Караоке-­батл на англійскай мове

- 11:30Навіны рэгіёнаў

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 10 Гродна Таццяна Аляксандраўна Качан адчувае сябе шчаслівым чалавекам: ёй удалося рэалізаваць сваю мару працаваць у школе. Настаўнік вышэйшай катэгорыі, магістр гуманітарных навук, удзельнік фінальнага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2020”, Таццяна Аляксандраўна стараецца разгледзець талент у кожным дзіцяці, развіць здольнасці і сфарміраваць у вучняў цікавасць да прадмета.

Марыла працаваць у школе

Таццяна Аляксандраўна прызнаецца, што англійская мова заўсёды была яе самым вялікім захапленнем. Яшчэ ў школе вывучэнне замежнай мовы давалася ёй лёгка, дзяўчынка ўдзельнічала ў алімпіядах. Менавіта ў школьныя гады яна і вырашыла звязаць сваё жыццё з англійскай мовай. А будучы студэнткай ГрДУ імя Янкі Купалы, зразумела, што ёй асабліва блізкая методыка выкладання, таму і выбрала педагагічны шлях.

— Я люблю дзяцей і мне падабаецца дзяліцца з імі сваімі ведамі, але ў  школу прыйшла не адразу, — расказала Таццяна Качан. — Пасля заканчэння ўніверсітэта атрымала размеркаванне на кафедру тэорыі і практыкі перакладу і 17 гадоў працавала ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Гэты этап у маім жыцці быў вельмі цікавым. Але чым больш я працавала, тым больш разумела, што хачу дзяліцца ведамі з дзецьмі, адкрываць ім чароўны свет замежнай мовы, захапляць ёй. Мне заўсёды хацелася, каб мае вучні выкарыстоўвалі мову як інструмент, з дапамогай якога яны маглі б атрымліваць новыя веды, мець зносіны, свабодна гава­рыць па-англійску.

Калі вопытнага педагога запрасілі на работу ў гімназію № 10 Гродна, яна вельмі ўзрадавалася. Дзеці тут матываваныя, заўсёды з вялікім энтузіязмам успрымаюць усе эксперыменты, што прапануе настаўнік. Вучням усё гэта цікава, і педагог адчувае аддачу. Што можа быць лепшым?

— Прафесія настаўніка англійскай мовы — маё прызванне, — упэўнена Таццяна Аляксандраўна. — Я дапамагаю дзецям па-іншаму зірнуць на звычайныя рэчы, узбагаціць багаж сваіх ведаў. Калі казаць пра методыку, то, безумоўна, ва ўніверсітэце былі навукова-даследчая работа, велізарны тэарэтычны багаж, але яго складана было цалкам рэалізаваць на практычных семінарах. У поўнай меры ўдалося зрабіць гэта ў школе.

У гімназіі № 10 Гродна асаб­лівая ўвага ўдзяляецца рабоце з адоранымі дзецьмі, іх пад­рыхтоўцы да алімпіяд, удзелу ў навукова-даследчай дзейнасці. Тут стараюцца разгледзець талент у кожным дзіцяці, дапамагчы яму паверыць у свае сілы і падтрымаць яго імкненне да даследавання навакольнага свету. Дыферэнцыраваны падыход, падбор заданняў у залежнасці ад схільнасцей і асаблівасцей вучняў, выкарыстанне нетрадыцыйных форм правядзення ўрокаў, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій — усё гэта спрыяе фарміраванню ў школьнікаў устойлівай цікавасці да прадмета, развіццю іх здольнасцей і таленту, дасягненню высокіх вынікаў.

Таццяна Качан імкнецца, каб кожны ўрок стаў маленькай прыгодай, падарожжам у свет іншай культуры.

Нетрадыцыйныя ўрокі

Таццяна Качан імкнецца, каб кожны ўрок стаў маленькай прыгодай, падарожжам у свет іншай культуры.

Сучаснае “лічбавае” пакаленне не расстаецца са сваімі тэлефонамі, якія могуць як перашкаджаць, так і дапама­гаць у навучанні. Педагог умела накіроўвае сваіх вучняў, і гаджэты становяцца памочнікамі ў вывучэнні замежнай мовы. Выкарыстанне QR-кодаў, прагляд відэаролікаў, спасылкі на падабраныя настаўніцай артыкулы — усё гэта дапамагае вучням атрымліваць дадатковую інфармацыю.

— Калі мы гаворым на занятках пра музыку, чаму б не зла­дзіць караоке-батл, калі гля­дзім фільмы — вучні агучваюць герояў. Ёсць велізарная коль­касць варыянтаў, як зрабіць традыцыйны ўрок незвычайным. Вядома, дзеці любяць, каб усё было эфектна. Нейкія асаблівыя прыёмы, візуалізацыя заўсёды ўспрымаюцца імі з цікавасцю, дапамагаюць канцэнтраваць іх увагу. Безумоўна, напаўненне ўрока залежыць ад класа, узроўню падрыхтаванасці вучняў, з некаторымі я займаюся дадаткова, — падзялілася педагог.

Настаўніцы англійскай мовы вельмі падабаецца працаваць з такімі матываванымі дзецьмі. Не ўсім прадмет даецца аднолькава лёгка, таму яна індывідуальна падыходзіць да кожнага вучня, дае ім розныя заданні.

— Заўсёды павінна быць сітуацыя поспеху, — упэўнена Таццяна Качан. — Нават калі ў вучня нешта не атрымліваецца, не трэба даваць яму задачу, якую ён не зможа выканаць. Гэтак жа і моцнаму вучню сумна будзе выконваць лёгкія заданні без творчага пасылу. Павінна быць складана, але пасільна. Я тлумачу дзецям: не бойцеся зрабіць памылку. Калі вы яе самі заўважылі, пастараліся выправіць, гэта больш каштоўна, чым дзесьці падгледзець. Errare humanum est — чалавеку ўласціва памыляцца.

Педагог таксама пераканана, што ў рамках школьнай праграмы вучні могуць і павінны навучыцца размаўляць на англійскай мове. А каб загаварыць на мове, трэба не толькі ведаць граматыку, папаўняць свой лексічны запас, але і разважаць на ўроку, зды­маць бар’еры і не баяцца выказваць свой пункт гледжання. Важна, каб дзеці выкарыстоўвалі мову, гаварылі на ёй і нават думалі. Тады ўсё атрымаецца. Настаўніца заўсёды размаўляе са сваімі вучнямі на англійскай мове, уцягвае іх у дыялог. Тады і яны імкнуцца адказваць па-англійску, а калі ў дзяцей добра атрымліваецца, гэта выклікае ў іх буру станоўчых эмоцый.

Настаўнік года

Удзел у Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2020” даў Таццяне Аляксандраўне станоўчы вопыт, дазволіў адкрыць новыя гарызонты як для сябе, так і для вучняў.

— Конкурс стаў незабыўным этапам майго прафесійнага жыцця, я паказала ўсе тыя жамчужыны, якія назапасіла за сваё педагагічнае жыццё, — падзялілася Таццяна Аляксандраўна. — Для мяне ўдзел у конкурсе — гэта магчымасць прадэманстра­ваць прафесійнае майстэрства, па­дзяліцца вопытам, праявіць у поўнай меры творчыя здольнасці, прааналізаваць свой педагагічны шлях, паўдзельнічаць у майстар-класах. Неацэнным вопытам сталі зносіны з калегамі, якія таксама захоплены сваёй прафесіяй. Пасля такога конкурсу ты не можаш дрэнна правесці ўрок. На цябе ўжо па-іншаму глядзяць, чакаюць маленькага цуду, і ты проста не маеш права расчараваць дзяцей і не падарыць ім гэты цуд на сваіх уроках.

Т.А.Качан расказала, што ў гімназіі № 10 Гродна створаны ўсе ўмовы для прафесійнага росту настаўніка: “Дапытлівы ро­зум вучняў, іх жаданне паз­наваць навакольны свет і ўменне бачыць незвычайнае ў штодзённым матывуюць нас на пошукі новых метадаў і форм работы, якія дазваляюць рабіць урокі не толькі эфектыўнымі, але і эфектнымі. Каб ісці ў нагу з часам і нават быць на крок наперадзе, настаўнік проста абавязаны пастаянна працаваць над сабой”.

Заўсёды павінна быць сітуацыя поспеху. Быць складана, але пасільна, — лічыць педагог.

Лічбавыя сакрэты

Педагог не стаіць на месцы, сёння ёй цікава выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Разнастайныя сэрвісы патрабуюць творчага падыходу. Выкарыстоўваючы іх, Таццяна Аляксандраўна адкрывае вучням лічбавыя сакрэты навучання англійскай мове.

— Гэта дапамагае знахо­дзіць індывідуальны падыход да кожнага, — дадае Т.А.Качан. — Размяшчаю спасылку ў электронным дзённіку, і навучэнцы ў любы час могуць атрымаць матэрыял. Стараюся і сама ствараць заданні, якія носяць камунікатыўны характар. І потым на ўроку адчуваю, што дзеці скарысталіся спасылкамі і атрымалі дадатковую інфармацыю. Новыя тэхналогіі, сэрвісы зразумелыя і цікавыя сучаснаму вучню.

Павышаць метадычны ўзровень дапамагаюць анлайн-курсы, якія праводзяцца ў ГрАІРА. Педагог настолькі была ўражана курсамі, якія былі арганізаваны на дыстанцыйнай платформе Moodle, што таксама стварыла курс з выкарыстаннем гэтай платформы для факультатыву на англійскай мове для 9-х класаў “Камунікатыўная граматыка”.

Т.А.Качан удаецца таксама трансліраваць свой вопыт. Настаўніцу запрашаюць на курсы настаўнікаў у ГрАІРА. Яна прымае ўдзел у анлайн-мерапрыемствах, у міжнародных канферэнцыях, дае майстар-класы.

Таццяна Аляксандраўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Ёй падабаецца работа ў школе — “вялікай сям’і, дзе табе заўсёды дапамогуць, падтрымаюць, падзеляцца вопытам”. Яна любіць свой прадмет, дзяцей, заўсёды ўмее знайсці падыход да іх. Цяпер яна выкладае англійскую мову ў 5-х класах. Педагог марыць давесці сваіх выхаванцаў да выпускнога класа і каб усе яны здалі ЦТ на сто балаў, свабодна размаўлялі на англійскай мове незалежна ад таго, якой прафесіі аддадуць перавагу.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара і прадастаўлена гімназіяй № 10 Гродна.