Кантроль дзеля стваральніцтва

- 10:10Суразмоўца
Дэпартамент кантролю якасці адукацыі галіновага міністэрства можна з упэўненасцю назваць унікальнай структурай, якая вывучае жыццё нашай сістэмы адукацыі як звонку, так і знутры. Аналізуючы дзейнасць адукацыйнай галіны, непасрэдна функцыянаванне кожнай навучальнай установы, работу педагогаў, меркаванні навучэнцаў і іх бацькоў, дэпартамент робіць своеасаблівы зрэз, каб аб’ектыўна ацаніць, на якім узроўні знаходзіцца сёння якасць навучання. Якія механізмы ў гэтым задзейнічаў дэпартамент сёлета, якія новыя функцыі ўвайшлі ў кола яго дзейнасці і шэраг іншых пытанняў цікавіць чытачоў нашай газеты. Гэтыя пытанні мы і задалі дырэктару Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь У.М.ЗДАНОВІЧУ.

— Уладзімір Мацвеевіч, як вядома, дэпартамент таксама закранула аптымізацыя сістэмы адукацыі, і колькасны склад вашых супрацоўнікаў істотна паменшыўся. Ці паўплывала гэта на змяненне функцый дэпартамента?
— Сёння наш дэпартамент па колькасным складзе паменшыўся амаль на палову, тым не менш усе функцыі, якія былі замацаваны раней, засталіся і нават дадаліся новыя.
У якасці асноўных функцый, якія выконвае дэпартамент, можна назваць выдачу ліцэнзій на адукацыйную дзейнасць новым установам адукацыі, унясенне змяненняў у ліцэнзіі, калі ў дзейнасці ўстановы адукацыі адбыліся істотныя змены, напрыклад, калі УВА адкрывае новыя спецыяльнасці. Наступны кірунак — дзяржаўная акрэдытацыя навучальнай установы і пацвярджэнне дзяржаўнай акрэдытацыі, якую мы ажыццяўляем адзін раз у 5 гадоў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама для тых, хто мае ліцэнзію на адукацыйную дзейнасць. Гэта вельмі важны этап, таму што пры акрэдытацыі навучальнай установы і ў выпадку яе пацвярджэння дэпартамент не проста дае права на выдачу дакументаў аб адукацыі дзяржаўнага ўзору, а дасканала вывучае ўсе кірункі дзейнасці ўстановы. Для гэтага вывучаюцца ўсе неабходныя ўмовы яе функцыянавання, працоўная дзейнасць настаўнікаў, праводзяцца кантрольныя заданні сярод навучэнцаў, каб выявіць узровень іх ведаў.
Па даручэнні галіновага міністэрства сёння мы праводзім шэраг сур’ёзных даследаванняў у сістэме адукацыі, якія ў далейшым павінны паўплываць на якасць навучання. Так, напрыклад, дэпартамент вывучае ўкараненне сістэмы менеджменту якасці ў нашых УВА і стаўленне да яе выкладчыкаў, наладжванне сувязі навучальных устаноў вышэйшай адукацыі з заказчыкамі кадраў, непасрэдна дзейнасць кафедраў УВА, якія адкрываюцца ва ўмовах вытворчасці, праводзіць кантроль выпускных экзаменаў ва ўстановах адукацыі, вывучае дзейнасць сістэмы адукацыі ў канкрэтным рэгіёне.

— Нядаўна дэпартамент стаў займацца апастыляваннем. Што гэта за працэдура?
— Сапраўды, новы кірунак, які ажыццяўляецца цяпер у дэпартаменце, — гэта апастыляванне. Сёння жыццё вельмі дынамічнае, адбываецца актыўная міграцыя насельніцтва, людзі мяняюць месца жыхарства не толькі ў межах адной краіны, але выязджаюць у іншыя, дзе імкнуцца працаўладкавацца альбо працягнуць навучанне. Новая функцыя дэпартамента заключаецца ў тым, каб пацвердзіць сапраўднасць дакумента, які быў атрыманы ў нашай навучальнай установе за пэўны перыяд навучання таго ці іншага грамадзяніна. Акрамя таго, дэпартамент выдае неабходныя даведкі, якія тычацца навучання, праводзіць для наведвальнікаў кансультацыі. Увогуле за год мы здзяйсняем адміністрацыйных працэдур такога кшталту больш за 10 тысяч. Гэта каласальны аб’ём работы, але сёння нам удалося яе істотна аптымізаваць і аўтаматызаваць, што дазваляе праводзіць гэтыя працэдуры вельмі хутка.

— Міністэрствам адукацыі нядаўна былі распрацаваны крытэрыі ацэнкі якасці адукацыі. Наколькі яны адпавядаюць таму, каб даць аб’ектыўную ацэнку дзейнасці навучальнай установы?
— На сённяшні дзень дакладнага азначэння, што такое якасць адукацыі, пакуль няма. Звычайна якасць адукацыі ў нашым разуменні — гэта адпаведнасць адукацыйным стандартам. Але гэта вельмі абцякальнае паняцце, і, відавочна, што пакуль не хапае адпаведнай канкрэтыкі. Так, сапраўды, галіновае міністэрства распрацавала крытэрыі ацэнкі якасці адукацыі, але яны пакуль агульныя. Напрыклад, у паказчыкі дзейнасці навучальнай установы ўнесены зыходныя ўмовы, у тым ліку стан матэрыяльна-тэхнічнай базы гэтай установы, колькасць педагогаў, якія працуюць у ёй, іх адукацыйны ўзровень. Наступны паказчык — удзел навучэнцаў установы ў алімпіядным руху, вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, узровень выхаванасці, які вызначаецца колькасцю правапарушэнняў і злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі. Відавочна, што сёння патрэбны крытэрыі ацэнкі дзейнасці і кожнага настаўніка. Гэта праблема ўсіх краін, і мы імкнёмся стварыць такія крытэрыі. Але пры гэтым трэба ўлічваць шмат нюансаў, якія характэрны для дзейнасці нашых педагогаў, што не дазваляе звесці іх работу да нейкіх агульных паказчыкаў, таму неабходны больш канкрэтны падыход.

— Якім чынам дэпартамент вывучае дзейнасць навучальных устаноў?
— Хацеў бы звярнуць увагу кіраўнікоў навучальных устаноў, настаўнікаў, што задача дэпартамента не пакараць, а выявіць недахопы, калі яны ёсць, і дапамагчы іх выправіць. Мы не над педагогамі, мы — побач.
Наша работа па акрэдытацыі навучальнай установы пачынаецца з вывучэння матэрыялаў самакантролю, якія паступаюць у дэпартамент. Нашы супрацоўнікі дасканала вывучаюць іх, а затым выязджаюць на месца, каб вызначыць, наколькі яны адпавядаюць фактычнаму стану спраў. У першую чаргу мы вывучаем унутраныя дакументы: статуты, гадавыя планы, робім кантрольныя зрэзы, правяраем стан матэрыяльна-тэхнічнай базы, узровень прафесіяналізму настаўнікаў, праводзім анкетаванне навучэнцаў, бацькоў, педагогаў. Пасля правядзення акрэдытацыі навучальнай установы дэпартамент піша адпаведную даведку з указаннем канкрэтных рэкамендацый па выпраўленні памылак і праз год правярае, як яны выпраўлены. Сістэма адукацыі не стаіць на месцы: ствараецца шмат новых навучальных устаноў, некаторыя закрываюцца, а частка мяняе тып альбо набывае новы статус — усё гэта патрабуе змяненняў у кіруючыя дакументы, і функцыя дэпартамента — гэта кантраляваць.
Акрамя таго, сёння многія іншыя арганізацыі, якія не падпарадкаваны Міністэрству адукацыі і маюць іншы профіль, выказваюць жаданне весці адукацыйную дзейнасць. З улікам гэтага дэпартамент кантралюе, каб гэтыя арганізацыі, калі ўжо ўзяліся за навучанне, давалі толькі якасныя веды. З нашага боку будзе засяроджана ўвага на ўзроўні матэрыяльна-тэхнічнай базы такіх устаноў, педагагічным складзе і, безумоўна, на вучэбным працэсе.
У працэсе дзейнасці нашага дэпартамента выявіліся і некаторыя недахопы ў заканадаўстве. Напрыклад, згодна з заканадаўствам, як толькі адкрываецца навучальная ўстанова — мы адразу павінны правесці там кантрольныя зрэзы, каб высветліць узровень якасці адукацыі. Але ўстанова толькі пачала работу, па сутнасці, там няма чаго правяраць. А вось пасля 5 гадоў дзейнасці ўстановы, калі яна павінна пацвярджаць акрэдытацыю, заканадаўствам не прадугледжана праводзіць зрэзы, хаця павінна быць усё наадварот. Відавочна, неабходна прывесці ў адпаведнасць з заканадаўствам некаторыя кірункі нашай дзейнасці, таму плануем выйсці з прапановай перад заканатворцамі. Хацелася ўзаконіць яшчэ адно пытанне, якое тычыцца арганізацыі курсаў падрыхтоўкі па той ці іншай прафесіі і правядзення кантролю за іх дзейнасцю. Сёння курсы аказаліся па-за сферай кантролю, і ёсць шмат нараканняў на якасць адукацыі з боку тых, хто там вучыцца. Мясцовыя органы выканаўчай улады толькі выдаюць дазвол на арганізацыю курсаў, а кантроль ніхто не ажыццяўляе. Таму было б мэтазгодным у адпаведных заканадаўчых дакументах замацаваць гэтую функцыю за тымі, хто выдаваў дазвол.

— Напэўна, пры акрэдытацыі навучальных устаноў дэпартамент сутыкаецца з тыповымі памылкамі ў іх дзейнасці. На што трэба звярнуць увагу кіраўнікам устаноў адукацыі ў першую чаргу?
— Так, сапраўды, ёсць такія памылкі, якія ўласцівы многім навучальным установам. Таму хочацца іх назваць, каб у далейшым яны не ўзнікалі. Не заўсёды кіраўнікі валодаюць інструктыўна-метадычнай базай, цікавяцца змяненнямі ў заканадаўстве. Імі часта дапускаюцца парушэнні пры прыёме на работу, звальненні, вядзенні дакументацыі і шэрагу іншых пытанняў. У першую чаргу варта вылучыць недастатковы ўзровень прававой і кіраўніцкай культуры кіраўнікоў устаноў, які праяўляецца ў невыкананні патрабаванняў нарматыўных прававых актаў у сферы адукацыі. У прыватнасці, у статуты некаторых школ да гэтага часу не ўнесены змены з улікам патрабаванняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, новага Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, іншых нарматыўных прававых актаў. Штогод дзясяткі ўстаноў пераўтвараюцца ці закрываюцца, у некаторых установах заканчваецца тэрмін дзеяння сертыфіката аб дзяржаўнай акрэдытацыі. Але кіраўнікі не вытрымліваюць тэрмін падачы заяў аб правядзенні альбо пацвярджэнні дзяржаўнай акрэдытацыі, а таксама тэрмін здачы сертыфікатаў пры ліквідацыі ўстановы адукацыі. Недакладна афармляюцца дакументы пры правядзенні працэдуры замены сертыфіката аб дзяржаўнай акрэдытацыі.
Некаторыя кіраўнікі школ аслабілі кантроль за рэалізацыяй адукацыйных праграм і выкананнем адукацыйных стандартаў. У выніку чаго педагогі пры планаванні работы з навучэнцамі часта не арыентаваны на змест такіх дакументаў. Гэты факт пацвярджаецца зместам аналітычных даведак і рашэнняў педагагічных саветаў. У большасці школ пры аналізе іх функцыянавання па асноўных напрамках дзейнасці адлюстроўваецца толькі фактычны стан адукацыйнага працэсу, не названы прычыны тых ці іншых праяў, не прасочваецца пераемнасць бягучага і мінулагодніх навучальных гадоў. Адсутнічае дакладнасць у вызначэнні задач на новы навучальны год, не адлюстраваны спосабы і сродкі дасягнення канчатковых вынікаў.
Такі стан спраў выкліканы ў большасці тым, што ў планах работы ўпраўленняў і аддзелаў адукацыі некаторых рэгіёнаў з году ў год дубліруюцца адны і тыя ж пытанні ў частцы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.
Трэба сказаць, што недастаткова сістэмна арганізоўваецца работа па вывучэнні, абагульненні i распаўсюджванні перадавога педагагічнага вопыту. Не ў поўнай меры выкарыстоўваюцца крытэрыі ацэнкі якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Некаторыя пастановы носяць неканкрэтны і неабавязковы характар. Як вынік – у некаторых раёнах не забяспечваецца комплексны падыход да павышэння якасці работы ўстаноў адукацыі.
Настаўнікі часцей за ўсё цікавяцца інструктыўна-метадычнымі пісьмамі толькі па сваім прадмеце, бо выйсці за межы свайго профілю ў іх іншы раз не хапае часу. Адмоўным фактарам у рабоце многіх педагогаў таксама з’яўляецца няведанне імі ў поўным аб’ёме нарматыўных прававых дакументаў, няўменне прымяняць іх на практыцы, адсутнічаюць навыкі аналізу праблем і праектавання з улікам іх адукацыйнай дзейнасці. Вельмі часта парушаюцца ўказанні да вядзення класных журналаў, да афармлення пісьмовых работ і дзённікаў навучэнцаў.
Праблемным полем ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі застаецца пытанне захавання здароўя вучняў. Хачу звярнуць увагу кіраўніцтва ўстаноў адукацыі, кожнага педагога на бяспеку знаходжання нашых дзяцей у навучальных установах. Пагадзіцеся, што бацькам не так важна адзнака, якую дзіця прынясе са школы, як тое, наколькі бяспечным будзе там яго знаходжанне. Адзначу, пакуль не ў дастатковай меры праводзіцца прафілактычная работа па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця, ахове здароўя дзяцей. Арганізацыя заняткаў з выкарыстаннем электроннай тэхнікі прад’яўляе асаблівыя патрабаванні да аховы здароўя дзяцей, таму выкананне пры гэтым норм абавязковае. Шмат парушэнняў назіраецца ў школах пры выкананні патрабаванняў пажарнай бяспекі, традыцыйна выяўляецца вялікая колькасць парушэнняў пры арганізацыі харчавання. На гэтым трэба сканцэнтраваць большую ўвагу.
Як было адзначана, дэпартамент вывучае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, і можна канстатаваць, што яно пакуль недастатковае. Аснашчэнне кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі, працоўнага навучання амаль усюды не адпавядае патрабаванням і нормам, распрацаваным Міністэрствам адукацыі. Кабінеты не цалкам забяспечаны абсталяваннем, вучэбна-нагляднымі дапаможнікамі, раздатачным матэрыялам, рознаўзроўневымі заданнямі, электроннымі сродкамі навучання, што выклікае цяжкасці пры планаванні і правядзенні ўрокаў на высокім якасным узроўні. Ад кіраўніцтва навучальных устаноў залежыць і іх кадравае забеспячэнне. Найбольш характэрныя парушэнні ў гэтым пытанні — наяўнасць сярод педагагічных работнікаў вялікай колькасці настаўнікаў, якія не маюць кваліфікацыйнай катэгорыі (да 20%); не выкананне альбо ўвогуле адсутнасць плана курсавой падрыхтоўкі па павышэнні кваліфікацыі (аналізуюцца даныя за 5 апошніх гадоў).
Дэпартаментам устаноўлены факты афармлення дакументацыі па атэстацыі педагагічных работнікаў з парушэннем Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі. Найважнейшае пытанне — якасць адукацыйнага працэсу, якое шмат у чым залежыць ад наладжанай сістэмы ўнутранага кантролю. На жаль, не ўсюды распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па правядзенні кантрольных мерапрыемстваў, не назначаюцца асобы, адказныя за іх арганізацыю, не выдаюцца загады аб падрыхтоўцы, правядзенні кантрольных мерапрыемстваў і іх выніках.
Маюць месца парушэнні правіл атэстацыі навучэнцаў. Пры ацэньванні дзейнасці навучэнцаў на ўроку некаторыя педагогі адзнакі не выстаўляюць, не каменціруюць, не своечасова апытваюць навучэнцаў, якія атрымалі адзнакі нізкага ўзроўню.
У некаторых установах існуе слабы ахоп дзяцей факультатыўнымі заняткамі, недастатковая ўвага ўдзяляецца падтрымліваючым заняткам. Наогул, пытанне эфектыўнасці факультатыўных заняткаў як заняткаў, якія спрыяюць паглыбленню ведаў вучняў па асобных прадметах, застаецца адкрытым. У гэтай сувязі варта адзначыць, што ў тым ліку з-за нізкай эфектыўнасці факультатываў у шэрагу школ да 50% выпускнікоў карыстаюцца паслугамі рэпетытараў. Не ўсюды выконваецца графік кантрольных работ. Пры правядзенні дэпартаментам кантрольных зрэзаў па асобных прадметах (для вызначэння якасці і ўзроўню навучанасці школьнікаў) вынікі гэтых зрэзаў часам не карэлююць з адзнакамі за чвэрць па прадмеце (разыходжанне можа складаць да 3-4 балаў).
Прафарыентацыйная работа з выпускнікамі школ, якая накіравана на набыццё імі рабочых прафесій, таксама застаецца недастатковай і не ў поўнай меры выклікае ў навучэнцаў цікавасць да прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у першую чаргу як першай прыступкі для далейшага прафесійнага росту. Вынікі анкетавання паказваюць, што толькі каля 70% навучэнцаў 9 і 11 класаў за час вучобы вызначаюцца з выбарам прафесіі. Грамадства трывожыць і ўзровень выхаванасці моладзі. Таму праблема прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў па-ранейшаму павінна заставацца прыярытэтным напрамкам у дзейнасці навучальных устаноў.

— Ужо зусім хутка пачнецца новы навучальны год. Якая работа прадугледжваецца дэпартаментам?
— Наша структура і ў новым навучальным годзе будзе весці вельмі аб’ёмную работу ў навучальных установах. Мы лічым мэтазгодным аптымізаваць аб’ём інфармацыі, якая паступае да нас з навучальных устаноў. Для гэтага плануем распрацаваць метадычныя рэкамендацыі для кіраўніцтва ўстаноў як узор для таго, каб паказаць, якімі павінны быць матэрыялы самакантролю. Змястоўнасць, дакладнасць, лаканічнасць павінны быць у аснове складання справаздач і нашымі супрацоўнікамі. Усе супрацоўнікі дэпартамента вельмі здольныя, адукаваныя, вопытныя работнікі, з імі камфортна працаваць. Гэта ўсяляе ўпэўненасць, што дэпартамент справіцца з пастаўленымі задачамі і ад нашай работы будзе карысць як сістэме адукацыі, так і ўсёй кране. Улічваючы, што наша гутарка адбываецца напярэдадні новага навучальнага года, ад усіх супрацоўнікаў дэпартамента жадаю педагогам краіны добрага настрою, міру і шчасця, каб часу хапала на работу і на сям’ю, а яшчэ матэрыяльнага дабрабыту і здароўя!

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.