Карысная сустрэча для харэографаў

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшоў міжнародны форум “Тэорыя і практыка развіцця харэаграфічнай творчасці”. Анлайн сустрэліся навуковыя супрацоўнікі, вядучыя харэографы Беларусі і Расіі, кіраўнікі харэаграфічных калектываў, педагогі і спецыялісты ўстаноў дадатковай адукацыі. Пра што ішла размова, расказваем ніжэй.

Падзяка сваёй культуры

“Форум дазволіць вылучыць праблемныя пункты, абмеркаваць шляхі іх вырашэння. Ён паслужыць далейшаму развіццю танцавальнай творчасці навучэнцаў, павышэнню канкурэнтаздольнасці ўстаноў і прафесійных кампетэнцый педагогаў, стварэнню новых запатрабаваных аб’яднанняў”, — адзначыла дырэктар НЦМТДіМ Надзея Васільчанка.

Сустрэча праходзіла два дні. У першы ўдзель­нікаў чакалі выступленні па актуальных пытаннях развіцця дзіцячай і маладзёжнай харэаграфіі на сучасным этапе і майстар-класы ад вядучых харэографаў. У другі дзень харэографы і педагогі працягнулі знаёміць са сваім вопытам у дзвюх секцыях: “Народна-сцэнічны танец” і “Сучасная харэаграфія: праблемы выкладання, пошук шляхоў вырашэння”.

Мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянцін Дудкевіч упэўнены: каб паставіць беларускі танец, трэба добра ведаць гісторыю. Хто мы такія, адкуль пайшлі, якія культуры на нас уплывалі. Варта ўключаць у свае нацыянальныя танцы элементы сучаснага руху. Гэта зацікавіць моладзь, дзяцей, будзе спрыяць развіццю мастацтва. Галоўнае — не перабольшыць. Можна рухацца ў бок тэатра танца. Цікавы напрамак, які ў першую чаргу нясе ў сабе змест.

Тэму асаблівасцей пастаноўкі твораў для дзяцей закранула загадчыца кафедры харэаграфіі, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Гуткоўская. Яна адзначыла, што харэаграфічнае мастацтва дазваляе суперажываць пачуццям, настроям герояў, пашырае эмацыянальны дыя­пазон дзяцей. Палярныя вобразы ву­чаць адрозніваць добрае і дрэннае, дабро і зло і асэнсоўваць тое, што адбываецца ў танцы.

Якімі павінны быць харэаграфічныя кампазіцыі для сучасных дзяцей? Па-першае, такімі, якія стымулююць іх эмацыянальнае развіццё, успрымальнасць да мастацтва, навакольнага свету, якія фарміруюць эстэтычны густ. Па-другое, канкурэнтаздольнымі. Яркія, цікавыя, дынамічныя творы змо­гуць утрымаць увагу дзяцей. Па-трэцяе, яны павінны мяняцца ў адпаведнасці з запытамі часу, як мяняюцца самі выканаўцы і гледачы.

Каб пастаноўка была цікавай для дзяцей, варта прытрымлівацца некалькіх правіл. Даступнасць разумення дзеянняў або сюжэту, разуменне і веданне тых герояў, якія з’яўляюцца. Захапляльнасць і відовішч­насць, маляўнічасць касцюмаў, меладычная зразумелая музыка, незвычайныя атрыбуты і ўмераная працягласць. Для дашкольнага ўзросту — 2 мінуты, максімум 2.20. Для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту — не больш за 3 мінуты.

“Галоўнае пытанне: захаваецца беларускі народны танец з прысутнасцю этнічных асаблівасцей або сучасны танец яго паглыне? Раней я быў настроены песімістычна, але ў апошнія гады бачу, што моладзь больш актыўна цікавіцца сваёй культурай, гісторыяй. Людзі носяць вопратку з нацыянальнымі сімваламі, захапляюцца беларускай мовай”, — гаворыць Валянцін Дудкевіч.

“Народны танцавальны і гульнявы фальклор — гэта багатая крыніца для стварэння цікавых, арыгінальных кампазіцый дзіцячых калектываў. У гульнявы фальклор уваходзяць дзействы, звязаныя з каляндарнымі або сямейнымі абрадамі, каляндарнымі і спартыўнымі гульнямі, забавамі, — расказвае Святлана Гуткоўская. — Усім, хто спрабуе зрабіць пастаноўку на аснове гульні, рэкамендую том “Дзіцячы фальклор” з серыі “Беларуская народная творчасць”, падрыхтаваны выдавецтвам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы. Там ёсць раздзел, дзе падрабязна апісваюцца дзіцячыя гульні, якія могуць паслужыць асновай для стварэння кампазіцыі. Многія ўзоры гульнявога фальклору накіраваны на дэманстрацыю і развіццё танцавальна-пластычных, акцёрскіх здольнасцей. Таму іх можна смела ўключаць у свае творы”.

Што важна для дзяцей-выканаўцаў, персанажамі многіх гульняў з’яўляюцца птушкі ці жывёла. Крумкач, курачка, чыжык, бусел, галубка, авечка, зайка, казёл, воўк і інш. Ёсць гульні, дзе галоўная тэма — земляробства, радзей адлюстроўваюцца паляўнічы промысел і рыбная лоўля. “Ва ўсіх народных узорах выкарыстоўвалася пластычная імітацыя той ці іншай жывёлы ці птушкі. Якія ў іх звычкі, як яны рухаюцца, заміраюць і г.д. Гэтую лексіку трэба выкарыстоўваць, бо дзеці дзіўным чынам ствараюць вобраз усяго, што бачаць побач. Гэта будзе цікава і танцорам, і гледачам”, — упэўнена Святлана Вячаславаўна. Для стварэння падобных твораў балетмайстар павінен добра ведаць першакрыніцу і ўзор танцавальнага або гульнявога фальклору свайго народа.

План дзеянняў

Алгарытмам пастаноўкі танцавальнага твора падзяліўся Аляксандр Апалонаў з Санкт-Пецярбурга. Ён са сваёй жонкай На­дзеяй удзельнічаў у “Танцах без правіл” на ТНТ, “Танцуюць усе” на СТБ, “Танцах” на ТНТ, дзе пазней яны сталі запрошанымі харэографамі. Такі вопыт дазволіў скласці свой план стварэння кампазіцыі.
Аляксандр Віктаравіч раіць спачатку вызначыцца, для каго будзе твор. Якога ўзросту ваш глядач, якога сацыяльнага станові­шча, у якой культуры ён вырас, у якім асяроддзі зараз жыве, яго інта­рэсы, каштоўнасці і г.д. Калі вы выразна бачыце сабе гэтую групу гледачоў, тады будзе больш зразумела, якія інструменты падабраць для данясення сваёй думкі. Далей можна рухацца па прапанаваных пунктах і пры неабходнасці мяняць іх паслядоўнасць.

Крок 1. Вызначыце ідэю, тэму, звышзадачу і жанр. Ідэя — што я хачу сказаць гледачу? Гэта павінна быць лаканічна сфармуляваная для сябе думка. Тэма — на прыкладзе чаго я буду гэтую думку даносіць гледачу? Звышзадача — для чаго гледачу гля­дзець пастаноўку? Што ён павінен адчуць або зразумець пасля прагляду? Жанр — камедыя, трагедыя, драма і г.д. Выкарыстоўваюцца звычайныя тэатральныя або кінематаграфічныя жанры.

Крок 2. Правядзіце кастынг і вызначыцеся з тымі, хто будзе ўдзельнічаць у пастаноўцы. “Па правілах, гэты крок павінен быць пасля таго, як вы прыдумалі сцэнарый і сюжэтную лінію, але ў аматарскіх калектывах усё адбываецца наадварот. Вы спачатку глядзіце, хто ў вас ёсць, а потым прыдумваеце, як гэта можна выкарыстаць, — тлумачыць харэограф. — Правялі кастынг, вызначаемся з танцорамі. Мая прынцыповая пазіцыя — нельга браць усіх танцораў, таму што гэта шлях забаўляльных устаноў, калі бацькам трэба паказаць, чаму навучылася іх дзіця. Калі вы робіце сцэнічны твор для гледача, то павінны яго паважаць і падбіраць выканаўцаў, якія могуць выразна і зразумела данесці вашу думку”.

Крок 3. Напішыце сюжэт, вызначыце персанажаў, канфлікт, падзеі, абдумайце рэквізіт. Сюжэт — гэта паслядоўнасць падзей і дзеянняў. Гэта не абавязкова канкрэтныя рэчы, накшталт “Калабок пакаціўся і сустрэў Лісу”. Гэта можа быць абстрактнае апісанне: тут старт, потым мы перамяшчаемся туды, там адбываецца тое і г.д. На гэтым жа этапе трэба вызначыцца, якім будзе персанаж, яго асноўныя характарыстыкі. Варта скарыстацца дапамогай фокус-групы, каб сваё ўласнае бачанне ўраўнаважыць бачаннем збоку. Фармулюецца ўсё на словах.

“Танец — гэта знакавая сістэма, тэкст. Тэкст, які заўсёды мае сэнсавы змест. Сэнс можа быць расшыфраваны як канкрэтныя паняцці або абстрактныя перажыванні. У кожнага вобраза, становішча чалавека на сцэне ёсць значэнне”, — упэўнены Аляксандр Апалонаў.

У кожным творы павінен прысутні­чаць відавочны канфлікт. Гледачу неабходна зразумець, што не так лёгка дасягаецца мэта, у галоўнага персанажа ёсць перашкода і, дзякуючы яе пераадоленню, ён мяня­ецца.

Крок 4. Падбярыце музыку, якая адпавядае сюжэту. Аляксандр Апалонаў рэкамендуе не выкарыстоўваць тое, што ўжо выкарыстоўваюць мільёны іншых, таму што гэта адсылае да іншых работ. І не бра ць трэкі з вакалам, асабліва на зразумелай аўдыторыі мове. У такім выпадку танцоры становяцца ўпрыгажэннем да песні, а ім важна выказаць сваю думку.

Крок 5. Адпраўцеся ў танцавальны клас з тымі выканаўцамі, якіх адабралі на кастынгу, спрабуйце развесці малюнак, перамяшчэнне ў часе і прасторы. “Для сябе складаем схему, расказваем пра яе выканаўцам. Тлумачым, чаму яны павінны рабіць пэўныя дзеянні. Далей запамінаем эмацыянальны стан, які намі кіруе. Тут я натхнёны, тут засмучаны і г.д. На гэтым жа этапе запамінаем харэаграфію вачэй. Сваім поглядам выканаўца паказвае гледачу, на што звярнуць увагу”, — дзеліцца Аляксандр Віктаравіч.

Крок 6. Стварыце лексіку. Падбярыце словы, якія стануць тэкстам. Няправільна падабраныя рухі цела могуць зрабіць так, што закладзены сэнс гледачы прачытаюць зусім інакш.

Крок 7. Зрабіце чарнавік, праверце логіку падзей і дзеянняў. Чарнавік лепш зняць на відэа і паказаць фокус-групе (звычайным гледачам, мэтавай аўдыторыі нумара). Іншы чалавек свежым поглядам пагля­дзіць пастаноўку і скажа, чаго ён не разумее, дзе знікае сувязь і г.д. Тады атрымаецца пазбегнуць непрыемнай сітуацыі, калі харэограф паехаў з танцам на конкурс і зваротную сувязь, якую трэба слухаць на этапе стварэння нумара, атрымаў пры абмеркаванні журы.

Крок 8. Дарабіце лексіку і ўнясіце карэкціроўкі, якія атрымалі пры зносінах з фокус-групай. У працэсе стварэння могуць мяняцца тэма, ідэя, сюжэт. Галоўнае, каб гэтыя складнікі ў выніку прысутнічалі.

Крок 9. Прыдумайце назву, вызначыцеся з касцюмамі і напішыце светлавую партытуру. “Пытанне з касцюмамі і светлавой партытурай мы павінны ўліч­ваць і раней, таму што яны могуць перашка­джаць руху, — расказвае Аляксандр Апалонаў. — Калі святло з’яўляецца важным выразным сродкам і ад яго залежыць, як глядач бу­дзе ўспрымаць нумар, то на этапе стварэння малюнка трэба ўяўляць, дзе ён будзе, як ён будзе пабудаваны і г.д. Мы гэта вынеслі амаль у канец, бо калектывы, якія ездзяць на конкурсы, трапляюць ва ўмовы, дзе нельга ўвогуле выбудоўваць святло”.

Назва — важная частка твора. Рухі не маюць канкрэтнага сэнсу, кожны прачытваецца па-свойму. Назва дапаможа чалавеку сарыентавацца. Яна павінна не літаральна перадаваць сэнс, а накіроўваць у бок думкі.

Крок 10. Адточвайце выкананне, выберыце дату прэм’еры, правядзіце фінальную рэпетыцыю. Дэдлайн для харэографаў неабходны. Калі яго няма, твор можа стварацца гадамі.

Крок 11. Прэм’ернае выступленне. Пасля яго ўносяцца карэкціроўкі для наступнага выступлення або пачынаецца работа над новай кампазіцыяй.

Pinterest для натхнення

Дзмітрый Сяргеевіч Залескі, харэограф, педагог тэатра сучаснай харэаграфіі ZALESKI DANCE DESIGN SHOW Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, на прыкладзе ўласных работ падзяліўся ідэямі для пастановак. Можна выкарыстоўваць відэа. Любы нумар становіцца лепшым, калі ззаду на экране ёсць хаця б карцінка або футаж, якія перадаюць атмасферу. Розныя атрыбуты могуць стаць фішкай твора. У тэатры рабілі нумары з маскамі, верталётамі на пульце кіравання, светлавымі жэзламі і інш. Яшчэ адзін шлях — тэатр ценяў. У цэнтрах можна знайсці шырму, лямпу і эксперыментаваць. “Часам мы выкарыстоўвалі атрыбуты (сапраўдную вуду для лоўлі рыбы), можна з людзей складваць фігуры і прадметы. Пасля перайшлі на трафарэты. Трафарэт трэба выразаць і прыкласці да шырмы. Напрыклад, можна стварыць лаўку, ліхтар, ужо з’явіцца адчуванне, што персанажы ў парку”, — расказвае Дзмітрый Сяргеевіч. Наступны ўзровень — відэапраекцыі. Прыйдзецца патраціцца, але гэта зусім іншая атмасфера і карцінка. Харэограф парэкамендаваў для натхнення карыстацца дадаткам Pinterest. Там можна знайсці ідэі для дэкарацый, касцюмаў, выкарыстання святла і інш.


Дадаткова на сайце НЦМТДіМ можна азнаёміцца з лепшым вопытам педагогаў-харэографаў. Ён прадстаўлены ў выглядзе майстар-класаў. 20 відэа розных тэматык — добры варыянт прафесійнага развіцця.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.