Карысны і патрэбны падарунак

- 14:46Нам пішуць

У Астравецкім раёне завяршыўся конкурс на лепшы кабінет педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі раёна. За перамогу ў конкурсе я была адзначана аддзелам адукацыі і раённым камітэтам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і атрымала ў падарунак спецыялізаваны светлавы стол для пясочнай тэрапіі.

Фота да матэрыяла: Карысны і патрэбны падарунак.Дзякуючы новаму набыццю, у маёй дзейнасці з’явіліся новыя формы, якія прыйшліся па душы дзеткам, іх бацькам і педагагічнаму калектыву. Пясочнае маляванне — дзіўнае маляванне на пяску. Дзеці ствараюць непаўторныя шэдэўры толькі сваімі рукамі і пяском.

У дзіцяці, якое займаецца пясочнай анімацыяй, развіваецца дробная маторыка, увага і ўседлівасць, сенсорныя адчуванні, мысленне. Пясочная анімацыя выдатна падыходзіць для заняткаў з гіперактыўнымі, з аўтычнымі дзеткамі, здымае эмацыянальныя воплескі і стымулюе развіццё. Займаючыся гэтым відам творчасці, дзіця супакойваецца.

Фота да матэрыяла: Карысны і патрэбны падарунак.Падчас пясочнай тэрапіі можна змагацца з праявай агрэсіі, трывожнасці, праводзіць карэкцыйную работу са страхамі і адхіленнямі ў паводзінах. Тут дапаможа выкананне некаторых умоў: прыглушанае святло, спакойная музыка. Выкарыстанне каляровага падсвятлення дапамагае ў псіхалагічнай карэкцыі: напрыклад, зялёны колер супакойвае, чырвоны павышае актыўнасць. Займацца пясочнай анімацыяй незвычайна цікава і займальна.

Ганна ПУЗЫРОВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 4 Астраўца.