Канвертаваць веды ў адзнакі

- 10:37Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Для выпускнікоў гарачая пара экзаменаў у самым разгары. У сераду адзінаццацікласнікі негарэльскай сярэдняй школы № 1 выконвалі кантрольную работу па матэматыцы. 

Ужо пры ўваходзе ў школу нас сустрэў надпіс: “Захоўвайце цішыню! Ва ўстанове адукацыі праходзяць выпускныя экзамены!”. І сапраўды, у школьных калідорах ніхто не бегае, не чуваць вясёлага гулу дзетвары — наведвальнікі школьнага лагера прадбачліва накіраваліся ў парк. А вось на трэцім паверсе, дзе адбудзецца экзамен, жыццё кіпіць. Здаецца, напружанне, хваляванне сканцэнтраваліся тут па максімуме. Школьнікі стараліся самастойна справіцца са сваімі эмоцыямі. Адны пераліствалі канспекты, падручнікі, другія размаўлялі з сябрамі, добрым словам і жартам імкнучыся разрадзіць атмасферу, трэція стараліся супакоіцца, падышоўшы да акна. 

Паступова прыгожа апранутыя, усхваляваныя навучэнцы занялі свае месцы ў класе, папярэдне пакінуўшы мабільныя тэлефоны і іншыя рэчы ў суседнім пакоі. 

Перад пачаткам экзамену з пажаданнямі да выпускнікоў звярнулася старшыня экзаменацыйнай камісіі дырэктар школы Таццяна Пятроўна Кудзіна. Яна адзначыла важнасць моманту, дала вучням добрыя парады, усяліла ўпэўненасць у поспеху.

І вось з экрана гучаць варыянты заданняў, якія неабходна выканаць, — і настаўнікі, і вучні аблегчана выдыхаюць і бяруцца за работу… 

Сёлета ў Негарэльскай школе выпускаецца адзін клас. На старшай ступені для навучэнцаў было арганізавана профільнае навучанне: на павышаным узроўні школьнікі вывучалі фізіку і рускую мову. А яшчэ ў дзяцей была магчымасць наведваць міжшкольныя факультатывы: педагагічнай накіраванасці — на базе гімназіі Дзяржынска (4 вучні), аграрнай накіраванасці — на базе Петкавіцкага ВВК (9 навучэнцаў) і спартыўна-педагагічнай накіраванасці — на базе сярэдняй школы № 2 Дзяржынска (1 навучэнец). 6 школьнікаў вучыліся на базавым узроўні і на базе Абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя атрымлівалі спецыяльнасць “Кухар”. 

У маім класе вучыцца 26 школьнікаў. Іх сярэдні бал — адзін з самых высокіх па школе (8,4 бала), непаспяваючых дзяцей няма. Паліна Качан прэтэндуе на залаты медаль, — расказвае пра сваіх выхаванцаў класны кіраўнік Юлія Уладзіміраўна Чамярыс. — Сённяшнія адзінаццацікласнікі — мэтанакіраваныя, ініцыятыўныя, крэатыўныя юнакі і дзяўчаты, у якіх нямала перамог у вучэбнай, інтэлектуальнай, творчай і спартыўнай дзейнасці. Так, на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды ўладальнікамі дыпломаў сталі Аляксандр Якаўлеў (геаграфія), Паліна Качан (геаграфія і грамадазнаўства), Алёна Васілеўская (астраномія), Ганна Барысевіч (сусветная гісторыя і гісторыя Беларусі). Іван Старавойтаў — пераможца алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, Дзяніс Бабаеў — рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, даследчага конкурсу TERRA PATRIS, Данііл Чамярыс — міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу “Мая сямейная рэліквія”, конкурсу тэхнічнай творчасці “ТэхнаГрад” і інш. Уладзіслаў Руткевіч на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства навучэнцаў па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” адзначаны дыпломам І ступені.

Любоў да радзімы фарміруецца з таго куточка, дзе нарадзіўся, з сям’і і, безумоўна, у гэтым працэсе вялікая роля належыць школе. Стварэнне ўмоў для фарміравання асобы закладваецца менавіта тут. У нашых сёлетніх выпускнікоў сфарміравана пачуццё, што менавіта ў нашай краіне можна знайсці добрую ўстанову адукацыі і прэстыжнае месца працы.  

 Т.П.Кудзіна.

З гордасцю гаворыць пра сённяшніх выпускнікоў і дырэктар школы Таццяна Пятроўна Кудзіна: “Гэта мае лепшыя памочнікі: яны першымі працавалі ў студэнцкім атра­дзе БРСМ у гадавальніку філіяла БНТУ, сіламі навучэнцаў у супрацоўніцтве з цэнтрам занятасці Дзяржынскага раёна была сабрана мэбля і адрамантаваны калідор у спартыўнай зале школы. Дарэчы, па ўласным вучнёўскім праекце. Нашы навучэнцы сталі актыўнымі ўдзельнікамі сацыяльнага праекта, які рэалізуецца на базе школы “Школа і пасёлак — разам да ўстойлівага развіцця” (прыбіранне, добраўпарадкаванне тэрыторыі, пасадка дрэў). Такім чынам мы імкнёмся прывіваць нашым выхаванцам любоў да малой радзімы і вырасціць з іх сапраўдных патрыётаў”, — гаворыць дырэктар.

Каб вучні зрабілі правільны жыццёвы выбар, павышаная ўвага ўдзяляецца ў школе праф­арыентацыйнай рабоце, якая пачынаецца з пачатковых класаў. Сумесна з прадпрыемствамі Дзяржынска і Дзяржынскага раё­на распрацавана прафарыентацыйная дарожная карта, арганізоўваюцца экскурсіі вучняў на прадпрыемствы. Так, школьнікі наведваюць Негарэльскі камбінат хлебапрадуктаў, швейную фабрыку “Эліз”, агракамбінат “Дзяржынскі”. Ва ўстанове працуе школьная бізнес-кампанія DecorWood, дзе дзеці спазнаюць азы фінансавай дасведчанасці, прадпрымальніцтва. Такая дзейнасць дае свой плён. Вучні выбіраюць для далейшага навучання спецыяльнасці, звязаныя з педагагічнай, медыцынскай, аграрнай, спартыўнай накіраванасцю. Яны ахвотна вяртаюцца працаваць менавіта на малую радзіму. 

Не менш за дзяцей падчас іспыту перажываюць і іх педагогі. Экзамен для іх таксама з’яўляецца паказчыкам эфектыўнасці праведзенай работы. Настаўніца матэматыкі Алена Васільеўна Жук выкладала алгебру і геаметрыю ў большасці сёлетніх выпускнікоў з 5 класа. 

— Узровень матэматычнай падрыхтоўкі ў 11 класе розны, — адзначае Алена Васільеўна. — Тыя вучні, якія перад сабой паставілі мэту паступіць і атрымаць прэстыжную спецыяль­насць, сур’ёзна рыхтаваліся, прыходзілі на дадатковыя заняткі, кансультацыі. У нас ва ўстанове дзейнічае прынцып даступнасці настаўніка. Школьнікі ведаюць, што ў любы час могуць падысці да педагога з пэўным пытаннем альбо напісаць яму па Viber. Лічу, што нам сёння пашанцавала: прапанаваныя на кантрольнай рабоце заданні пад’ёмныя, вучні мо­гуць з імі паспяхова справіцца.  

Пасля чатырох гадзін ад пачатку экзамену з кабінета паявіліся першыя школьнікі (усяго ж на выкананне работы па матэматыцы адводзіцца пяць астранамічных гадзін). Яны выходзілі шчаслівымі, хваляванне змянілася радасцю. Большасць выпускнікоў прызналася, што ноч перад экзаменам прайшла спакойна. Сённяшнія вучні не вераць у прыметы, не но­сяць талісманаў, а спадзяюцца на свае сілы, трывалыя веды і эрудыцыю. Псіхалагічнай падрыхтоўкай школьнікаў да экзаменаў займаліся і класны кіраўнік, і настаўнікі-прадметнікі, і школьны псіхолаг М.М.Валахановіч. 

Сярод тых, хто здаваў матэматыку, — Данііл Чамярыс. Хлопец збіраецца паступаць у БДЭУ па спецыяльнасці “Бізнес-адміністраванне”.  

— Перад экзаменам асабліва не хваляваўся, бо ў прынцыпе быў падрыхтаваны. У школе было па пяць урокаў матэматыкі ў тыдзень. Па пятніцах у нас праходзілі кансультацыі. Акрамя таго, многа займаўся самастойна: прарэшваў заданні зборнікаў экзаменацыйных работ. Засталося толькі канвертаваць свае веды ў добрыя адзнакі на экзамене і высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні. Кантрольная работа асаблівых цяжкасцей не выклікала, — адзначыў юнак.

Аднакласнік Данііла, Аляксандр Якаўлеў, таксама плануе паступіць у БДЭУ, але на спецыяль­насць “Эканоміка”. 

— Спачатку хваляваўся, а пасля таго, як убачыў бланк з заданнямі, зразумеў, што змагу іх ра­шыць, і хваляванне адступіла. Нічога не выклікала асаблівых цяжкасцей. Да рэпетытараў не хадзіў і ніякія курсы не наведваў. У большай ступені рыхтаваўся самастойна, таксама ў школе ўсё магчымае зрабіла настаўніца матэматыкі А.В.Жук. Матэматыка мне вельмі падабаецца. Алгебраічны кампанент даецца лепш за геаметрычны. На экзамене разлічваю найперш на ўласныя сілы, — падзяліўся сваімі ўражаннямі Аляксандр.

Вельмі хвалявалася перад экзаменам і Ксенія Карпенка. “Маё жыццё, пачынаючы з 3 класа, цесна звязана са спортам: турыстычна-прыкладным мнагаборствам, спартыўным арыентаваннем. Менавіта таму я і выбрала ў класе спартыўна-педагагічны напрамак. Планую паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры на спецыяльнасць “Трэнер па спартыўным арыентаванні”. Думаю, што нам трапіў не вельмі складаны ва­рыянт, але былі заданні, дзе трэба было папрацаваць. Спадзяюся на добры вынік”, — падкрэсліла Ксенія.

***

Выпускныя экзамены працягнуцца да 9 чэрвеня. Акрамя кантрольнай работы па матэматыцы, адзінаццацікласнікам неабходна будзе напісаць пераказ па рускай ці беларускай мове, вытрымаць вусныя выпрабаванні па замежнай мове і гісторыі Беларусі.

P.S. Па выніках экзамену па матэматыцы ўсе негарэльскія школьнікі пацвердзілі свае гадавыя адзнакі, а чацвёра — павысілі іх на бал.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.  
Фота аўтара.