Карысны кантэнт

- 9:11Авторские колонки, Пункт погляду

Вольга ДУБОЎСКАЯ

 

 

 

 

 

 

 

Лета на сыходзе. Пачынаецца той кароткі перыяд, калі настаўнікі плаўна пераключаюцца на працоўны лад. 

Рабочы настрой адчуваецца і ў сацыяльных сетках, дзе замест фотарэпартажаў з адпачынку ўсё часцей з’яўляецца карысны кантэнт. Значыць, педагогі пачалі рыхтавацца да новага навучальнага года. Падрыхтоўка пачалася з падбору і пераліку неабходных для работы дакументаў, у топ якіх увайшлі:

– Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі;
– тыпавы вучэбны план; 
– інструктыўна-метадычныя пісьмы;
– дзяржаўны школьны стандарт; 
– правілы педагагічных работнікаў;
– правілы правядзення атэстацыі навучэнцаў;
– спецыфічныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні;
– канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года;
– метадычныя рэкамендацыі па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення навучэнцаў.

Лайкі і каментарыі з падзякамі пацвярджаюць карысць гэтага спісу. Відавочна, што ні адзін настаўнік не зможа пачаць работу, не азнаёміўшыся з гэтымі дакументамі, таму магу толькі далучыцца да слоў падзякі. Маючы пад рукой такі пералік, настаўнік зможа хутчэй настроіцца на ўрачысты і такі няпросты верасень. 

Трапіўся на вочы яшчэ адзін кантэнт. У ім настаўніцы з Пінска абяцаюць за тыдзень навучыць, як наладзіць дысцыпліну нават у самым складаным класе. У аснове — назапашаны педагагічны вопыт. Частыя рэпосты гэтага кантэнта нагадалі пра тое, што пытанне дысцыпліны, асабліва ў пачатку навучальнага года, заўсёды стаіць востра. Меркаванні ж педагогаў у каментарыях разышліся. Нехта ўхваляе прапанаваную схему, а для некага дысцыпліна — не праблема.

Насамрэч пытанне дысцыпліны ў класе — вечнае. І мне здаецца, што яго вырашэнне залежыць ад асобы педагога, яго ўменняў (недзе хітрыкаў), вопыту ў галіне ўзроставай псіхалогіі. Заўсёды будуць вучні — прыхільнікі правакацый і нязручных пытанняў. Ра­зам з тым заўсёды будуць вучні, для якіх настаўніцкія заўвагі — аснова матывацыі, і тыя, хто, ведаючы дысцыплінарныя прэтэнзіі педагога, будуць сядзець ціха і пры гэтым нічога не рабіць. Або працаваць, але зноў-такі моўчкі. 

Узнікае пытанне: што ж рабіць, як на працягу 45 мінут арганізаваць эфектыўнае навучанне для ўсіх? Адказ на паверхні — зацікавіць. І не перажываць, што ў некага вочы загарэліся адразу, а нехта не зразумеў, “у чым прыкол”. Усе мы розныя, таму ўніверсальнага падыходу проста не існуе. Але наладжванне даверлівых адносін, узаемапавага, прыняцце дзіцяці такім, якое яно ёсць, дакладна дапамогуць палепшыць атмасферу ў класе. 

Чаму я аб’яднала патрэбнае і хвалюючае ў адным тэксце? Бо праніклася жнівеньскім настроем настаўнікаў. Яны вывучаюць дакументацыю і хвалююцца, асабліва маладыя педагогі. Але мне здаецца, што традыцыі настаўніцкай кааперацыі і карпаратыўны дух дапамогуць справіцца з любой праблемай. Прынамсі, ужо тое, што педагогі актыўна дзеляцца ўласным вопытам ў сацыяльных сетках, абнадзейвае.