Кар’ерны форум

Веды, надпрафесійныя навыкі і… правільнае рэзюмэ

Кар’ерны форум БДУ стаў ужо традыцыйным для ўніверсітэта. Штогод яго арганізатары стараюцца прапанаваць наведвальнікам штосьці новае. Больш за 20 прадстаўленых кампаній, каля 1200 студэнтаў-удзельнікаў, выступленні прафесійных лектараў і кансультацыі HR-спецыялістаў, запоўненыя залы, конкурсы і шматлікія майстар-класы — усё гэта было на кар’ерным форуме сёлета.

Сучасны падыход да супрацоўніцтва

Першыя кірмашы вакансій у Беларускім дзяржаўным універсітэце пачаліся ў 2012 годзе, а ў 2014 годзе яны трансфармаваліся ў Кар’ерны форум. Сёлета мерапрыемства, арганізатарам якога выступіла ўпраўленне кадраў БДУ, прайшло ў змененым фармаце: у яго аснову лягла ідэя мадэлі “Універсітэт 3.0” (узаемадзеянне адукацыі, навукі і вытворчасці). Ключавой тэмай стала пашырэнне супрацоўніцтва ўстаноў вышэйшай адукацыі з прадпрыемствамі. Былі арганізаваны секцыі “Студэнтам”, “Кампаніям” і “Каардынатарам падраздзяленняў БДУ” (апошняя сёлета пачала функцыянаваць упершыню), у рамках якіх прайшлі цікавыя майстар-класы і лекцыі.

— Падобныя мерапрыемствы важныя не толькі для студэнтаў, але і для выкладчыкаў, для сістэмы адукацыі ўвогуле, — адзначыў рэктар БДУ Андрэй Кароль. — Калі праходзяць прэзентацыі кампаній-заказчыкаў, студэнты могуць прайсці прафесійны адбор ці тэсціраванне і зрабіць апошні крок у пошуках першага месца працы. Аднак аснова ўсяго — навучанне, якое сёння нельга ўявіць без заказчыка кадраў, без уплыву работадаўцы на вучэбныя праграмы, адукацыйны стандарт. Таму сёлета ў ранейшы фармат “работадавец — студэнт” мы дадалі ўніверсітэт, што дапамагае наладзіць зваротную сувязь паміж бакамі.

Ад універсітэта — кампаніям

На секцыі “Кампаніям” выкладчыкі ўніверсітэта і кіраўнікі арганізацый расказалі пра эфектыўныя формы ўзаемадзеяння ў вырашэнні пытанняў працаўладкавання маладых спецыялістаў. Удзельнікі акрэслілі веды, навыкі і кампетэнцыі выпускніка, запатрабаваныя сучаснай эканомікай, а кампаніі прапанавалі ўласнае бачанне падрыхтоўкі спецыялістаў у залежнасці ад патрабаванняў рынку працы.

З дакладам “Універсітэт 3.0 у дзеянні: вопыт узаемадзеяння кафедры эканамічнай інфарматыкі БДУ з міжнародным бізнес-кам’юніці” выступіў загадчык кафедры эканамічнай інфарматыкі Дзмітрый Марушка. Перспектывы супрацоўніцтва кафедры тэхналогій камунікацыі Інстытута журналістыкі БДУ з кампаніямі акрэсліла загадчык кафедры Ірына Сідорская. Ірына Уладзіміраўна расказала гасцям пра традыцыйныя праекты — “PR-кветку”, “Акадэмію камунікацыі” і інш., агучыла спосабы магчымага ўзаемадзеяння. Акрамя таго, патэнцыяльным работадаўцам прадставілі “Электронную базу рэзюмэ выпускнікоў БДУ”.

На секцыі “Каардынатарам падраздзяленняў БДУ” ішла размова пра ўдасканаленне работы па працаўладкаванні студэнтаў і ўзаемадзеянне з работадаўцамі. Спікерамі майстар-класаў выступілі вядомыя эксперты і бізнес-трэнеры, якія расказалі слухачам пра метады пошуку вакансій, капіталізацыю асабістага брэнда і формы работы са студэнтамі. Буйным мерапрыемствам у межах секцыі стала “Жывая бібліятэка”, дзе кожны прысутны змог пракансультавацца з пэўным спецыялістам.

— Узаемадзеянне ў ланцугу “студэнт — установа вышэйшай адукацыі — работадавец” павінна вельмі хутка прынесці плён, — расказала начальнік упраўлення кадраў БДУ Наталля Няпеўная. — У кампаній ужо ёсць разуменне таго, што яны павінны быць прывабнымі, каб у далейшым да іх на работу ішлі лепшыя спецыялісты. Таму прафесіяналы самі шукаюць новыя таленты. І чым больш мэтанакіравана кампаніі працуюць з універсітэтамі, тым больш у іх магчымасцей атрымаць да сябе ў штат добрых выпускнікоў. Самае галоўнае, што студэнты заматываваны знайсці цікавую работу падчас навучання і не чакаюць атрымання дыплома.

Па словах Наталлі Томашаўны, у першыя гады на форум прыходзілі чацвёрта- і пяцікурснікі, а сёлета пераважную колькасць гасцей мерапрыемства склалі студэнты 2 і 3 курса. Гэта звязана з тым, што маладыя людзі разумеюць сітуацыю на рынку працы і стараюцца знайсці месца, дзе будуць запатрабаванымі.

— У наш час мала валодаць толькі канкрэтнымі ведамі і дыпломам, яшчэ трэба мець і надпрафесійныя навыкі: валодаць лічбавымі тэхналогіямі і разумець, што работа будзе праходзіць у камандзе, — падкрэсліла Наталля Няпеўная.

Добрае рэзюмэ — палова поспеху

Кар’ерны форум можа пахваліцца вялікай колькасцю “выпускнікоў” — спецыялістаў, якія пасля наведвання мерапрыемства ў мінулыя гады атрымалі месца ў вядучых кампаніях. І сёлета ў складзе лектараў і кансультантаў маладыя людзі дзяліліся вопытам з сённяшнімі студэнтамі.

Супрацоўнік кампаніі EPAM Systems Ганна Бандарэнка раскрыла перад удзельнікамі свайго майстар-класа сакрэты ўпэўненасці пры першым працаўладкаванні. Маладыя людзі даведаліся, як “спакаваць” уласны вопыт, што такое “эфект самазванца”, пазнаёміліся з трэндамі на рынку працы. Эксперт у галіне кар’ернага развіцця Аміна Ідзігава пагутарыла з прысутнымі пра тэндэнцыі ў сусветнай інфармацыйнай прасторы, расказала аб прафесіях будучага і здольнасцях, якія ў далейшым не спатрэбяцца добраму спецыялісту.

Секцыя для студэнтаў уключала ў сябе мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё ў маладых людзей кампетэнцый па самапрэзентацыі, праходжанні субяседавання і складання рэзюмэ. Так, на майстар-класе “Ідэальны кандыдат: ад рэзюмэ да работы мары” супрацоўнік кампаніі EY ў Беларусі Наталля Камейша расказала слухачам пра тое, чаго работадаўца чакае ад сваіх будучых супрацоўнікаў, назвала асноўныя памылкі пры напісанні рэзюмэ і падрыхтоўцы да субяседавання, а таксама парэкамендавала спецыяльную літаратуру.

— Ні ў якім разе не пішыце рэзюмэ на 27 старонак, — адзначыла Наталля Камейша, расказваючы прысутным пра нядаўні вопыт. — Звычайна, калі такія “паведамленні” і чытаюцца, то толькі дзеля цікавасці. Аптымальны аб’ём рэзюмэ — 1—2 старонкі.

Распаўсюджанымі памылкамі спецыяліст назвала няправільны выбар фотаздымка, перагрувашчанасць кантактнымі данымі і звесткамі пра сябе (акрамя тэлефона і электроннай пошты, указваюць усемагчымыя акаўнты ў сацыяльных сетках), нерасшыфраванасць абрэвіятур (у назвах устаноў навучання або работы) і недарэчныя назвы электронных адрасоў. Па словах НR-менеджара, часта, падаючы рэзюмэ, маладыя людзі не задумваюцца над першым уражаннем, якое складваецца пры ацэнцы фотаздымка, і ўстаўляюць у дакумент групавы фотаздымак, фота з адпачынку альбо са свойскімі жывёламі. Хібаў і недарэчных сітуацый у гэтым выпадку пазбягаюць тыя, хто прымацоўвае да файла афіцыйны фотаздымак з аднатонным фонам.

Наталля Камейша рэкамендавала слухачам майстар-класа пазбягаць шаблонных фраз. Так, напрыклад, замест “камунікатыўны” лепш напісаць “лёгка знаходжу агульную мову з навакольнымі”. Для таго каб у НR-менеджара не ўзнікала цяжкасцей з вашай кандыдатурай, рэзюмэ трэба падпісваць вашым прозвішчам і дасылаць выключна са свайго электроннага адраса.

Заявіць пра сябе праз відэа

У межах Кар’ернага форуму студэнты змаглі наведаць майстар-класы па развіцці асобасных якасцей і прайсці міні-субяседаванне з работадаўцамі. Гэта было зроблена для таго, каб маладыя людзі на ўласных прыкладах і памылках зразумелі, над якімі момантамі ім трэба працаваць. Пасля юнакі і дзяўчаты атрымалі прафесійныя кансультацыі ад прадстаўнікоў айчынных і міжнародных кампаній і пазнаёміліся з наяўнымі вакансіямі і прапановамі па праходжанні практыкі ці стажыроўкі.

Адной з яскравых магчымасцей праявіць сябе стаў конкурс “Відэарэзюмэ”. Дзякуючы праекту, зацікаўленыя студэнты засвоілі тэхніку стварэння сучаснага рэзюмэ. Зарэгістраваныя ўдзельнікі прайшлі навучанне, звязанае са складаннем прэзентацыйнага роліка. Таксама для іх былі арганізаваны выступленні псіхолагаў-практыкаў і спецыялістаў па невербальнай камунікацыі і прамоўніцкім майстэрстве.

У конкурсе прынялі ўдзел 25 студэнтаў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Рэзюмэ канкурсантаў былі ацэнены экспертамі, якія далі рэкамендацыі будучым спецыялістам. Асаблівую ўвагу прафесіяналы ўдзялілі даступнасці ролікаў для адрасата, выбару фону і знешняму выгляду маладых людзей, іх міміцы і жэстам, дыкцыі і голасу, а таксама якасці мантажу і якасці тэксту.

У выніку лепшымі рэзюмэ былі названы работы студэнтаў Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ Валерыі Сільвановіч і Ірыны Хадзько, а таксама прадстаўніцы Інстытута журналістыкі БДУ Настассі Петрушко. Рэзюмэ пераможцаў былі паказаны на форуме.

Азіраючыся на магчымасці

Студэнткі 2 курса Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ Кацярына Колас, Ксенія Бярэзіна і Настасся Загдай даведаліся аб правядзенні Кар’ернага форуму з сацыяльных сетак і вырашылі скарыстацца магчымасцю пазнаёміцца з асаблівасцямі і патрабаваннямі кампаній-работадаўцаў.

— Мы прыйшлі, каб даведацца, якія вакансіі запатрабаваны на рынку працы, даведацца пра дзейнасць кампаній, якія ў будучыні могуць падысці нам. Улетку мы будзем праходзіць вытворчую практыку, таму таксама думалі пра перспектыву, — расказалі дзяўчаты. — Спадабалася тое, што кожная кампанія адкрыта і з задавальненнем расказвала пра вакансіі і магчымасці для іх атрымання. Нам нават удалося запоўніць анкеты на той выпадак, калі нейкай кампаніі ў далейшым спатрэбяцца новыя людзі, што дае надзею. На форуме было сапраўды цікава і карысна: мы адзначылі шмат магчымасцей для сябе на наступны год.

Па словах Наталлі Няпеўнай, у планах арганізатараў Кар’ернага форуму стаіць правядзенне канферэнцыі для ўстаноў адукацыі і кампаній па пытаннях працаўладкавання выпускнікоў.

— Узаемадзеянне трох бакоў павінна паказаць, чаго сёння не хапае ў вучэбным працэсе, каб выпускнікі маглі хутчэй адаптавацца на працоўных месцах. Хацелася б, каб узаемадзеянне будавалася на праектнай аснове (стварэнне лабараторый, напісанне дыпломных і курсавых работ пад інтарэсы пэўнай кампаніі і г.д.), — падсумавала вынікі мерапрыемства начальнік упраўлення кадраў БДУ.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *