Капітан “ледакола”

- 11:41Людзі адукацыі

Ёсць людзі, якія не глядзяць на матэрыяльныя даброты і ўсё роўна ідуць у педагогіку, бо да яе ляжыць душа. Да ліку такіх людзей адносіцца і дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева, якая, як яна сама гаворыць, ніводнага разу не пашкадавала, што пайшла ў педагогіку.

З самага дзяцінства яна ведала, кім стане: рабіла лялькам сшыткі, праводзіла “ўрокі”, а потым правярала “дамашнія заданні”. І гэта нядзіўна: работа педагога была заўсёды навідавоку — бацька працаваў дырэктарам дзіцячага дома, а маці — там жа выхавальнікам. Нягледзячы на наяўнасць у сям’і вялікай колькасці ўрачоў, яна выбрала матэматыку, а пасля і фізіку.

Пасля заканчэння Пскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава педагагічны шлях Надзея Генадзьеўна пачала настаўніцай фізікі і матэматыкі і арганізатарам пазакласнай работы ў Гаўраўскай сярэдняй школе на Пскоўшчыне — сваёй малой радзіме.

А потым быў пераезд на беларускую зямлю. Надзея Генадзьеўна стала настаўнічаць у Горках. Маючы ўласныя перамогі ў алімпіядах у мінулым, рыхтавала да алімпіяд сваіх навучэнцаў, якія перамагалі на вобласці і рэспубліцы. Потым шмат гадоў была дырэктарам горацкіх школ.

Выйшла замуж і трапіла ў настаўніцкую сям’ю: свёкар, таксама фізік па адукацыі, доўгі час працаваў дырэктарам 2-й горацкай школы, а потым загадчыкам раённага аддзела адукацыі. І жыццё склалася так, што праз шмат гадоў яна працавала ў яго кабінеце на той самай пасадзе начальніка аддзела адукацыі. Потым была работа на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама.

Пражыўшы 26 гадоў на горацкай зямлі, Надзея Генадзьеўна рызыкнула і пагадзілася на прапанову ўзначаліць галоўны аздараўленчы летнік краіны. Быў нават нейкі азарт. Як казала сама Надзея Генадзьеўна, “не можа аб’ект рэспубліканскага значэння быць у такім стане”. І ўзялася за работу, захапіўшы ідэяй увесь калектыў. Праз хуткі час “Зубраня” аднавіў былую папулярнасць і стаў адным з самых запатрабаваных месцаў дзіцячага адпачынку.

Ужо амаль 16 гадоў яна, вопытны кіраўнік, цудоўны педагог, нераўнадушны да сваёй справы, і мэтанакіраваны чалавек, кіруе гіганцкім караблём, імя якому “Зубраня”.

Адзін з яе прынцыпаў — у даўно заўважанай народам ісціне: пад ляжачы камень вада не бяжыць. Калі ты сам шавелішся, шукаеш выйсце з канкрэтнай сітуацыі, заўсёды знойдуцца людзі, якія табе дапамогуць.

Як трывалы кіраўнік, яна добра разумее, што яе місія — паставіць калектыву рэальныя задачы, паказаць ідэал, да якога варта імкнуцца, зрабіць так, каб калектыў цэнтра сам хацеў станоўчых змен. “Мы не зрабілі тут нічога звышнатуральнага, — сцвярджае Н.Г.Ануфрыева. — Мы зрабілі тое, што павінны былі зрабіць. Але ў адрозненне ад многіх іншых, мы ад гэтага яшчэ і атрымалі задавальненне”.

Традыцыі, закладзеныя цвёрдай гаспадарскай рукой былога дырэктара М.А.Жука, існуюць і развіваюцца. Цэнтр увесь час прырастае не толькі новым сучаснымі будынкамі, але і шматлікімі новымі ідэямі, ініцыятарам якіх стала Надзея Генадзьеўна. Сапраўды, самыя значныя змены, вартыя здзіўлення і захаплення, прайшлі ў “Зубраняці” ў апошнія гады. Сёння цэнтр стаў пляцоўкай для рэалізацыі ідэй, самаразвіцця і самаўдасканалення. Беражліва захоўваючы традыцыі, Надзея Генадзьеўна падтрымлівае ініцыятывы супрацоўнікаў, стымулюе да пастаянных эксперыментаў і пошуку.

Сядзець склаўшы рукі — не ў яе характары. Кожны дзень — агляд тэрыторыі, вырашэнне надзённых праблем, наведванне мерапрымстваў, якія ладзяцца з удзелам выхаванцаў цэнтра.

Яе праца неаднаразова адзначана на дзяржаўным узроўні. Гэта шматлікія граматы і падзякі найвышэйшага дзяржаўнага ўзроўню, нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”, медаль “За працоўныя заслугі”, ганаровае званне заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь. Прызнаннем работы ўсяго калектыву на чале з Н.Г.Ануфрыевай стала яго ўзнагароджанне прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.

Аддаючы сябе рабоце, Надзея Генадзьеўна адбылася як жонка і маці, выгадавала двух сыноў, мае ўнукаў, таму што лічыць, што, якой бы цікавай ні была работа, на ёй адной зацыклівацца нельга: жыццё павінна гарманічна спалучаць розныя сферы. “Я шчаслівая, таму што магу бачыць плён сваёй працы”, — любіць гаварыць Надзея Генадзьеўна.

Так супала, што дзень нараджэння Надзеі Генадзьеўны і дзень заснавання цэнтра зусім побач (вось і не вер пасля гэтага ў містыку!). Калектыў цэнтра, супрацоўнікі “Настаўніцкай газеты”, усе тыя, хто меў і мае дачыненне да нарачанскай краіны дзяцінства: педагогі, дзеці і іх бацькі — віншуюць вас, Надзея Генадзьеўна, з днём нараджэння і чакаюць ад вас рэалізацыі новых крэатыўных ідэй.

У адным з інтэрв’ю “Настаўніцкай газеце” Надзея Генадзьеўна сказала: “Зубраня” — гэта ледакол, які плыў, плыве і будзе плыць заўсёды. Усё непатрэбнае ён будзе адкідваць і працягваць свой шлях у будучыню”. А калі карабель мае добрую каманду і такога цудоўнага капітана — у гэтым не варта сумнявацца.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва НДЦ “Зубраня”.