класе з павышаным узроўнем, выкладаецца па-рознаму.
Зразумела, што ўся сістэма работы будзе бачна пры знаёмстве з усёй кнігай. Але я вельмі ўдзячна лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыя-нальнага інстытута адукацыі і рэдакцыі выдавецтва “Народная асвета” за падрыхтоўку дапаможніка да выпуску.

— Ці можна вашу сістэму работы акрэсліць пэўнымі тэхналогіямі?
― Я ўвогуле супраць тэрміна “тэхналогіі” у адносінах да майго вопыту работы. Тым больш, што кожны настаўнік выкарыстоўвае ў сваёй рабоце розныя тэхналогіі ці іх элементы. Мала хто працуе па адной тэхналогіі, але, на маю думку, адпраўной кропкай павінен быць класічны ўрок, методыку правядзеня якога дасканала павінен ведаць кожны настаўнік. Толькі пасля гэтага можна гаварыць пра выкарыстанне тэхналогій. Метадычны досвед настаўніка — гэта шматгадовы вопыт, сімбіёз ведаў. І калі мэта навучання рускай мове заключаецца ў фарміраванні сістэмы ведаў у мове, у навучанні карыстацца мовай ва ўсіх відах маўлення (чытанне, пісьмо, гаварэнне), то, натуральна, настаўнік задаецца пытаннем, як на такія вынікі выйсці. І я на працягу некалькіх гадоў задавалася такім жа пытаннем. Калі, напрыклад, у Расіі руская мова і рыторыка вывучаюцца асобна, то ў нас ажыццяўляецца комплекснае вывучэнне рускай мовы, адбываецца інтэграцыя прадмета “Руская мова” ў межах урока.
У 11 класе ідзе абагульненне вывучанага матэрыялу. І, напрыклад, у гэтым метадычным дапаможніку даю памяткі па падрыхтоўцы і ацэнцы маналагічнага маўлення. Ёсць памятка па падрыхтоўцы да выступлення. У 10 і 11 класах шмат увагі ўдзяляецца рыторыцы. Але не трэба чакаць праграмных урокаў па ўдасканаленні гэтых навыкаў. Я паказваю, як можна звяртацца да рыторыкі, каб адпрацоўваць навык і не забывацца пра яго. Гэта можна рабіць падчас работы са слоўнікавымі словамі, бо руская мова — гэта навука заканамерная, у ёй няма выпадковасцей. А можна даць падрыхтаваць паведамленне з гісторыі школьных слоў. Гэта заўсёды цікава. Многія вучацца ў гімназіях, але не многія ведаюць, што словы “гімназія” і “гімнастыка” — этымалагічныя родзічы і паходзяць ад грэчаскага слова “гімнас” — “голы” (грэкі займаліся гімнастыкай без адзення).
Або звярнуцца да напісання слова “вермишель”. Дзеці даведваюцца пра лацінскае слова “верніс” — “чарвяк”. Смяюцца, але запамінаюць. Як вы лічыце, вучні павінны гэта ведаць? Канечне, павінны, бо гэта цікава і падштурхоўвае да пошуку. У аснове матывацыі, як вядома, ляжыць цікавасць да прадмета. У дзецях неабходна закладваць жаданне пастаянна даведвацца пра нешта новае. І калі вучань да гэтага прызвычаіцца, як і да аналізу сваіх вучэбных дасягненняў і няўдач, то ён будзе здольны і да далейшага росту.

— З тэхналогіямі зразумела, а ці ёсць у вашым метадычным арсенале адметныя формы работы?
— Няма такіх форм работы, якіх я не прызнаю. Хто робіць — той і мае рацыю. У некага, магчыма, добра атрымліваецца групавая работа, у некага — індывідуальная ці парная. Мне здаецца, што любы настаўнік перш за ўсё павінен зыходзіць з класічнага ўрока, але пры гэтым рухацца далей. Яшчэ я за тое, каб на ўроку гаварыла кожнае дзіця. І работу на ўроку неабходна арганізаваць такім чынам, каб былі задзейнічаны ўсе. Гэта неабходна і падчас тлумачэння новага матэрыялу, і, напрыклад, падчас франтальнай работы з вучнямі.
У 10-11 класах ідзе абагульненне вывучанага матэрыялу і ўпор робіцца на самастойны пошук інфармацыі, таму ў сваім дапаможніку паказваю, як дзеці праяўляюць сябе на ўроках, як і калі выступаюць у ролі настаўніка. Нельга звяртацца выключна да рашэння тэстаў, як гэта здараецца ў нашых школах апошнім часам. Нават урокі літаратуры пад гэта аддаюцца, што ўвогуле з’яўляецца злачынствам, таму ў дапаможніку звяртаю ўвагу і на тое, якім чынам працаваць на ўроках мовы, звяртаючыся да літаратуры. Напрыклад, разгледзець, як моўныя сродкі працуюць у мастацкім тэксце.

— Што яшчэ знойдуць настаўнікі ў першай частцы вашых канспектаў?
— Выдадзены дапаможнік утрымлівае алгарытмы, схемы, табліцы, якія дапамогуць разабрацца не толькі ў вывучаным матэрыяле, але, напрыклад, падрыхтавацца да таго ж ЦТ. Паказана сістэма работы над складанымі выпадкамі сінтаксісу і пунктуацыі, над слоўнікавымі словамі, над тэкстам. У прыватнасці, вядома, што навучыць школьнікаў водгуку складана. Складана, але магчыма. Якраз праграма і падручнік даюць магчымасць гэта зрабіць, дазваляюць навучыць бачыць у тэкстах твораў выразныя магчымасці сінтаксісу і пунктуацыі. У канспектах урокаў, якія прадстаўлены ў дапаможніку, усё гэта ёсць.
Складаным на алімпіядзе лічыцца і конкурс вуснага выказвання. Як правіла, дзеці яго баяцца. Але і да гэтага віду спаборніцтваў, як на алімпіядзе, так і на конкурсе рытарычнага майстэрства, можна і неабходна рыхтаваць перш за ўсё на ўроку. У нас навучанне рускай мове мае камунікатыўную накіраванасць. Кожны выпускнік, незалежна ад выбару прафесіі, павінен арыентавацца ў розных моўных сітуацыях, пісьменна выказвацца, будаваць дыялог, спрачацца, адстойваць свой пукт погляду. У дапаможніку паказана, як гэтаму можна вучыць на ўроку.

— Жанна Фёдараўна, а як вы ставіцеся да так званых рашэбнікаў? Яны ж ёсць і па рускай мове.
— На жаль, у апошні час яны атрымалі распаўсюджанне па розных прадметах, у тым ліку і па рускай мове. Лічу, што гэтыя “кнігі”, як, зрэшты, і літаратурная класіка ў кароткім пераказе, не проста шкодныя, але і ганебныя, асабліва калі імі карыстаюцца настаўнікі. А такія выпадкі, на жаль, ёсць.
Калі я ўпершыню ўбачыла такія рашэбнікі, то проста жахнулася колькасці памылак у іх. Дык вось, у дапаможніку паказана такая сістэма работы настаўніка над дамашнімі заданнямі, пры якой рашэбнік не патрэбен ні навучэнцам, ні педагогам. Адпрацаваны ўсе практыкаванні, прагавораны складаныя выпадкі, паказана варыятыўнасць у пастаноўцы знакаў прыпынку, патлумачаны спрэчныя моманты, напрыклад, пры словаўтваральным ці марфемным разборы, паказаны розныя падыходы да падачы матэрыялу ў розных даведачных дапаможніках.
Дзеці павінны вучыцца думаць, а не бяздумна спісваць. Я не даю гатовых адказаў, а паказваю алгарытм работы настаўніка па адпрацоўцы тых ці іншых вучэбных уменняў. Паказваю, як можна арганізаваць работу, каб вучні ўвесь час знаходзіся ў рэжыме пошуку рашэння пастаўленай задачы. І калі навучэнец устаўляе літару ў слове, ён аналізуе ўсе вядомыя і невядомыя задачы: у якой марфеме знаходзіцца гэтая арфаграмма, ад чаго залежыць яе правапіс, якія ўмовы ёсць у слове для рашэння арфаграфічнай задачы. Вучні павінны разумець, што яны робяць і для чаго яны гэта робяць.

— Вялікі дзякуй за цікавую і змястоўную размову і будзем чакаць астатніх частак вашага дапаможніка.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.