Уздзенская сярэдняя школа № 2 імя Кандрата Крапівы носіць імя свайго земляка — вядомага пісьменніка, сатырыка, байкапісца, драматурга і літаратуразнаўца. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У гонар земляка
Калі школе даецца імя вядомай асобы, важна, каб пра яе нагадвала не толькі назва ўстановы адукацыі. Памяць аб тым, каму даверылі захоўваць прозвішча знакамітага чалавека, павінна быць ушанавана ў музеі. Прынамсі, у гэтым упэўнены калектыў уздзенскай сярэдняй школы № 2 імя Кандрата Крапівы.
У музеі Кандрата Крапівы захоўваюцца асабістыя рэчы Кандрата Кандратавіча, яго ўзнагароды, зборнікі твораў і інш. Ля вытокаў стварэння музея стаялі настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Пагоня і настаўнік гісторыі Андрэй Ярмольчык.
“Усё пачалося ў 1992 годзе — тады нашай установе было прысвоена імя Кандрата Крапівы, — расказвае Таццяна Мікалаеўна Пагоня. — Кандрат Кандратавіч родам з вёскі Нізок Уздзенскага раёна, таму для нас было ганарова, што школе прысвоілі яго імя”.
Перш чым адкрыць музей, Таццяна Пагоня звярталася па дапамогу да тагачаснага кіраўніка Уздзенскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Анатоля Папко. Менавіта ён падказаў, якія экспазіцыі лепш за ўсё стварыць і чым іх пажадана напоўніць.
Дзякуючы зацікаўленасці педагагічнага калектыву, праз чатыры гады пасля прысваення школе імя земляка у невялічкім кабінеце, выдзеленым пад музей, з’явіліся першыя рэчы і прадметы, якія належалі К.Крапіве. Самыя значныя — капялюш і плашч, які насіў сатырык.
“Літаратурны музей Кандрата Крапівы ў нашай школе адкрылі 1 красавіка 1996 года, прымеркавалі да 100-годдзя з дня нараджэння, — працягвае Таццяна Мікалаеўна. — Якім ён быў — чалавек, які пражыў 95 гадоў, прайшоў праз чатыры вайны, перанёс боль глыбокіх страт, узышоў на творчы п’едэстал аднаго з самых складаных жанраў літаратуры? Пра ўсё гэта можна даведацца ў нашым музеі”.
Кандрат Крапіва — майстар жарту, але яго ўсмешку маглі ўбачыць толькі блізкія, — гэта адзін з першых фактаў, пра якія расказвае Таццяна Мікалаеўна, калі знаёміць з раздзелам экспазіцыі “У сям’і”. У яго ўваходзяць фота з сямейнага архіва, асабістыя рэчы, прадметы побыту.
“Будучы пісьменнік нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў сялянскай сям’і Атраховіч, — нагадвае суразмоўніца. — Маленькаму Кандрату прыйшлося працаваць з маленства, ён пасвіў жывёлу, касіў і араў зямлю. Ужо тады хлопчык разумеў, што спадзявацца трэба толькі на сябе. Была і вучоба. Спачатку — царкоўнапрыходская школа ў вёсцы, далей — народная школа ў мястэчку Узда, потым ён паступіў у гарадское чатырохкласнае вучылішча ў Койданаве”.
Пасля таго як скончыў вучылішча, вясковы хлопец Кандрат Атраховіч стаў педагогам. Але так склаўся лёс, што настаўнічаў Кандрат Кандратавіч толькі год.
“Не ведаў, не мог нават падумаць малады хлопец, у якога ўсё складвалася так, як задумваў, што вайна пастукае ў яго дзверы, прычым не адзін раз”, — дадае настаўніца рускай мовы і літаратуры.
Захаваць успаміны
Другі раздзел экспазіцыі называецца “Чатыры вайны ў жыцці К.Крапівы”.
Пасля Гатчынскай школы прапаршчыкаў у званні ўзводнага афіцэра Кандрат Атраховіч ваяваў на Румынскім фронце.
“Наш зямляк быў законапаслухмяным чалавекам, — дзеліцца Т.М.Пагоня. — Ён заўсёды ва ўсім быў першым: сказалі, што трэба ісці ваяваць, значыць, трэба. У поўным росквіце творчых сіл, з жаданнем зрабіць як мага больш для сваёй Радзімы, для людзей Кандрат Атраховіч прымае ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне”.
Пра яе пісьменнік гаварыў вельмі мала, — не любіў закранаць адпаведную тэму. На пытанне ўнучкі Алёны, ці страшна было на вайне, ён адказваў: “Вайна — гэта заўсёды страшна. Гэта не толькі вінтоўка і ўзрывы, гэта яшчэ і работа за межамі чалавечых магчымасцей”. А яго выказванне “Я салдат і ўмею пераносіць цяжкасці” не аднойчы цытавалі, калі гаворка ішла пра Кандрата Кандратавіча. Дарэчы, гэтыя выказванні захоўваюцца ў асабістых запісах пісьменніка ў школьным музеі.
“22 чэрвеня 1941 года Кандрат Крапіва зачыняе за сабой дзверы кватэры, — падкрэслівае настаўніца. — Доўгае расстанне з сям’ёй, сустрэча з любімым дарослым сынам-салдатам, работа франтавым карэспандэнтам, рэдактарская работа — шмат чаго было ў ваенныя гады. Яго сын Барыс напісаў такія радкі, якія таксама сёння можна пачытаць у нашым музеі: “Я ўжо знаёмы са свістам куль, з трэскам кулямётаў, свістам бомб. Але пакуль я жывы, я іх ненавіджу за тое, што яны разбурылі нашы гарады, ненавіджу за загінуўшых дзяцей і жанчын. Я ім літасці не дам. Любы тата, як я хацеў бы ўбачыцца. Моцна, моцна цябе абдымаю. Ваш сын Барыс”.
Неацэнны скарб
Трэці раздзел экспазіцыі прысвечаны творчай дзейнасці К.Крапівы. У 1922 годзе ў газеце “Красноармейская правда” з’явіўся яго фельетон “Жили-были”, але Кандрат Кандратавіч не лічыў гэтую публікацыю пачаткам сваёй літаратурнай дзейнасці. Толькі тады, калі пачаў пісаць на роднай мове, Крапіва адчуў, што ён далучыўся да літаратуры.
“Рэвалюцыйныя ідэалы сталі той асноватворчай крыніцай, якая ўзняла паэзію Кандрата Крапівы на ўзровень агульнанароднага прызнання, — запэўнівае Таццяна Мікалаеўна Пагоня. — Ён пісаў пра беспарадкі на свінаферме (“свіней паболей ды паменей свінства”), пра нядбайных гаспадароў (“мышы з’елі скрыню солі”), пра неразумных, ліслівых людзей (“не разбяруцца, зловяць — чык, тады й даводзь, што ты не бык”). Сатырычныя вершы, байкі, эпіграмы, камедыі, раман — усё гэта неўміручая спадчына К.Крапівы. Яшчэ адна старонка біяграфіі Кандрата Крапівы — навуковая дзейнасць. Яна такая ж шматгранная, змястоўная, глыбокая, як і яго творчасць. Акадэмік шматгадовы віцэ-прэзідэнт АН БССР К.К.Атраховіч зрабіў вельмі многа для развіцця беларускага слова, мовазнаўства. Ён аўтар шматлікіх прац па мовазнаўстве, стваральнік і рэдактар фундаментальных беларускіх слоўнікаў”.
У школьным музеі, акрамя іншага, можна ўбачыць такія рэчы Кандрата Крапівы, як ручка, акуляры, прыбор для галення, плашч, кашуля. Побач з імі — макет сялянскай хаты, у якой ён нарадзіўся, барэльеф пісьменніка — гэта дзве работы скульптара Уладзіміра Летуна.
Неацэнны скарб школьнага музея — нумары газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Тут жа беражліва захоўваюцца фотаздымкі, копіі шматлікіх дакументаў, пісем, грамат, пасведчанняў. Значнае месца ў экспазіцыі літаратурнага музея займаюць, безумоўна, кнігі. На паліцах вітрын вельмі поўна прадстаўлены выданні празаічных, паэтычных і літаратурна-крытычных твораў пісьменніка, зборнік з аўтографам Кандрата Крапівы.
“Раней музей знаходзіўся ў маленькім пакоі, а пасля для яго размяшчэння выдзелілі вялікае памяшканне, — дапаўняе калегу настаўнік гісторыі Андрэй Ярмольчык. — Гэта дае магчымасць праводзіць урокі ў музеі, навукова-практычныя канферэнцыі. Справа ў тым, што любое краязнаўства — літаратурнае ці гістарычнае — гэта комплекснае вывучэнне свайго роднага краю, гэта выхаванне ў дзяцей пачуцця прыналежнасці да свайго народа і Радзімы. Кандрат Крапіва — гэта чалавек на патрэбу часу. Калі патрэбны былі пісьменнікі — стаў пісьменнікам, патрэбны драматургі, байкапісцы, сатырыкі — узяў на сябе ўсе гэтыя ролі. А яшчэ праводзіў фундаментальныя даследаванні па беларускай філалогіі, стаўшы акадэмікам”.
Дзейнасць музея ўздзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.Крапівы актыўна папулярызуецца вучнямі падчас удзелу ў шматлікіх літаратурных конкурсах, на форумах экскурсаводаў і школьных музеяў, падчас арганізацыі літаратурных пляцовак.
“Наш зямляк сам выбраў сабе псеўданім Крапіва, — падсумоўвае Т.М.Пагоня. — Пакуль людзі не развучацца смяяцца і плакаць, пакуль не выкараняцца чалавечыя заганы, творы Кандрата Крапівы не страцяць сваёй актуальнасці. Менавіта такую думку хочам мы данесці да ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй станаўлення і развіцця беларускай літаратуры, тэатра, навукі”.
Наталля САХНО
Фота аўтара