Каралеўства дзяцінства

- 12:02Віцебшчына

Хто з дарослых хаця б раз у жыцці падчас цяжкага дня/тыдня/месяца не думаў: “Вось бы вярнуцца ў дзіцячы садок. Цябе там накормяць, дадуць паспаць у абед, а потым з табой яшчэ і пагуляюць”. Гэтыя думкі з’яўляліся і ў маёй галаве, а пасля наведвання дзіцячага садка № 1 Талачына яны проста не знікаюць.

Казачны палац

Талачын — невялікі горад (колькасць насельніцтва каля 10 тысяч чалавек), які ляжыць на рацэ Друць. Усяго ў ім працуюць 3 дзіцячыя садкі. Адзін з іх, размешчаны па вуліцы Гогаля, мы з калегамі наведалі вечарам першага дня нашага прэс­туру. Ужо даволі стомленыя, спадзяваліся на спакойны прыём і экскурсію, але забылі, з кім маем справу — энтузіястамі ва ўсіх сэнсах. Думаеце, каб папасці ў садок, трэба было проста адчыніць браму і прайсці? А вось і не! Нас сустрэлі сапраўдныя вартавыя, якія адразу аб’явілі свае ўмовы: “Каб у госці да нас прыйсці, трэба па слядах прайсці”. У імгненне дарослыя ператварыліся ў дзяцей і дружна запятлялі па рознакаляровых сцежках. Каля дзвярэй нас павітаў сам Цар і запрасіў у свой палац.

Дзіцячы садок № 1 — самы стары ў раёне, яго пабудавалі ў 1964 годзе. Праўда, гэтая інфармацыя з агаворачкай: у 64­м з’явіўся асноўны вялікі будынак, а маленькі, размешчаны побач, прыняў першых дзяцей у 1944­м годзе. Зараз абодва будынкі — гэта адзін вялікі садок, куды ходзяць 170 дзяцей. Са студзеня іх колькасць можа павялічыцца да 200.

— У нашай установе функцыянуюць 10 груп: з іх 3 — для дзяцей ранняга ўзросту, 4 дашкольныя, 2 інтэграваныя і 1 спецыяльная для дзяцей з цяжкім парушэннем маўлення. Таксама працуюць 6 груп кароткатэрміновага знахо­джання. Адукацыйны працэс ажыццяўляе 21 педагагічны работнік. З іх 70% маюць вышэйшую адукацыю. 57,1% педагогаў — з вышэйшай і першай кваліфікацыйнымі катэгорыямі, — паведаміла загадчык дзіцячага садка Эла Вярховіна.

Вялікім попытам у бацькоў карыстаюцца групы для дзяцей ранняга ўзросту. Адна прымае малышоў з года да двух, другая — з двух да трох. Многія бацькі рана выходзяць на працу, таму для іх такія групы — сапраўднае выратаванне. Групы кароткатэрміновага знаходжання таксама ўпадабалі жыхары Талачына. Дзеці прызвычайваюцца да новага жыцця паступова. Спачатку іх прыводзяць у групу на паўгадзіны, потым на гадзіну, праз некаторы час на дзве і г.д., пакуль дзіця не пачне адчуваць сябе камфортна і не застанецца ў садку на поўны дзень. Група дзяцей з цяжкім парушэннем маўлення фарміруецца не толькі з выхаванцаў дзіцячага сада № 1, але і з ліку дзетак з астатніх двух садкоў горада. Справа ў тым, што яны такіх груп не маюць. Зараз яе наведва­юць 12 чалавек.

Убранне

5 жніўня ў асноўным будынку пачаўся бягучы рамонт за бюджэтныя сродкі, які завяршыўся восенню. 15 лістапада садок зноў пачуў дзіцячыя галасы. Падчас рамонту абнавілі частку мэблі, прычым многае адрамантавалі сіламі педагагічнага калектыву. Дарэчы, выхавальнікі не ўпершыню прыкладаюць намаганні для паляпшэння выгляду роднага садка. 6 гадоў назад яны з дапамогай бацькоў пачалі ўпрыгожваць яго тэрыторыю (так з’явіліся фігуры Чырвонага Капелюша, шэрага Воўка, царыцы Змяі і інш.), рабілі рэквізіт для ранішнікаў, дапамагалі з касметычным рамонтам. Гэтым разам іх талент спатрэбіўся зноў.

Акрамя мэблі, замянілі дзверы, паставілі шклопакеты, патынкавалі і пафарбавалі столі і сцены, замянілі сантэхніку, купілі новыя гульні, цацкі і інш.

— Многія гульні накіраваны на развіццё памяці, мыслення, фантазіі, навыкаў зносін. Папулярнасцю карыстаюцца гульні з правіламі дарожнага руху, пажарнай бяспекі, яны вельмі яркія, — кажа выхавальніца Марына Рэут.

 Фішка кожнага кабінета — адна чыстая сцяна, сцяна творчасці. Яе выхавальнікі разам з дзецьмі змогуць аформіць, як пажадаюць.

Загадчык садка Эла Іванаўна спадзяецца, што ў наступным го­дзе ў іх атрымаецца адраманта­ваць яшчэ і фасад будынка.

Унутраны лад

Важнае месца ў рабоце ўстановы займае выкарыстанне інфармацыйна­камунікацыйных тэхналогій. ІКТ задзейнічаны ў некалькіх напрамках: падрыхтоўка педагагічных работнікаў да выкарыстання ІКТ, укараненне ІКТ у адукацыйны працэс, у работу з сем’ямі выхаванцаў, у сістэму кіравання. Напрыклад, для педагогаў арганізавана кансультатыўная метадычная падтрымка (кансультацыі, семінары­практыкумы і інш.). Для распаўсюджвання вопыту выкарыстання ІКТ арганізоўваюцца адкрытыя паказы, на якіх прадстаўляецца лепшы вопыт укаранення тэхналогій у адукацыйны працэс: конкурс “Я — даследчык”, праектная дзейнасць, заняткі для дзяцей старшай групы па адукацыйных галінах і інш.

— Цяпер распрацоўваецца тэхналогія мультымедыйнага суправаджэння адукацыйнага працэсу ў вобласці “Мастацтва/Мастацкая дзейнасць”, — адзначае Эла Іванаўна. — Створана медыя­тэка мультымедыйных прэзентацый, наглядных і дэманстрацыйных электронных матэрыялаў да заняткаў (раздатачны матэрыял, карткі для індывідуальнай работы з дзецьмі). Яшчэ адзін напрамак ІКТ — аўтаматызацыя сістэмы кіравання. Яна забяспечвае планаванне, кантроль, маніторынг, каардынацыю работы педагога. Гэта спрыяе аптымізацыі дзейнасці ўстановы, стварае ­адзіную метадычную сістэму, задавальняе інфармацыйныя патрэбы ўсіх супрацоўнікаў. Інфармацыйнае асяроддзе даступнае для ўсіх ­удзельнікаў адукацыйнага працэсу: на цвёрдым дыску камп’ютара створана асноўная папка пад назвай “Дакументы”, у якой змя­шчаюцца іншыя: “Загадчык”, “Намеснік загадчыка”, “Педагогі” і г.д.

Інфармацыйна­камунікацыйным тэхналогіям знайшлося прымяненне і ва ўзаемадзеянні з сям’ёй. Праз розныя месенджары і сацыяльныя сеткі выхавальнікі даюць і атрымліваюць хуткую інфармацыю.

— Бацькі з радасцю гэта падтрымліваюць, бо яны маладыя, актыўныя людзі, якія разбіраюцца ў тэхніцы і часта ёй карыстаюцца, — расказвае Эла Вярховіна. — Для нас важна, каб яны былі ў курсе адукацыйнага працэсу ва ўстанове. Бацькі могуць патэлефанаваць ці даслаць паведамленне, задаць любое пытанне. Выхавальнікі абавязкова адка­жуць, могуць даслаць фота і пры неабходнасці правесці кансультацыю.

Такім чынам, выкарыстанне ІКТ у дзіцячым садку № 1 Талачына падтрымлівае аптымальны ўзровень якасці адукацыі, забяспечвае рацыянальнае выкарыстанне часу і мінімальныя затраты, што робіць кіраўніцкую і адукацыйную дзейнасць ва ўстанове эфектыўнай.

У доказ сваіх слоў загадчык садка прапанавала на свае вочы ўбачыць, як ІКТ выкарыстоўваюцца ў штодзённым жыцці ўстановы. Словы “ранішняя гімнастыка” ці “зарадка” для многіх дарослых гучаць страшнавата. Але калі б яны займаліся ёй у гэтым садку, то, напэўна, іх стаўленне змянілася. Педагогі сваім выхаванцам прапаноўваць не проста паўтараць рухі, а рабіць гэта з рознымі персанажамі (Сонейка, Леў) і пад вясёлую музыку. Дарэчы, выхавальнікі кіруюць працэсам толькі першы час, а потым дзецям добра дапамагаюць “мульцяшкі”. Напрыклад, Сонейка спявае: “Все разрабатываем руки, нету места больше скуке, все разрабатываем плечи, чтоб в походах было легче, все разрабатываем ноги, чтоб не уставать в дороге, все разрабатываем шею, чтобы пелось веселее”.

Царыца

Цар — гэта, канечне, добра, але ж які ён цар без царыцы. Загадчык дзіцячага садка Эла Вярховіна працуе ў галіне адукацыі з 1987 года. Пачынала з выхавальніка, але з часам узяла на сябе ролю загадчыка. Дзіцячаму садку № 1 Талачына Эла Іванаўна аддала ўжо 16 гадоў. Нягле­дзячы на змену назвы пасады, яе ўзаемаадносіны з дзецьмі не змяніліся.

— Я з выхаванцамі бачуся кожны дзень: у групах, на прагулках, у сталовай, на занятках. Кожны дзень мы маем зносіны, чаму я вельмі рада. З імі не засумуеш: яны заўсёды задаюць столькі цікавых пытанняў.

Эла Іванаўна прызнаецца, што дзіцячы садок для яе — другі дом. Гэта справа, для якой яна не шкадуе ні часу, ні сіл.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.