Карагод сяброўства

З 20 жніўня па 12 верасня шасцікласнікі гімназія № 1 Іўя праходзілі аздараўленне на базе Дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Ждановічы”. Чым запомніўся менавіта гэты заезд нашым іўяўчанам? 20 жніўня ў цэнтр прыбылі падлеткі з гарадоў Гуян, Баадзін, Чэндэ, Чжанцзякоў Кітайскай Народной Рэспублікі. Таксама ў гэты ж час аздараўляліся маскоўскія школьнікі. Новы міжнародны заезд праходзіў пад дэвізам “Карагод сяброўства”. 21 жніўня адбылася ўрачыстая прэзентацыя заезду з удзелам кіраўніцтва цэнтра.

28 жніўня запомніўся навучэнцам гімназіі № 1 Іўя творчай акцыяй “Мост сяброўства”, прымеркаванай да адкрыцця пляцоўкі для вялікага тэніса, адрэстаўраванай за кошт спонсарскай дапамогі Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь. Нашым хлопчыкам і дзяўчынкам удалося пазнаёміцца і зрабіць незабыўныя фота з ганаровымі гасцямі акцыі: дэлегацыяй Пасольства КНР на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Цуй Цымінам, галоўным педыятрам Мінскай вобласці Дзмітрыем Мікалаевічам Лазарам, кіраўніцтвам цэнтра.

Падрыхтавалі вялікую сумесную творчую праграму. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах. На спартыўных пляцоўках і ў зале хлопчыкі і дзяўчынкі з Беларусі і Кітая сталі адзіным згуртаваным калектывам. Сяброўства і ўзаемадапамога дазволілі на пэўны час сцерці межы паміж дзяржавамі. Не засмучаў нават моўны бар’ер: размаўлялі па-англійску, а таксама на мове жэстаў. Гэты дзень, як і ўсе наступныя, быў напоўнены яркімі ўражаннямі.

Ва ўсіх мерапрыемствах дзеці з Беларусі, Расіі і Кітая былі ў роўных умовах. Добразычлівасць кітайскіх хлопчыкаў і дзяўчынак не мела межаў, а беларусы, у сваю чаргу, стараліся быць гасціннымі гаспадарамі. 31 жніўня дзеці з Кітая адправіліся ў аэрапорт, каб вярнуцца да сябе на Радзіму. Пры развітанні пачуцці перапаўнялі. Не маглі стрымаць слёз, праводзячы аўтобусы з кітайскімі сябрамі.

Час у цэнтры стаў незабыўнай падзеяй для беларускіх дзяцей. Назаўсёды застануцца ў іх сэрцах новыя сябры.

Ірына КЯЎРА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Іўя.