Карысна для Беларусі — карысна для Францыі

Адукацыйнаму супрацоўніцтву паміж Беларуссю і Францыяй шмат гадоў. Яно паспяхова рэалізоўваецца як на дзяржаўным узроўні, так і ў прыватным парадку паміж установамі адукацыі і педагогамі. З восені мінулага года аташэ па супрацоўніцтве ў галіне сярэдняй і вышэйшай адукацыі Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца Ксаўе Ле Тарывелек, які сёння стаў госцем “Настаўніцкай”. Наша гаворка — пра сістэмы адукацыі ў абедзвюх краінах і перспектывы далейшага ўзаемадзеяння.

— Ксаўе, вы ўжо знаёмы з нашай краінай, нават маеце вопыт выкладання беларускім студэнтам. Якое ваша ўражанне ад адукацыі ў Беларусі?

— Мне цікавая сістэма адукацыі ў Беларусі, цікава, як яна дзейнічае і як яе будавалі. Я доўга працаваў у Расіі, таму больш знаёмы з іх адукацыйнай сістэмай. Ваша падобна да расійскай, але калі разглядаць гістарычны падыход, то ў вас больш адчуваецца прысутнасць савецкай сістэмы адукацыі, але ў добрым сэнсе слова. Мне было вельмі прыемна знайсці ў Беларусі тое, што я толькі часам сустракаў у Расіі, — цудоўных выкладчыкаў, якія з энтузіязмам працуюць дзеля дзяцей. Для гэтых людзей даць адукацыю — абавязак і гонар. Такія педагогі ў большасці прадстаўнікі старога пакалення, але вынікі іх дзейнасці захапляюць. Для маладога пакалення бескарыслівае стаўленне да працы не характэрна. Акрамя таго, нямногія хочуць стаць настаўнікамі і тым больш працаваць у сельскай мясцовасці.

Яшчэ мяне здзівіла разнастайнасць устаноў вышэйшай адукацыі ў вашай краіне. Вам удалося многае захаваць. Больш за тое, усе яны паспяхова развіваюцца, а пасля падпісання адпаведнага дакумента будуць актыўна ўключацца ў Балонскі працэс. Вядома, узнікае шмат пытанняў, але, на мой погляд, збліжэнне і гарманізацыя сістэм вышэйшай адукацыі краін Еўропы непазбежныя. Сучасны свет вельмі адкрыты. Ён спрыяе свабоднаму перамяшчэнню студэнтаў, мабільнасці ў атрыманні адукацыі. Думаю, што ў беларускіх студэнтаў таксама павінна быць такая магчымасць. Нягледзячы на ўсе складанасці, неабходна рухацца ў гэтым кірунку.

Сёння ў свеце ідзе сапраўдная барацьба за адукацыю, за магчымасць атрымаць лепшых студэнтаў. А лепшы — гэта вельмі здольны малады чалавек, які вучыцца ў прэстыжным універсітэце і займаецца навукай. Яго навуковыя даследаванні дакажуць яго высокі інтэлектуальны ўзровень. Вашы ўніверсітэты валодаюць добрым патэнцыялам у гэтым плане. Беларуская вышэйшая школа можа мець высокія рэйтынгі ў сусветнай сістэме і тым самым прыцягваць студэнтаў з усяго свету. Напрыклад, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт — установы вышэйшай адукацыі з сусветным іменем. У вас ёсць спецыялісты, якія могуць арганізаваць курсы, лекцыі на англійскай мове, што паспрыяе прыцягненню замежных студэнтаў.

У Францыі нядаўна была рэформа ўніверсітэтаў. У выніку яны атрымалі больш незалежнасці. Рэктар можа самастойна вызначаць, як будзе развіваць навуковае жыццё ў сваёй установе, як арганізуе структуру ўніверсітэта. З’явілася больш магчымасцей для фінансавання. Усё гэта паспрыяе павышэнню рэйтынгаў і дапаможа ўніверсітэтам Францыі стаць сусветнымі.

— Раскажыце, калі ласка, пра сучасную сістэму адукацыі Францыі.

— У Францыі з 1881 года школа з’яўляецца абавязковай з 6 гадоў. У ёй вучацца да 17 гадоў. Дашкольная адукацыя пачынаецца з 2 гадоў і доўжыцца да шасці. У дзіцячых садках дзеці пачынаюць вучыцца пісаць, чытаць. Наша дашкольная адукацыя будуецца на новай метадалогіі ў педагогіцы. Групы рознаўзроставыя, напрыклад, двухгадовае дзіця можа быць разам з пяцігадовым. Гэта добра, бо старэйшыя дзеці дапамагаюць маленькім, яны разам гуляюць. Такі падыход дае выдатны вынік і палягчае працу педагога-выхавальніка.

Уся адукацыя ў Францыі дзяржаўная. Ёсць прыватныя школы, але яны канфесійныя — каталіцкія. Іх прыкладна 20%. Школьныя праграмы па прадметах (змест адукацыі), падручнікі, расклад курыруе Міністэрства адукацыі. Прыватныя школы таксама працуюць па дзяржаўным стандарце. Муніцыпальныя ўлады павінны выдзеліць будынак для школы, зрабіць у ім рамонт, забяспечыць дзяцей харчаваннем. У навучальныя ўстановы (пачатковая школа, каледж, ліцэй) дзеці трапляюць па тэрытарыяльным прынцыпе.

— Пасля дзіцячага сада дзеці прыходзяць у пачатковую школу?

— Так. Адукацыя ў пачатковай школе пачынаецца з падрыхтоўчага курса (СР) для дзяцей шасці гадоў і складаецца з пяці ўзроўняў (класаў): CP (Cours préparatoire, першы год, 6 гадоў), CE1 (CourséйIémentaire 1, другі год, 7 гадоў), CE2 (Courséйlémentaire 2, трэці год, 8 гадоў), CM1 (Cours moyen 1, чацвёрты год, 9 гадоў), CM2 (Cours moyen 2, пяты год, 10 гадоў). Цыкл асноўнай адукацыi, які пачынаецца са старшай групы дзіцячага сада, — гэта той перыяд, калі фарміруюцца базавыя пачатковыя веды, такія як маўленне, чытанне і пісьмо — аснова для далейшага паспяховага навучання. Вучань паступова набывае самастойнасць. Расклад, усталяваны Міністэрствам адукацыі Францыі, па розных дысцыплінах забяспечвае дастатковы час для кожнага з 7 асноўных напрамкаў адукацыі. Гэта авалоданне маўленнем і французскай мовай, уменне ўзаемадзейнічаць у калектыве, матэматыка, пазнанне свету, мастацкая адукацыя. Усе прадметы ў пачатковай школе выкладае адзін педагог.

— У Беларусі сярэдняя адукацыя — гэта навучанне з 5 па 11 клас, прычым у старшай школе пераважна профільная адукацыя. А ў Францыі?

— У Францыі сярэдняя адукацыя дзеліцца на дзве ступені — каледж і ліцэй. Навучанне ў каледжы з’яўляецца абавязковым, доўжыцца чатыры гады (з шостага па трэці клас) і падзелена на тры цыклы. Цыкл адаптацыі — шосты клас (La classe de sixiиme). Сюды без экзаменаў бяруць усіх выпускнікоў пачатковай школы. Мэта першага года навучання ў каледжы — замацаваць і звесці разам атрыманыя ў пачатковай школе веды, падрыхтаваць вучняў да самастойнага навучання. У гэтым класе дзеці выбіраюць першую замежную мову.

Цэнтральны цыкл — пяты (La classe de cinquiéme) і чацвёрты класы (La classe de quatriéme). Мэтай гэтага цыкла з’яўляецца паглыбленне атрыманых ведаў і ўменняў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца паспяховасці і падрыхтоўцы да выбару прафесійнага напрамку ў ліцэі. У пятым класе пачынаецца хімія і фізіка, таксама можна выбраць лацінскую мову як факультатыў, а ў чацвёртым з’яўляецца другая замежная мова.

Цыкл прафесійнай арыентацыі трэці клас (La classe de troisiéme) рыхтуе вучняў да выбару аднаго з трох кірункаў: агульная адукацыя, тэхнічная або прафесійная. У трэцім класе з’яўляецца магчымасць вывучэння старажытнагрэчаскай мовы, таксама вучні могуць выбраць 3—6-гадзінны модуль “Увядзенне ў прафесійнае жыццё”. У канцы трэцяга класа яны здаюць нацыянальны экзамен і атрымліваюць французскі diplфme national du brevet. Вынікі гэтага экзамену ніяк не ўплываюць на пераход у наступны клас. Кожны прадмет у каледжы выкладае асобны настаўнік. За матэрыяльнае становішча гэтай навучальнай установы адказвае дэпартамент.

У канцы трэцяга класа вучні могуць запісацца ў агульны або тэхналагічны ліцэй у другі клас ці паступіць у прафесійны ліцэй для падрыхтоўкі сертыфіката аб прафесійнай прыдатнасці (Certificat d’aptitude professionnelle) па пэўнай прафесіі. Тут за матэрыяльнае забеспячэнне адказвае рэгіянальная ўлада. Ад прадметаў, што выбіраюць дзеці для вывучэння ў каледжы, у далейшым залежыць, у якім ліцэі яны працягнуць навучанне (прэстыжным ці не вельмі). Дарэчы, Францыя — адзіная краіна ў Еўропе, дзе ў старшых класах выкладаецца філасофія. Гэтая навука дапамагае фарміраваць сапраўднага грамадзяніна.

Ліцэі деляцца на тры тыпы: агульны, тэхналагічны і прафесійны. У першых двух навучанне працягваецца 3 гады. У ліцэях агульнага тыпу па выніках экзаменаў выдаецца агульны бакалаўрыят, які дае права доступу да вышэйшай адукацыі. Пасля заканчэння тэхналагічнага ліцэя здаюцца экзамены на атрыманне тэхналагічнага бакалаўрыята — права на навучанне ва ўніверсітэце па сваёй спецыяльнасці. У прафесійных ліцэях (падобны да нашых ПТВ.Заўвага аўтара.) вучацца 2 гады, пасля чаго выдаюцца пасведчанне аб прафесійным навучанні і сертыфікат аб прафесійнай прыдатнасці, якія даюць доступ да вышэйшай адукацыі. Прафесійны бакалаўрыят можна атрымаць пасля трох гадоў навучання ў ліцэі.

— Сістэма вышэйшай адукацыі ў Францыі адрозніваецца вялікай разнастайнасцю ВНУ і прапанаваных дысцыплін, мае свае асаблівасці. Трэба адзначыць, што яна дастаткова складаная для разумення.

— Вышэйшая адукацыя ў Францыі даступна толькі пры наяўнасці ступені бакалаўра. Адукацыя бясплатная. Ёсць кароткая вышэйшая адукацыя, калі навучанне доўжыцца 2—3 гады, пасля якіх выпускнікі атрымліваюць DUT (Diplộme universitaire de technologie) або BTS (Brevet de technicien supérieur). Дадзены від вышэйшай адукацыі рыхтуе ў асноўным спецыялістаў у сферы прамысловасці або абслугоўвання.

Доўгая вышэйшая адукацыя даецца ва ўніверсітэтах і вышэйшых школах. У 2002 годзе была ўведзена новая сістэма ступеней: бакалаўр — ліцэнцыят (3 гады) — майстар (2 гады) — доктар (3—4 гады). Вышэйшыя школы (Les Grandes Ecoles) уяўляюць сабой адну з асаблівасцей французскай сістэмы вышэйшай адукацыі. Слухачы некаторых вышэйшых школ атрымліваюць стыпендыю як будучыя дзяржаўныя служачыя. Такія школы створаны па ініцыятыве дзяржаўных улад і прыватных прадпрымальнікаў для падрыхтоўкі спецыялістаў у канкрэтных сферах эканамічнай дзейнасці або служачых органаў дзяржаўнай улады. Напрыклад, Політэхнічная школа рыхтуе інжынераў, а Парытэк (Paris Tech) — праграмістаў.

Каб паступіць у вышэйшую школу, трэба рыхтавацца. Існуюць спецыяльныя падрыхтоўчыя класы, куды вядзецца адбор. Каб трапіць туды, у вас павінны быць вельмі высокія балы (17 з 20 максімальных — у Францыі 20-бальная сістэма ацэньвання) і адсутнічаць заўвагі ад выкладчыкаў ліцэя кшталту “не слухаў”, “прапускаў”, “не здолеў”. Акрамя таго, існуе ранжыраванне ліцэяў, пры якіх арганізаваны падрыхтоўчыя курсы для паступлення ў вышэйшую школу. Ёсць ліцэі, дзе на падрыхтоўчых курсах вучацца амаль суткамі, што псіхалагічна вельмі цяжка. У Францыі гэта ўвесь час падвяргаецца крытыцы, але такі інтэнсіў дае магчымасць падрыхтавацца ў самую прэстыжную вышэйшую школу. На такіх курсах можа быць 500 месцаў, а прэтэндэнтаў — 10 000.

Асаблівае месца сярод усіх устаноў адукацыі і нават сярод вышэйшых школ займае Нацыянальная школа адміністрацыі пры Прэм’ер-міністры Францыі (ЭНА). Гэтая школа стаіць на першым месцы па перспектывах кар’ернага росту і жыццёвым поспеху. Навучанне ў ЭНА бясплатнае, увесь цяжар выдаткаў нясе дзяржаўны бюджэт Францыі. Пераважная большасць французскіх выпускнікоў ЭНА — вядучыя дзяржаўныя палітыкі, кіраўнікі французскіх інстытуцый, парламентарыі, вышэйшыя чыноўнікі, дыпламаты і члены міжнародных арганізацый, суддзі вышэйшых інстанцый, адвакаты Дзяржаўнага савета, адміністрацыйныя і фінансавыя кантралёры вышэйшага рангу, кіраўнікі і топ-менеджары найбуйнейшых дзяржаўных і міжнародных фірм і банкаў, сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі.

ЭНА дала Францыі ўсіх прэзідэнтаў (акрамя Н.Сарказі), прэм’ер-міністраў, вялікую колькасць міністраў, прэфектаў, сенатараў і дэпутатаў Нацыянальнага сходу. Для навучання ў французскіх вышэйшых школах неабходна здаць экзамен ESABAC на веданне мовы, які дае права вучыцца ў вышэйшых школах Францыі і Італіі.

— Ксаўе, а як у Францыі пабудавана сістэма падрыхтоўкі педагога?

— Каб выкладаць у школе, трэба прайсці конкурс, які арганізоўвае Міністэрства адукацыі Францыі. Конкурс няпросты, і выкладчыкамі могуць стаць не ўсё. Каб вытрымаць яго, трэба сур’ёзна рыхтавацца. Конкурс адкрыты для ўсіх жадаючых і вызначае ўзровень кандыдата не толькі ў ведах, але і ва ўменнях працаваць з дзецьмі. Гэта першая частка выпрабавання. Другая вызначае ўзровень навуковай падрыхтоўкі кандыдата: пад увагу бяруцца яго ўменні думаць, разважаць, будаваць пераканаўчую аргументацыю (у Францыі гэта называецца dissertation). Калі вы пераадолелі першы ўзровень конкурсу, то вы звычайны выкладчык, а калі прайшлі ўжо наступны, то можаце выкладаць у класах з самымі моцнымі вучнямі ў самых прэстыжных навучальных установах. Акрамя таго, у вас менш гадзін на выкладанне, затое ёсць час на навуковую дзейнасць і заробак вышэйшы. Вы ўжо выкладчык-навуковец, які свае веды перадае вучням.

Сярод педагогаў існуе канкурэнцыя. Напрыклад, у Парыжы ёсць 4 вельмі прэстыжныя ліцэі, якія рыхтуюць да конкурсу ў вышэйшую школу. У гэтыя ліцэі бяруць самых лепшых выкладчыкаў — тых, хто выйграў у другім этапе конкурсу і шмат публікаваўся ў навуковых выданнях. Асобна педагогіцы ў нас не вучаць, ёсць спецыяльныя ўстановы, дзе ідзе падрыхтоўка да працы настаўнікам, але ў іх можна вучыцца, калі вы перамаглі ў выкладчыцкім конкурсе. Калі вы малады педагог і выйгралі ў конкурсе, то вас могуць адправіць працаваць у каледж, напрыклад, у прыгарад Парыжа, дзе складаная сацыяльная абстаноўка. Пасля двух гадоў працы вы ўжо зможаце выбіраць, дзе будзеце працаваць далей.

У нас праца настаўніка прыраўнавана да дзяржаўнай службы. Калі чалавек абраў прафесію настаўніка (выйграў той самы конкурс), то выкладанне — гарантыя працы на ўсё жыццё. Педагога ніхто не можа звольніць, і яго зарплата з’яўляецца сярэдняй па ўзроўні ў Францыі. У краіне ўвогуле няма праблем з пошукам кандыдатаў на ролю настаўніка, але з выкладчыкамі матэматыкі і фізікі складанасці ўзнікаюць. Тыя, хто ведае гэтыя прадметы і можа даць дзецям добрую матэматычную або фізічную падрыхтоўку, як правіла, становяцца інжынерамі і працуюць у фірмах. Яны не бачаць для сябе перспектыў у адукацыі.

— Вернемся да беларуска-французскага супрацоўніцтва. Якія ў вас планы?

— Мы нацэлены на супрацоўніцтва як у сферы сярэдняй школы, так і вышэйшай. Мінулай восенню на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў семінар для настаўнікаў французскай мовы, які адкрываў пасол Францыі ў Беларусі Дзідзье Канес. Разам з тым хацелася б наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне паміж французскімі і беларускімі ўніверсітэтамі. Напрыклад, у французскіх універсітэтах беларускія студэнты могуць вучыцца праву і медыцыне. У нас няма конкурсу для замежных студэнтаў і адукацыя бясплатная. Гэта добры шанс для вашых студэнтаў. Я тры гады выкладаў у Беларусі. Працаваў з франкамоўнымі студэнтамі. Уражанні засталіся вельмі прыемныя. Вашы студэнты адкрытыя і паважаюць выкладчыкаў. Было б выдатна, калі б і французскія студэнты маглі павучыцца ў Беларусі. Тут цудоўныя ўмовы для жыцця. Зараз мы працуем над сумеснай дамовай паміж вашым лінгвістычным універсітэтам і французскай вышэйшай школай, дзе выкладаюцца ўсе мовы свету, у тым ліку беларуская. Дагавор дазволіць абменьвацца студэнтамі, што будзе карысна для абедзвюх краін.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *