Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Навагрудка Гродзенскай вобласці Алена Уладзіміраўна Чал даўно вызначыла для сябе ўласную формулу паспяховай работы. Педагогу мала выдатна ведаць свой прадмет, важна яшчэ быць у трэндзе, ісці ў нагу з часам і ўлічваць інтарэсы сваіх вучняў. Каб прыцягнуць увагу дзяцей і даць ім трывалыя веды, у апошні час на ўроках яна актыўна выкарыстоўвае кароткаметражныя фільмы. І вынікам такога падыходу задаволена.
Быць у трэндзе
Алена з дзяцінства не ўяўляла сябе нікім іншым, акрамя настаўніцы. Усё пачыналася з таго, што проста рассаджвала і вучыла лялек. Аднак прадметы, якія хацелася выкладаць, час ад часу мяняліся. Захаплялі і гісторыя Старажытнага свету, і хімія. Але англійская мова заўсёды была ў прыярытэце, таму ў выніку на яе і была зроблена стаўка.
Алена Уладзіміраўна вучылася ў Баранавіцкім дзяржаўным вышэйшым педагагічным каледжы (зараз Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт). Пасля атрымання дыплома была накіравана ў Навагрудак, дзе працуе і сёння. Яе педагагічным крэда з самага пачатку сталі простыя, мудрыя словы В.В.Ключэўскага: “Каб быць добрым выкладчыкам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і тых, каму выкладаеш”. Пацвяржэннем таго, што выбраны падыход правільны, быў паспяховы ўдзел у конкурсе “Настаўнік года — 2011”. Тады маладая настаўніца, на той час самая юная ўдзельніца, стала прызёрам абласнога этапу і фіналістам рэспубліканскага. Галоўнае ж — работа з самага пачатку і па сённяшні дзень прыносіць сапраўднае задавальненне і жаданне развівацца далей, каб выкладаць яшчэ больш цікава, сучасна і эфектыўна.
— Прытрымліваюся думкі, што настаўніку трэба заўсёды і ва ўсім быць у трэндзе, — тлумачыць сваю пазіцыю Алена Уладзіміраўна. — Гэта дапаможа лепш разумець і зацікавіць вучняў, быць бліжэй да іх. Запомнілася, як яшчэ ў 2004 годзе, калі пачынала працаваць, я прыйшла ў клас з магнітафонам. Дзеці сумна сказалі: “Будзем “Бітлз” слухаць?” Ім падабалася ўжо іншая музыка. У той момант я зразумела: у вучняў склаліся прадузятыя адносіны да таго, што яны традыцыйна бачаць і чуюць на ўроках.
Тады настаўніца ўключыла вучням тое, што было для іх актуальна, — песні групы Linkin Park. Маладыя людзі не чакалі нічога падобнага, адразу загарэліся. З таго часу Алена Уладзіміраўна пачала актыўна выкарыстоўваць іншамоўныя песні на сваіх уроках.
І вучні на такіх прыкладах вывучалі англійскую мову з куды большай цікавасцю.
Менавіта назіранне за сітуацыяй і рэакцыяй вучняў дапамаглі А.У.Чал вызначыць для сябе тыя фактары, якія робяць яе ўрок цікавым, для многіх любімым. На думку настаўніцы, па-першае, дзецям абавязкова павінна быць камфортна. А гэта значыць, што трэба паважаць асабістую прастору і інтарэсы кожнага вучня. Па-другое, урок павінен быць разнастайным. Як правіла, адсутнасць цікавасці звязана з тым, што вучні ўжо загадзя ведаюць усе этапы. Таму трэба эскперыментаваць, імправізаваць і пазбягаць шаблонаў! Па-трэцяе, не сакрэт, што нярэдка цікавасць да прадмета фарміруецца дзякуючы яркай асобе педагога. Таму трэба быць цікавым, крэатыўным, натхняючым! Алене Уладзіміраўне вельмі даспадобы яркі выраз Evolve or Die (“Развівайся ці памры”). Мова і методыка не стаяць на месцы, таму пастаяннае прафесійнае развіццё з’яўляецца важнай часткай выкладчыцкай прафесіі.
Шлях ад аўдыя да відэа
Спачатку Алена Уладзіміраўна для развіцця моўнай кампетэнцыі вучняў актыўна выкарыстоўвала на сваіх уроках музыку і англамоўныя аўдыязапісы. Але з часам настаўніцу ўсе больш сталі цікавіць сродкі экраннай медыяадукацыі. Яны дазваляюць эфектыўна вучыць і візуалаў, і аўдыялаў. Сёлета вопыт па гэтай тэме А.У.Чал абагульніла — і ў выніку стала настаўнікам-метадыстам.
— Я імкнуся да інтэнсіфікацыі вучэбнага працэсу, павышэння вучнёўскага ўзроўню валодання мовай. Пастаянна знаходжуся ў пошуку сродкаў, якія аказваюць эмацыянальны ўплыў на школьнікаў у час урока, выклікаюць і падтрымліваюць іх цікавасць да навучання, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — Для мяне шлях ад аўдыя да відэа быў натуральны. Рухалася ад больш простага да складанага, ад выкарыстання на ўроках аўдыя да відэазапісаў. Да таго ж я сама кінаман. А калі работа і хобі супадаюць, гэта дорыць двайную асалоду.
Сістэмную работу па выкарыстанні сродкаў экраннай медыяадукацыі Алена Уладзіміраўна вядзе з 2014 года. Менавіта з гэтага часу настаўніца ўзялася за рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі медыяадукацыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу пры дапамозе развіцця крытычнага мыслення”. У ходзе работы склала тэматычны каталог кароткаметражных фільмаў з распрацаванымі заданнямі. На сённяшні дзень у ім 40 фільмаў.
Чаму настаўніца спынілася менавіта на кароткім метры? Акрамя агульных плюсоў выкарыстання экранных медыятэкстаў (гэта павышэнне матывацыі і выкарыстанне розных каналаў паступлення інфармацыі, а таксама знаёмства з аўтэнтычнай, разнастайнай мовай), кароткія фарматы маюць яшчэ і шэраг дадатковых дыдактычных пераваг. Сучасныя вучні — гэта дзеці новага пакалення Z. А іх адметная рыса — схільнасць да так званага Twitter-эфекту, калі маштаб любой работы памяншаецца. У гэтым кантэксце менавіта кароткія відэаролікі з’яўляюцца больш эфектыўнымі, чым доўгія тэксты ці традыцыйныя гутаркі. Да таго ж кароткаметражны фільм, у адрозненне ад поўнаметражнага, лёгка інтэграваць у працэс навучання замежнай мове. Прагляд не займае шмат часу, а гэта яшчэ адзін важкі плюс пры выкарыстанні запісаў у рамках 45 мінут урока. Кароткая працягласць дае магчымасць прадэманстраваць фільм 2—3 разы, каб унікнуць ва ўсе моўныя дэталі.
Прагляд відэа па методыцы 10 крокаў
Алена Уладзіміраўна актыўна выкарыстоўвае відэа на розных этапах урока і ступенях навучання. Аднак, як паказаў вопыт, найбольшы эфект відэаматэрыялы даюць у 8—11 класах, паколькі поўнае, амаль дэталёвае разуменне мовы, якая гучыць, магчыма толькі на ўзроўні валодання А2 і вышэйшым.
Пры выкарыстанні кароткаметражнага фільма з мэтай развіцця моўнай кампетэнцыі вучняў, А.У.Чал прымяняе методыку 10 крокаў.
Крок 1. Уступ. Неабходна матываваць вучняў, настроіць іх на выкананне задання, зрабіўшы актыўнымі ўдзельнікамі працэсу навучання.
Крок 2. Падрыхтоўка да прагляду і далейшай работы. Ставіцца мэта зняць магчымыя цяжкасці ўспрымання тэксту і падрыхтаваць вучняў да паспяховага выканання задання; актывізаваць веды. Тыпы заданняў: апытанне (адказы на пытанні), інтэрпрэтацыя загалоўка відэаматэрыялу, мазгавы штурм, работа са слоўнікам з мэтай знаёмства з новымі лексічнымі адзінкамі, інтэрпрэтацыя дапаможнай інфармацыі (малюнкаў, фотаздымкаў, графікаў, табліц і г.д.), розныя варыянты прадугадвання падзей (Sound and Image (“Гук і выява”), Top and Tail (“Пачатак і канец”) і г.д.
Крок 3. Першая ўстаноўка. Вызначаецца мэта прагляду аўтэнтычнага матэрыялу.
Крок 4. Першы прагляд. Ажыццяўляецца прагляд аўтэнтычнага відэаматэрыялу цалкам, вядзецца непасрэдная работа з ім. Заданні, якія выконваюцца пры праглядзе відэа ўпершыню, звычайна звязаны з развіццём навыкаў успрымання замежнай мовы на слых і, у прыватнасці, для агульнага разумення. Тыпы заданняў: практыкаванні, накіраваныя на пошук правільных адказаў на пытанні (пытанні прапаноўваюцца да прагляду); вызначэнне праўдзівых/непраўдзівых сцвярджэнняў; суаднясенне рознаўзроўневых сказаў з сэнсавымі часткамі тэксту (план тэксту і загалоўкі да кожнай часткі прапаноўваюцца); размяшчэнне частак тэксту ў лагічнай паслядоўнасці; устанаўленне прычынна-выніковых сувязей і г.д.
Крок 5. Агульнае разуменне. Вучні даюць адказы да заданняў, якія выконвалі падчас першаснага прагляду.
Крок 6. Другая ўстаноўка. Абазначаецца мэта прагляду аўтэнтычнага відэаматэрыялу.
Крок 7. Другі прагляд медыятэксту. Мэта — прагляд аўтэнтычнага відэаматэрыялу са спыненнямі ці часткова і непасрэдная работа з ім. Мерапрыемства для другога прагляду накіравана на селектыўнае ці дэталёвае разуменне медыятэксту і развіццё маналагічнай мовы. На гэтым этапе А.У.Чал раіць прымяняць такія практыкаванні, як Freeze Frame (“Замарожванне кадра”), Spotthe Shots (“Месца і кадр”).
Крок 8. Дэталёвае разуменне. Мэта — кантроль ступені разумення дэталёвага зместу відэаматэрыялу.
Крок 9. Трэці прагляд. (Ён не з’яўляецца абавязковым). Вядзецца аналіз мэдыятэксту для развіцця медыяпісьменнасці вучняў. Тыпы заданняў: методыка Cs and Ss — методыка аналізу фільма па крытэрыях Character, Story and Setting (персанаж, сюжэт, месца дзеяння) і Camera, Colour and Sound (камера, колер і гук).
Крок 10. Падвядзенне вынікаў. Гэты этап арыентаваны на ўдасканаленне навыкаў маўлення, развіццё творчых здольнасцей вучняў, самастойны пошук і здабыццё інфармацыі. Тут добра “працуюць” практыкаванні: ролевыя гульні, дэбаты, праектныя заданні (даклад, паведамленне па зададзенай тэме), драматызацыя, распрацоўка і здымка відэароліка. Таксама можна выкарыстоўваць практыкаванні з методыкі “Восем базавых падыходаў” (Eight Basic Teaching Techniques):
— Attracting Audiences (“Прыцягненне аўдыторыі”): вучні збіраюць пакет рознага роду інфармацыі па медыятэксце (рэцэнзіі, рэкламу, фотаздымкі, саўндтрэкі і г.д.), на падставе якой можна падрыхтаваць групавую прэзентацыю медыятэксту ці скласці калаж на яго тэму. Мэта — зразумець прычыны поспеху медыятэксту ў аўдыторыі.
— Generic Translations (“Відавыя трансфармацыі”): развівае ў вучняў уменне пераводу медыятэкстаў з аднаго віду ў іншы (з літаратурнага тэксту — у экранны і, наадварот, з газетнага — у вершаваны).
— Cross-media Comparison (“Параўнанне медыятэкстаў”): вучням прапаноўваецца супаставіць два фрагменты розных твораў для розных аўдыторый. Напрыклад, трэба супаставіць ключавыя эпізоды літаратурнага тэксту і дзвюх яго экранізацый ці трактаванні адной і той жа тэмы ў мастацкім і дакументальным фармаце.
— Simulation (“Імітацыя”): вучні выконваюць ролі прадзюсараў/аўтараў і мадыфікуюць аўдыятэкст для розных узроставых груп, крытыкуюць яго з розных пунктаў гледжання, спрабуюць прадаць тэлеканалам і пракатным фірмам.
Парады з уласнага вопыту
Алена Уладзіміраўна пераканалася: экранныя медыятэксты робяць вучэбны працэс прыцягальным і цікавым для дзяцей. А яшчэ дапамагаюць кампенсаваць адсутнасць іншамоўнага асяроддзя, пашырыць кругагляд, выхаваць эстэтычны густ школьнікаў. Пра эфектыўнасць вопыту сведчаць станоўчая ацэнка вучнямі выкарыстання медыятэкстаў у вучэбным працэсе, высокая якасць ведаў ва ўсіх класах, а таксама паспяховае выступленне школьнікаў на мерапрыемствах на англійскай мове.
— Для таго каб медыятэкст прынёс максімальны эфект, трэба прытрымлівацца пэўнага алгарытму выкарыстання. Спачатку неабходна вызначыць, для чаго ён будзе прымяняцца і якія задачы пры гэтым паставіць, — адзначае А.У.Чал. — Настаўніку трэба быць да дробязей азнаёмленаму з запісам (змест, працягласць, парадак і г.д). Яшчэ адзін важны момант: не варта паказваць запіс без уступнага слова і тлумачэння вучням задання. Падчас работы з відэазапісам добра выкарыстоўваць дадатковы матэрыял (малюнкі, раздатачны матэрыял).
Асаблівай увагі патрабуе выбар відэаматэрыялаў. Трэба звяртаць увагу на тое, каб відэа было аўтэнтычным, адпавядала ўзросту, інтарэсам, узроўню мовы вучняў, а таксама мэтам і задачам вучэбных заняткаў, мела метадычную каштоўнасць і карэлявала з вучэбнымі праграмамі. Мова ў фільме павінна быць сучаснай і пры гэтым адпавядаць літаратурным нормам. Нельга, каб было шмат новых лексічных адзінак.
Настаўніца раіць застрахавацца і ўлічыць, што ёсць верагоднасць узнікнення лінгвістычных (парушэнне літаратурных норм мовы, цяжкая лексіка) і псіхафізіялагічных праблем (зніжэнне камфортнасці вучняў, якое звязана з цяжкасцямі разумення зместу тэкстаў). Безумоўна, каб рэалізаваць свае задумы, важна, каб было сучаснае абсталяванне.
Алена Уладзіміраўна ніколі не стаіць на месцы, арыентуецца на інтарэсы вучняў і далей уводзіць навінкі. Так, адной з апошніх вынаходак стаў урок па тэме “Мастацтва” ў карціннай галерэі Кастуся Качана, што месціцца ў цэнтры Навагрудка. Вучні пазнаёміліся з выставай, новай лексікай, апісвалі карціны, якія ім спадабаліся, а напрыканцы пілі фірменную травяную гарбату, якой іх пачаставалі гаспадары ўстановы. Урок атрымаўся вельмі яркім, пакінуў шмат прыемных успамінаў і добрыя веды па новай тэме.
А.У.Чал праводзіць заняткі і ў фармаце кінаклуба. Так у Навагрудку нават з’явіўся раённы кінаклуб аматараў англійскай мовы
F & M (Films and Movies) для вучняў 9—11 класаў устаноў адукацыі раёна. Кінаклуб F & M — гэта ўнікальная магчымасць падтрымліваць і развіваць свае маўленчыя навыкі. Яго галоўная задача — зрабіць вывучэнне англійскай мовы максімальна карысным і цікавым. Заняткі прысвечаны прагляду пэўнага фільма і праходзяць у форме займальнай гутаркі-дыскусіі на англійскай мове. Пасля прагляду даюцца творчыя заданні, праводзяцца гульні і прэзентацыі. У кожнага ўдзельніка ёсць магчымасць выступіць.
На будучыню ў Алены Уладзіміраўны яшчэ нямала цікавых задум. Яна не ўяўляе жыцця без сваіх вучняў і англійскай мовы, імкнецца ні на крок не адставаць ад часу, які пастаянна ставіць новыя цікавыя задачы.
Таццяна ШЫМКО.