Канструктары будучыні

У Гомельскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы прайшоў IV Абласны турнір па робататэхніцы ROBOQUEST у межах абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў JuniorSkillsBelarus.

Сёлета ў турніры ўдзельнічалі каля 200 навучэнцаў з Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей. Турнір адкрыты, таму ў горад над Сожам прыехалі каманды з усёй краіны. Узрост юных праграмістаў — ад 6 да 17 гадоў.

Папулярызацыя робататэхнікі ў Гомельскай вобласці і прыцягненне максімальнай колькасці выхаванцаў устаноў сярэдняй і дадатковай адукацыі вобласці да заняткаў па кірунках тэхнічнай творчасці і сучасных IT-тэхналогій — галоўная мэта спаборніцтваў, якія право­дзіліся для малодшай і старэйшай узроставых груп у дысцыплінах “Мабільная робататэхніка” (LEGOWeDo, LEGOEV3), “Робататэхніка Arduino” і “Робафутбол”.

— Сярод нашых асноўных мэт — рэалізацыя творчых здольнасцей, навуковых і пазнавальных інтарэсаў дзяцей і падлеткаў, — адзначае дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Наталля Алейнік. — Пяць гадоў назад, калі адбыўся першы турнір, мы самі вучыліся. Сёння робататэхніка — толькі частка вялікай праграмы дадатковай тэхнічнай адукацыі. Нашы выхаванцы, як і большасць удзельнікаў турніру, вучацца ствараць робатаў, праграмаваць іх, прыдуваць новыя задачы. Гэтыя школьнікі — інжынеры будучыні.

На інтэрактыўных пляцоўках і выставах устаноў прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі ўсе госці маг­лі паспрабаваць кіраваць робатамі ці ствараць тэхніку. Першым 1500 наведвальнікам турніру падарылі купоны ў клуб віртуальнай рэальнасці.

Пераможцы абласнога этапу будуць спаборнічаць на рэспубліканскім конкурсе JuniorSkillsBelarus у кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка”, які ў хуткім часе пройдзе ў Мінску. Усе ўдзельнікі абласнога этапу атрымалі незабыўныя ўражанні, а пераможцам уручаны дыпломы і памятныя прызы ад партнёраў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота БелТА.