Вольга ДУБОЎСКАЯ
Лета на сыходзе. Пачынаецца той кароткі перыяд, калі настаўнікі плаўна пераключаюцца на працоўны лад.
Рабочы настрой адчуваецца і ў сацыяльных сетках, дзе замест фотарэпартажаў з адпачынку ўсё часцей з’яўляецца карысны кантэнт. Значыць, педагогі пачалі рыхтавацца да новага навучальнага года. Падрыхтоўка пачалася з падбору і пераліку неабходных для работы дакументаў, у топ якіх увайшлі:
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі;
тыпавы вучэбны план;
інструктыўна-метадычныя пісьмы;
дзяржаўны школьны стандарт;
правілы педагагічных работнікаў;
правілы правядзення атэстацыі навучэнцаў;
спецыфічныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні;
канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года;
метадычныя рэкамендацыі па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення навучэнцаў.
Лайкі і каментарыі з падзякамі пацвярджаюць карысць гэтага спісу. Відавочна, што ні адзін настаўнік не зможа пачаць работу, не азнаёміўшыся з гэтымі дакументамі, таму магу толькі далучыцца да слоў падзякі. Маючы пад рукой такі пералік, настаўнік зможа хутчэй настроіцца на ўрачысты і такі няпросты верасень.
Трапіўся на вочы яшчэ адзін кантэнт. У ім настаўніцы з Пінска абяцаюць за тыдзень навучыць, як наладзіць дысцыпліну нават у самым складаным класе. У аснове — назапашаны педагагічны вопыт. Частыя рэпосты гэтага кантэнта нагадалі пра тое, што пытанне дысцыпліны, асабліва ў пачатку навучальнага года, заўсёды стаіць востра. Меркаванні ж педагогаў у каментарыях разышліся. Нехта ўхваляе прапанаваную схему, а для некага дысцыпліна — не праблема.
Насамрэч пытанне дысцыпліны ў класе — вечнае. І мне здаецца, што яго вырашэнне залежыць ад асобы педагога, яго ўменняў (недзе хітрыкаў), вопыту ў галіне ўзроставай псіхалогіі. Заўсёды будуць вучні — прыхільнікі правакацый і нязручных пытанняў. Разам з тым заўсёды будуць вучні, для якіх настаўніцкія заўвагі — аснова матывацыі, і тыя, хто, ведаючы дысцыплінарныя прэтэнзіі педагога, будуць сядзець ціха і пры гэтым нічога не рабіць. Або працаваць, але зноў-такі моўчкі.
Узнікае пытанне: што ж рабіць, як на працягу 45 мінут арганізаваць эфектыўнае навучанне для ўсіх? Адказ на паверхні — зацікавіць. І не перажываць, што ў некага вочы загарэліся адразу, а нехта не зразумеў, “у чым прыкол”. Усе мы розныя, таму ўніверсальнага падыходу проста не існуе. Але наладжванне даверлівых адносін, узаемапавага, прыняцце дзіцяці такім, якое яно ёсць, дакладна дапамогуць палепшыць атмасферу ў класе.
Чаму я аб’яднала патрэбнае і хвалюючае ў адным тэксце? Бо праніклася жнівеньскім настроем настаўнікаў. Яны вывучаюць дакументацыю і хвалююцца, асабліва маладыя педагогі. Але мне здаецца, што традыцыі настаўніцкай кааперацыі і карпаратыўны дух дапамогуць справіцца з любой праблемай. Прынамсі, ужо тое, што педагогі актыўна дзеляцца ўласным вопытам ў сацыяльных сетках, абнадзейвае.