Карта і атлас — у гонар Вялікай Перамогі

- 11:37Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Дзве прыгожыя акцыі напярэдадні Дня Перамогі арганізавала Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Белкартаграфія” Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь у дзвюх сталічных установах агульнай сярэдняй адукацыі — гімназіі № 75 і 111-й школе. Тут былі прадстаўлены два ўнікальныя выданні — карта “70 гадоў Вялікай Перамогі” і школьны атлас “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”.

Абодва выданні паступяць у якасці вучэбных дапаможнікаў ва ўсе школы краіны да 1 верасня 2015 года. Беларускія школьнікі стануць першымі на ўсёй постсавецкай прасторы, хто атрымае такія ўніверсальныя “карты агульнасавецкай памяці”, адмысловыя папяровыя “флэшкі”, на якіх запісаны боль, героіка і маршруты велічнай барацьбы народа.
Карта “70 гадоў Вялікай Перамогі” падрыхтавана на дзвюх мовах: рускай і англійскай. На вонкавым баку змешчана карта Рэспублікі Беларусь у маштабе 1:1 100 000. Змест выдання склалі асноўныя мемарыяльныя комплексы і помнікі па ўвекавечанні падзей Вялікай Айчыннай вайны, якія выяўлены адпаведнымі малюнкамі. А ўвогуле, як вядома, на беларускай зямлі ўзвышаецца каля васьмі з паловай тысяч такіх помнікаў. Нідзе больш на свеце так часта і з такім гонарам не прамаўляюць слова “абеліск”. Нават рыфмуецца: абеліскі нам блізкія. Прычым блізкія ў пераносным і літаральным сэнсе: яны ў кожным нашым горадзе, кожным мястэчку, амаль у кожнай вёсцы. Нідзе больш на свеце дзеці, падлеткі і дарослыя людзі так не клапоцяцца пра чысціню і захаванасць гэтых месцаў. І нідзе больш на свеце няма такой гарантыі, што іх не занядбаюць ці, барані божа, зруйнуюць, сатруць з твару знявечанай калісьці зямлі. Беларускіх дзяцей з маленства вучаць у школах павазе да роднай гісторыі і яе гераічнай сутнасці.
На адвароце карты размешчаны фота мемарыяльных комплексаў, помнікаў і абеліскаў, тут жа навучэнец знойдзе і іх кароткае апісанне (калі адкрыты той ці іншы манумент, якім канкрэтна падзеям вялікай Айчыннай вайны ён прысвечаны, колькі людзей загінула падчас іх і інш.).
Таксама на карце вылучаны ўмоўнымі знакамі наш горад-герой Мінск і наша Брэсцкая крэпасць-герой, а таксама населеныя пункты, узнагароджаныя вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Паказаны месцазнаходжанне і назвы буйных канцэнтрацыйных лагераў і месцаў масавага знішчэння людзей. Асаблівымі знакамі — стылізаванымі кропелькамі крыві — вылучаны месцы прымусовага ўтрымання дзяцей — донараў крыві для нямецкіх салдат. Сённяшніх дзяцей не зможа не ўразіць, што ў іх аднагодкаў ад 8 да 15 гадоў, якія жылі ў гэтым узросце ў 40-х гадах мінулага стагоддзя, бралі кроў для тых, хто забіваў іх бацькоў і іх саміх… Выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара РУП “Белкартаграфія” Галіна Ляхава нагадала прысутным на прэзентацыі карты навучэнцам 111-й мінскай сярэдняй школы, што з аднаго толькі лагера “Чырвоны Бераг” у Германію для здачы крыві было вывезена каля 2 тысяч беларускіх дзетак. Галіна Паўлаўна сказала: “Ніхто не забыты, нішто не забыта… Гэты дэвіз — у думках і сэрцах не толькі людзей старэйшага пакалення, але і іх дзяцей, унукаў і праўнукаў, якія не ведалі вайны. Бо сёння ўступаюць у жыццё пакаленні, чые бацькі самі ведаюць пра Вялікую Айчынную вайну толькі па аповедах іх бацькоў і дзядоў. І менавіта таму вялікую ўвагу трэба ўдзяляць мемарыялам і помнікам, якія захоўваюць памяць пра салдат-пераможцаў. MEMORY значыць “памятаць”. І вельмі важна, каб гэтую памяць мы не страцілі, бо пакуль мы будзем помніць мінулае, тыя падзеі, палітыя крывёй, мы не дапусцім, каб гэта паўтарылася на нашай зямлі зноў. Усяму гэтаму мы і прысвяцілі нашу карту, наш атлас”.
Школьны атлас “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”, створаны калектывам аўтараў пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук прафесара А.А.Кавалені, рэцэнзенты паспелі ўжо назваць першым такога кшталту вучэбным дапаможнікам не толькі ў Беларусі, але і ў краінах СНД. Складальнікі пастараліся ўлічыць усе новыя навуковыя дасягненні айчыннай і замежнай ваеннай гістарыяграфіі, а таксама адысці ад простага паўтарэння раней выдадзеных карт.
У атласе паказаны найважнейшыя ваенныя аперацыі Вялікай Айчыннай вайны і найбольш знакавыя ваенныя падзеі, якія адбываліся на захопленай фашыстамі беларускай зямлі. Выданню ўласціва высокая інфарматыўнасць праз мноства змешчаных у ім дат, імён, геаграфічных аб’ектаў і падзей, паказаных строга ў храналагічнай перспектыве.
У цэлым атлас ахоплівае перыяд ад узнікнення галоўных ачагоў ваеннай агрэсіі з боку нацысцкай Германіі ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя да завяршэння Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе. Амаль кожная старонка атласа ілюстравана фотаздымкамі. Кожная частка выдання (а іх у ім 3) пачынаецца так званым шмуцтытулам, на кожным з якіх размешчаны па 2 рэпрадукцыі мастацкіх палотнаў, зразумела, з указаннем іх аўтараў і назваў.
Да ўсяго ў атласе ёсць дзве карты, якія змяшчаюць мемарыяльныя комплексы ў гонар гераічных падзей Другой сусветнай вайны як на тэрыторыі Беларусі, так і ў свеце. Аўтары выдання выказалі ўпэўненасць у мэтазгоднасці яго выкарыстання пры вывучэнні курса “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)” на ўроках сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, а таксама ў тым, што асобныя карты атласа паслужаць навучэнцам добрым падручным матэрыялам і пры вывучэнні некаторых тэм грамадазнаўства.
Падчас прэзентацыі атласа мінскай сярэдняй школе № 111 адзін з аўтараў выдання кандыдат гістарычных навук Андрэй Аляксеевіч Лукашоў, прадстаўляючы, у прыватнасці, карту атласа, прысвечаную гераічнай абароне Магілёва, назваў толькі некалькі фактаў, якія прымусілі прысутных па-сапраўднаму задумацца над словам “подзвіг”: цэлая краіна Бельгія абаранялася 18 дзён, цэлая краіна Югаславія — 11 дзён, цэлая краіна Галандыя — 5 дзён, цэлая краіна Данія — адны суткі, адзін толькі беларускі горад Магілёў — 23 дні…
Прэзентацыі карты “70 гадоў Вялікай Перамогі” і школьнага атласа “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)” ў сталічнай гімназіі № 75 і сярэдняй школе № 111 запомніліся вучнёўскім і педагагічным калектывам гэтых устаноў сярэдняй адукацыі як велічныя святы-сустрэчы. Так, напрыклад, у 111-ю школу, акрамя прадстаўнікоў РУП “Белкартаграфія”, былі запрошаны такія ганаровыя госці, як выконваючы абавязкі дырэктара Цэнтра грамадскіх аб’яднанняў па патрыятычным выхаванні моладзі пры Рэспубліканскім доме “ДТСААФ”, намеснік старшыні Фонду міру Рэспублікі Беларусь, ветэран Узброеных Сіл Савецкага Саюза, палкоўнік у адстаўцы Аляксандр Мікалаевіч Лабунскі, саліст народнага вакальнага ансамбля ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл “Памяць сэрца” былы сын палка 1-га асобнага ордэна Чырвонай Зоркі Тыльзіцкага палка сувязі, 1-й паветранай арміі 3-га Беларускага фронту, выдатнік адукацыі БССР Леў Сямёнавіч Шэйнкман, прэс-сакратар Беларускага саюза ваенных маракоў, капітан 1 рангу, сябра Міжнароднай асацыяцыі маракоў-падводнікаў Анатоль Кузьміч Стасёнак. Кожны з іх даў сталічным школьнікам свой эмацыянальны ўрок Памяці, які, несумненна, надоўга застанецца ў іх сэрцах і розумах. “Радзіма… Якое ёмкае слова! Тры галосныя гукі і тры зычныя… А колькі ў гэтым слове магутнасці! Кожны разумее па-свойму гэтае слова. А я лічу так: Радзіма — гэта дом, дзе вы нарадзіліся; Радзіма — гэта першая ваша выхавальніца ў дзіцячым садку; Радзіма — гэта першая ваша настаўніца, якая сустрэла вас у першым класе; Радзіма — гэта ўсе вашы педагогі, якія вучаць вас да адзінаццатага класа; Радзіма — гэта тыя сцежкі і вуліцы, па якіх вы ходзіце; Радзіма — гэта ваш пад’езд, ваша кватэра, вашы паркі, вашы кінатэатры… І асабліва прыгожая наша Радзіма сёння, наша сённяшняя Беларусь”, — нагадаў навучэнцам Леў Сямёнавіч Шэйнкман.
А калі раптам цягам летніх канікул і забаў гэты ўрок забудзецца сённяшнімі школьнікамі, то, разгарнуўшы 1 верасня карту “70 гадоў Вялікай Перамогі” і атлас “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”, яны абавязкова яго ўспомняць. З любоўю і трапятаннем.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.