Карэкцыйная дапамога для кожнага, хто мае ў ёй патрэбу

“Кожнае дзіця ў раннім і дашкольным узросце мае патрэбу ў пэўнай псіхалагічнай загартоўцы, якая дапаможа падрыхтавацца не толькі да навучання ў школе, але і да жыцця ў грамадстве. Вельмі важна гэта для дзяцей, якія маюць псіхафізічныя асаблівасці, — адзначае загадчыца ясляў­сада № 22 Рэчыцы Таццяна Мікалаеўна Стасевіч. — У будучым навучальным годзе ў нашай установе будзе функцыянаваць 11 груп, з іх 5 спецыяльных, у тым ліку 2 для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення (з 3 да 4 гадоў) і група для дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі, а таксама пункт карэкцыйна­педагагічнай дапамогі. У перспектыве мне хацелася б, каб наша ўстанова набыла статус “спецыяльны яслі­сад для дзяцей з парушэннямі маўлення”.

Калі сем гадоў назад Таццяна Мікалаеўна ўзначаліла гэтую ўстанову, ёй давялося сур’ёзна заняцца паляпшэннем яе матэрыяльна-тэхнічнага стану. Што тычыцца адукацыйнага працэсу, то ў садзе на той момант не было ні спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкім парушэннямі маўлення, ні пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Паколькі дзяцей з парушэннямі маўлення з кожным годам не становіцца менш, пытанне аказання ім адпаведнай дапамогі з’яўляецца вельмі актуальным.

“Паступова мы сталі пераўтва­раць наш дзіцячы сад, — адзначае Таццяна Мікалаеўна. — І ўжо ў 2013 годзе ўстанова заняла 3-е месца ў раённым конкурсе па падрыхтоўцы ўстаноў да новага навучальнага года. У мінулым годзе — 2-е месца. Значную дапамогу аказвае папячыцельскі савет установы, а таксама шэфы — філіял аўтобуснага парка № 3 ААТ “Гомельаблаўтатранс”. Істотны ўклад робіцца праз пазабюджэтную дзейнасць па аказанні платных адукацыйных паслуг: каля 90 нашых малышоў наведваюць гурткі (харэаграфію, англійскую мову, дзіцячае ручное ткацтва). Летам арганізаваны групы кароткачасовага знаходжання выхаванцаў, якія не наведваюць установу: група выхаднога дня, адаптацыйная група і мацярынская школа. Усе заробленыя сродкі ідуць на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, правядзенне рамонтных работ, набыццё мэблі, гульнявога абсталявання. Сёлета, напрыклад, мы плануем набыць інтэрактыўную дошку для настаўнікаў-дэфектолагаў”.

У 2013 годзе ў яслях-садзе № 22 Рэчыцы былі адкрыты дзве спецыяльныя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення — сярэдняя і старшая. У пазамінулым годзе — ПКПД, дзе дапамогу настаўніка-дэфектолага пачалі атрымліваць дзеці, якія маюць нязначныя парушэнні маўлення. У мінулым годзе створана другая малодшая група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення (3—4 гадоў), якая стала адзінай у Рэчыцкім раёне і аказалася вельмі запатрабаванай. Падрыхтавалі яе адкрыццё выхавальніцы Алена Аляксееўна Нязнаева і Алена Аляксандраўна Сідорская. 

“Чым раней пачынаецца карэкцыйная работа з дзіцем, тым лепшым будзе яе вынік, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Нават у дзяцей 3—4 гадоў, якія прыйшлі ў спецыяльную групу, прагрэс у развіцці маўлення мы заўважылі праз паўгода. Упэўнены, што да школы большасць з іх выйдзе на норму. Дарэчы, сёння большасць выпускнікоў сада пакідаюць установу з нормай у маўленчым развіцці. Некаторыя дзеці працягваюць навед­ваць ПКПД у школах або (радзей) ідуць у інтэграваныя класы. Сёлета ў садзе будзе адкрыта яшчэ адна група для дзяцей з ЦПМ 3—4 гадоў, а таксама група для дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі. Такім чынам, большасць выхаванцаў сада будзе ахоплена ка­рэкцыйнай дапамогай.

Сёння наш дзіцячы сад наведваюць 230 выхаванцаў. Дзіцячы калектыў — асаблівы свет, у якім неабходна ствараць і падтрымліваць станоўчую і творчую атмасферу: хваліць, заахвочваць, адабраць прадукцыйныя паводзіны дзіцяці. З чым цудоўна спраўляецца наш малады, мэтанакіраваны, энергічны педагагічны калектыў. Педагогі любяць дзяцей, ведаюць, што працэс развіцця дзіцяці заўсёды індывідуальны, выхоўва­юць у малышах пачуццё ўласнай годнасці і адказнасці за свае ўчынкі. На базе ўстановы рэгулярна прахо­дзяць раённыя метадычныя аб’яднанні спецыялістаў дашкольнай адукацыі, у тым ліку для настаўнікаў-дэфектолагаў спецыяльных груп. Сад цесна супрацоўнічае са спецыялістамі раённага ЦКРНіР. Мы расцім свае кадры. Некаторыя з выхавальнікаў першапачаткова прыйшлі да нас памочнікамі выхавальнікаў, атрымалі педагагічную адукацыю і сталі педагогамі”.

Выхавальніца Святлана Ула­дзіміраўна Ляцяга працуе ў групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Яе мэта — развіваць звязнае маўленне выхаванцаў і культуру маўленчых зносін. На занятках яна выкарыстоўвае метад мадэлявання. Педагог вывучыла літаратуру па гэтай тэме, падрыхтавала схемы-мадэлі да заняткаў, пашырыла веды бацькоў аб маўленчым развіцці дзяцей. Святлана Уладзіміраўна стварыла мадэлі да пераказу літаратурных твораў, апісання карцін, складання апавяданняў аб прадметах, завуч­вання вершаў. Такая работа дала пазітыўныя вынікі: выхаванцы сталі больш актыўнымі ў маўленчых зносінах, павысілася змястоўнасць і звязнасць іх маўлення, дзеці навучыліся складаць разгорнутыя апісанні цацак, прадметаў, перасталі адчуваць цяжкасці ў пераказе літаратурных твораў, добра засвоілі граматычны бок маўлення. У выхаванцаў палепшылася памяць: мадэляванне значна скарачае час завучвання вершаў, аблягчае яго працэс.

Цікавы вопыт выхавальніцы Ганны Уладзіміраўны Грыгор’евай. Педагог знаходзіцца ў пошуку новых інтэрактыўных і эфектыўных метадычных сродкаў, ідэй і падыходаў, якія са­дзейнічаюць павышэнню пазнавальнай актыўнасці выхаванцаў. Ганна Уладзіміраўна нядаўна стала прымяняць у сваёй рабоце сучасную форму работы з выхаванцамі — лэпбук. А гэта значыць гульня, творчасць, пазнанне і даследаванне новага, паўтарэнне і замацаванне вывучанага, сістэматызацыя ведаў і проста цікавы від сумеснай дзейнасці бацькоў і дзяцей. Лэпбукі дапамагаюць хутка і эфектыўна засвоіць новую інфармацыю і замацаваць вывучанае ў займальна-гульнявой форме. Гэтыя тэматычныя дапаможнікі маюць яркае афармленне, дакладную структуру і распрацоўваюцца спецыяльна пад канкрэтнае дзіця з яго ўзроўнем ведаў.                   

Можна адзначыць настаўніка-дэфектолага Святлану Васільеўну Галаўко, якая выкарыстоўвае ў сваёй рабоце шматфункцыянальны дапаможнік “Вясёлая карусель” з мэтай фарміравання лексіка-граматычных катэгорый у дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з агульным недаразвіццём маўлення (АНМ). Вядучым відам дзейнасці выхаванцаў з’яўляецца гульня. Выкарыстанне яе ў навучанні — найбольш эфектыўны метад. Працуючы з дзецьмі з АНМ і сутыкаючыся з праблемамі ў іх навучанні, Святлана Васільеўна шукала дапаможныя гульнявыя сродкі, якія аблягчаюць, сістэматызуюць і накіроўваюць працэс засваення дзецьмі новага матэрыялу. Шматгадовы вопыт работы педагога паказаў, што пры вывучэнні новых гульняў і наглядных дапаможнікаў траціцца шмат часу на азнаямленне дзяцей з імі. Для вырашэння гэтай праблемы ўзнікла неабходнасць у стварэнні шматфункцыянальнага дапаможніка “Вясёлая карусель”.

“Працуючы з выхаванцамі ва ўмовах ПКПД і спецыяльных груп для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, я ўмацавалася ў разуменні прафесіі педагога як незвычайна адказнай, — гаворыць настаўнік-дэфектолаг Святлана Васільеўна Галаўко. — Як правіла, у лагапедычнай групе настаўнік-дэфектолаг працуе з выхаванцамі, якія маюць агульнае недаразвіццё маўлення. Асноўным кірункам карэкцыйнай работы з выхаванцамі з АНМ з’яўляецца развіццё ўсіх кампанентаў вуснага маўлення: гукавымаўлення, фанетыка-фанематычных працэсаў, лексіка-граматычнай будовы і звязнага маўлення. У норме дзіця вучыцца змяняць словы і правільна іх ужываць у словазлучэннях і сказах ва ўмовах пастаянных зносін з навакольнымі. А ў дзіцяці з маўленчай паталогіяй абмежаваныя магчымасці для авалодвання лексічнымі і граматычнымі катэгорыямі і формамі на аснове непасрэднага пераймання маўлення навакольных. Яно мае патрэбу ў спецыяльных умовах навучання, дзе вялікая ўвага ­ўдзяляецца фарміраванню лексікі і граматычнага боку маўлення.

Настаўнік-дэфектолаг ніколі не павінен спыняцца ў сваім развіцці, павінен шукаць новыя формы арганізацыі адукацыйнай дзейнасці. Вынікам такога пошуку ў нашым выпадку стаў дыдактычны дапаможнік — лэпбук “Поры года”, які разам са мной падрыхтавалі настаўнікі-дэфектолагі Марына Валер’еўна Дворнік, Марына Аляксандраўна Дваракоўская, Ганна Міхайлаўна Ласіца. Лэпбук — гэта не проста метад, які дапамагае замацаваць і адпрацаваць атрыманыя веды і навыкі, гэта палёт фантазіі, які можа даць непрадказальныя вынікі, гэта даследаванне, якое, пачаўшыся аднойчы, будзе працягвацца ўсё жыццё. Задача настаўніка-дэфектолага — надаваць выхаванцам з ЦПМ упэўненасці ў сваіх сілах і правільна матываваць іх да новых адкрыццяў. Лэпбук выглядае як інтэрактыўная кніга, інфармацыя ў якой прадстаўлена ў выгля­дзе акенцаў, якія адкрываюцца, лістоў, якія вымаюцца і разварочваюцца”.

Дыдактычны дапаможнік лэпбук “Поры года” — гэта тэматычная інтэрактыўная папка, якая складаецца з дыдактычных гульняў. Дапаможнік мае яркае афармленне, дакладную структуру, цікава аформлены матэрыял. Выраблены ён са сшытых папак фармату А4, якія складаюцца з 4 старонак. Кожная старонка адпавядае пэўнай пары года і мае адрозненні па колеры: восень — жоўты колер, зіма — сіні, вясна — зялёны, лета — чырвоны. Лэпбук “Поры года” варыятыўны і змястоўна насычаны, шматфункцыянальны, яго можна выкарыстоўваць як індывідуальна, так і ў падгрупавой рабоце. Яго задачы: фарміраваць уяўленні выхаванцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення аб порах года, прыкметах; разві­ваць звязнае маўленне пры складанні аповеду па сюжэтных карцінках; фарміраваць уменне складаць разразныя карцінкі з 4—5 частак; развіваць лагічнае мысленне пры адгадванні загадак аб порах года; замацоў­ваць уменні ўстанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі паміж прыроднымі з’явамі; сістэматызаваць веды дзяцей пра жывую і нежывую прыроду; фарміраваць цікавасць да прыроды і вывучэння з’яў прыроды.

Прапануем змест заданняў лэпбука па лексічнай тэме “Восень”:

1. Складанне аповеду на тэму “Восень”. 1-ы варыянт: настаўнік-дэфектолаг разам з дзецьмі разглядвае карцінку. Размаўляюць па ёй і складаюць аповед; 2-і варыянт: настаўнік-дэфектолаг чытае тэкст, задае пытанні па ім, разглядвае разам з выхаванцамі схематычныя карцінкі ў кніжцы-малышцы. Пасля паўторна чытае і суадносіць карцінкі з тэкстам. Затым тэкст пераказваецца дзецьмі па ланцужку, або пачатак тэксту пераказвае адно дзіця, а заканчвае другое, або дзіця пераказвае тэкст цалкам.

2. Складанне аповеду па серыі карцінак. 1-ы варыянт: настаўнік-дэфектолаг выстаўляе 4 карцінкі ў ха­атычным парадку і прапаноўвае выхаванцам здагадацца, дзе тут пачатак, сярэдзіна, канец; 2-і варыянт: ­адзін выхаванец пачынае аповед, другі працягвае, трэці заканчвае, і толькі потым адзін з іх складае аповед адразу па ўсіх карцінках.

3. Гульня “Прыкметы восені”. 1-ы варыянт: выхаванцу прапаноўваецца выбраць карцінку і назваць прыкмету восені; 2-і варыянт: настаўнік-дэфектолаг выкладвае перад выхаванцам карцінкі прыкмет розных пор года. Дзіця павінна знайсці толькі прыкметы восені і прымацаваць іх на сваё месца.

4. Асеннія загадкі. Настаўнік-дэфектолаг чытае загадку, а выхаванец называе адгадку і знаходзіць адгадку-карцінку.

5. Гульня “З якога дрэва ліст?”. Выхаванцу прапаноўваюцца карткі з выявамі  лістоў і пладоў дрэў. Ён бярэ картку і вызначае, да якога дрэва гэта адносіцца.

6. Гульня “Дзе лісток?”. Выхаванцу прапаноўваецца разгледзець карцінку, знайсці ліст, які ўпаў, і вызначыць месцазнаходжанне з дапамогай прыназоўнікаў “на”, “пад”, “у”.

7. Складанне сказаў па карцінках з выкарыстаннем словазлучэння “восеньскае лісце”. Настаўнік-дэфектолаг прапаноўвае выхаванцу 4 сюжэтныя карцінкі. З іх дапамогай дзіця складае сказы.    

“Адна з галоўных задач нашага калектыву — арганізацыя адукацыйнай і выхаваўчай работы з выхаванцамі, — адзначае Таццяна Мікалаеўна. — Мая задача як кіраўніка — дапамагчы педагогам раскрыць творчы патэнцыял па рэалізацыі індывідуальна-дыферэнцыраванага падыходу ў навучанні, выхаванні і аздараўленні выхаванцаў. Для гэтага я пастаянна аналізую цяжкасці і праблемы, якія існуюць ва ўзаемадзеянні педагогаў і выхаванцаў, забяспечваю планамерную вучобу педагагічных кадраў, накіраваную на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці, педагагічнага майстэрства, матывую іх да абагульнення і распаўсюджвання вопыту работы праз ­удзел у НПК, майстар-класах, публікацыі ў СМІ і г.д.

Нам ёсць над чым працаваць. Варта ўдасканальваць матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне педагагічнага працэсу, накіраванае на ўмацаванне здароўя выхаванцаў, стварыць безбар’ернае асяроддзе ва ўстанове і такое адукацыйнае інклюзіўнае асяроддзе, якое дасць роўныя магчымасці для атрымання адукацыі для дзяцей з АПФР і звычайных дзяцей. Таму вельмі важна, каб ва ўстанове працавалі педагогі, якія маюць адпаведную кваліфікацыю для карэкцыі парушэнняў развіцця дзяцей з АПФР, аказання ім кваліфікаванай дапамогі ў асваенні праграмы. Кожнае дзіця, у тым ліку з АПФР, павінна знайсці сваё годнае месца ў грамадстве. Няважна, якую дарогу яно выбера, калі стане дарослым, галоўнае — не пагасіць яго ўнутраную іскрынку сёння. А гэта ў многім залежыць ад прафесіяналізму педагога.

Трэба зрабіць так, каб ні адзін наш выхаванец, які мае патрэбу ў атрыманні карэкцыйнай дапамогі, не застаўся незаўважаным. І сёння я мару аб тым, каб наша ўстанова набыла статус “спецыяльны яслі-сад для дзяцей з парушэннямі маўлення”. Усе выхаванцы павінны ўдзельнічаць у праектах, якія рэалізоўваюцца ў садзе. Нядаўна, напрыклад, усе нашы групы пачалі добрую справу — прынялі ­ўдзел у сацыяльна-экалагічным праекце “Новае жыццё ўзамен на накрыўку”. Стала штогадовай традыцыяй праводзіць сумесныя мерапрыемствы з ДАІ і МНС, бо вельмі важна фарміраваць у дашкольнікаў навыкі паводзін на вуліцы, веды аб элементарных правілах бяспекі ў побыце.

У мяне ёсць яшчэ адна мара — адкрыць у садзе беларускамоўную групу. Летась, дзякуючы метадысту ВМК аддзела адукацыі Наталлі Вітальеўне Вараб’ёвай, мне давялося пабываць на рэспубліканскім семінары ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці, дзе дэманстраваўся вопыт работы такіх груп. Было відавочна, што для педагогаў Дзятлаўшчыны, якія працу­юць з беларускай мовай, — гэта справа штодзённая, а іх выхаванцы размаўляюць на роднай мове ўпэўнена і чыста. Мы ўжо прыкладаем пэўныя намаганні ў гэтым кірунку. Наша выхавальніца Вікторыя Мікалаеўна Зыкава ўзялася за распрацоўку серыі інтэрактыўных гульняў на беларускай мове”.

Надзея ЦЕРАХАВА.