Канстанцін БАЛАНДЗІН: “Усё і ўсе маюць сваю гісторыю”

- 15:28Вышэйшая школа

Многія пакаленні будучых інжынераў выхаваў Канстанцін Іванавіч Баландзін, які ўжо больш як 40 гадоў працуе на кафедры гісторыі, сусветнай і айчыннай культуры БНТУ. Так, ён не распісвае дошку мудрагелістымі формуламі і не рашае са студэнтамі задачы — гэта справа дактароў тэхнічных навук. Але як гісторык Канстанцін Іванавіч робіць для моладзі не менш, чым інжынерныя геніі: ён выхоўвае ў іх любоў да Беларусі і цікавасць да яе мінуўшчыны. Калі разабрацца: а які гэта спецыяліст — будаўнік, праграміст, энергетык, калі ён не ведае, хто ён і адкуль? Якая матывацыя ў такога чалавека жыць і працаваць дзеля Беларусі? Менавіта адчуванне Радзімы дае чалавеку творчую энергію, сілы і надзею на пераўтварэнні.

— Канстанцін Іванавіч, вы выкладаеце гісторыю Беларусі першакурснікам БНТУ. Але гэтыя дзеці, каб паступіць ва ўніверсітэт, штудзіравалі не гісторыю, а фізіку і матэматыку, і іх асноўная мэта — асвоіць найперш інжынерныя навукі. Скажыце, ёсць цяжкасці ў рабоце са студэнтамі няпрофільных факультэтаў?

— Сапраўды, нашы студэнты паступілі на тэхнічныя спецыяльнасці, таму што па сваім складзе яны інжынеры, а не гуманітарыі. Безумоўна, гэта пэўным чынам адбівацца, але не стварае істотных праблем для выкладчыкаў. Наадварот, перад намі стаіць задача выклікаць цікавасць да гісторыі, прынамсі, добрыя адносіны да гэтай дысцыпліны.

Тут вельмі многае залежыць ад агульнай падрыхтоўкі маладых людзей. І калі гэта, напрыклад, энергетычны факультэт ці факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі, дзе я працую, то студэнты паступаюць туды з вельмі высокімі прахаднымі баламі. Гэта значыць, што ў школе яны старанна вывучалі ўсе прадметы, у тым ліку гісторыю. У мяне ёсць студэнты, якія гатовы амаль да кожных заняткаў пісаць рэфераты. Самі! Многія захапляюцца гісторыяй і працягваюць вывучаць яе нават пасля таго, як здадуць экзамен. Для мяне як выкладчыка гэта вельмі прыемны факт.

— Вы расказалі пра студэнтаў, якія першапачаткова цікавяцца гісторыяй. А як прыцягнуць на свой бок тых, для каго гуманітарныя дысцыпліны — вымушаная неабходнасць?

— Ёсць шмат прыёмаў, якія выкарыстоўваюць розныя выкладчыкі. Асабіста я вельмі вялікую ўвагу ўдзяляю першай сустрэчы са студэнтамі, у якую стараюся ўкласці ўсю душу. Гэта дае моцны штуршок для наступных зносін.

Імкнуся паказаць студэнтам такую Беларусь, якой яны хацелі б ганарыцца. Кажуць, мы жывём у маленькай краіне. Але прабачце, хіба Беларусь маленькая? Гэта Арменія, Азербайджан і Грузія разам узятыя. Гэта Літва, Латвія і Эстонія разам узятыя. Гэта Паўночная і Паўднёвая Карэя разам узятыя. Гэта пяць Даній. Нават геаграфічна Беларусь — значная еўрапейская краіна!

А якая ў нас гісторыя! Людзі так даўно жывуць на гэтай зямлі, што няма, мусіць, ніводнага куточка, населенага пункта, які б не быў чымсьці знакаміты. На жаль, многія не ведаюць, не цікавяцца, таму ў значнай часткі насельніцтва пануе меркаванне, быццам на Беларусі нічога такога не было. Каб разбурыць гэтае меркаванне, я напісаў шэраг кніг: і нам сапраўды ёсць чым ганарыцца!

У БНТУ вучацца студэнты з усёй краіны, і гэта выдатная магчымасць праілюстраваць беларускую гісторыю на канкрэтных прыкладах. Вось студэнтка са Слуцка. У маім разуменні Слуцк — гэта касмічны горад. Больш як 30 яго ўраджэнцаў так ці інакш звязаны з космасам, пачынаючы з астранома-фатографа Вітольда Цясарскага і заканчваючы галоўным канструктарам касмічных рухавікоў Сямёнам Косбергам і кіраўнікамі касмадрома “Байканур” Канстанцінам Герчыкам і Юрыем Жукавым. Я нават лічу, што ў Слуцку трэба адзначыць гэты факт, напрыклад, закласці сквер Касманаўтаў, каб паказаць касмічную значнасць горада і ўвогуле Беларусі.

Або Смаргонь. Усе студэнты, ураджэнцы гэтага горада, ведаюць пра блакаду Ленінграда. А пра тое, што падчас Першай сусветнай вайны Смаргонь трымала абарону 810 дзён, мала хто гаворыць. І такіх прыкладаў мноства.

А ўсё з-за нашай празмернай сціпласці. Чамусьці мы заўсёды імкнёмся параўноўваць сябе з нейкімі звышдзяржавамі і такім чынам самі ў сябе фарміруем комплекс непаўнавартасці. Але студэнты павінны разумець: усё і ўсе маюць сваю гісторыю. І калі мы нечага не ведаем, то не таму, што гэтага не было, а таму, што не знайшлі, не дараслі і г.д. На нашай зямлі адбылося шмат розных падзей, загінула мноства людзей, якія маглі б нам расказаць (ды не расказалі), і было спалена, знішчана, вывезена шмат архіўных, культурных матэрыялаў. Адсюль недахоп ведаў і недахоп нацыянальнага гонару.

— Памятаю, на адной з канферэнцый на пачатку 2000-х вы наракалі, што ў Беларусі няма ніводнай коннай статуі (вершнік як сімвал змагання за волю нясе вельмі моцны патрыятычны пасыл). Кожны раз, калі бываю ў Віцебску і Полацку, успамінаю вашу тую палымяную прамову…

— Бачыце, мяне пачулі. (Смяецца.) Сапраўды, у апошнія гады былі ўзведзены помнікі Усяславу Чарадзею ў Полацку і Альгерду ў Віцебску. У наступным годзе, спадзяёмся, з’явіцца конны помнік Гедыміну ў Лідзе. Працэс нацыянальнага абуджэння ідзе, і гэта вельмі добра.

Я кажу студэнтам: “Змяніліся ўмовы, час, і ў вас ёсць магчымасць бываць за мяжой. Вы можаце нават ста ць там нейкімі спецыялістамі, прафесійная мабільнасць будзе пашырацца. І недзе там за сталом абавязкова паўстане пытанне, што гэта за краіна такая — Беларусь. І вы павінны паказаць Радзіму такой, якая яна ёсць, каб іншаземцы ўбачылі, што мы не лыкам шыты. Мы шмат перамагалі, і наша зямля дала свету многа выбітных асоб. Іншаземцаў цяжка здзівіць жылымі кварталамі і нават спартыўнымі збудаваннямі — за мяжой гэтага хапае. А вось калі мы адбудуем як мага больш замкаў, ратуш, то пакажам, што Беларусь — еўрапейская краіна з багатай гісторыяй і культурай, у нас глыбокія карані. І ў замежнага слухача з’явіцца павага, цікавасць”.

— Вам не здаецца, што патрыятычнае выхаванне часта абмяжоўваецца падзеямі Другой сусветнай вайны? Гэта, безумоўна, важна, аднак недастаткова для фарміравання нацыянальнай самаідэнтычнасці…

— Вялікая Айчынная вайна — трагічны перыяд у жыцці нашай краіны, бо ніколі дагэтуль не гінула столькі людзей, і адносна недалёкі па часе, таму гэтая рана яшчэ балючая. У гэтым сэнсе шмат зроблена для таго, каб захаваць памяць пра герояў і ахвяр той вайны. Не забыць, шанаваць і быць дастойнымі памяці тых самаахвярных людзей — наш чалавечы абавязак.

Пры гэтым, на жаль, да апошняга часу амаль нічога не рабілася для ўшанавання герояў Першай сусветнай вайны — таксама айчыннай для нашага народа. У 2014 годзе (100 гадоў ад пачатку вайны) гэтая справа зрушылася з месца. Ствараюцца новыя помнікі, робяцца спробы адкрыць музеі (у Мала-дзечне, Вілейцы, магчыма, у Смаргоні). Спадзяюся, што гэты працэс будзе развівацца.

І я лічу, што беларусы не зусім аддзячылі нашым гераічным продкам — удзельнікам Грунвальдскай бітвы 15 ліпеня 1410 года. У нас няма значных месцаў, дзе была б ушанавана такая важная гістарычная падзея. А гэта была перамога, пасля якой германцы 504 гады не ішлі на Усход. Лічу, што ў гонар Грунвальдскай бітвы беларусам неабходна збудаваць на Нямізе трыумфальную арку. Яна будзе дэманстраваць той факт, што нашы продкі разам з іншымі народамі ўжо ў ХV стагоддзі змагаліся за свабоду ў Еўропе. Такія важкія перамогі выклікаюць у народа ўнутраны ўздым і гордасць.

— Канстанцін Іванавіч, у апошні час вы штогод выдаяце па кніжцы. Можна сказаць, самі сябе забяспечваеце вучэбнай літаратурай…

— Так, усе кнігі — па гісторыі, але са спецыфікай тэхнічнай установы.

Напрыклад, адна з апошніх — “Беларусь і космас”, дзе я пішу пра нашых даследчыкаў космасу, пачынаючы ад Казіміра Семяновіча і заканчваючы дасягненнямі беларускіх вучоных, касманаўтаў у нашы дні. Лічу, што студэнты тэхнічнага ўніверсітэта павінны ведаць: у іх таксама ёсць перспектывы ў гэтай сферы. І зноў жа поспехі беларусаў у космасе — яшчэ адна нагода ганарыцца сваёй краінай.

Напэўна, прасцей было б працаваць дзе-небудзь на гістарычным факультэце, дзе вучыцца спецыяльна падрыхтаваная моладзь, ці нават у Інстытуце гісторыі, весці бясконцыя навуковыя дыскусіі сярод аднадумцаў і апанентаў. Але свой лёс Канстан цін Іванавіч звязаў з галоўным тэхнічным універсітэтам краіны. 10 гадоў адпрацаваў прарэктарам (дарэчы, быў адзіным гуманітарыем на гэтай пасадзе), 15 гадоў узначальваў любімую кафедру. Выдаў больш за 120 навуковых і вучэбна-метадычных работ, у тым ліку з грыфам Міністэрства адукацыі. Шмат часу прысвяціў вывучэнню гісторыі ўзнікнення і развіцця БНТУ.

— Набліжаецца Дзень настаўніка. Што б вы маглі пажадаць педагогам краіны?

— Ведаеце, я скончыў школу № 53 у Баранавічах у 1963 годзе, але дагэтуль памятаю многіх сваіх настаўнікаў. Яны былі вельмі добрымі, разумнымі, вучылі не толькі па падручніку, але і давалі шмат дадатковага матэрыялу, вучылі аналізаваць, каменціраваць. Усё жыццё я жыву з вялікай павагай і ўдзячнасцю да гэтых цудоўных людзей.

Вельмі шчыра хачу пажадаць сённяшнім настаўнікам добрых вучняў, старанных, здольных, перспектыўных. І, вядома, цярплівасці. А ў цяжкія моманты (у настаўнікаў яны бываюць) трэба думаць пра тое, што прафесія наша вельмі патрэбная. Настаўнікі працуюць на будучыню краіны. І менавіта ад таго, як мы будзем працаваць, каго выхаваем, залежыць гэтая будучыня.

— Канстанцін Іванавіч, прыміце і нашы віншаванні з нагоды Дня настаўніка. Жадаем вам добрага здароўя, прафесійнага плёну і дабрабыту.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.