Карупцыя — гэта не пра Беларусь

- 10:15Інфармацыйная гадзіна

У сістэме аховы здароўя трэба навесці парадак, каб не дапускаць карупцыйных праяўленняў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, назначаючы Уладзіміра Караніка на пасаду міністра аховы здароўя.

“Гэта ж ганьба, калі знізу даверху павязаны хабарамі кіраўнікі ўстаноў і арганізацый! Прытым добрыя кіраўнікі, якія сябе добра як спецыялісты зарэкамендавалі (не будзем называць прозвішчы), — абурыўся кіраўнік дзяржавы. — Да гэтага часу да мяне хо­дзяць, просяць: унікальны чалавек, адпусціце, ён будзе там дняваць і начаваць, ва ўстанове аховы здароўя. Хабары, якія ўзяў, вярнуў у двайным памеры — трэба дараваць. Сяджу і думаю: а як дараваць? Папярэджваў жа ўсіх, што карупцыя — гэта не пра Беларусь. Даравання не будзе нікому. Сталі нахабнымі, таму ўсіх трэба прывесці ў сябе. І вы гэта можаце зрабіць”.

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час прыняў рашэнне перадаць Міністэрству аховы здароўя паўнамоцтвы цэнтралізавана набываць як медыцынскае абсталяванне, так і лякарствы. “Калі ласка, закупляйце, устанаўлівайце, лячыце людзей. Трэба яшчэ раз паглядзець на гэтую сістэму”, — запатрабаваў ён ад новага міністра.

У ліку важных задач кіраўнік дзяржавы абазначыў развіццё імпартазамяшчэння. “Усё ж такі $500 млн, як мы трацілі два гады назад толькі на лякарствы, гэта шмат для краіны. Трэба гэтыя грошы пакінуць у сябе, развіваць свае напрамкі. Калі не можам, добра, на $100 млн будзем закупляць, калі няма магчымасці такія якасныя лякар­ствы вырабіць у сябе. Закупім у Швейцарыі, Амерыцы, Германіі што трэба для лю­дзей. Павінны быць і імпартныя лякарствы. Так, яны будуць дарагія. Хто захоча купіць даражэйшыя — купляйце. Альтэрнатыўныя — айчынныя — павінны быць. І яны нядрэнныя. Я ў гэтым пераканаўся сам, вывучаў гэтую праблему”, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка.

Прэзідэнт перакананы, што вопыт работы Уладзіміра Караніка ў якасці галоўнага ўрача бальніцы дае магчымасць яму кампетэнтна меркаваць аб наяўнасці недахопаў у сістэме закупак, гэтак жа, як і бачыць праблемы ў сістэме аховы здароўя ў цэлым. “Вы цяпер вельмі добра адчуваеце гэтыя недахопы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вы якраз гэты пласт павінны падняць да ўзроўню міністра, урада, калі трэба, калі ласка, гаварыце, я гатовы падтрымаць, дапамагчы. Трэба вырашыць гэтыя праблемы. Мы гэта можам вырашыць”.

“Вы чалавек даволі валявы, нават жор­сткі, рашучы, ведаеце справу. Я вяду да таго, што цяпер такі перыяд (нягледзячы на тое, што ахова здароўя ў нас на ўзроўні, ва ўсім свеце паважаецца і згадваецца ўсюды, і я бачу, што справы ідуць нядрэнна), калі мы неяк застылі на адным месцы, няма дынамікі, патрэбны рух наперад. Трэба навесці парадак”, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да новага міністра.