Якасць педагагічнай працы становіцца вызначальным складнікам далейшага паспяховага функцыянавання сістэмы адукацыі нашай краіны. Таму сёлетні навучальны год быў азнаменаваны новымі падыходамі да ўзняцця сацыяльнага статусу педагога і павышэння яго аўтарытэту. З гэтым звязана градацыя настаўніцтва ў залежнасці ад яго прафесіяналізму пры матэрыяльным і маральным стымуляванні. Кантраляваць якасць адукацыйнай дзейнасці навучальных устаноў і дапамагаць педагогам прафесійна расці — такія кірункі абраны і Дэпартаментам кантролю якасці адукацыі галіновага міністэрства. Больш падрабязна аб дзейнасці дэпартамента сёння нашым чытачам расказвае яго дырэктар Уладзімір Мацвеевіч ЗДАНОВІЧ.
— Уладзімір Мацвеевіч, традыцыйна мы сустракаемся з вамі на пачатку новага навучальнага года. Як імкліва бяжыць час, і вось ужо прайшоў цэлы год з той пары, як вы ўзначалілі Дэпартамент кантролю якасці адукацыі нашага міністэрства. Раскажыце, калі ласка, ці адбыліся за гэты час змены ў дзейнасці дэпартамента і непасрэдна ў вашай працы?
— Калі гаварыць пра наш дэпартамент, то функцыі яго дзейнасці засталіся ранейшымі. Сярод іх — выдача ліцэнзій на адукацыйную дзейнасць, дзяржаўная акрэдытацыя навучальных устаноў, апастыляванне дакументаў аб адукацыі, агульны кантроль якасці адукацыйнай галіны. Усе гэтыя кірункі дзейнасці дэпартамента ўжо добра адпрацаваныя.
Аднак заўважу, што ў апошні час імкліва праходзіць рэструктурызацыя адукацыйных устаноў. Некаторыя з іх далучаюцца да больш буйных устаноў у выглядзе філіялаў, адкрываюцца новыя спецыяльнасці, інтэграваныя па адукацыйных узроўнях. Усе новыя кірункі, безумоўна, патрабуюць большага напружання з боку нашых супрацоўнікаў. Напрыклад, пры змяненні віду ўстановы прафесійнай адукацыі неабходна ўнесці змены ў ліцэнзію і правесці паўторную працэдуру акрэдытацыі. І ў гэтых працэсах часам узнікаюць такія пытанні, якіх раней нельга было прадбачыць. Хто б мог некалькі гадоў назад сказаць, што каледж стане часткай універсітэта і некаторым яго навучэнцам будуць выдаваць дакументы аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі? А як іх выдаваць, каб не парушыць існуючае заканадаўства? Таму калі раней нашай асноўнай задачай быў кантроль якасці адукацыі, то зараз да яго дабавілася і дапамога ўстановам у зняцці разнастайных вострых пытанняў, якія ставіць само жыццё.
Наогул, праца ў дэпартаменце цікавая і тым, што, праводзячы акрэдытацыю, вывучаючы стан адукацыйнай галіны ў канкрэтных рэгіёнах, мы назапашваем разнастайную інфармацыю аб дзейнасці ўпраўленняў і аддзелаў адукацыі, канкрэтных устаноў па ўсёй краіне. Аналізуючы яе, мы выяўляем існуючыя праблемы, робім высновы, а потым уносім адпаведныя прапановы на ўзроўні кіраўніцтва Міністэрства адукацыі па вырашэнні выяўленых праблем, у тым ліку прапановы па змяненні заканадаўства.
Мы сапраўды знаходзімся, як кажуць, у самай гушчы адукацыі і адчуваем, што наша дзейнасць дае карысць дзяржаве і грамадству.
— Як вядома, пасля аптымізацыі складу дэпартамента намнога зменшылася колькасць яго супрацоўнікаў. Ці паўплывала гэта на кола іх службовых абавязкаў?
— У новым складзе мы спраўляемся з кантролем якасці адукацыйнай дзейнасці амаль чатырох тысяч устаноў адукацыі. Прынамсі, намі былі перагледжаны падыходы да выканання абавязкаў, скарочаны тэрміны правядзення акрэдытацыі пры захаванні якасці працэдуры, аптымізаваны працэсы падрыхтоўкі дакументаў, распрацаваны неабходныя электронныя базы даных.
Сёння ў складзе дэпартамента працуюць 15 вопытных і таленавітых людзей, якія сапраўды любяць сваю справу, хварэюць за гонар дэпартамента, а да працы адносяцца адказна і творча.
Акрамя таго, кожны наш супрацоўнік знаходзіцца ў стане бесперапыннага навучання, бо, па-першае, нам пастаянна трэба сачыць за зменамі ў заканадаўстве, якое тычыцца адукацыі, а па-другое, ад кіраўнікоў, настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў да нас паступае шмат зваротаў па самых разнастайных пытаннях, і, каб даць аргументаваны адказ, патрэбны і веды, і ўменні, якія прыходзяць толькі пасля пэўных намаганняў.
Усё гэта дае свой плён. Толькі за першае паўгоддзе бягучага года намі праведзена 186 адміністратыўных працэдур, звязаных з акрэдытацыяй, 427, звязаных з ліцэнзаваннем адукацыйнай дзейнасці, разгледжана 124 звароты грамадзян і юрыдычных асоб, аформлена 5360 дакументаў аб адукацыі і выдадзена 161 даведка выязджаючым за межы краіны. Падрыхтавалі два пытанні для разгляду на калегіях Міністэрства адукацыі. Выконваючы шэраг даручэнняў вышэйстаячых органаў кіравання, ахапілі разнастайнымі кантрольнымі мерапрыемствамі больш за 100 устаноў адукацыі. Дарэчы, праводзячы працэдуры ліцэнзавання і апастылявання дакументаў аб адукацыі, мы плануем папоўніць бюджэт краіны больш чым на мільярд рублёў.
— З якімі парушэннямі пры правядзенні акрэдытацыі вы сустракаецеся часцей за ўсё?
— Адразу адзначу, што нейкіх сістэмных праблем у нацыянальнай сістэме адукацыі і наогул праблем, якія б нельга было выправіць, мы не знаходзім. Усе парушэнні, якія выяўляюцца, па-сутнасці, звязаны найперш з чалавечым фактарам. А калі больш канкрэтна — з недастатковым, на жаль, узроўнем прававой і кіраўніцкай культуры кіраўнікоў устаноў і арганізацый, а таксама педагогаў, што праяўляецца ў невыкананні патрабаванняў нарматыўных прававых актаў у сферы адукацыі, а таксама ў неэфектыўным, часам фармальным планаванні дзейнасці.
Напрыклад, застаецца пакуль вострай праблема недахопу выхавальнікаў у асобных установах дашкольнай адукацыі і настаўнікаў некаторых вучэбных прадметаў. Але ж установы вышэйшай адукацыі рыхтуюць такіх спецыялістаў у дастатковай колькасці, а вось самі кіраўнікі дзіцячых садкоў і школ разам з кіраўніцтвам рэгіёнаў пакуль недастаткова актыўныя ў рабоце з будучымі выпускнікамі, сваімі патэнцыяльнымі работнікамі.
Або як разумець невыкананне заканадаўства аб своечасовым праходжанні пацвярджэння дзяржаўнай акрэдытацыі ці падаўжэнні дзейнасці ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць? Пры разглядзе такіх парушэнняў выяўляецца, што асобныя кіраўнікі наогул не чыталі адпаведныя нарматыўныя прававыя акты і нават не ведаюць пра іх існаванне. Акрамя азначаных вышэй, хачу звярнуць увагу нашых краўнікоў на наступныя праблемныя кірункі: арганізацыйная работа (фармалізм пры ажыццяўленні ўнутранага кантролю, неканкрэтнасць рашэнняў педагагічных саветаў і адсутнасць іх аналізу, афармленне дакументаў з парушэннем заканадаўства); якасны склад педагагічных работнікаў (невысокі ўзровень адукацыі, неадпаведнасць атрыманай адукацыі займаемай пасадзе, несвоечасовае праходжанне павышэння кваліфікацыі, неўкамплектаванасць кадрамі, слабая работа па матывацыі кадраў на павышэнне кваліфікацыйнай катэгорыі); матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне (не адпавядае патрабаванням аснашчэнне вучэбных кабінетаў, састарэлае камп’ютарнае абсталяванне, адсутнасць уласных сайтаў, бедны бібліятэчны фонд, адсутнасць роставай мэблі, энергазберагальнага асвятлення, зношанае абсталяванне харчаблокаў і інш.); незабеспячэнне ўмоў для аховы жыцця і здароўя дзяцей, у тым ліку невыкананне патрабаванняў санітарных норм і правіл, патрабаванняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях; парушэнні ў арганізацыі адукацыйнага працэсу (пры ацэньванні дзейнасці вучняў на ўроку адзнакі не выстаўляюцца, не каменціруюцца, выстаўляюцца неаб’ектыўна; нізкі ахоп вучняў факультатыўнымі заняткамі; адсутнічае сістэма работы з адоранымі і адстаючымі ў вучобе вучнямі і інш.); выхаваўчая работа (на нізкім узроўні арганізавана работа з вучнямі па прыцягненні іх у дзіцячыя і маладзёжныя аб’яднанні, па раннім выяўленні і вывадзе дзяцей з сацыяльна небяспечнага становішча, выяўляюцца парушэнні ў рабоце савета па прафілактыцы бездагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, выпадкі злачынстваў, здзейсненых вучнямі).
Спіс, канечне, можна прадаўжаць, але калі калектывы пазбавяцца хаця б пералічаных недахопаў, то можна меркаваць, што будзе зроблены значны ўклад у павышэнне якасці нацыянальнай адукацыі.
— Гаворачы аб якасці адукацыі, многія непасрэдна звязваюць яе з памерам заробку настаўнікаў. А якое ваша меркаванне на гэты конт?
— Мы часта чуем скаргі на тое, што ў аднаго настаўніка мала ўрокаў, але ён душу ўкладвае ў кожныя заняткі, а ў другога паўтары стаўкі, але ён на ўроках не “гарыць”, адбывае час і пры гэтым атрымлівае большае грашовае ўзнагароджанне. Няправільна гэта. Таму я падтрымліваю прывядзенне сістэмы аплаты працы педагогаў у адпаведнасць з інтэнсіўнасцю працы і дасягнутымі вынікамі праз дыферэнцыраванае павелічэнне надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі.
І ўсё ж трэба ісці далей, выкарыстоўваючы патэнцыял і магчымасці рэгіёнаў, бо на месцах лепш бачна, хто ёсць хто. Звычайна навідавоку так званыя элітныя ўстановы адукацыі і настаўнікі, якія працуюць з моцнымі вучнямі, тыя, у каго ёсць пераможцы прадметных алімпіяд і конкурсаў, 100-бальнікі на ЦТ. Але ж самыя добрыя словы ўдзячнасці павінны гучаць і ў адрас тых устаноў адукацыі, дзе слабаму дзіцяці дапамагаюць стаць моцным, здольнаму — развіць свае здольнасці, а адзнакі ставяць не завышаныя ці заніжаныя, а тыя, якія дакладна адпавядаюць вынікам вучобы. Мы павінны заахвочваць, у тым ліку матэрыяльна, і тых, да каго ў клас прыйшлі слабыя вучні, з “кульгаючай” дысцыплінай, а настаўнік падняў іх на больш высокі ўзровень ведаў, павёў у бок ад правапарушэнняў. Дарэчы, выхаваць няхай і не выдатніка ў вучобе, але здаровага, прыстойнага чалавека, які імкнецца нават да маленькай перамогі над сабой, таксама велізарная праца.
Найбольш справядлівай была б адзнака настаўніка па змяненні якасці вучня за перыяд часу ад паступлення ў школу да моманту яе заканчэння. Вось толькі пакуль вельмі складана вызначыць гэтую якасць і арганізаваць яе параўнанне нават у межах адной школы. Бо зыходны матэрыял (вучні) — не загатоўкі аднаго памеру з аднаго металу, а дзеці з рознымі характарамі і здольнасцямі да вучобы. Ды і настаўнік працуе ў класе не адзін. Як ацаніць уклад кожнага з іх? Вось добрая тэма для нашых кандыдатаў і дактароў педагагічных навук.
Дарэчы, павышэнне заробку заўсёды звязана з пошукам крыніц фінансавання. Прапанаваны ўжо розныя спосабы (аптымізацыя сеткі ўстаноў, павышэнне нагрузкі, напаўняльнасці класаў), але, на мой погляд, не менш важна, працягваючы ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі, рацыянальна і ашчадліва расходаваць энергарэсурсы, матэрыяльныя і грашовыя сродкі, якія маюцца ў сістэме адукацыі. Лічу, што ў забеспячэнні ўстаноў адукацыі нам трэба ісці ад іх перанасычанасці абсталяваннем, якое слаба выкарыстоўваецца ці наогул не выкарыстоўваецца і да таго ж дорага каштуе, ад залішняй пампезнасці ў знешнім афармленні ў бок разумнага аскетызму, больш увагі ўдзяляючы не сценам і жалезу, а настаўніку і адукацыйнаму працэсу.
— Відавочна, што рост фінансавання — неабходная ўмова для павышэння якасці адукацыі. Але ці ўсё залежыць толькі ад грошай?
— Якой бы электроннай тэхнікай мы ні насычалі нашы дзіцячыя сады і школы, якую б базу ні стваралі, але ж галоўным фактарам, які вызначае якасць адукацыі, у тым ліку адукаванасць і выхаванасць выпускнікоў, быў, ёсць і заўсёды будзе педагог. У сувязі з гэтым мяне больш трывожыць пакуль невысокі статус педагагічнай прафесіі. І гэта вельмі тонкае пытанне.
Так, можна павысіць заробак, устанавіць падоўжаны аплачваемы водпуск, забяспечыць жыллём. Але ж гэта не ўсе складнікі статусу чалавека. Бо можна быць багатым і адначасова непаважаным. Таму кожнаму выхавальніку, настаўніку, майстру трэба ў першую чаргу і самому клапаціцца пра сваё добрае імя. Вопытныя настаўнікі падтрымаюць мяне ў гэтым і пацвердзяць, што значнасць педагога ў вачах вучняў і бацькоў фарміруецца на кожным уроку, пачынаючы з самага першага, праз адносіны да навучэнцаў, веданне прадмета і ўзровень яго выкладання, уменне знаходзіць прыстойнае выйсце са складаных педагагічных сітуацый, якія ўзнікаюць штодзённа, праз знешні выгляд, настрой і адпаведнасць пэўным этычным правілам.
І яшчэ. Трэба ў любой сітуацыі любіць сваю працу, паважаць сваю прафесію і сябе ў ёй, бо чалавека, які ўмее паважаць сябе, паважаюць і іншыя. А той, хто саромеецца сваёй працы, пастаянна незадаволены ёю, міжволі сам правакуе негатыўныя адносіны і да сябе, і да абранай прафесіі наогул.
Добра, што сярод настаўніцтва пераважная большасць творчых, ініцыятыўных, па-дзяржаўнаму адказных у выкананні сваіх функцый людзей, якія з’яўляюцца асабістым прыкладам для навучэнцаў і ў інтэлекце, і ў паводзінах. Таму ад нашага дэпартамента вялікі дзякуй ім за адданасць прафесіі. Паколькі ўжо набліжаецца Дзень настаўніка, то ад усіх нашых супрацоўнікаў жадаю педагагічным работнікам краіны добрага настрою ў працы, вельмі патрэбнай краіне, міру і шчасця ў кожны дом, каб часу хапала і на працу, і на сям’ю, моцнага здароўя і максімальнага дабрабыту. Вялікі дзякуй усім педагогам за адданасць прафесіі.
— “Настаўніцкая газета” далучаецца да віншаванняў, а таксама віншуе са святам непасрэдна калектыў дэпартамента, работа якога накіравана на паспяховае функцыянаванне сістэмы адукацыі.
Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.