Канструявалі робатаў і складалі дваічны код

Падчас зімовых канікул 30 каманд школьнікаў 11—15 гадоў прынялі ўдзел у EPAM Engineering Hexagon — у інжынерным мнагаборстве, арганізаваным кампаніяй EPAM. Парашаць задачы па фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы пажадалі 185 навучэнцаў з Мінска, Светлагорска, Баранавіч, Мядзела, Барысава, Лошніцы, Гомеля, Оршы, Салігорска, Брэста, Смаргоні, Дзяржынска і іншых гарадоў Беларусі.

— Мы право­дзілі Hexagon (hexagon — з грэчаскага “шасцівугольнік”) і раней, але ў больш сціплым фармаце, а сёлета вырашылі запрасіць навучэнцаў з усёй краіны. Выдатна, што адгукнулася столькі школ, гімназій і гурткоў. Так, вядома, гэта спаборніцтвы і праверка ведаў, але, у адрозненне ад школьнай алімпіяды, заданні не прывязаны да вучэбнай праграмы. Яны накіраваны на ўменне думаць не ўглыб нейкага аднаго прадмета, а ўшыр, сумяшчаць веды з некалькіх дысцыплін. Дастаткова цяжка зрабіць мерапрыемства, якое спадабалася б і пяцікласніку, і дзевяцікласніку. Але, як мне здаецца, у нас усё атрымалася,  — дзеліцца ўражаннямі Дзмітрый Арэхаў, арганізатар Engineering Hexagon.

Задача кожнай каманды на мнагаборстве — прайсці 5 тэматычных станцый: “Матэматыка”, “Англійская мова”, “Фізіка”, “Інфарматыка” і “Робататэхніка”. На кожную даецца па 45 хвілін, а пасля невялікі перапынак  — звыклы для школьнікаў фармат, толькі ўся работа выконваецца ў камандзе і з абмеркаваннем, а атрыманыя балы падсумоўваюцца. На станцыі “Матэматыка” ўдзельнікі перакладалі зададзеную фразу ў дваічны код, на станцыі “Фізіка” — счытвалі з прыбора і расшыфроўвалі сакрэтнае пасланне на азбуцы Морзэ, на станцыі “Англійская мова” разгадвалі крыжаванкі і правяралі веданне нацыянальных святочных традыцый. Навагоднія гірлянды з дапамогай алгарыфмаў Маркава навучэнцы запальвалі на станцыі “Інфарматыка” і будавалі робатаў, якія носяць цукеркі і мандарыны, на станцыі “Робататэхніка”. У фінале школьнікаў чакалі задачы па тэорыі рашэння вынаходніцкіх задач (ТРВЗ).

— Для нас вельмі важна падтрымліваць імкненне школьнікаў да ведаў і рабіць так, каб працэс іх атрымання быў цікавым. Важны нават не столькі вынік, колькі набыты вопыт і ўсведамленне, што падабаецца дзіцяці і над чым варта працягваць праца­ваць, — падкрэслівае Іна Яфімчук, каардынатар па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці EPAM.

Даратэя з аграгарадка Петрышкі на мнагаборства прыехала разам з аднакласнікам. Дзяўчына захапляецца матэматыкай, хіміяй і замежнымі мовамі. “Заданні цікавыя, няхай і не ўсё атрымліваецца  — не да канца ўдалося сабраць робата. Але я не засмуцілася, паспрабуем у наступным годзе. А наогул было б выдатна, калі б такія мерапрыемствы право­дзіліся ў маёй школе”, — адзначыла дзяўчына.

Engineering Hexagon — не толькі спаборніцтвы для школьнікаў, але і абмен вопытам паміж настаўнікамі і валанцёрамі-выкладчыкамі праграм eKids і eKidsGarage, адукацыйных ініцыятыў EPAM, накіраваных на навучанне асновам праграмавання і робататэхнікі дзяцей супрацоўнікаў кампаніі і дзяцей з мнагадзетных сем’яў, SOS-вёсак і дзяцей з інваліднасцю.

— Падтрымліваю і хварэю за ўсё, што звязана з IT-адука­цыяй, — гаворыць настаўнік матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 12 Светлагорска Гомельскай вобласці Яўген Таўсцякоў, які на Hexagon прыехаў разам са сваімі вучнямі. — Такія мерапрыемствы развіваюць навык каманднай работы, дзеці вучацца знаходзіць агульную мову, праяўляюць свае здольнасці і рашаюць нестандартныя задачы. Акрамя таго, у нас атрымалася невялікая экскурсія ў IT-кампанію, што таксама ідзе на карысць: магчыма, каму-небудзь з навучэнцаў спадабаецца і яны ўжо зараз вызначацца з будучай прафесіяй.

Лепшай на спаборніцтвах прызнана каманда навучэнцаў Matrix з Мядзельскай гімназіі-інтэрната Мінскай вобласці. Гімназістам не было роўных па інфарматыцы, фізіцы і робататэхніцы (у гэтых дысцыплінах яны набралі найбольшую колькасць балаў сярод усіх каманд). У склад каманды ўвайшлі пяцёра навучэнцаў  — Андрэй Маліноўскі, Мікіта Жукоўскі, Георгій Марозаў і браты Берняк — Павел і Мікіта. Падрыхтаваў вучняў да паспяховага выступлення настаўнік інфарматыкі Вячаслаў Саўчык. Так трымаць!

Памкненні дзяцей натхняюць дарослых. У планах арганізатараў — правядзенне інжынернага мнагаборства для школьнікаў не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны Казахстана. Разам з геаграфіяй пашырыцца і пералік заданняў, а ментары будуць высы­лаць удзель­нікам для падрыхтоўкі дадатковыя матэрыялы. Наперадзе новая чвэрць, свежыя ідэі і вялікія дасягненні. У нашых таленавітых школьнікаў усё дакладна павінна атрымацца! Да сустрэчы на наступным Engineering Hexagon!

Падрыхтавала
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота прадастаўлены кампаніяй EPAM.