Кантактны офіс чакае прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў

- 10:36Інфармацыйная гадзіна

Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан’юнктуры цэн Міністэрства замежных спраў у Цындаа (КНР) падпісаў пагадненне аб стварэнні беларускага кантактнага офіса з мэтай комплекснай падтрымкі беларускага экспарту для выхаду на рынак у гэтым рэгіёне. Пагадненне заключана з кітайскай кампаніяй Qingdao Feichuang Investment Co., Ltd. пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў КНР, паведамілі ў цэнтры.

Беларускі кантактны офіс будзе размешчаны ў інавацыйным цэнтры супрацоўніцтва з краінамі Пояса і Шляху (Belt & Road Collaborative Innovation Center, BRCIC) у Цындаа.

У любога беларускага прадпрыемства, зацікаўленага ў выхадзе на кітайскі рынак, з’яўляецца магчымасць накіраваць свайго прадстаўніка для работы ў кантактным офісе на льготных умовах. Бясплатна будуць прадастаўлены: абсталяваны аргтэхнікай офіс у будынку штаб-кватэры BRCIC з уключанымі камунальнымі расходамі; дапамога ў арганізацыі праз офіс аптовага гандлю беларускімі таварамі, складскія памяшканні і плошчы для дэманстрацыі ўзораў тавараў; памочнік-асістэнт для арганізацыі работы і перакладу дакументацыі з/на кітайскую мову; кватэра для пражывання прадстаўніка беларускага прадпрыемства. Скарыстацца льготамі беларускага кантактнага офіса ў Цындаа могуць толькі прадпрыемствы, якія атрымалі рэкамендацыі Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан’юнктуры цэн МЗС Беларусі.

Прадугледжваецца, што стварэнне беларускага кантактнага офіса ў Кітаі стане сур’ёзным крокам у паскарэнні развіцця супрацоўніцтва ў сферах гандлю, фінансаў, турызму, адукацыі паміж дзвюма краінамі.

BRCIC размешчана на плошчы каля 13,5 га ў Цындаа, правінцыя Шаньдун. Гэта 15-павярховы будынак, у якім ёсць офісныя памяшканні агульнай плошчай 15 тысяч м2. Цяпер у інавацыйным цэнтры адкрылі нацыянальныя офісы пасольствы шэрага краін Афрыкі і Азіі. У будынку плануецца размясціць офісы 12 краін і кансультацыйны візавы цэнтр. Другая чарга прадугледжвае будаўніцтва чатырох будынкаў на плошчы 100 тысяч м2 (афрыканскі, еўрапейскі, азіяцкі і амерыканскі цэнтры Пояса і Шляху).