Карпаратыўная сустрэча

- 10:22Актуально, Апошнія запісы

На мінулым тыдні адбылася сустрэча міністра адукацыі Ігара Карпенкі са слухачамі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У аўдыторыі сабраліся кіраўнікі раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, рэктары, прарэктары абласных інстытутаў развіцця адукацыі, дырэктары навучальных устаноў, загадчыкі дзцячых садкоў і педагогі-псіхолагі. Размова атрымалася змястоўнай і канструктыўнай. Як адзначыў міністр, такія сустрэчы забяспечваюць зваротную сувязь Міністэрства адукацыі з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, што неабходна для вырашэння надзённых праблем.

У сваім выступленні Ігар Карпенка засяродзіўся на асноўных кірунках развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, падкрэсліўшы, што на вынік працуе кожны ўдзельнік адукацыйнага працэсу. Міністр адзначыў, што Беларусь у рэйтынгу дзяржаў па індэксе развіцця чалавека знаходзіцца на 52-м месцы, што адпавядае групе краін з высокім узроўнем развіцця. Разам з тым, як заўважыў кіраўнік ведамства, гэта не азначае, што мы павінны супакоіцца і нічога не рабіць для далейшага развіцця. Нам трэба рухацца наперад, улічваючы асноўныя паказчыкі, па якіх вызначаецца названы рэйтынг.

Фінансаванне сферы адукацыі нашай краіны суразмернае з дзяржаўнымі расходамі на адукацыю ў большасці развітых краін свету. На сёння яны складаюць крыху больш за 5% ад УВП. “Можна дыскутаваць, многа гэта ці мала, але мы зыходзім з рэальных магчымасцей нашай эканомікі”, — сказаў Ігар Васільевіч. Ён звярнуў увагу на той факт, што сфера адукацыі знаходзіцца ў полі зроку прэзідэнта краіны, і Рэспубліканскі педагагічны савет, які быў праведзены ў мінулым годзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, дазволіў вызначыцца з канцэптуальнымі падыходамі ў развіцці сістэмы адукацыі на кароткатэрміновы (да 2020 года) і доўгатэрміновы (да 2030 года) перыяды.

Працягваецца рэалізацыя праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”. За кошт сродкаў сусветнага банка плануецца ажыццявіць капітальны рамонт 125 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У 2016—2017 гадах было адрамантавана 25 устаноў. Для падтрымкі праекта ў гэтым годзе плануецца выдзяленне $50 млн. Вядуцца перамовы з Сусветным банкам па выдзяленні сродкаў і на рэалізацыю праекта “Мадэрнізацыя сістэмы вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Развіваецца пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання. У 2018 годзе ў ім прымаюць удзел 857 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 392 установы дашкольнай адукацыі. Праект дае магчымасць замацаваць аб’ёмы фінансавання, рацыянальна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі, забяспечвае празрыстасць фінансавання.

***

Як сведчыць статыстыка, колькасць дашкольнікаў з году ў год расце і асноўнымі праблемамі дашкольнай сістэмы адукацыі з’яўляюцца крокавая даступнасць дзіцячых садкоў і фарміраванне беларускамоўных груп. Міністр звярнуў увагу прысутных на тое, што абедзве праблемы вырашальныя, калі паставіцца да іх з усёй адказнасцю. Адным са шляхоў з’яўляецца больш цеснае супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі і бацькамі. Залог поспеху — канструктыўны дыялог.

У планах развіцця сферы дашкольнай адукацыі на бягучы год — будаўніцтва дзіцячых садкоў, размяшчэнне ўстаноў дашкольнай адукацыі на першых этажах жылых памяшканняў, стварэнне груп кароткачасовага знаходжання, адкрыццё сямейных дзіцячых садкоў. Усё гэта дапаможа зняць пэўнае сацыяльнае напружанне, якое ўзнікае ў раёнах-новабудоўлях, дзе развіццё інфраструктуры не паспявае за будоўляй.

У сферы агульнай сярэдняй адукацыі на першае месца выходзіць яе даступнасць і якасць, якія забяспечаць роўныя магчымасці вучняў сярэдніх школ і гімназій, абноўленыя (адкарэкціраваныя) вучэбныя праграмы і падручнікі. У прыватнасці, у 2015—2017 гадах было выдадзена 100 падручнікаў. Да 1 верасня 2018 года неабходна абнавіць 45 падручнікаў, а да 1 верасня 2019 года — 73. Акрамя таго, міністр адукацыі нагадаў, што мы рухаемся да абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі. Прынамсі ўсе ўмовы да пераходу ў нас створаны.

Ужо хутка некаторыя нашы ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі прымуць удзел у міжнародным даследаванні РІSA. У мінулым годзе адбыўся пробны этап (удзельнічалі 66 устаноў, 3118 навучэнцаў), вынікі якога сведчаць пра нармальны ўзровень нашай агульнай сярэдняй адукацыі. У раздзеле тэста “Чытацкая пісьменнасць” правільна было выканана 46,26% заданняў (60,35% заданняў — з улікам часткова правільных адказаў), у раздзеле “Матэматычная пісьменнасць” — 40,35% заданняў (42,82% з улікам часткова правільных адказаў), у раздзеле “Прыродазнаўчанавуковая пісьменнасць” — 41,46% (46,10% з улікам часткова правільных адказаў).

Асаблівую ўвагу Ігар Карпенка звярнуў на працоўнае выхаванне і прафарыентацыйную работу, якая на месцах павінна ўключаць прафесійную асвету навучэнцаў, прафдыягностыку, кансультаванне, працоўнае і прафесійнае выхаванне, прафесійны адбор, прафесійную і сацыяльную адаптацыю, псіхалагічную падтрымку. Міністр адзначыў, што цяпер ідзе актыўная работа па стварэнні рэспубліканскага дзіцячага тэхнапарка, дзе дзецям будзе прадастаўлена магчымасць “прымерыць” на сябе тую ці іншую прафесію.

***

Працягваецца работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, асаблівая ўвага — конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills. У канцы мая ў нашай краіне пройдзе нацыянальны адбор. Спаборнічаць будуць у больш чым 30 прафесіях.

У сістэме вышэйшай школы асаблівая ўвага адводзіцца мадэлі “Універсітэт 3.0.”, якая дазваляе ствараць унутры ўніверсітэтаў інтэграванае навуковае, адукацыйнае і прадпрымальніцкае асяроддзе для выкарыстання і камерцыйнай рэалізацыі інавацый. Акрамя таго, у полі зроку — змест, адукацыйныя стандарты вышэйшай школы, падрыхтоўка магістрантаў, аспірантаў, маладых кандыдатаў і дактароў навук.

Пасля выступлення міністр адказаў на пытанні слухачоў. У прыватнасці, прадстаўнікі сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі цікавіліся, ці не разглядаецца пытанне аб вяртанні работнікам гэтай сістэмы адпачынку тэрмінам у 42 дні, як гэта было раней. Ігар Карпенка адказаў, што такое пытанне не разглядаецца. На пытанне пра перападрыхтоўку выхавальнікаў дзіцячага садка міністр прапанаваў падумаць больш глабальна пра абавязковую адукацыю для гэтай катэгорыі педработнікаў: “Мы гаворым, што яна павінна быць вышэйшай, а загадчыкі дзіцячых садкоў з большай ахвотай бяруць выпускнікоў педагагічных каледжаў, бо тыя маюць лепшую практычную падрыхтоўку”.

Увогуле, як заўважыў міністр, сістэма перападрыхтоўкі павінна быць больш гнуткай (не дубліравацца) і адпавядаць рэальным запытам школы, а не часам неабдуманым пажаданням педагогаў. Маўляў, я настаўнік гісторыі, але вырашыў стаць псіхолагам, таму накіруйце мяне на вучобу. Што датычыцца педагогаў-псіхолагаў, то тут Ігар Карпенка спыніўся на тым, што яны павінны мець адпаведную падрыхтоўку і ўвесь час узмацняць яе, каб заставацца запатрабаванымі.

Па меркаванні міністра, псіхолага-педагагічная служба будзе працаваць з большай аддачай, калі яна ўвойдзе ў склад псіхолага-педагагічных цэнтраў. Яны могуць быць як раённага, так і гарадскога маштабу, але не школьнага. Практыка паказвае, што падлеткі з праблемамі ў паводзінах лягчэй іду ць на кантакт з псіхолагам за межамі сваёй навучальнай установы.

Напрыканцы міністр падзякаваў слухачам за размову і адзначыў, што агульны поспех складаецца з персанальнай адказнасці кожнага ўдзельніка адукацыйнай сістэмы, парадку і паслядоўнага развіцця ўстановы адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.