КАП’Ё — гэта працяг мяне самой

Кажуць, што таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім. Гераіня майго сённяшняга матэрыялу яркі доказ гэтага. У канцы лістапада ў Бразіліі прайшла XV Сусветная гімназіяда, у якой Беларусь прымала ўдзел упершыню. У спіс яе ўдзельнікаў трапіла і Ганна Тарасюк, вучаніца сталічнай гімназіі № 16. Тады, сустракаючыся са старшынёй дэлегацыі, я ўпершыню пачула пра спартыўны патэнцыял лёгкаатлеткі. Але рэзультату, які прымусіў узарвацца авацыямі стадыён Бразіліа, не чакала нават мама і трэнер спартсменкі, сярэбраная прызёрка Алімпійскіх гульняў 1992 года ў Барселоне, чэмпіёнка свету ў кіданні кап’я Наталля Шыколенка. У суддзяў, якія працавалі на полі, не знайшлося такой доўгай рулеткі, каб замераць рэзультат Ані ў аналагічнай дысцыпліне. Кап’ё прызямлілася амаль на 12 метраў далей за рэкордную адзнаку.
Сёння спартсменка з усмешкай успамінае, як прыйшлося чакаць, пакуль арганізатары шукалі вымяральную прыладу, і як толькі ў нумары гатэля яна зразумела, што стала рэкардсменкай. Разам з Наталляй Іванаўнай яна завітала ў рэдакцыю “Настаўніцкай газеты”, каб падзяліцца ўражаннямі ад гімназіяды і думкамі пра сучасны стан беларускай лёгкай атлетыкі.

— Аня, ведаю, што гімназіяда не першыя спаборніцтвы ў тваёй спартыўнай кар’еры…
— Сапраўды. У мінулым годзе я прымала ўдзел у юнацкім чэмпіянаце свету ў Данецку. Але літаральна за некалькі дзён да ад’езду сур’ёзна пашкодзіла нагу. Мне налажылі 32 швы на правае калена. Як вынік, я не змагла прайсці нават кваліфікацыю. Прама з Данецка мы паляцелі ў Галандыю, дзе ва Утрэхце праходзіў XII Еўразійскі юнацкі алімпійскі фестываль. Нага крыху зажыла, і там у кіданні кап’я я стала другой, устанавіўшы свой асабісты рэкорд, нацыянальны рэкорд, усяго некалькі сантыметраў прайграўшы пераможцы Эдзе Турсуз з Турцыі.

— А як перанеслі пералёт у Бразілію? Змена часавага пояса, акліматызацыя… Мяркуючы па ўсім, гэта ніяк не паўплывала на твой асабісты рэзультат.
А.: — Здаецца, не (смяецца). Але ляцелі сапраўды доўга, больш за суткі. У самым канцы лістапада ў Мінску было холадна, якраз пайшоў снег, а прыляцелі мы ў лета. Давялося прама ў аэрапорце падкасваць штаны. Зусім іншая атмасфера, іншыя людзі… Розніцы ў часе я амаль не адчувала, але, магчыма, гэта мая асабістая ўласцівасць.
Н.І.: — Мне ў свой час таксама давялося шмат падарожнічаць, і па сваім вопыце я ведаю, што многія спартсмены даволі лёгка пераносяць першапачатковую акліматызацыю і змену часавых паясоў. Ты прылятаеш на месца і працуеш, здаецца, у тым жа рэжыме. А вось вяртацца назад значна цяжэй. Напрыклад, Аня амаль тры дні адсыпалася.
Мы не рыхтаваліся да гімназіяды спецыяльна. Нават сам удзел у ёй стаў для нас навіной. Я вельмі здзівілася, калі дачка патэлефанавала мне ўвечары і пра гэта паведаміла. Канечне, гэты рэзультат быў нашай мэтай, мы планавалі яго і думалі, што паспеем набраць форму да наступнага Еўразійскага юнацкага алімпійскага фестывалю. Але каб так хутка…(смяецца).

— Аня, некалькі слоў пра само выступленне. Ну і, канечне, якія эмоцыі давялося перажыць, калі на табло з’явіўся рэзультат?
— У папярэднім рэйтынгу я мела другі рэзультат, наперадзе была толькі італьянская спартсменка, з якой мы сустракаліся на фестывалі ва Утрэхце. Я разумела, што маёй галоўнай саперніцай будзе менавіта яна. Узяла яе на прыцэл (смяецца). Важным было тое, што я адчувала максімальную падтрымку з боку маіх балельшчыкаў. Напярэдадні выступлення зазірнула ў сацыяльныя сеткі, а там: “Аня, мы за цябе!”, “Аня, Беларусь з табой!”
У першай спробе кінула кап’ё і адчула, як крыху тарганулася плячо. Падумалася, што наперадзе яшчэ шэсць спроб, і калі не цяпер, то магчымасць паказаць сябе яшчэ ёсць. А потым пачула, як заціх стадыён і праз колькі хвілін узарваўся апладысментамі. Рэкордная адзнака стаяла на 46 метрах, кап’ё пераляцела далёка за яе. Мы ўсе чакалі, калі памочнікі знойдуць рулетку, каб замераць даўжыню, бо тая, што ў іх была, разлічана толькі на 50 метраў. Калі лічбы з’явіліся на табло, я не магла паверыць сваім вачам — 57,97 м. Ужо толькі калі вярнулася ў нумар, усвядоміла, што адбылося.
Нават на ўзроўні прафесійнага спорту гэта вельмі высокі рэзультат, з ім можна было б разлічваць на трэцяе месца на юнацкім чэмпіянаце свету.

— Наталля Іванаўна, вы трэнер у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе “Дынама” і там жа трэніруеце сваю дачку. У чым плюсы і мінусы такога супрацоўніцтва?
Н.І.: — Ну хто лепей за маму можа зразумець дзіця? Але ў той жа час гэта і больш складана. Я стараюся не перагружаць Аню. Для мяне важна, каб яна не перагарэла, каб ёй не надакучыла ўсё гэта. Сілы ў яе хапае, а вось над тэхнікай увесь час патрэбна працаваць. У нас від спорту, у якім без тэхнікі нікуды. Канечне, бываюць непаразуменні і канфлікты, мы ж жывыя людзі…(смяецца). У Ані такі характар, што калі ў яе ўсё атрымліваецца, то трэніроўкі праходзяць проста выдатна, але калі нешта не так, з ёй складана ўдвайне.
А.: — А ў мамы багаты ўласны вопыт, так што навучыць лепш за яе ніхто не зможа. І я прыслухоўваюся да яе парад. Яна і пахваліць, і пасварыцца, а іншым разам кажа, што ёй так шкада мяне (усміхаецца).

— У Бразіліі Аня выступала адразу ў дзвюх дысцыплінах: кіданні кап’я і штурханні ядра, дзе таксама паказала неблагі рэзультат. Ці збіраецеся працягваць развівацца ў штурханні або ўжо дакладна выбралі кап’ё?
Н.І.: — Мы без сумненняў выбралі кап’ё, і не толькі таму, што дачка больш паспяховая ў ім. Штурханне ядра, на мой погляд, больш суровы, нежаноцкі від спорту. Там патрэбна мець вялікую масу цела. А кіданне кап’я — дысцыпліна відовішчная, эстэтычна прывабная. У свой час менавіта эстэтыка прываблівала і мяне. Для мяне было недапушчальным выйсці на выступленне ў неахайным выглядзе. Заўсёды падфарбаваная, напрасаваная, я адчувала сябе ўпэўненай і прыгожай.
А.: — Поўнасцю згодная. Для мяне важная ўвага гледачоў, хочацца прыгожа прабегчы, грацыёзна кінуць кап’ё. Яно прыгожа і плаўна ляціць. Гэта як быццам працяг мяне самой.

— Я ведаю, што ты паспяховая не толькі ў спорце, але і ў вучобе. У чым сакрэт такой прадукцыйнасці? Як удаецца ўсё паспяваць?
А.: — Сакрэт толькі ў маім характары: я не магу апусціць рукі ці заплюшчыць вочы на невыкананне чаго-небудзь. Мама мяне так выхоўвае, што трэба заўсёды быць падрыхтаванай. Я прывыкла быць першай не толькі ў спорце. Да мяне цягнуцца людзі, я стараста класа з вялізным вопытам (смяецца). Гэта нескладана, мне падабаецца такі рытм жыцця, паколькі ўсяго, чым я займаюся, я хачу сама.
Н.І.: — На самай справе, вучоба для нас — галоўнае. І Аня сапраўды добра вучыцца. Яна яшчэ і музычную школу па класе віяланчэлі скончыла, але цяпер больш захопленая гітарай, у яе багаты песенны рэпертуар.
Прызнаюся шчыра, мяне вельмі раздражняе захапленне сённяшняй моладзі рознымі дэвайсамі. Гэта бесперапынная гульня з тэлефонамі, націсканне на кнопачкі… Дарэмнае марнаванне часу! У нас было ўсё па-іншаму. Пасля ўрокаў мы беглі ў спартыўную секцыю, прычым гэта было ўзнагародай за добра зробленыя ўрокі. Дарэчы, мая родная сястра Таццяна Шыколенка — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету ў кіданні кап’я. Але мы зусім па-рознаму прыйшлі ў спорт.

— Аня працягвае спартыўную дынастыю…
Н.І.: — Так, яе тата — заслужаны трэнер Беларусі ў кіданні молата Юрый Тарасюк. У свой час ён выступаў за зборную Савецкага Саюза, быў прызёрам і чэмпіёнам СССР.

— Многія памятаюць той час, калі лёгкая атлетыка была на піку папулярнасці. Якія перспектывы яна мае ў сённяшняга пакалення?
Н.І.: — Сёння наш від спорту ў вельмі складанай сітуацыі, не так проста зацікавіць ім моладзь. Цяпер папулярныя гульнявыя віды: футбол, хакей, тэніс… Трэба сказаць, што вельмі многае залежыць ад бацькоў. Яны не займаюцца здароўем сваіх дзяцей, ім элементарна не хапае на гэта часу. Я часта назіраю, як летам у двары гуляе малеча, яны бегаюць, скачуць. А потым дзіця ідзе ў школу, і фізкультура ў шырокім сэнсе для яго заканчваецца. Той нагрузкі, якую мы даём сёння на ўроках фізкультуры, не хапае. Такія ўрокі не даюць развіцця. Я, бывае, расказваю дачцэ, якой была фізкультура ў мой час: мы па канатах лазілі, на брусах выраблялі немаведама што. Я магла на руках прайсці ўсю даўжыню лёгкаатлетычнага манежа. І нам падабалася гэта. А цяпер быццам бы ўсё тое ж, але я пытаюся ў Ані: “Ты ўмееш скакаць праз каня, рабіць кулькі і г.д.?” Станоўчага адказу не чую.
А.: — У нас у паралелі недзе 60 чалавек, і вы не ўяўляеце, якая колькасць з іх не мае асноўнай групы здароўя. Ды і пазіцыя бацькоў дзіўная, многія імкнуцца зрабіць даведкі, каб вызваліць дзіця ад фізкультуры. У нашай гімназіі выдатны басейн, дык вось нярэдка бывае, што з усяго класа я плаваю ў ім адна.
Мае аднакласнікі і сябры ведаюць пра маё захапленне спортам, яны ўражаныя, але ніхто пакуль не падышоў і не сказаў: “Слухай, я таксама хачу, парай, куды пайсці займацца”. Іншыя інтарэсы.

— Аня, хто для вас кумір у беларускім спорце?
А.: — Па-першае, канечне, мама. Па-другое, гэта і Эліна Зверава, і Яніна Карольчык, Іван Ціхан, Юлія Несцярэнка.
Н.І.: — Справа ў тым, што дачка вырасла сярод спартсменаў, я брала яе з сабой на зборы з 8-месячнага ўзросту. Мне трэба было шмат працаваць.
Цяпер ва ўсіх на слыху імя Аляксандры Герасімені, а ў 90-х было маё.

— Дарэчы, наконт Герасімені. Дзіцячы турнір “Залатая рыбка” — выдатная ідэя папулярызацыі плавання ў Беларусі. Магчыма, нешта падобнае можна зрабіць і ў дачыненні да лёгкай атлетыкі?
Н.І.: — Справа ў тым, што для плавання ў нас створана вельмі неблагая спартыўная база. А для лёгкай атлетыкі — не. Калі я нават паеду па рэгіёнах і знайду таленавітых дзяцей, то куды я магу іх запрасіць? Да сябе ў кватэру? Наша база — гэта толькі лёгкаатлетычны манеж “Дынама” на вуліцы Даўмана, і гэта пры тым, што мы знаходзімся ў сталіцы. Зімой займаемся там са сваімі дзецьмі, а летам нават нам дзецца няма куды.
Раней уся работа была размеркавана па рэгіёнах, я, напрыклад, хадзіла ў простую школьную секцыю. Мы трэніраваліся на школьным стадыёне, і нашы настаўнікі былі зацікаўленыя ў тым, каб мы маглі развівацца далей. Таленавітых дзяцей перадавалі трэнерам, была пераемнасць. А цяпер я прыходжу ў школу, і педагогі глядзяць на мяне, як на дзівачку. Маўляў, ты навошта сюды прыйшла, у нас 85 працэнтаў дзяцей вызвалены ад фізкультуры. А тыя, хто не вызвалены, ужо падзелены паміж гульнявымі відамі спорту. Сітуацыя катастрафічная, і я неаднаразова гаварыла пра гэта ў друкаваных СМІ і на тэлебачанні.
На сённяшні дзень у лёгкай атлетыцы 44 віды, і калі раней нас адбіралі, то цяпер мы спрабуем хаця б проста набраць. Канечне, ёсць і таленавітыя дзеці, але іх адразу расхопліваюць. У нас нежартоўная канкурэнцыя за дзяцей.

— І ўсё ж адну юную “зорку” вам ужо ўдалося запаліць… Аня, у заключэнні размовы хочацца пачуць пра твае далейшыя мэты і мары.
А.: — І мэты, і мары самыя грандыёзныя (смяецца). Хачу стаць чэмпіёнкай свету, алімпійскай чэмпіёнкай. Хачу, каб маё імя засталося ў гісторыі беларускага і сусветнага спорту.

 

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Віктара АЎЧАРОВА і з інтэрнэту.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *