Карысную справу зрабілі

Штогод вучні нашай школы аказваюць дапамогу Беняконскаму лясніцтву ў пасадцы лесу. Сёлета мы таксама ўзялі актыўны ўдзел у рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу”, прысвечанай Году малой радзімы. Да старшакласнікаў далучыліся і вучні 8—9 класаў.

Працоўны атрад з трынаццаці чалавек пад кіраўніцтвам лесніка Вячаслава Іванавіча Собаля працаваў зладжана і добрасумленна. Адзінаццацікласнікі Дзяніс Дзюк, Вадзім Жаліс, Дар’юш Ясялёніс з дапамогай мяча Колесава рабілі лункі ў загадзя падрыхтаваных разорах, за імі дзяўчынкі і хлопчыкі і высаджвалі саджанцы ў грунт. Асаблівую стараннасць праявілі Ангеліна Жаліс, Алеся Жамайтук, Арцём Жамайтук, Нікадзім Ненартовіч, Ангеліна Янкелайць. Навічкамі ў гэтай справе былі Сяргей Тышкевіч, Яраслаў Квецень, Андрэй Крупскі, але парады лесніка падчас інструктажу яны выканалі. Справа ўсім прыйшлася даспадобы, былі пасаджаны саджанцы елкі на плошчы 2,6 га.

Школьнікі атрымалі шчырую падзяку ад лесніка Вячаслава Іванавіча Собаля і майстра лесу Часлава Сцяпанавіча Масяля. Падчас акцыі вучні даведаліся, якімі намаганнямі і працай ствараюцца лясы ў нашай краіне. Пасля таго, як справа была скончана, разам з лесніком школьнікі наведалі дзялянкі, дзе пазалетась высадзілі саджанцы бярозак, сосен, елак. Дрэўцы прыжыліся, растуць і радуюць вока.

Іван ГАБІС,
сацыяльны педагог Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.