Карысны адпачынак

Як захаваць здароўе? Як загартаваць свой арганізм? Як арганізаваць адпачынак для дзяцей, каб ён быў цікавым і карысным? На ўсе гэтыя пытанні педагогі Мілявіцкага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа знайшлі адзін адказ – правесці Дзень здароўя!

Дзень здароўя, які прайшоў 14 студзеня, быў прысвечаны Сусветнаму дню снегу і сабраў усіх пад дэвізам “Хочаш быць  здаровым – будзь ім!”.

Свята пачалося з вялікага старту на Мілявіцкай лыжні, які даў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Я.В.Яўсейчык. Удзельнікамі лыжнай гонкі сталі не толькі навучэнцы, але і педагогі. Хутка вызначыліся і пераможцы: Юрый Дубатоўка, Уладзіслаў Галавач і Ілона Заяц.

Настаўніца пачатковых класаў Т.М.Галавач прапанавала паўдзельнічаць у конкурсе снежных скульптур “Зіма-чараўніца”, дзе кожны змог прадэманстраваць свае фантастычныя ідэі ў вырабе незвычайных фігур- вобразаў. Была пабудавана снежная крэпасць, ля сцен якой стаялі вясёлыя снегавікі, добрыя чараўніцы, казачныя жывёлы і снежныя шары неверагоднай велічыні.

Спаборніцтвамі і гульнямі на школьнай пляцоўцы свята не скончылася. Кожнаму хацелася як мага надалей захаваць гэта пачуццё радасці, бадзёрасці і свабоды ад сустрэчы са снегам, ветрам і чыстым паветрам. І таму многія навучэнцы паспяшаліся скарыстацца паслугамі ўстановы адукацыі і ў школьным пункце пракату выбралі лыжы не толькі для сябе, але і для сваіх бацькоў, каб разам правесці выхадныя дні.

Людміла КІСЛАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Мілявіцкага ВПК дзіцячы cад – сярэдняя школа.