“Карані травы” з Краіны ўзыходзячага сонца прыжыліся на Беларусі

- 10:39Інфармацыйная гадзіна

Супрацоўніцтва Беларусі і Японіі ў гуманітарнай сферы эфектыўнае. Такі пункт гледжання выказаў дырэктар дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі Валерый Скакун на ўрачыстай цырымоніі падпісання кантракта на выдзяленне гранта для рэалізацыі праекта японскай урадавай праграмы “Карані травы — грантавая дапамога для праектаў па забеспячэнні бяспекі чалавека”.

У адпаведнасці з дакументам, які ўрачыста падпісаны ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці, Японія закупіць фізіятэрапеўтычныя апараты на $78,3 тысячы для Гродзенскай дзіцячай паліклінікі № 1.

Валерый Скакун нагадаў, што грантавая праграма рэалізуецца ў Беларусі з 2004 года, і падзякаваў японскаму боку за ўвагу да вырашэння праблем, звязаных з наступствамі для Беларусі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У сваю чаргу часовы павераны ў справах Японіі ў Беларусі Асамура Такаа адзначыў, што ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці ўжо другі раз у гэтым годзе праходзіць такая цырымонія. У пачатку лютага Японія таксама выдзеліла грантавую дапамогу на закупку медыцынскага абсталявання для Гомельскай, Кармянскай і Іванаўскай бальніц. Дзякуючы падпісанаму грант-кантракту, Гродзенская дзіцячая паліклініка № 1 зможа закупіць чатыры апараты для розных відаў тэрапіі (магніта- і электратэрапіі, а таксама для камбінаванай электра-, ультрагукавой і магніталазернай тэрапіі).

Японскі дыпламат выказаў надзею, што гэты праект будзе садзейнічаць яшчэ больш высокай якасці рэабілітацыі і аздараўлення дзяцей. Ён падкрэсліў важнасць праграмы “Карані травы”, мэтай якой з’яўляецца падтрымка людзей, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. “Японскі народ не можа заставацца абыякавым да гэтай трагедыі, паколькі не па чутках ведае аб ядзерных катастрофах”, — сказаў Асамура Такаа. Паводле слоў часовага паверанага, гэты праект стане ў Беларусі 42-м.

Намеснік начальніка ўпраўлення Азіі, Аўстраліі і Акіяніі знешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзмітрый Кальцоў выказаў удзячнасць Пасольству Японіі ў Беларусі за ажыццяўленне гэтай праграмы. Ён высока ацаніў усебаковае беларуска-японскае супрацоўніцтва і выказаў упэўненасць, што ў далейшым двухбаковыя кантакты, у тым ліку ў гуманітарнай сферы, будуць умацоўвацца.