Канструктыўны дыялог

Ва ўстановах вышэйшай адукацыі Магілёўшчыны прайшлі сустрэчы прафесарска-выкладчыцкіх і студэнцкіх актываў з прадстаўнікамі органаў мясцовай выканаўчай улады. Усе мерапрыемствы адбыліся ў фармаце дыялогу.

дыялог з прафесарска-выкладчыцкім актывам БРУ правёў намеснік старшыні Магілёўскага абл­выканкама Валерый Малашка.

У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі з выкладчыкамі і студэнтамі сустрэўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Кіраўнік рэгіёна расказаў прысутным аб сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці, стане спраў у народна-гаспадарчым комплексе. Па многіх напрамках сёння ўдалося дабіцца высокіх вынікаў дзейнасці. У прыярытэце ў вертыкалі ўлады на месцах застаецца развіццё сферы адукацыі, павышэнне дабрабыту людзей.

Дарэчы, сёння БДСГА — вядучая УВА нацыянальнай сістэмы адукацыі ў галіне пад­рыхтоўкі кадраў для аграпрамысловага комплексу. Гэта шматпрофільны адукацыйны, навукова-інавацыйны і сацыякультурны цэнтр. Зараз у акадэміі па 21 спецыяльнасці вышэйшую адукацыю атрымліваюць каля 9 тысяч навучэнцаў. Як паведаміў першы прарэктар Андрэй Калмыкоў, нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю, акадэмія працягвае працаваць у штатным рэжыме.

— Вядома, былі ўнесены пэўныя карэктывы. Узмоцнены масачны рэжым, уведзены некаторыя абмежаванні на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Студэнты-завочнікі пераведзены на дыстанцыйную форму навучання. Але для тых, хто вучыцца вочна, арганізацыя адукацыйнага працэсу засталася без змен. Працягваюцца таксама ўрачыстыя мерапрыемствы па размеркаванні. У гэтым годзе акадэмія адпраўляе на вытворчасць 820 выпускнікоў, — адзначыў Андрэй Калмыкоў.

У ходзе сустрэчы студэнты і выкладчыкі змаглі задаць кіраўніку рэгіёна хвалюючыя іх пытанні. Прысутныя цікавіліся, ці будуць змены ў падрыхтоўцы кадраў для аграпрамысловага комплексу, як будзе развівацца сельская гаспадарка ў краіне, як ідзе барацьба з каранавіруснай інфекцыяй. Прагучалі і прапановы. Студэнты выказаліся за адкрыццё ў БДСГА ваеннай кафедры.

Завяршаючы зносіны, старшыня аблвыканкама даў студэнтам наказ — быць мэтанакіраванымі і не губляць час дарма, імкнуцца стаць прафесійнымі спецыялістамі, запатрабаванымі на вытворчасці.
Не менш канструктыўны дыялог адбыўся ў Беларуска-Расійскім універсітэце. Тут сустрэчу з прафесарска-выкладчыцкім актывам правёў намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка.
Звяртаючыся да прысутных, Валерый Анатольевіч падкрэсліў важнасць выхаваўчай работы з моладдзю. Гэта стала асабліва актуальна ў сучасных рэаліях.

— Работа з моладдзю павінна быць сістэмнай і маштабнай. Маладзёжная палітыка не павінна зводзіцца толькі да рэспуб­ліканскага саюза моладзі. Яна ўсеабдымная і неабходна шу­каць новыя формы ўзаемадзеяння ў гэтым кірунку, — адзначыў Валерый Малашка.

Менавіта такім чынам будуюць работу з моладдзю ў БРУ. Ва ўніверсітэце імкнуцца знайсці індывідуальны падыход да кожнага студэнта, дапамагчы кожнаму маладому чалавеку рэалізаваць сябе.

— У нас пастаянна право­дзяцца розныя мерапрыемствы, якія дапамагаюць маладым людзям раскрыць свой патэнцыял. Актыўна працуе студэнцкі савет, развіваецца студатрадаўскі рух, павялічваецца цікавасць да конкурсу WorldSkills. Для развіцця маладзёжнай ініцыятывы ў верасні была створана студэнцкая навуковая супольнасць і аб’яўлены конкурс стартапаў. Як паказвае практыка, моладзь хоча вучыцца, атрымліваць веды. Пэўныя праблемы ёсць, але яны цалкам вырашальныя, — расказаў рэктар Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Міхаіл Лусцянкоў.

Наогул БРУ сёння — свое­асаблівы навукова-адукацыйны цэнтр рэгіёна. Тут ніколі не спыняюцца ў дынамічным развіцці. Дадатковыя магчымасці адкрыліся з увядзеннем у эксплуатацыю новага вучэбнага корпуса, які адказвае самым сучасным адукацыйным тэндэнцыям. Тут часта праводзяць значныя для вобласці і краіны мерапрыемствы, якія павышаюць статус і фармі­руюць станоўчы імідж навучальнай установы.

Значна, што ў Беларуска-Расійскім універсітэце даволі хутка адаптаваліся да ўмоў пандэміі. Тут арганізавана наладзілі дыстанцыйнае навучанне. Зараз дыстанцыйна вучаць замежных студэнтаў на англійскай мове. Такую прак­тыку плануюць пашыраць, бо гэта — экспарт адукацыйных паслуг, а значыць, і павелічэнне даходаў установы.

За час размовы актыў універсітэта атрымаў адказы на ўсе агучаныя пытанні. Было адзначана, што падобныя сустрэчы неабходны, бо яны дапамагаюць аператыўна вырашыць пэўныя праблемныя моманты.
Не раз гаварылі пра гэта і ў працэсе дыялогу ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання. У навучальную ўстанову пагутарыць з актывам прыязджаў памочнік прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк. У ходзе гутаркі ад прафесар­ска-выкладчыцкага складу УВА прагучаў шэраг надзённых пытанняў, кожнае з якіх было пачута і ўзята на прапрацоўку.

Як заўважыў рэктар Максім Кіркор, зараз галоўная ініцыятыва УВА — рашэнне прэтэндаваць на перайменаванне ў Беларускі дзяржаўны інжынерна-тэхналагічны ўніверсі­тэт. Гэтая ініцыятыва заканамерная. Сёння МДУХ — адзіная вышэйшая навучальная ўстанова ў краіне, дзе вя­дзецца пад­рыхтоўка розных спецыя­лістаў для харчовай, перапрацоўчай і хімічнай галін прамысловасці. Сёння тут па 14 спецыяльнасцях вучыцца каля 3,5 тысячы студэнтаў. З іх толькі трэцяя частка — жыхары Магілёўскай вобласці. Універсітэт прыцягвае абітурыентаў з усёй краіны, таксама ажыццяўляецца і размеркаванне выпускнікоў.

Дарэчы, з размеркаваннем было звязана яшчэ адно важнае пытанне, якое хвалявала актыў УВА. Спецыфіка ўніверсітэта харчавання такая, што многія студэнты яшчэ да выпуску адкрываюць сваю справу. Аднак, згодна з дзеючым заканадаўствам, у сваё ІП размяркоўвацца нельга, бо заключыць працоўны дагавор з самім сабой немагчыма. Гэтае пытанне было ўзята на асаблівы кантроль, бо яго станоўчае рашэнне пасадзейнічае развіццю малога бізнесу.

Прадукцыйным быў дыялог і ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. Тут з выкладчыкамі і студэнтамі размаўляў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк. Прысутнічалі таксама начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка, рэктар УВА Дзяніс Дук, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Алег Дзячэнка.

Гутарка праходзіла ў нязмушанай атмасферы. Прысутныя змаглі абмеркаваць сучасныя грамадска-палітычныя падзеі. Асаблівы акцэнт быў зроблены на далейшае развіццё ўніверсітэта.

Сёння МДУ імя А.А.Ку­ляшова — установа з больш чым стагадовай гісторыяй, дзе старанна захоўваюць станоўчыя традыцыйныя методыкі вышэйшай адукацыі і ра­зам з тым актыўна ўкараняюць у вучэбны працэс перадавыя сучасныя адукацыйныя напрацоўкі. Напрыклад, зараз УВА рэалізуе праект “Лічбавы ўніверсітэт”, які паспрыяе павышэнню даступнасці і якасці адукацыі. У ключы дынамічнага развіцця тут плануюць працаваць і далей.

Зноў была падкрэслена значнасць такіх сустрэч. Бо прамы дыялог мае істотныя вынікі. Галоўны з іх — плённае ўзаемадзеянне УВА і вертыкалі ўлады, якое дазваляе хутка і станоўча вырашаць наяўныя праблемы ў рабоце.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.