Канструктыўны характар узаемадзеяння

У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенкі з дэлегацыяй Універсітэта Цінхуа ў Рэспубліку Беларусь на чале з віцэ-прэзідэнтам установы прафесарам Ян Бінем.

— Ваш візіт з’яўляецца дастойным працягам нашага двухбаковага дыялогу, які мы вялі з прадстаўніцтвам Міністэрства адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі, якое нядаўна наведвала нашу краіну, — адзначыў Ігар Васільевіч Карпенка на пачатку сустрэчы з кітайскімі гасцямі.

  У рамках папярэдняга візіту адбылося пасяджэнне Беларуска-Кітайскай камісіі па супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, якое прайшло ў Брэсце. У ім прынялі ўдзел дэлегацыя КНР на чале з намеснікам міністра адукацыі Цянем Сюэцзюнем і кіраўніцтва Міністэрства адукацыі нашай краіны.

— Мы абмяркоўвалі перспектывы супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы адукацыі, сярод якіх былі пытанні ўмацавання міжуніверсітэцкага партнёрства ў рэалізацыі навуковых і адукацыйных праектаў, а таксама стварэння філіяла Універсітэта Цінхуа. І вельмі прыемна, што мы так аператыўна адгукнуліся на рашэнні гэтай сустрэчы, — адзначыў І.В.Карпенка.

  Міністр адукацыі нагадаў, што Рэспубліка Беларусь вельмі актыўна супрацоўнічае з Кітайскай Народнай Рэспублікай у розных галінах, у тым ліку адукацыйнай. Гэтае цеснае ўзаемадзеянне вядзецца ў рамках глабальнага стратэгічнага партнёрства, якое вызначылі кіраўнікі абедзвюх краін. Правядзенне года адукацыі Рэспублікі Беларусь у Кітаі надае гэтаму супрацоўніцтву новыя грані.

— Мы разглядаем чарговы візіт кітайскай дэлегацыі як магчымасць далейшага азнаямлення з нашай нацыянальнай сістэмай адукацыі, абмену вопытам, вызначэння новых напрамкаў узаемадзеяння, якія прынясуць карысць нашым краінам, — заявіў Ігар Васільевіч Карпенка.

  Міністр адукацыі падкрэсліў, што партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем мае трывалы фундамент. У аснове яго закладзена адпаведная нарматыўная прававая база, якая дазваляе эфектыўна развіваць дзелавыя адносіны.

  Паміж універсітэтамі дзвюх краін заключана больш за 350 прамых дагавораў аб супрацоўніцтве. Гэта забяспечвае акадэмічную мабільнасць, абмен педагогамі і студэнтамі, развіццё навукова-даследчай работы. Выкладчыцкі склад універсітэтаў-партнёраў прымае ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў навуковага і акадэмічнага характару. Падпісанае нядаўна міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі, дакументаў аб навучанні і дакументаў аб вучоных ступенях адкрывае новыя перспектывы партнёрства ў сферы адукацыі паміж краінамі.

І.В.Карпенка нагадаў, што на пасяджэнні Беларуска-Кітайскай камісіі па супрацоўніцтве ў сферы адукацыі была пастаўлена задача аб садзейнічанні ўстановам адукацыі па стварэнні сумесных адукацыйнных структур, дзейнасць якіх будзе скіравана на пашырэнне партнёрскіх адносін у галіне прафесійнай адукацыі.

  Міністр адукацыі адзначыў, што ў стварэнні адукацыйнай структуры — філіяла Універсітэта Цінхуа — бу­дуць задзейнічаны 3 вядучыя ўстановы краіны: БДУ, БНТУ, БДУІР. Будзе створана спецыяльная рабочая група пад старшынствам кіраўніка галіновага міністэрства.

  Як было падкрэслена, сумесная адукацыйная структура можа стаць рэгіянальнай пляцоўкай у сферы адукацыі для Еўразійскага рэгіёна і дзяржаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, а таксама важным аналітычным цэнтрам па рэалізацыі ініцыятывы “Адзін пояс і адзін шлях”.

Ігар Васільевіч заўважыў, што ў Беларусі ёсць пэўны вопыт у стварэнні такіх адукацыйных структур, таму ёсць упэўненасць, што гэты праект будзе  паспяхова рэалізаваны.

Віцэ-прэзідэнт Універсітэта Цінхуа прафесар Ян Бінь падрабязна расказаў аб сваім універсітэце, аб перспектыўных напрамках яго дзейнасці, адным з якіх з’яўляецца эфектыўнае супрацоўніцтва з беларускімі ўніверсітэтамі. Універсітэт Цінхуа — адзін з вядучых у Кітаі, які падтрымлівае цесныя кантакты з установамі адукацыі многіх краін свету і дзе арганізаваны сумесныя адукацыйныя пляцоўкі. Віцэ-прэзідэнт з задавальненнем адзначыў, што такая пляцоўка будзе створана і ў Беларусі, што дазволіць вывесці супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы адукацыі на больш высокі ўзровень.

Кітайская дэлегацыя наведала Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”, БДУ, БНТУ і шэраг іншых адукацыйных аб’ектаў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.