Менавіта якасная адукацыя моладзі — аснова далейшага росквіту краіны. У гэтым перакананы дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Канстанцін Грыгаровіч, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— За маімі плячыма больш за 40 гадоў педагагічнай дзейнасці. З’яўляюся дасведчаным кіраўніком, але і цяпер з цеплынёй успамінаю сваіх школьных настаўнікаў — чулых, уважлівых, неабыякавых. У свой час дзякуючы ім вырашыў звязаць лёс са сферай адукацыі.
Памятаю ўсіх выкладчыкаў МДУ імя А.А.Куляшова, дзе асвойваў азы педагогікі. Універсітэт даў моцную прафесійную базу і дапамог стварыць сям’ю. Са сваёй жонкай я пазнаёміўся дзякуючы студатрадаўскаму руху, і вось ужо чатыры дзесяцігоддзі мы ідзём побач па жыцці. Выгадавалі сына і дачку, якая працягнула сямейную справу.
Сваім трэцім дзіцем лічу ліцэй, дырэктарам якога з’яўляюся з моманту заснавання. Наша навучальная ўстанова — равеснік суверэннай Беларусі. Азіраючыся назад, разумею, наколькі складанымі ў эканамічным і палітычным плане былі 90-я гады. Нягледзячы на гэта, дзяржава клапацілася пра сістэму адукацыі. Першыя ліцэі, навучальныя ўстановы новага тыпу з’явіліся якраз у той час. Іх станаўленне праходзіла паралельна з умацаваннем рэспублікі. У 1996 годзе быў створаны спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. З пачатку існавання фонду яго прэміямі 255 разоў узнагароджваліся нашы вучні і 78 разоў — настаўнікі. У 2005-м грант спецфонду атрымала ліцэйскае навуковае таварыства.
За сваю гісторыю ліцэй змог стаць своеасаблівым адукацыйным брэндам Прыдняпроўскага краю. Мы ганарымся 25 перамогамі навучэнцаў на міжнародных алімпіядах, шматлікімі ўзнагародамі творчых, інтэлектуальных і даследчых конкурсаў. Штогод нашы дзеці — лепшыя ў вобласці па выніках удзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Якасць ведаў пацвярджаецца і вынікамі цэнтралізаваных іспытаў. За апошнія два гады вучні атрымалі 36 стабальных сертыфікатаў на ЦЭ і 8 — на ЦТ.
Усяго са сцен ліцэя выйшлі ўжо амаль 5 тысяч выпускнікоў. Кожны з іх знайшоў сваё жыццёвае прызванне. Былыя ліцэісты плённа працуюць на прамысловых прадпрыемствах, ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі, праваахоўных органах. Многія з іх займаюць кіраўніцкія пасады, звыш 30 чалавек сталі навукоўцамі, абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі.
Перакананы, што менавіта якасная адукацыя моладзі — аснова далейшага росквіту краіны. Сёння ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для таго, каб спакойна гадаваць і выхоўваць дзяцей. З улікам знешніх выклікаў і пагроз вельмі важна захаваць унутры краіны мір і стабільнасць.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэем № 3