Канстытуцыйны ШАГ

Сталічныя гімназісты зрабілі свой ШАГ да разумення правоў чалавека. У межах аднайменнага праекта да іх у гімназію № 61 завіталі Ірына Старавойтава, першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ала Куніцкая, начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, Ніна Чарняк, старшыня Савета ветэранаў Маскоўскага раёна, яе намеснік Іван Шыманчук і інш. Тэмай сустрэчы стала святкаванне 25-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Пра тое, што гэта за закон і як ён уплывае на наша жыццё, сёння ведае, бадай, кожны школьнік, не гаворачы ўжо пра старшакласнікаў. Таму гутарка перайшла больш у бок выканання правоў сучаснага школьніка.

Улічваючы, што ўдзел у размове ўзялі навучэнцы 9—11 класаў, іх, асабліва хвалявала не проста права на адукацыю, але і ўлік усіх іх пажаданняў, якія тычацца гэтай сферы. Так, 11-класнікаў цікавіла, ці змогуць яны пры жаданні атрымліваць вышэйшую адукацыю на беларускай мове.

—  Сёння 47% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэспублікі даюць магчымасць вывучаць беларускую мову, і я магу з упэўненасцю сказаць, што ў краіне створаны ўсе неабходныя ўмовы, каб навучэнцы маглі свабодна выбіраць, на якой мове ім атрымліваць адукацыю. У Канстытуцыі выразна прапісаны дзве дзяржаўныя мовы, — зазначыла Ірына Старавойтава.

— Права выбару ёсць і ў рамках дашкольнай адукацыі, — падключылася да абмеркавання начальнік упраўлення адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Ала Дзмітрыеўна Куніцкая. — Цяпер у кожным садку ёсць магчымасць набраць беларускамоўную групу дзетак, калі іх бацькі хочуць, каб навучанне і выхаванне вялося на беларускай мове. Дзяржава прадастаўляе тут абсалютную свабоду выбару.

Ірына Старавойтава дадала, што якраз зараз у нашай краіне абмяркоўваецца пытанне білінгвізму ва УВА і робіцца ўсё для таго, каб студэнты маглі пры жаданні вывучаць любыя дысцыпліны па-беларуску.

Цікавілі старшакласнікаў і змяненні ў падліку балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Па меркаванні прадстаўніц сістэмы адукацыі, хоць новая сістэма падліку балаў сапраўды больш складаная, шансы стаць студэнтамі ў абітурыентаў ніяк не зменяцца, асабліва калі школьнік добра арыентуецца ў канкрэтным школьным прадмеце. Проста будзе больш дасканалай ацэнка іх ведаў.

Актуальным аказалася для адзінаццацікласнікаў і пытанне, ці ёсць шанс вярнуцца да экзаменаў у гімназіі. Па іх меркаванні, просты набор вучняў, больш інтэлектуальна развітых і менш, адмоўна адбіваецца на зацікаўленасці ў вучобе і паспяховасці класа ў цэлым.

— А вы падтрымліваеце ідэю сацыяльнай роўнасці? — пытаннем на пытанне адказала Ірына Старавойтава. — Чаму лічыце неабходным па­дзяляць людзей на больш інтэлектуальна развітых і менш? Педагог — гэта прафесіянал, які ўмее данесці інфармацыю да кожнага вучня. Маё меркаванне грунтуецца на ўласным немалым педагагічным вопыце: навучыць можна любое дзіця. Іншая справа, што на засваенне матэрыялу кожнаму з іх патрэбна свая колькасць часу: аднаму вучню хопіць адных заняткаў, другому неабходна чатыры дадатковыя.

Навучэнцаў, якім да заканчэння школы, выпуск­ных і ўступных экзаменаў яшчэ год-два, асабліва хвалявалі магчымыя змены ў сістэме адукацыі.

— Сістэма адукацыі павінна пастаянна развівацца і ўдасканальвацца, і міністэрства пільна сочыць за тым, каб ні адно ўдасканаленне не стала шокам, — адзначыла Ірына Анатольеўна. — Любыя змены павінны быць старанна выверанымі, уліч­ваць аналіз адукацыйных сістэм іншых краін. Галоўнае для нас — гэта захаваць усё лепшае, што сфарміравалася ў айчыннай сістэме адукацыі за многія гады, і прымножыць гэтыя дасягненні.

У размове былі закрануты і пытанні змяненняў у самой Канстытуцыі. Ірына Старавойтава адзначыла:

— Ініцыятыва па ўнясенні змяненняў можа паступіць ад дэпутатаў, ад выканаўчай улады і нават ад звычайных грамадзян нашай краіны пры выкананні пэўных умоў. Праўда, гэта патрабуе сур’ёзнай работы: праводзяцца маніторынгі заканадаўчых актаў, размовы з насельніцтвам, аналізуецца сітуацыя, робяцца вывады. І толькі пасля гэтага змяненні прапаноўваюцца на разгляд дэпутатамі, выканаўчай уладай і ўзгадняюцца з усімі міністэрст­вамі і ведамствамі, а затым накіроўваюцца ў Савет Міністраў і ў Палату прадстаўнікоў. У палаце разглядаецца пытанне ў рабочых групах, дзе часта адбываюцца гарачыя дыспуты, бо тут вялікая цана няправільнага рашэння. Ад той ці іншай фармулёўкі залежаць лёсы людзей. Напрыклад, апошні заканадаўчы акт, над якім я працавала, — гэта законапраект аб аўтарскім праве. Мы правялі больш за 50 рабочых груп, каб знайсці рашэнні, якія аб’яднаюць інтарэсы грамадзян і нашай краіны ў цэлым. Уявіце сабе тую маштабную тонкую работу, якая папярэднічала прыняццю Канстытуцыі, што рэгламентуе ўвогуле ўсю сістэму дзяржаўнасці нашай краіны, таму яна настолькі вывераная. Асноўным дакументам нашай краіны мы можам па праве ганарыцца. І мы можам быць упэўненымі, што ўсе законы, якія прымаем і па якіх з вамі жывём, створаны ў адпаведнасці з нашай Канстытуцыяй.

Завяршылася гутарка аб правах пытаннем ад гасцей да школьнікаў наконт іх абавязкаў. Іван Уладзіміравіч Шыманчук адзначыў, што ў імкненні ведаць свае правы кожны грамадзянін не павінен забывацца і пра свой абавязак перад Радзімай: старацца рабіць усё магчымае, у тым ліку добра вучыцца, каб стаць прафесіяналам і тым самым паспрыяць росквіту сваёй краіны. Не менш важна, па меркаванні гасцей мерапрыемства, запомніць і тое, што імкненні ў рэалізацыі правоў аднаго чалавека не павінны перашкаджаць іншым людзям рэалізоўваць іх правы.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.